Вырачэньне чужога iмя

 

Апошнiм часам слова «адраджэньне» амаль перастала зьяўляцца на старонках друку, нават i незалежнага. У асяродку сьвядомых яно гэтаксама ўжо не прамаўляецца, а калi й гучыць, дык зь яскравым адценьнем чорнага гумару ды гiронii. «Адраджэнцы» стамiлiся ад уласнае патэтыкi, i цяпер, моўчкi згрудзiўшыся над мёртвым счарнелым целам, яны яшчэ ня могуць наважыцца на канстатаваньня сьмерцi i сваёй рэанiматарскай прафнепрыдатнасьцi.

Наўрад цi нехта будзе аспрэчваць, што кожны этнас (народ) перадусiм зьяўляецца арганiзмам, г. зн. жывой iстотай са сваiм непаўторным аблiччам (культурным, палiтычным, эканамiчным i г.д.). Iстота гэтая валодае адмысловай сьвядомасьцю, якая пэўным чынам агучваецца (мова), i займае нейкi кавалак зямлi на сусьветных абшарах. Але бадай сымбалiчнай праявай адметнасьцi, своеасаблiвым маркерам для ўсiх чужынцаў выступае асабовае iмя. Больш за тое, у выпадку, калi мова супадае (напрыклад, ангельцы i амэрыканцы), менавiта этнонiм акумулюе ў сабе сутнасьць: зьяўляецца кодам культурнае спэцыфiкi таго цi iншага народа.

Iмя — прыкмета Культуры. Безыменнасьць — праява прыроды. Iмя — знак, бо нешта азначае, а гэта значыць, парадкуе хаос безыменнасьцi. Чалавек, якi прыходзiў у сьвет, быў «чужынцам, чужынчыкам» да тае пары, пакуль не зьдзяйсьняўся абрад наданьня iмя, абрад далучэньня да чалавечай супольнасьцi, культуры. Бязглуздасьць i сваволя сучасных бацькоў, зь якой яны даюць iмёны («бо прыгожае») сваiм дзеткам, ня мае нiчога агульнага з гэтым абрадам, бо iмя праграмуе жыцьцё, бо слова мае рэальную сiлу. Гляньце ў люстра i назавiце сябе iншым iмем — вам зробiцца непамысна. Вашае iмя ўжо даўна жыве ў крывi, яно — вашая неад’емная частка. I тыя, хто мяняў свае iмёны на чужыя, рана цi позна ўсё адно рабiлiся Абрамамi цi Iзямi, калi ж не, дык усё жыцьцё не маглi пазбавiцца ўнутраных разьдзёраў.

Абрад наданьня iмя парадаксальны тым, што рэцыпiент (той, каму яно надаецца) не прымае ў гэтым нiякага ўдзелу. У чалавечым выпадку гэта робяць бацькi (раючыся з зоркамi, небам, Багамi), у выпадку з народамi — таксама, але iмёны гэтых бацькоў, як правiла, губляюцца ў безданi мiтаў.

Большасьць iмёнаў сучасных эўрапейскiх народаў была агучаная ўжо ў часы позьняе Антычнасьцi цi раньняга Сярэднявечча. Узрост народа, як найменей, супадае з узростам iмя, i таму ўсе эўрапейскiя народы, апроч бела-русаў, маюць уласную Гiсторыю, а ня вартыя жалю выцемкi зь яе.

Нейкая драбяза са зьняважлiвым суфiксам — «беларусцы» — зьявiлася толькi ў ХVII ст. А раней? Што было раней, калi ўжо стагодзьдзямi iснавалi летувiсы i палякi, французы ды ангельцы? Ваяры Канстанцiна Астроскага цi Вiтаўта, прынамсi, натаўклi б вам у бакi за бязглузьдзiцу кшталту «ВКЛ — беларуска-лiтоўская дзяржава», палiчыўшы яе за абразу iхнае айчыны. Я ўжо не кажу пра «Полацкае княства як першую беларускую дзяржаву». За такiя зьдзекi крывiцкiя жрацы папросту прынесьлi б вас у ахвяру.

Але акрамя ўзросту, кожнае iмя нясе ў сабе пэўны сэнс. Далёка ня ўсiм народам пашчасьцiла разгадаць яго. Ды так цi iнакш сiла, закладзеная ў iм, спрацоўвае. Як не зайздросьцiць французам, якiя ўжо па свайму iмю — «вольныя», цi германцы, якiх вядзе праз стагодзьдзi магутны бок вайны Ermin, цi сьвеям, што папросту «сваякi, свой народ». Мы ж — «Белыя Русы». I можна вылузвацца да бясконцасьцi ў тлумачэньнi колеру («вольны», «ахрышчаны» цi якi iншы), але «Русы» не пераменiцца на «прусы» цi «кельты». Гэта называецца — «патрапiлi». Маларосы своечасова зразумелi небясьпеку падобнага кораня i прыклалi ўсе намаганьнi, каб стацца папросту «ўкраiнцамi». Цяпер яны цалкам задаволеныя. Ну i што з таго, што жывуць на «Ўскраiне», калi гэта ўскраiна Эўропы?

Цiкава i тое, што найменьне Белая Русь доўгi час мусолiлася на абшарах недзе Паўночна-Усходняй Расеi, а потым пакрыху пачало насоўвацца на Падзьвiньне ды Падняпроўе. Знамянальна таксама, што з моманту, калi на нашай зямлi зьявiлiся «беларусы», пачалася эпоха Маскоўскае беспакаранасьцi на гэтых абшарах, якая ня скончылася i цяпер.

Iмя — гэта характар, гэта адметнасьць i стыль. Паглядзiце навокал. Адзiная адметнасьць на сёньня — унiкальны, нават па сусьветных памерах, фальклёр, што застаўся нам у спадчыну з Крывiцкае эпохi. Эпохi мужнасьцi i сапраўднае незалежнасьцi. Iмя, падоранае вярхоўным жрацом Крыва-Крывайцiсам, лучыла нашых продкаў зь небам, давала iм сiлу (а не «талерантнасьць») ня здраджваць самiм сабе, баранiць Радзiму. I Ўсяслаў Чарадзей ня мог быць «беларусцам», бо быў героем. Вацлаў Ластоўскi ня быў рамантыкам i летуценьнiкам, калi ўсьвядомiў сябе крывiчом. Зьзяньне праўдзiвай сiлы прыцягвае моцных, прыцемкi немачы —слабых. I было б цiкава паглядзець, як прагнуў бы «iнтэграцыi» з рускiм народам народ не бела-рускi, а крывiцкi. Нашыя адвечныя суседзi летувiсы й латышы яшчэ ня кiнулi сваёй надзеi ўбачыць ТОЙ народ, упарта называючы нас сёньняшнiх цi то krievai, цi то krive, але «беларусам», «бульбашам», «бульбонам» гэтага ўжо, напэўна, ня трэба. Патрэбна мне. Я ня прагну новага iмя, хачу вярнуць адвечнае i быць вартым яго. КРЫВIЧ.

Стоячы за сьпiнамi нягеглых рэанiматараў, я праглядаю iхную прэсу. На апошняй старонцы маленькiя палахлiвыя зацемкi пра неверагодную колькасьць ваўкоў на Бела-рускiх абшарах. Я ўсьмiхаюся сам сабе. Гэта цень Усяслава. Мне ня шкода свойскага быдла — ваўчынымi iкламi паўстане КРЫЎЯ.

Уладзiмер Лобач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0