Беларускi нацыянальны прадукт

 

Ня ведаю, як хто, але я ў гэтым годзе зразумеў, што ўсё нармальна. Усё iдзе так, як трэба i ад гэтага ўсьведамленьня стала значна больш утульна i спакойна. Гэты год стаў годам усталяваньня беларускага нацыянальнага прадукту. Падкрэсьлiваю, не савецкага беларускага, а менавiта нацыянальнага. Пры сустрэчы зь якiм савецкi не вытрымлiвае канкурэнцыi i саступае месца. Пакуль, вядома, гэта не татальны наступ, але тэндэнцыя красамоўная, якая больш тычыцца культуры i эканомiкi. Рызыкну дапусьцiць, што гэтая тэндэнцыя будзе нарастаць i ў недалёкiм часе сягне сфэры палiтыкi. Але ўсяму свой час.

Напэўна, яшчэ не забылiся, як сканчаўся год мiнулы, i якi настрой тады панаваў. Здавалася, што разам з разгонам парлямэнта сканчаецца Беларусь. Насамрэч усё адбылося аб’ектыўна, паводле законаў рынку. Вярхоўны Савет апынуўся менш канкурэнтаздольным, а значыць больш савецкiм i менш нацыянальным, чым сёньняшнi рэжым з усёй ягонай адыёзнасьцю да нацыянальнага. Таму i пацярпеў паразу. Такi вось парадокс. Хоць парадокс толькi на першы погляд.

Сёньняшнi рэжым аказаўся, нягледзячы на ўсе спробы розных аб’яднаньняў, больш карысным для ўсьведамленьня Эўропай Беларусi як сваёй неад’емнай часткi, чым кволы Вярхоўны Савет. Зрэшты, наступныя падзеi гэта падкрэсьлiлi. Прымацаваны да эўрапейскiх структураў, як да кiслароднай падушкi, парлямэнт, ня ў стане нiчога зрабiць. Пакуль, вiдаць, не ягоны час, але тое, што некалi, пазбавiўшыся ўсяго недасканалага, зь яго вылупiцца нешта вартае, безумоўна. Тут, як кажуць, магчымыя варыянты. Магчыма, гэта справа наступнага году. Зьменам палiтычным заўжды папярэднiчаюць зьмены культурныя, а культурны канкурэнтаздольны прадукт мы маем ужо сёньня. Прычым народжаны ў самых неспрыяльных умовах i ад таго яшчэ больш каштоўны i моцны.

Неяк год таму давялося сустрэцца ў Варшаве з кiраўнiком гурта «Палац» Юрам Выдронкам. На той час становiшча каманды было ахавае. Калектыў так i недачакаўся абяцанай дзяржаўнай падтрымкi i апынуўся ў вельмi цяжкiм стане. Як заўжды, паўстала спакуса..., але была абыдзеная. Сёньня, праз год «Палац» мае класны новы альбом, новы праект — «Крывi», незалежнае iснаваньне, якое дазваляе выступаць, дзе пажадаеш i за грошы, а не па сьвiстку, i самае галоўнае — канкурэнтаздольны беларускамоўны прадукт, пазбаўлены комплексаў саўковай правiнцыйнасьцi, якi прымушае натоўпы фанаў бегчы за аўтобусам з музыкамi ня толькi ў Расеi i Казахстане, але i ў Эўропе. Гэта тое, што недаступна не пазбаўленым таленту нашым землякам, якiя выбралi Маскву i далей Садовага кальца не прасунулiся, няхай выступаючы ва Ўладзiвастоку, не гаворачы пра айчынных аматараў савецкага цi расейскага ўзораў.

Кнiга Васiля Быкава «Сьцяна», рассыпаная ў дзяржаўным выдавецтве з-за адсутнасьцi савецкасьцi, выйдзе ў выдавецтве «Наша Нiва» i, вiдаць, яшчэ шмат дзе, таму што гэта нацыянальны прадукт найвышэйшае пробы. Тым творцам, што ня здольныя перакрочыць савецкую мяжу ўнутры краiны i стварыць прадукт, застаецца аб гэтым толькi марыць.

Тое ж з газэтай «Свабода», якая мае вядучае месца на рынку незалежнай прэсы нашай краiны. Зь вядомай пэрспэктывай.

Тое ж са спажывецкiмi таварамi. Спытайце ў прадаўцоў у беларускiх крамах цi ў мужыкоў з Трактарнага альбо Серабранкi, якое пiва цi гарэлку яны купляюць? Упэўнены, што навязьлiвыя «Жигулевское» i «Русская» бяруцца тады, калi няма «Буслоў», «Крышталя», «Траецкага», «Старажытнага», «Льва» i гэтак далей, калi няма нашага, а значыць, больш якаснага.

Паводле тых жа законаў разьвiваюцца i грамадзкiя арганiзацыi. Здаецца, першымi гэта зразумелi журналiсты. Беларуская Асацыяцыя Журналiстаў — структура, якая засьведчыла сваю прафэсiйнасьць i арыентаванасьць на нацыянальнае, таму, у адрозьненьне, напрыклад, ад палiтычных партыяў, якiя, здаецца, пакуль ня вызначылi свае мэты i якiм бракуе прафэсiяналаў, набрала вагу досыць хутка. Яе ведаюць i зь ёю мусяць лiчыцца. Прынамсi, што такое прафэсiйная салiдарнасьць — БАЖ усьвядомiла.

У нас, як у лесе — выжывае больш здольны, больш разумны, больш дасьведчаны, зь цьвёрдай глебай пад нагамi. Глеба — гэта нацыянальнае. Няхай савецкае, але нацыянальнае. Толькi з кожным днём савецкага беларускага становiцца ўсё меней, а нацыянальнага беларускага ўсё болей, таму савецкi беларускi прадукт не вытрымлiвае канкурэнцыi з нацыянальным беларускiм прадуктам, i саступае. Пакуль у сфэры культуры i эканомiкi. Канкурэнтаздольны нацыянальны прадукт паступова ўплывае i на адчуваньне ўласнай годнасьцi, а незакамплексаванае пачуцьцё ўласнай годнасьцi вядзе да зьменаў у дачыненьнях памiж суб’ектамi грамадзтва. Iнакш кажучы, таму, каму ня сорамна за свой прадукт значна цяжэй наступiць на хвост, хто б таго не захацеў.

Калi вы сьмелы, моцны, здольны — стварайце прадукт, канкурэнтаздольным яго «дапаможа» зрабiць рэжым, а што яшчэ трэба чалавеку, каб адчуць пачуцьцё ўласнай годнасьцi i задавальненьня, бо гэта будзе наш прадукт.

З Новым Годам!

Алег Дашкевiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0