Будзьма разам!

 

У 1995 годзе колам людзей, што працавалi ў газэце «Наша Нiва» й гуртавалiся вакол яе, была сфармуляваная iдэя новай незалежнай структуры, мэта якой — падтрымка газэтнага i пазагазэтных праектаў «Нашай Нiвы». Iдэя актыўнасьцi зрэалiзавалася ў Беларускi Гумантарным Фондзе «Наша Нiва». Заснавальнiкi ўкладаюць канкрэтны сэнс у кожнае слова назвы сваёй iнстытуцыi:

— Беларускi разумеецца як прыхiльнасьць традыцыяналiзму й адначасова мадэрнасьцi, новачаснасьцi, адкрытасьцi, бо беларуская традыцыя — старажытная й адначасова — новая.

— Гуманiтарны — як усьведамленьне вартасьцi творчай актыўнасьцi чалавека.

— Фонд — генэраваньне й рэалiзацыя розных праектаў, iх узаемасувязь; аб’яднаньне сваiх iнтэлектуальных i матэрыяльных рэсурсаў дзеля рэалiзацыi ўласных праектаў.

— «Наша Нiва» — як апэляцыя да несавецкай беларускай культурнай, iнтэлектуальнай i палiтычнай традыцыi; усьведамленьне ўласнае спадкаемнасьцi гэтай традыцыi.

Дзеля рэалiзацыi сваiх мэтаў Беларускi Гуманiтарны Фонд «Наша Нiва» ажыцьцяўляе выдавецкiя, навукова-дасьледчыя, лiтаратурныя, мастацкiя праекты, а таксама стала займаецца стварэньнем iнфраструктуры культурнай дзейнасьцi. Нягледзячы на ня самыя спрыяльныя палiтычныя ўмовы ў 1996-1997 гадах, наш Фонд разьвiваўся досыць дынамiчна, генэруючы новыя праграмы й шукаючы магчымасьцяў iх рэалiзацыi. Цяпер варта распавесьцi зацiкаўленым чытачам пра пляны Фонду на 1998 год. Падставы для такога маналёгу дзьве, i яны досыць сур’ёзныя:

— па-першае, мы сьвяткуем Каляды, i варта крыху адысьцi ад штодзённых клопатаў i сапраўды падумаць пра пэрспэктывы;

— па-другое, прыходзiцца чакаць пэўных ускладненьняў нашай працы i, адпаведна, зьмяншэньня магчымасьцяў iнфармаваньня пра нашую дзейнасьць. Таму сьпяшаемся падзялiцца iнфармацыяй.

Тут мы спынiмся на пазагазэтных праектах «Нашай Нiвы».

 

Архiў Найноўшае Гiсторыi

Архiў Найноўшае Гiсторыi створаны ў 1996 годзе. Нiбы сама гарачая тэмпэратура сучаснай беларускай гiсторыi падштурхнула нас тады да ўтварэньня гэтага праекту, якi ставiць за мэту асэнсаваньне гiсторыi Беларусi ХХ ст., пошук дэмакратычных каранёў незалежнага беларускага грамадзтва, актуалiзацыю гэтай спадчыны. У рамках Архiву створаны фонд беларускага самвыдату, адбываецца запiс Вуснай гiсторыi, фiксацыя Сучаснай гiсторыi.

Чытачы «Нашай Нiвы» ўжо мелi магчымасьць пазнаёмiцца з матэрыяламi Архiву, якiя друкуюцца на паласе «Шуфляда». У 1998 годзе «Шуфляда» мусiць паўстаць як навукова-архiвiстычны альманах, прысьвечаны праблеме «Беларусь i Мадэрнасьць». Але паласа «Шуфляда» ў газэце захаваецца. Пра сам альманах «Наша Нiва» больш падрабязна ўжо пiсала.

Рэалiзуючы праект фiксацыi Сучаснае гiсторыi, Архiў выдаў кнiгу «Менская вясна — 1996: Кронiка, дакумэнты, успамiны». Многiя таксама памятаюць камплект паштовак пра актуальныя падзеi ў Беларусi, якi выдаў Архiў. Дакумэнтаваньне Сучаснасьцi мы зьбiраемся пераўтварыць у сталую традыцыю Архiву й выдаваць зборнiкi дакумэнтаў па вынiках году. Адзiн з такiх зборнiкаў пра справы мэдыяў ужо падрыхтаваны. А ў першым квартале 1998 году ў Менску Архiў арганiзуе прэм’ерны паказ фiльму сваёй вiдэагрупы — «Кароткi слоўнiк Беларусi 1996-97» (рэжысэр — Вiктар Корзун).

Архiў бярэ ўдзел у стварэньнi мiжнароднага «Слоўнiка дысыдэнтаў 50-80-х гадоў», якi будзе ахоплiваць рэгiён Сярэдняй Эўропы, а таксама Ўсходнюю Нямеччыну ды Расею. Партнэрамi Архiву зьяўляюцца Цэнтар KARTA (Польшча), «Мемориал» (Масква, Пецярбург — Расея), Група па правах чалавека ў Харкаве (Украiна), «Libri Prohibiti» (Чэхiя), таварыства «Alianta Civica» (Румынiя).

Рада Архiву мяркуе, што найбольш адэкватным для Беларусi зьяўляецца тэрмiн не дысыдэнт, але апазыцыянэр. Адпаведна пашыраная нацыянальная вэрсiя будзе называцца «Слоўнiк апазыцыi». Невядомыя старонкi гiсторыi Беларусi й традыцыi Супрацiву прачыняюцца перад намi ў вынiку рэалiзацыi гэтага праекту. Мэтадычна правiльным зьяўляецца падрыхтоўка даведачных выданьняў ужо пасьля стварэньня сур’ёзнай гiстарыяграфii праблемы. Але мы мусiм пачынаць першымi дасьледаваньне беларускай апазыцыi савецкiх часоў i таму iдзем на мэтадалягiчную рызыку. Для больш поўнага збору iнфармацыi Архiў наладзiў анкетаваньне ўдзельнiкаў беларускай апазыцыi. А першыя беларускiя артыкулы мiжнароднага слоўнiка ўжо загружаныя ў Iнтэрнэт.

Адначасова з камплектаваньнем збору беларускага самвыдату вялося складаньне каталёгу па-зацэнзурнага друку Беларусi. Працай над iм займалiся Юрась Лаўрык i Ларыса Андросiк. Цяпер каталёг праходзiць стадыю рэцэнзаваньня. У першай палове 1998 году ён будзе надрукаваны, i ўжо дасягнутая дамоўленасьць пра выданьне гэтага каталёгу ў Нью-Ёрку па-ангельску.

Праект Архiву Найноўшае Гiсторыi рэалiзуецца ў цеснай сувязi зь iншымi праектамi нашага Фонду.

 

Эўрапейскi Iнфармацыйны Цэнтар

Паводле дамоўленасьцi з Радаю Эўропы «Наша Нiва» наладзiла пашырэньне ў Беларусi эўрапейскай iнфармацыi. Дзеля гэтага на першым этапе арганiзаваны пераклад на беларускую мову й публiкацыя эўрапейскiх Канвэнцыяў у галiне правоў чалавека. Бiлiятэка Эўрапейскага Iнфармацыйнага Цэнтру разьмешчаная на базе бiблiятэкi Архiву Найноўшае Гiсторыi.

 

Выдавецтва «Наша Нiва»

Выдавецкi праект — адзiн з самых маштабных нашых праектаў. У папярэднiя гады выдавецтва «Наша Нiва» ў супрацоўнiцтве зь iншымi ўжо выпусьцiла такiя кнiгi:

Аўген Калубовiч. Крокi гiсторыi: Дасьледаваньнi, артыкулы, успамiны. — Беласток: ГаМакс; Вiльня: "Наша Нiва"; Менск: Мастацкая лiтаратура, 1993.

Баляслаў Лесьмян. Пан Блiшчынскi: Вершы / Пераклад з польскае Алега Мiнкiна; Прадмова Сяргея Дубаўца. — Вiльня: "Наша Нiва"; Менск: Мастацкая лiтаратура, 1994.

Юлiяна Вiтан-Дубейкаўская. Мае ўспамiны. — Вiльня, 1994.

З 1997 году выдавецкая праграма актывiзавалася. Была заснаваная новая Архiўная сэрыя, у рамках якой ужо выйшла легендарная кнiга «Гарт. З успамiнаў пра Саюз Беларускiх Патрыётаў». У рамках гэтай жа Архiўнай сэрыi выйшлi дзьве кнiгi Аляксандра Лукашука «Фiлiстовiч. Вяртаньне нацыяналiста» i «За кiпучай чэкiсцкай работай. З жыцьця катаў».

Але выдавецкая праграма Фонду «Наша Нiва» мае, апроч архiўнай, i iншыя кнiжныя сэрыi. Гэта сэрыя «Анталёгiя» (сярод пазыцыяў такая кнiга, як анталёгiя «Вiльня ў беларускай паэзii»), сэрыя «Сучасная лiтаратура», а таксама асобныя несэрыйныя выданьнi. Заплянаваная сэрыя гiстарычная «Atheneum», у рамках якой выйдуць кнiгi пра Кальварыйскiя могiлкi ў Менску, «Выбранае па-беларуску» Уршулi Францiшкi Радзiвiлавай.

Фундамэнтальны праект «Народная кнiга» — выданьне кнiгi «Сьцяна» Васiля Быкава рэалiзуецца цяпер, i пра яго нашыя чытачы ведаюць падрабязна, а некаторыя й непасрэдна бяруць удзел у гэтым праекце.

Вядома, такая нашая актыўнасьць не магла застацца незаўважанаю, у тым лiку й нашымi нядобразычлiўцамi. Да таго ж, з 1 студзеня 1998 году ў Беларусi гвалтоўна спыняецца дзейнасьць усiх выдавецкiх лiцэнзiяў. Цяпер iх трэба перарэгiстроўваць i ахвяры ўжо заплянаваныя.

Але мы будзем шукаць варыянты супрацоўнiцтва дзеля выданьня кнiг. У скрайнiм выпадку будзем друкаваць iх за мяжою.

 

Кнiгараспаўсюджаньне

Непасрэдна з кнiгавыданьнем зьвязаная дзейнасьць Фонду па кнiгараспаўсюджаньнi. «Наша Нiва» стварыла сыстэму "Кнiга-поштай", дзякуючы якой сучасную беларускую кнiгу альбо аўдыёкасэту можна замовiць i атрымаць у самых аддаленых кутках Беларусi. Ужо цэлы год вядзецца праца дзеля стварэньня ў цэнтры Менску незалежнай беларускай кнiгарнi. Ёсьць шанцы, што ў 1998 годзе яна пачне сваю дзейнасьць.

 

Культурныя праграмы

Фонд «Наша Нiва» пачаў праводзiць акцыi з жывымi формамi сучаснай культуры. Да гэтага мы абмяжоўвалiся арганiзацыяй сустрэчаў з чытачамi газэты. У 1997 г. у Менску мы наладзiлi паказ фiльму «Вiленскi зборнiк» — пра вiленскi пэрыяд адноўленай газэты; арганiзоўвалi канцэрты рок-музыкi. Лiтаральна ўчора — 28 сьнежня, адбылася неардынарная падзея — прэзэнтацыя «Народнага альбому», да чаго таксама мела дачыненьне «Наша Нiва».

Але самая грандыёзная iмпрэза Фонду «Наша Нiва» — гэта мастацкая акцыя i выстава «Каралеўства Беларусь: Посткалянiяльная культура», якая адбылася ў кастрычнiку ў Падкове Лесьнэй каля Варшавы. Праз розныя вiды мастацтва — выяўленчае, музыку, лiтаратуру, тэатар, кiно, была рэпрэзэнтаваная сучасная посткалянiяльная беларуская культура. Выстава зрабiла такое моцнае ўражаньне на нашых польскiх партнэраў, што й сёньня яна яшчэ вандруе па Польшчы — спачатку Варшава, а цяпер Гданьск. Нашыя пляны — наладзiць падобную акцыю й выставу ў суседнiх зь Беларусяй краiнах, а мара — зрабiць падобнае ў самой Беларусi. Вiдэафiльм «Каралеўства Беларусь: Посткалянiяльная культура» мы пакажам у студзенi ў Менску.

Такiм чынам, раiм сачыць за нашымi абвесткамi й быць уважлiвымi чытачамi «Нашай Нiвы».

Алег Дзярновiч