Каралеўства Беларусь у Гданьску

 

«Каралеўства Беларусь» зрабiла наступны крок у пашырэньнi сваiх межаў — 9 сьнежня ў памяшканьнi Гiсторыка-Фiлялягiчнага факультэту Гданьскага Унiвэрсытэту адбылося ўрачыстае адкрыцьцё мастацкай выставы, якая ў лiстападзе экспанавалася ў Варшаўскiм Унiвэрсытэце, а ў кастрычнiку, калi тое памятаюць нашы чытачы, у Падкове Лесьнэй пад Варшавай. Працы нашых мастакоў i фотаграфiкаў будуць у Гданьску да калядных сьвятаў. Далей фонд «Наша Нiва» i фундацыя iмя Стэфана Баторыя плянуюць далучыць да Каралеўства яшчэ некалькi унiвэрсытэцкiх асяродкаў Польшчы. На думку спадарынi Ганны Ракоўскай, супрацоўнiцы фонду Баторыя, працы беларускiх мастакоў вартыя таго, каб зь iмi пазнаёмiлiся ня толькi спэцыялiсты ды сталыя наведнiкi галерэяў. Цiкавасьць да Беларусi, да беларускай культуры таксама — можа часам i дзякуючы эпатажным паводзiнам — не, не беларускiх авангардыстаў, а хутчэй беларускiх уладаў —узрастае. (Заўважная дэталь — «беларускi» нумар часопiса «Wiк?», пра якi я пiсаў у пазамiнулай «НН», за некалькi дзён выставы ў Варшаўскiм Унiвэрсытэце быў разабраны ў варшаўскiх кнiгарнях дачыста). Таму ёсьць сэнс зрабiць крок насустрач унiвэрсытэцкай, iнтэлектуалiсцкай моладзi, якая найбольш здольная да ўспрыманьня новага, неардынарнага, да актыўнага сумоўя.

У Гданьску iнiцыятыву арганiзацыi выставы ўзяло на сябе Таварыства беларусаў Гданьска «Хатка». Два днi яго старшыня Алена Глагоўская i актывiсты таварыства працавалi разам з намi на мантажы экспазыцыi. Прысутнасьць «сваiх», беларусаў, стварыла надзвычай цёплую, амаль сямейную атмасфэру й на адкрыцьцi. З прамовамi выступiлi дэкан факультэту, аўтар гэтых радкоў, Ганна Ракоўская, Алена Глагоўская. Крыху нават нечакана для мяне, але прыбыў на запрашэньне консул Беларусi ў Гданьску экс-мiнiстар спадар Бутэвiч, якi ўвесну не знайшоў часу завiтаць на прэзэнтацыю ў Гданьску «Менскай Вясны-96». У сваёй прамове ён падкрэсьлiў важнасьць культурных кантактаў памiж Польшчай i «нашай рэспублiкай», адзначыў колькасьць «калектываў», якiя за апошнi час наведалi Гданьск, сярод якiх, напрыклад, i такi вядомы тэатар, як «Вольная Сцэна» (напэўна, сп. Бутэвiч адстаў ад беларускiх актуалiяў, — як вядома, гэтая сцэна — ужо «ня-Вольная»). Ад удзячнай «Нашай Нiвы» экс-мiнiстар (а цяпер, як чуваць, ужо й экс-консул, але пасол РБ у Румынii) атрымаў каталёг «Каралеўства Беларусь». Пасьля гасьцей чакала прыемная «лямпка вiна» ва ўнiвэрсытэцкай кавярнi, размовы, iнтэрвiю, бясконцыя пытаньнi. I — зноў у дарогу.

Вацлаў Арэшка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0