Тры падарункi менскiм тэатралам

 

Не аднойчы мне прыходзiлася чуць думку аб родным тэатры, як аб найбольш слабым зьвяне ў беларускай культуры. Маўляў, i драматургiя ў заняпадзе, i з уласнай школай праблемы, а галоўнае — як можна сур’ёзна размаўляць з публiкай на мове, якая для публiкi ня ёсьць моваю паўсядзённай дзеi. Апошнiя працы трох менскiх тэатраў прымусiлi мяне вельмi моцна як зьдзiвiцца, так i засумнявацца ў слушнасьцi тае думкi. Прычым, дзякуючы як аўтарам спэктакляў, так i самой публiцы. У лiк якой, што цiкава, мае знаёмыя аднамоўцы не ўваходзiлi. Што яшчэ больш дадавала аптымiзму маiм развагам аб будучынi беларускага тэатру.

Першым разам я зьдзiвiўся, калi прадаўшчыца тэатральных касаў не прадала мне квiток на «Ўзьлёт Артура ЎI». Ды яшчэ параiла ўзяць квiток на спэктакаль, што адбудзецца толькi празь месяц. Павеяла чымсьцi далёкiм i даўно забытым. Масква, 80-я, чэргi ля Таганскiх ды Ленкомаўскiх касаў, запыты пра лiшнi бiлецiк яшчэ на выхадзе з мэтро, а ў цябе запаветнае права ўваходу, дзякуючы тэатральнаму студбiлету. Тыя часiны тэатральная Масква даўно ўзгадвае з настальгiяй, i раптам — Менск. Ну як я мог упусьцiць нагоду, каб не «прарвацца»!

Скажу адразу, чагосьцi неверагодна новага на сцэне я для сябе ў той вечар не адкрыў. Мэню тэатральных прыёмаў «даеш Брэхта» не адрозьнiвалася вытанчанасьцю пошуку. Адмыслова заяркiя фарбы пры стварэньнi вобразаў, амаль карыкатурная плястыка для «благiх» пэрсанажаў, шалёны тэмп зьмены карцiнаў i абавязковыя зонгi. Але новае я адкрываю для сябе ў залi, за якою мне назiраць iншы раз ня менш цiкава, чым за сцэнiчнаю дзеяю. Тое беспрасьвецьце, што з iмпэтам разгортвалi на сцэне Сiгоў-Уi & кампанiя зь ня меншым iмпэтам лавiлася заляю. З радасьцю ад пазнавальнасьцi сюжэту, а асаблiва пэрсанажа Iгара Сiгова, актора, чыя схiльнасьць да гратэску знайшла неабсяжную прастору ў брэхтавым тэатры. Толькi ад чаго столькi глядацкiх усьмешак? Цi публiка ўспрымае змрочныя карцiнкi, намаляваныя драматургам-антыфашыстам, як цалкам немагчымае ва ўласным жыцьцi? Але пра публiку — асобна. У асноўным публiку «Вольнай сцэны» складае моладзь ад 17-цi i вышэй. Якая ўжо ня памятае менскiх ажыятажаў з нагоды гастроляў Таганкi, Сацiры ды iншых зорных тэатраў з Масквы, якая яшчэ не пасьпела «выкшталтаваць» свой тэатральны густ, i якая ўспрымае беларускую мову як цалкам натуральную зьяву ня толькi з падмосткаў. Калi ж дадаць рэклямную кампанiю, наладжаную ўладамi спэктаклю Мазынскага, дык тэатар сьмела можна павiншаваць са знойдзеным сваiм гледачом. Гледачом, якi наўрад-цi забудзецца на прыбраную з праграмак вольную назву свайго тэатра.

Напэўна, яшчэ доўга буду ўзгадваць (ды раiць усiм паглядзець) «Шчасьлiвых жабракоў» ў Тэатры юнага гледача. Тым самым, што знаходзiцца амаль праз вулiцу ад галоўнага дому краiны. I дзе рэжысэр з Масквы Мiкалай Шыйко ў тандэме з Рыгорам Барадулiным, якi й пераклаў Карла Гоцi на мову супрацiву, вырашылi пакуражыцца ды яшчэ й пасьмяяцца над гаспадаром таго вялiкага дому. I пахулiганiлi ад душы, не хаваючы фiгi ў кiшэнях, а дзёрзка круцячы усiмi магчымымi фiгамi, жанглюючы пэрламi ненармаванай, як кажуць, расейскай лексыкi, буфанадна абагульваючы ўсе нашы нiзкiя жарсьцi, спакушаючы гледача непрыкрытымi часткамi лепшай ды маладзейшай паловы сваёй трупы, ды яшчэ пад жывыя сьпевы з жывым акампанэмэнтам. Усё зроблена для таго, каб у залi й сумневаў не ўзьнiкала — у якiм такiм Самаркандзе адбываецца дзея i хто такi Мудзафер. Для самых дурных павешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Вось толькi што рабiць зь юнымi гледачамi? Што ўтвараюць вакзальны гул у залi на працягу спэктакля i шум стадыённых трыбун, калi iграюць «пра эта»? Я б проста дадаў у афiшу адзiн радок, наконт таго, што «дзецi да 16» i г.д. Мму-мму-мму, — зайкаецца купец Тарталья, нiяк ня вымавiць iмя правiцеля. «Мудак», — прыходзiць яму на дапамогу хлопчык гадоў сямi зь першага раду. Настаўнiца ў трансе, аднаклясьнiцы ў захапленьнi. А можа я й дарэмна на нашых дзетак. Маленькiя, а здагадлiвыя!

Але найбольшым тэатральным узрушэньнем году, якi прамiнае, стала «Раскiданае гняздо» у пастаноўцы Барыса Луцэнкi. Праўда, тут для паўнаты карцiны трэба дадаць пару дэталяў майго наведваньня расейскага тэатру. У той дзень праходзiў зьезд журналiсцкай асацыяцыi. I як у мяне зь сябрам нарадзiлася шляхетная iдэя культпаходу — сам зьдзiўляюся. Памятаю, як сябра, вядомы нашанiўскi прагназiст, перапытваў: «Раскiданае гняздо», штосьцi знаёмае, гэта ж, здаецца, Пташнiкаў?» «Амаль угадаў», — адказаў я, трымаючы калегу ў iнтрызе, пакуль не набыў праграмку з гучным iмем драматурга. Мне здаецца, чытач «НН» павiнен памятаць аўтара п’есы, нават дапускаю, што ён яшчэ не пасьпеў забыцца пра яе зьмест. Тым большым ударам было для мяне, як гэта паставiў Луцэнка. Ад нашага гульлiвага настрою не засталося й сьледу з самых першых хвiлiнаў. Узяць глядацкую ўвагу адразу й трымаць яе за рампаю — справа няпростая. Уся тканiна спэктакля прапiтаная нейкай змрочнай сымболiкай. Аднак, не безнадзейнай. Вялiзная, ва ўсю прастору сцэнiчнае «скрынi», быццам недабудаваная, недасканалая, як увесь сьвет, хата. Дзе сярод iконаў ды iдалаў разгортваецца адвечны Купалаў сюжэт. Па-майстэрску выкарыстаная атрыбутыка сучаснага тэатру —амаль не дапасаваныя да канкрэтнага часу строi герояў, незвычайна прыцiшанае асьвятленьне, мiнiмум «канкрэтнага» рэквiзыту, — усё гэта прымушае забыцца на першы досьвед прачытаньня гэтай п’есы i вельмi ўважлiва сачыць i слухаць. Усё больш пранiкаючыся Бядой. I вырваная зь цемры пражэктарам напрыканцы першай дзеi пятля па-над сцэнаю не ўспрымаецца як удалы рэжысэрскi трук. Успрымаецца тым, чым ёсьць — Пятлёй. Асобна хачу спынiцца на музычным афармленьнi. Праз усю дзею, прычым, што рэдкасьць, не перарываючы, а значна узмацняючы яе эмацыйна, праходзяць зонгi, зробленыя зь вершаў паэта. I тут я зноў дзiвiўся самому сабе, абсалютна па-новаму адчуўшы смак i сэнс чытаных, але ня чутых у рокавым узмацненьнi Купалавых рыфмаў. Ня я адзiн, уся заля наноў адкрывала для сябе калiсьцi адзубранага й забытага клясыка. А ён, як аказалася, мог адным словам расьсьмяшыць, адною рэплiкай пра нас сёньняшнiх сарваць аплядысмэнты. I прымусiць усю залю ў фiнале сьцяцца, а затым устаць, калi шчыльны, ад кулiсы да кулiсы, падсьветлены адною рампаю шэраг з суворых твараў сьпявае «Людзьмi звацца». У наступным годзе ад беларускага тэатра, я ўпэўнены, трэба чакаць яшчэ не адну цiкавую прэм’еру, але гэтым спэктаклям не пагражае застацца ў ценю новых пастановак.

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0