Прага салiдарнасьцi

 

у Менску адбылася беларуска-ўкраiнская канфэрэнцыя

 

Новыя беларуска-ўкраiнскiя дачыненьнi толькi паўстаюць. Застаюцца яшчэ ўспамiны пра пiсьменьнiцкiя дэлегацыi савецкiх часоў i гасьцiннасьць прыёмаў. Cёньня ж з заўважных пазадзяржаўных кантактаў можна было ўзгадаць толькi апокрыф пра тое, як Зянон Пазьняк праклаў сьцежку на ўкраiнскай мяжы.

Але цяпер праграму ўзаемадзеяньня са сваiмi ўкраiнскiмi партнэрамi фармулююць незалежныя культурнiцкiя й адукацыйныя асяродкi Беларусi. 12-14 сьнежня ў Менску адбылася мiжнародная канфэрэнцыя «Беларусь i Ўкраiна: Вынiкi стагодзьдзя». Галоўным яе арганiзатарам быў «ЭўроФорум», ягоныя партнэры — Беларускi Гуманiтарны Адукацыйна-Культурны Цэнтар ды Центар Гуманiтарних Дослiджень Львiвського Унiверситета. Канфэрэнцыя сапраўды сталася заўважанай падзеяй.

Абсурд беларускай сытуацыi толькi падкрэсьлiваў унiкальнасьць акцыi. Ужо першая iмпрэза канфэрэнцыi — лiтаратурная вечарына «Новая невядомая Ўкраiна: учорашнiя скандалiсты або дысыдэнты — сёньняшнiя культурныя героi», адбывалася ў незвычайных умовах. У гэты самы час у Доме лiтаратара балявалi ўдзельнiкi дэлегацыi расейскiх шавiнiстычных пiсьменьнiкаў. Шум iнхнага сьвята прарываўся ў залю, часам перашкаджаючы слухаць. На беларуска-ўкраiнскi дыялёг накладалiся iншыя агрэсiўныя гукi.

Да запрошаных i дакладаў арганiзатары, наколькi я ведаю, падышлi вельмi прагматычна. У праграме былi зазначаныя тыя людзi, якi здольныя ня проста на цiкавую iмправiзацыю, але якiя могуць напiсаць уласна даклад — структуяваны, закончаны, цiкавы. Варта назваць iмёны некалькiх выступоўцаў, да чыiх тэзаў так цi йнакш вярталiся ў сваiх прамовах iншыя ўдзельнiкi канфэрэнцыi. Сваю сацыялягiчную адзiнку вымярэньня сёньняшняй сытуацыi — «маргiнал» — прапанаваў Алесь Анцiпенка ў дакладзе «Маргiналы й маргiнальнасьць у беларускiм постсавецкiм грамадзтве». На жаль, ня змог прыехаць з Кiева Мiкола Рабчук, але ягоны даклад «Крэольскi нацыяналiзм ва Ўкраiне й Беларусi: 90-я гады» быў зачытаны на канфэрэнцыi. Праз тое, што тэма прысьвечаная «крэольскаму нацыяналiзму», тэкст быў напiсаны па-расейску. Сваю энэргетычнаю танальнасьць залi надаў львавянiн Раман Кiсь выступам «Нэаэўразiйства: мэнталiтэт, iдэалёгiя, геастратэгiя». Славамiр Адамовiч потым зьдзiўляўся, што, слухаючы ўкраiнцаў, ён атрымоўвае ад iх, у адрозьненьне ад выступаў беларусаў, ня толькi iнфармацыю, але й энэргiю.

Выступ Кшыштафа Чыжэўскага з Сэйнаў быў варты ўвагi хаця б толькi з-за адной тэзы — iдэi скiту для iнтэлектуалаў сучаснасьцi. Тут ужо не стрымаўся Валянцiн Акудовiч, якi, усхапiўшыся са свайго крэсла, заявiў, што ён сам бы марыў жыць у скiце, але вось заўтра (14 сьнежня) мiтынг у абарону газэты «Свабода» — i ён пойдзе на гэты мiтынг, прапусьцiўшы паседжаньне канфэрэнцыi. Але прапускаць паседжаньне не прыйшлося, бо ўсе ўкраiнскiя ўдзельнiкi захацелi папрысутнiчаць на мiтынгу. Былы дысыдэнт Раман Кiсь нават выступiў з трыбуны й выклiкаў сымпатыi прысутных.

Нiбы пацьвярджаючы тэзы пра эўразiйства, на Беларусь i на ўсю Сярэднюю Эўропу ў тыя днi насунуўся арктычны антыцыклён са страшэннымi маразамi. Усё гэтае палiтычнае тло, а таксама актыўнасьць i выступы беларусаў, як мне здаецца, пераканалi ўкраiнцаў, што нам патрэбныя ня iхныя спагада й спачуваньнi, але iхная зацiкаўленасьць i iхная салiдарнасьць.

Алег Дзярновiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0