Паштоўка да Фiдэля Кастра

 

1 студзеня. Забаўны дзень у календары. У гэты дзень у 1919 годзе беларускiя камунiсты ў расейскiм горадзе Смаленску з блаславеньня тав. Сталiна абвесьцiлi пра стварэньне Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi, i роўна праз сорак гадоў на далёкай i сонечнай высьпе Куба, дзе на плянтацыях высьпяваюць чорны тытунь, цукровы трысьнёг ды розныя цытрусавыя, здарылася сацыялiстычная рэвалюцыя. Цi злучае што-небудзь для мяне гэтыя падзеi? Бадай, нiчога. Ну, хiба што ў Бэсэсэр у васьмiдзясятыя гады ўсе крамы былi заваленыя моцнымi й духмянымi цыгарэтамi «Партагас», «Легерос» ды «Монтэ-Крыста», якiя выраблялiся на тытунёвых фабрыках выспы Свабоды? А таксама ў дзiцячую памяць урэзаўся назаўсёды слоган з рэклямнага плякату «Кубинские грейпфруты — в нас больше сока!» Кубiнскiя цыгарэты беларускiя курцы, ня гледзячы на даступнасьць (20 капеек за пачак, таньней за «Астру»), ня надта каб шанавалi, былi яны замоцныя для беларускiх горлаў ды плюцаў. А грэйпфруты, у якiх было болей соку, жыхары Мiгiлёва ўпарта называлi «гiбрыдамi», i таксама ня вельмi ахвотна куплялi.

Ня памятаю, як у тыя гады я ставiўся да сакоўнасьцi кубiнскiх гiбрыдаў, а вось кубiнскiя цыгарэты палiў ахвотна. Пры наяўнасьцi процьмы станоўчых якасьцяў, якiя зразумець здолее толькi аматар моцнага тытуню, яны яшчэ мелi адну чароўную ўласьцiвасьць. Iх не адбiраў пасьля выкручваньня кiшэняў наш дырэктар школы. Ён палiў цыгарэты ўсiх гатункаў, якiя вадзiлiся ў вучняў нашае школы. А мой «партагас» не адбiраў. Толькi моршчыўся ды чытаў кароткую натацыю пра шкоду паленьня.

Быў у мяне яшчэ сябра Воўка, у якога было досыць дзiўнае хобi. Ён вiншаваў з усякiмi сьвятамi ўсiх прэзыдэнтаў, старшыняў парлямэнту, кiраўнiкоў камунiстычных партыяў ды манархаў. Хобi гэтае вымагала дастакова вялiкiх фiнансавых укладаньняў, але гэтая нiва й прыносiла талковы плён. Узрушаныя вялiкiя людзi гэтага сьвету слалi Воўку свае лiсты й часам сувэнiрчыкi. Памятаю, што Эрых Хонэкер слаў мадэлькi аўтамабiляў, Кiм Iр Сэн — карэйскую парцаляну, Фiдэль Кастра — кубiнскiя цыгары. Вiдаць i iншыя алiмпiйцы, напэўна, неяк дзячылi майму сябручку за пiсанiну. Сувэнiры вельмi добра распрадавалiся сярод знаёмых i праз камiсiйную краму, што на Першамайскай. Кубiнскiя цыгары, укладзеныя па 25 штук у драўляныя скрынкi, палiлiся намi пры нагодзе на працягу ўсяго году.

На мой вялiкi жаль, кубiнскiя цыгарэты зьнiклi з палiцаў яшчэ за колькi гадоў да заўчаснай сьмерцi БэСэСэРу. Пасьля некалькi гадоў я ў якасьцi замены iм палiў любiмыя цыгарэты францускiх пралетараў ды кляшараў — «Голуаз Капораль». Апошнiя гады чатыры iх нельга знайсьцi ў Вiльнi. Усе чатыры гады са мною здараецца прыкладна раз на месяц прыступ хваробы «Хачу ня ведаю чаго». Ходзiш па вулiцы й думаеш, чым бы такiм паласавацца: лёдамi, пiвам, салёнымi гуркамi, карэйскай морквай, iрляндзкiм вiскi, лiтоўскiм карбанадам, шклянкаю кабэрнэ? Ходзiш, i пасьля лёдаў з карамэляй п’еш горкае пiва, ясi ў кавярнi карбанад, залiваеш наверх усё вiном, а жаданае задавальненьне не прыходзiць. А празь дзень супакойваесься й жывеш сабе далей спакойна.

Днямi са мною здарыўся прыступ гэтае хваробы. Мая сяброўка вытлумачыла гэта, як звычайны зiмовы авiтамiноз, сунула ў руку пяць лiтаў i выслала ў краму па грэйпфруты. Па дарозе ж я зразумеў, што хочацца мне нерэальнага. Проста выпалiць тоўстую, сакоўную кубiнскую цыгару «Рамэа й Джульета». Вось тады я й прыгадаў майго сябручка зь ягонымi паштовачкамi да кубiнскага дзядзi Федзi Кастрова. I думаў пра тое, чаму б не павiншаваць гэтага барадатага аматара бэйсболу зь днём кубiнскай рэвалюцыi? Адрас просты — Куба, Гавана, Фiдэлю Кастра. Дый тэкст нескладана скляпаць. «Дарагi таварыш Фiдэль. Вiншую Цябе зь вялiкiм сьвятам — Днём Кубiнскай Рэвалюцыi. Зычу маленькай высьпе Свабоды якой-небудзь там iндустрыялiзацыi, цi яшчэ якой трасцы, зьвязанай з барацьбою супраць мiрыканскага амперыялiзму». Толькi сёлета я так i не надпiсаў паштоўкi да добрага дзядзi Федзi. Забегаўся-закруцiўся-забыўся. Шкада. Давядзецца чакаць скрынку з цыгарамi ў бляшаных футуральчыках яшчэ адзiн год.

Андранiк Антанян