Сто твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя


Лявон Вiтан-Дубейкаўскi.

Касьцёл Пятра i Паўла

 

Мсьцiслаўшчына сярод iншых краёў Беларусi займае выключнае месца, дзякуючы сваiм сынам. Сярод даўжэзнага сьпiсу тутэйшых славутасьцяў ёсьць i iмя Лявона Вiтан-Дубейкаўскага. Бадай, за ўсю нашую гiсторыю XX стагодзьдзя гэта адзiны дойлiд, якi застаўся цалкам несавецкiм, але цалкам беларускiм. Гэта адзiны дойлiд, якi абгрунтаваў беларускасьць свайго творчага мэтаду...

... Ён нарадзiўся ў фальварку Дубейкава, у клясычнай шляхецкай сям’i гербу «Вiтан» («Вiдун»), якая вяла свой старажытны радавод ад лiтоўскiх князёў. У сям’i, як i мусiла быць, валодалi польскай i расейскай мовамi. Як i мусiла быць, матчынай мовай была беларуская. Па сканчэньнi Мсьцiслаўскае школы, бацькi, ня хочучы згубiць сына ў Расеi, адправiлi яго на вучобу ў Варшаву. Для iх гэта было прадметам асаблiвага гонару. Варшаўская Школа будаўнiчых рамёстваў (Szkoжa rzemiosж budowlanych) стала першым вакном у шырокi сьвет i першым крокам у архiтэктуру...

... Дзе б пазьней нi зьяўляўся Вiтан-Дубейкаўскi, сьвет дойлiдаў адкрываў яму ўсё новыя i новыя магчымасьцi. З Варшавы ён перабраўся блiжэй да родных мясьцiнаў, у Смаленск, дзе адразу адкрыў сваё прыватнае бюро. Як лёгка яму, зусiм маладому будаўнiку (25 гадоў) дастаюцца замовы! Сярод галоўных ягоных твораў тае пары: цэрквы ў Манастыршчыне i Ярцаве, скарбнiца ў Вязьме. У 1894 годзе ён перамагае ў конкурсе на будаўнiцтва мураванага касьцёла ў Смаленску. Вялiкi дзьвюхвежавы касьцёл таксама таямнiчым чынам быў пабудаваны ў рэкордныя тэрмiны — за два гады. На гэты ж час прыпадае «рэстаўрацыйны» пэрыяд у творчасьцi маладога дойлiда. З 1895 да 1901 году ён праводзiць рэстаўрацыю касьцёлаў у Крычаве, Смалянах (разам з Даўкшам), Воршы, Сьвiслачы (каля Асiповiчаў) i, вядома, у родным Мсьцiславе. У 1901 годзе Дубейкаўскi будуе ў Смаленску фабрыку жалеза-бэтонных вырабаў. Някепскi плён для 32-х гадоў...

... Адчуваючы брак адукацыi, у 1902-м Дубейкаўскi едзе ў Пецярбург, дзе працягвае вучобу ў Iнстытуце цывiльных iнжынэраў, якi сканчае ў 1903 годзе з дыплёмам iнжынэра-архiтэктара. Пасьля iзноў вяртаецца ў Смаленск, ва ўласнае бюро. Вольны муляр... На гэтым ён ня можа спынiцца. Ён прагне эўрапейскiх даляглядаў. Ён прагне Парыжа. Тры гады вучобы ў парыскай Спэцыяльнай Архітэктурнай Школе (Ecole Special d’Achitekture), дзе ён атрымаў дыплём архiтэктара-мастака, канчаткова сфармавалi яго мадэрнiстам. Як Вiтан-Дубейкаўскi жыў у Парыжы, чым натхняўся, пра што марыў — застаецца таямнiцаю...

... Жыцьцёвыя шляхi гэтага чалавека былi пакручастыя. Часам, углядаючыся ў ягоную бiяграфiю, можа здацца, што ён хутчэй нейкi кансьпiратар, разьведчык, чым салiдны архiтэктар-практык з грунтоўнаю адукацыяй.

Наблiжалася сусьветная вайна... У 1910 годзе Дубейкаўскi ў Варшаве, дзе працуе ў вядомай фiрме Лiльпопа й Янкоўскага i выкладае ў Тэхнiчна-прамысловай школе iнжынэра Пятроўскага. Пасьля закладае ўласнае бюро i становiцца сябрам «Koжa architektиw w Warszawie». У 1915 годзе ён у Арле, пасьля ў Менску, у 1916-м у Петраградзе, iзноў у Менску, Арле, i нарэшце, у 1918-м — у Варшаве, дзе ачольвае Беларускi Нацыянальны Камiтэт. Пры тым, паўсюль, дзе б ён ня быў, ён праектуе i будуе заводы, дамы, сядзiбы. Нiякiх праблемаў нi зь перамяшчэньнем, нi з грашыма...

... Крынiцы свае беларускае сьведамасьцi ён называў сам: мацi, якая нiколi не цуралася роднае мовы i кнiжачка Багушэвiча, якую паказаў яму мсьцiслаўскi ксёндз. Яшчэ напрыканцы мiнулага стагодзьдзя, працуючы ў Смаленску, Дубейкаўскi пачаў зьбiраць беларускi фальклёр. Пiсаў па-беларуску вершы, апавяданьнi, лiставаўся зь беларускiмi газэтамi...

У кастрычнiку 1916 году Дубейкаўскi зьявiўся ў Петраградзе. Трэба меркаваць, што гэты вiзыт быў зьвязаны зь беларускiм рухам, бо апроч фiнансавых апэрацыяў i грамадзкай дзейнасьцi, нiякiх сьведчаньняў аб iншых работах няма. Аднак, праз колькi тыдняў яго знайшоў ксёндз Будзька (малавядомы й цiкавы пэрсанаж) i замовiў яму праект драўлянага касьцёлу ў беларускiм стылi... Гэты праект прызначаўся для вёскi Янатруда ў Полацкiм павеце. У студзенi 1917 году праект быў зацьверджаны Мiнiстэрствам i ўжо ўлетку мелiся распачацца будаўнiчыя работы...

Лютаўская рэвалюцыя скасавала ўсе пляны. Праект застаўся незрэалiзаваным. Як напiсаў пазьней сам Вiтан-Дубейкаўскi: «Спусьця нейкага часу дачуўся, што i ксёндз Будзька ад рэвалюцыi, у цяжкiх абставiнах, растаўся з гэтым сьветам. Гэтыя сумныя падзеi, а так-жа недакончаная сымфонiя архiтэктурнай паэзii, абнялi мяне цяжкiм сумам»...

Што ж уяўляў сабою той, першы ў гiсторыi праект беларускага стылю? У сваёй кнiзе «Эвалюцыя i рэформа дзераўлянага будаўнiцтва» Дубейкаўскi гэткiм чынам апiсвае працу над гэтым праектам: «Заданьне было, хоць i прыемнае, але даволi цяжкое, бо-ж у лiтаратурэ — анi тэхнiчнай, анi архiтэктанiчнай аб беларускiм стылю не было нiякага ўспамiну. Але, як трэба — то трэба! Застаўшыся безь лiтэратурнай падмогi, глыбока ўдумаўся ў заданьне, у iдэю нашага стылю, i запраектаваў касьцёл. Праўда, не зусiм тут мая заслуга — галоўна памаглi думы-думы з духа Нашага Народу». Можа трохi наiўна, але трапна. Гэтая кнiга, першая нацыянальная спроба стварыць тэорыю беларускага дойлiдзтва, была разьлiчаная на шырокае кола чытачоў.

Паводле праекту, касьцёл у Янатрудзе мусiў уяўляць сабою просты ў пляне, кампактны будынак, зь вялiкiм прасторным нэфам i вялiкай шмат’яруснай вежаю-званiцай над хорамi. З боку галоўнага ўваходу мусiла быць прасторная галерэя на чатырох танкiх калёнах, крытая вялiкiм гонтавым шатром. Шацёр галерэi плаўна абдымаў вежу, пераходзячы ў суцэльны дах над усёй бажнiцаю, краi якога мякка выгiналiся на доўгiх кроквах. Чатырох’ярусная вежа спалучала ў сабе рысы ўсiх традыцыйных прыёмаў, у яе вобразе не было нiчога спэцыфiчна каталiцкага, рымскага, далёкага. Гэтая бажнiца з роўным правам магла б служыць прататыпам i для каталiкоў i для праваслаўных i для пратэстантаў. Вельмi выразны, дынамiчны абрыс, сканцэнтраваная сымэтрычная кампазыцыя, адсутнасьць штучнага дэкору — гэтак мысьлiць мог чалавек ужо XX стагодзьдзя. I дрэва... Прынцыпова дрэва. Ясная канструкцыя зрубу, непрыхаваная нi тынкоўкаю нi шалёўкаю, стварала сваю самастойную эстэтычную каштоўнасьць. I ў гэтым Дубейкаўскi бачыў адметнасьць беларускага кшталту, аддаючы перавагу спрадвечнаму, любiмаму i звычнаму тутэйшаму матэрыялу. Ён пiша: «I гэткi першабытны спосаб рубкi дзераўлянага зрубу цэнiцца ў нас, на Беларусi — з прадвеку. Як i цяперыка бачым — увесь наш край: сёлы, мястэчкi, гарады разам зь Вiльняю аб гэтым ясна сьведчаць...»

Падчас праектаваньня касьцёлу ў Янатрудзе, Дубейкаўскаму давялося шукаць уласную, найноўшую сыстэму драўлянага зрубу дзеля максымальнага выяўленьня якасьцяў дрэва, як паўнавартаснага эстэтычна матэрыялу, якi не патрабуе дадаткаў. Найбольшай праблемаю было прадухiлiць растрэсківаньне дрэва i зрабiць цеплаiзаляцыю памешканьня. Раней, як i тысячу гадоў таму (i да сёньня), шчылiны памiж бёрнамi зрубу груба забiвалiся ймхом, альбо кастраю. Зь цягам часу дрэва рассыхалася i мела непрывабны выгляд. Гэтую хiбу драўлянае канструкцыi хавалi пад шалёўкаю цi тынкоўкаю, хаваючы тым самым пачатковы выгляд i матэрыялу, i канструкцыi. Аднак гэтыя прыёмы недасканалыя, бо спрыяюць толькi хутчэйшаму трухненьню дрэва. Дзе ж выйсьце? Дубейкаўскi пiсаў: «... прыняўся натужна, каб сканструяваць нешта адпаведнейшае, i ўзяўся шкiцаваць — класьцi на паперу ўсялякiя магчымасьцi, i ў рэзультаце дайшоў к памыснай разьвязцэ...» Сутнасьць мэтаду, вынайдзенага Дубейкаўскiм, была ў адмысловай сыстэме пазоў па бярвеньнях i спосабу зарубкi вугла, канцы якога абпiльвалiся зь лiцам сьцяны, утвараючы суцэльны, эканамiчны аб’ём. Адольф Клiмовiч у «Матэрыялах да бiяграфii дзеячоў беларускай культуры i нацыянальнага руху» адцемiў: «... собскую тэхнiку будаваньня з дрэва выясьнiў Дубейкаўскi ў падручнiку будаваньня...» Новая сыстэма была ўхваленая ў 1923 годзе Таварыствам архiтэктараў у Вiльнi. Але гэта была пакуль тэорыя...

У 1924 годзе Лявон Вiтан-Дубейкаўскi праектуе касьцёл для мястэчка Дрысьвяты, што на Браслаўшчыне. Але да рэалiзацыi праекту мiнае яшчэ колькi гадоў. Тымчасам ён будуе царкву старавераў у Вiдзах, факультэт мастацтва Вiленскага ўнiвэрсытэту (сёньня Акадэмiя мастацтваў), лясьнiцтва ў Шумску, падлясьнiцтва ў Кене, шэраг прыватных дамоў, уласную сядзiбу ў Вiльнi, на Падгорнай. Увесь час не перапыняе выкладчыцкую працу. Яшчэ ў 1919 годзе ён выкладаў на беларускiх настаўнiцкiх курсах у Гораднi i ў Вiльнi. А ў 1925 —стварае й кiруе Школай будаўлянага рамяства ў Вiльнi.

У 1927 годзе Дубейкаўскi нарэшце прыступiў да будаўнiцтва касьцёлу ў беларускiм стылi... На велiзарным пагорку старажытнага замчышча, якi паўвыспаю далёка заходзiць у шырокае Дрысьвяцкае возера, стары касьцёл быў пастаўлены яшчэ ў ХV ст., але шматкроць гарэў. На тым самым месцы распачалася новая будова. Праз два гады высокiя вежы касьцёлу ўзьнесьлiся па-над дрысьвяцкiмi разлогамi. Пазьней дойлiд напiша: «... бярэ ахвота пахвалiцца монумэнтальнай будовай — дзераўляным, трох-навовым з высокай вежай касьцёлам, пабудованым — тымi-ж 16-18 летнiмi вучэньнiкамi, у два летнiх сэзоны — у 1927-ым i 1929-ым гадох у Дрысьвятах, у павеце Браслаўскiм.., ... сьцены агэблёваны нагладка, у злучвах, мiж вянцоў не вiдаць анi мшэньня, анi шчэлак, столь — на закладку, а на кантах бэлек цягнецца разьба шнурочкам... i ўсе паасобныя фрагмэнты выпаўнены па-мастацку, а ў агульнасьцi даюць сымпатычную сынтэзу...» Асобна Дубейкаўскi спыняецца на вонкавым вобразе касьцёла: «... прапорцыi асобных часьцiнаў, якiя ствараюць монумэнтальную форму,  прыпамiнаючы наш беларускi стыль».

Галоўны фасад касьцёлу Пятра i Паўла вельмi блiзкi да праекту касьцёла ў Янатрудзе, але галоўная вежа нашмат вышэйшая i страмчэйшая. Да яе кампазыцыйна прывязаная моцна разьвiтая вежа-сыгнатура над сяродкрыжжам, расшыфроўваючы кананiчныя дачыненьнi паiмiж асобамi Сьвятых апосталаў — Пятра i Паўла.

Гэтая нiдзе дагэтуль ня бачаная будынiна i сёньня мае дагледжаны выгляд. Тое, што не ўдалося зрабiць палякам або расейцам, зрабiў беларускi дойлiд. Гэта не этнаграфiчная, а найноўшая нацыянальная архiтэктура: чыстае дрэва i чысты бэтон.

Адсутнасьць дэкору i чужародных матэрыялаў стваралi нязвыклае, арганiчнае адчуваньне зьнiтаванасьцi будынка з натуральным атачэньнем. Прасторныя шатры на пекных тонкiх калёнах, моцна вынесеныя за сьцены, утваралi своеасаблiвыя клуатры, адкрытыя ў прастору. Мысьленьне катэгорыямi арганiчнае архiтэктуры было для Вiтана-Дубейкаўскага вынiкам эвалюцыi ўсяго дойлiдзтва i ён вельмi дакладна гэта адчуў. Дойлiдзтва i прырода мусяць сплятацца ў суцэльны гуманiстычны асяродак. Цi ня першым сьведчаньнем беларускай экалягiчнай думкi гучаць ягоныя словы: «... лес страшэнна эксплёатуецца i вывозiцца ў нашы гарады i за гранiцу — лесу ўсё малей i ён ужо-не спраўляецца з патрэбамi чалавецтва расьцi...» На жаль i гэтая думка выбiтнага дойлiда i патрыёта патанула ў каламуцi ХХ стагодзьдзя.

Дубейкаўскi двума крокамi вывеў беларускую архiтэктуру ў будучыню, паставiў яе ў эўрапейскi кантэкст. Найноўшыя тэхналёгii й рупнасьць пра нацыянальную адметнасьць — гэткi шлях быў нашай альтэрнатываю. Завод жалезабэтонных вырабаў у Смаленску — першы крок беларускае архiтэктуры ў XX стагодзьдзе. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах — першы крок архiтэктуры ў Беларушчыне. I пакуль апошнi...

Сяргей Харэўскi

 

(1869/1867?), в. Дубейкава Мсьцiслаўскага павету — 1940, Вiльня) архiтэктар, iнжынэр, пэдагог, паэт, фальклярыст. Скончыў школу будаўнiчых рамёстваў у Варшаве. З 1897 —прадпрымальнiк-будаўнiк у Смаленску. У 1903 атрымаў званьне iнжэнэра-будаўнiка ў Пецярбургу. У 1907-09 вучыўся ў Парыжы i атрымаў дыплём архiтэктара-мастака. З 1910 да 1915 жыў у Варшаве. З 1922 —выкладчык мулярскае школы ў Вiльнi (1925-29 — дырэктар). Пахаваны на вiленскiх могiлках Росы.


У папярэднiх нумарах прадстаўленыя творы:

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск, лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0