ПОШТА


Не аддамо Беларусь злодзеям!

Самы гаротны на зямлi народ беларускi, бо суседзi ўкралi ў яго душу i падмянiлi iншай, а са сваёй прыгожай беларускай душой засталося ня вельмi шмат. Нiяк ня могуць зразумець, хто не беражэ гонару, што беларусам не патрэбны нiхто, акрамя iх самых, а iншыя — толькi зь вялiкiм абмежаваньнем для звычайнага сяброўства i ня больш таго. Бо шавiнiсты выкарыстоўваюць сяброўства ў якасьцi прыманкi для асымiляцыi. I калi хто зь беларусаў захоча, ня дай Бог, аб’яднацца з суседняй дзяржавай i страцiць сваю дзяржаўнасьць i нацыю, то гэта стане трагедыяй для яго самога i ўсяго астатняга народу, якому ён здрадзiў. Толькi дурань шкодзiць сам сабе, i такiя, на жаль, ёсьць.

Навошта станавiцца палякамi або расейцамi, калi гiсторыяй i нашымi продкамi наканавана заставацца беларусамi — лiцьвiнамi, як раней мы называлiся паводле свайго этнiчнага паходжаньня.

Але нейкае шавiнiстычнае мурло, зьневажаючы нас i iмкнучыся падмануць, гаворыць:

— Якiя беларусы? Такога слова i дзяржавы пад назваю «Беларусь» не было, бо ў летапiсах нiдзе не запiсанае.

А цi ведае гэтае мурло, што калi яшчэ Масквы як дзяржавы i сучаснай расейскай нацыi не iснавала, на ўсiм абшары ад Беластока да Смаленска, ад Полацка да Пiнска нашы продкi гаварылi па-беларуску, нават ня ведаючы, што iх пазьней назавуць беларусамi, бо самi раней так сябе не называлi. Назавуць для таго, каб падмануць, што iх не было, назавуць, каб пазбавiць назвы «лiцьвiны» i прыцягнуць штучна да Расеi, якая раней яшчэ не iснавала, калi беларусы пад iншаю назвай — Лiтва, ужо жылi на сваёй зямлi. Нават трус або заяц, калi яго гiпнатызуе удаў, каб праглынуць, супрацiўляецца i пiшчыць, не жадаючы лезьцi ў пашчу. Удаў робiць выгляд, што любiць зайца, але ў сапраўднасьцi любiць не яго, а зайчацiну. Вось чаму «братэрскiя» абдымкi ўдава сьмяротныя для зайца. Дурань ты, братка-беларус, калi гэтага не разумееш, што ўдаў ня можа стаць тваiм сапраўдным братам, бо ён драпежнiк i небясьпечны здольнасьцю гiпнатызаваць сваiх ахвяраў. А ты, братка-беларус, сам небясьпечны сваёй радзiме здольнасьцю паддавацца гiпнозу i самаашуканству. У затурканых рабоў вытраўленае пачуцьцё радзiмы.

Неяк аднойчы выпадкова давялося пачуць, як вучнi па сваёй дзiцячай наiўнасьцi гаварылi памiж сабою, што яны ня любяць беларускай мовы, якую iм даводзiцца вучыць, а вось расейская мова iм больш падабаецца. Уражвае тое, што большасьць гэтых дзяцей напэўна беларусы, але ў малым узросьце чалавек яшчэ ня мае ўласных поглядаў: ён iх пераймае ад бацькоў i выкладчыкаў. Такiм чынам, русыфiкацыя i асымiляцыя беларусаў працягваецца, i ад нас перш-наперш iмкнуцца адняць будучыню — нашых дзяцей. А мы iх не баронiм i iхныя бацькi, на жаль, застаюцца абыякавымi, а некаторыя нават дапамагаюць супраць сябе. Нацыянальнае адраджэньне Беларусi — гэта ратаваньне нацыi i дзяржавы ад гiстарычнай i этнiчнай згубы. I ня толькi таму, што ёсьць замежныя сiлы, якiя хочуць пазбавiць нас незалежнасьцi i адметнасьцi i ўнiфiкаваць з сабою, але й таму, што сярод нас самых ёсьць гатовыя аддаць сваю незалежнасьць за нiшто. Гэта ўнутраныя акупанты i калябаранты. Але свабода перашкаджае толькi рабам. Беларусь, як украдзенага каня, цягнуць да сябе злодзеi, а iм яшчэ дапамагаюць свае ж «памяркоўныя» здраднiкi, падштурхоўваючы каня ззаду i дапамагаючы злодзеям сабе на шкоду. Злодзеi Беларусi — гэта замежныя шавiнiсты, унутраныя акупанты i нашы калябаранты.

А той гаротны белы конь, сымбалiзуючы Беларусь, зь якога злодзеi ўжо сьцягнулi вершнiка зь мячом i шчытом, з апошнiх сiл супрацiўляецца i ня хоча iсьцi да чужынцаў. Няўжо аддамо гэтага каня чужынцам?

Не аддамо Беларусь злодзеям! Жыве Беларусь!

Марат Гiрко, Менск


Закон аб каталанскай мове

Акурат напрыканцы 1997 году Каталунья (альбо на лацінскi манер, Каталонiя — гэтак яе чамусьцi называюць у нас), паднесла сюрпрыз гiшпанскаму ўраду: аўтаномны ўрад Каталуньi прыняў закон аб каталанскай мове, згодна зь якiм усё навучаньне ў школе адбываецца на каталанскай мове. Кастыльская — iначай гiшпанская — мова зьяўляецца факультатыўнай i вывучаецца па жаданьню бацькоў альбо вучняў. У ВНУ мова зносiнаў выкладчыкаў i студэнтаў не рэглямэнтуецца. Усе шыльды мусяць мець каталанскi тэкст, хто ня выканае гэтай умовы, будзе пакараны. Спагнаньнi чакаюць i службоўцаў, якiя паспрабуюць грэбаваць каталанскай мовай у афiцыйных зносiнах.

От закон, дык закон!

Вядома, вядома, гэты законны акт абароны нацыянальнай годнасьцi каталанцаў выклiкаў абурэньне гiшпанскiх iмпэрыялiстаў. Намесьнiк гiшпанскага прэм’ера выказаўся так: «Закон пярэчыць духу свабоды i сужыцьця». Лiдэр каталанскiх нацыяналiстаў Джордзi Пуджоль, якi ўжо шмат гадоў узначальвае мясцовы кiроўны орган «Джэнэралiтат» даў годны адказ першым наскокам на новы закон.

Калi ўлiчваць, што Каталунья мае сур’ёзныя намеры быць прадстаўленай у эўрапейскiх структурах самастойна — а гэта б азначала незалежнасьць дэ факто, дык новы закон — лягiчная прыступка да такой незалежнасьцi.

Беларускiя нацыяналiсты вiтаюць патрыётаў Каталуньi i жадаюць iм посьпехаў.

Каталанская буржуазiя заўжды вызначалася файным патрыятызмам i амбiтным нацыяналiзмам i мае чыстае бруха, бо нiколi ня поўзала перад «старшым братам».

Мы прагнем больш дэталёвага камэнтару сп... (даруйце, кампаньера) Лёлiка Ушкiна, а таксама хочам пачытаць тэкст закону на бачынах «НН».

Шчасьлiвага Новага году!

Мiкола Бусел, Дуброва


«Беларускi калегiюм»

У сувязi з iнфармацыяй, што прайшла ў нашых mass-media, пра ўтварэньне адукацыйнага праекту «Беларускi калегiюм» хачу прадставiць сваё бачаньне гэтай справы.

Лiтаральна ўчора прачытаў «Rzeczpospolitг», i там была вельмi цiкавая iнфармацыя пра тое, як наладзiць палянiйную адукацыю ў глыбiнцы «Крэсаў». Каб ня толькi палякi Гораднi цi Вiльнi маглi вучыцца мове i гiсторыi, але i з самай аддаленай вёскi чалавек мог бы браць удзел у гэтай працы. Пасярэднiк у гэтым працэсе — пошта. Праз пасярэднiцтва пошты праект «Беларускi калегiюм» можа стаць агульнабеларускiм. Для гэтага, мне падаецца, трэба правесьцi рэкляму ў сродках масавай iнфармацыi. Ахвотныя маглi б зьвярнуцца на адрас рэдакцыi i падаць свой адрас, на якi былi б высланыя пытаньнi i заданьнi, а таксама сьпiс лiтаратуры, якой можна карыстацца для разьвязаньня гэтых заданьняў. Пасьля лiставаньня такому ахвотнiку можна выслаць заўвагi i тлумачэньнi. Раз на паўгады сэмэстар можна ладзiць у Менску, а таксама ў вялiкiх гарадах Беларусi. Сэмiнары i сустрэчы вучняў з выдачай пасьведчаньня аб заканчэньнi калегiюму, якое давала б сатысфакцыю ўдзелу ў агульнанацыянальнай справе, бо сымболiка ў жыцьцi чалавека шмат што значыць. Калi ж праект «Беларускi калегiюм» застанецца толькi «Менскай справай» i не ахопiць усiх ахвотных нават з малых вёсак i мястэчак, ён вялiкага посьпеху, на мой погляд, мець ня будзе, а стане справай «элiты» для элiты.

З павагаю,

А.Моргун, Баранавiчы

P.S. Яшчэ раз апэлюю да вас, не забывайцеся на правiнцыю, там шмат цiкавых, ахвотных да дзейнасьцi людзей, павяжыце iх агульнадаступнай працай са сталiцай элiты Менскам.


Мы ня ведаем сваёй мовы

Зь нядаўняга часу прыахвоцiлася да чытаньня незалежных газэтаў, такiх як «Народная воля», «Свабода» (праўда, яе ўжо закрылi) i вашай газэты. Чытаю не рэгулярна (не дазваляюць грошы), але дастаткова часта. I вось вырашыла i я напiсаць лiст, выказаць свае меркаваньнi. Вядома, прывабна ў газэтах напiсана пра пабудову ў нас у Беларусi дэмакратычнай дзяржавы, але гэта нязбытная ваша мара (на маю думку). Чаму? Па-першае, вы зусiм малая колькасна арганiзацыя, якая разьлiчаная на элiтарнае кола людзей (да вас жа не далучаюцца масава), па-другое, вас увесь час душыць адмiнiстрацыя прэзыдэнта: разганяе дэманстрацыi, спаганяе велiзарныя штрафы (грошы, якiя пайшлi б на добрыя мерапрыемствы), па-трэцяе, калi б вы нават i прыйшлi да ўлады, вас наш народ не зразумеў бы, ён бы ў хуткiм часе скiнуў вашую ўладу. Ужо шмат магчымасьцяў страчана, ды й зараз наўрад цi можна прыйсьцi да ўлады мiрнымi сродкамi. Вось перад самым закрыцьцём «Свабоды» там быў артыкул Зянона Пазьняка (забылася яго назву), у якiм даводзiлася, што неабходна неадкладна адхiлiць ад улады прэзыдэнта i ягоную адмiнiстрацыю. Але ЯК гэта зрабiць? I ХТО будзе гэта рабiць? Ён жа яе так проста не аддасьць. Гэта выклiча крывапралiцьце. Толькi нашто такiя ахвяры, тым больш чалавечыя жыцьцi, гэта ж жахлiва.

Але, вядома, нiхто гэтага ня будзе рабiць. Калi й Зянон Станiслававiч нiчога ня мог зрабiць i яму давялося тэрмiнова паехаць адсюль, то й нiхто ня зможа гэтага зрабiць. Ды й народу гэта не патрэбна. Iх задавальняе такi прэзыдэнт, якi зараз ёсьць, iнакш яны б на прэзыдэнцкiх дэмакратычных выбарах у 1994 годзе яго не абiралi. I вось што атрымлiваецца: на словах наш Лукашэнка абяцае рай на зямлi ў хуткiм часе, а на справе ўсё вельмi марудна рухаецца ў процiлеглы бок. Тавараў на зарплату можна купiць усё менш i менш, дый увесь заробак урэшце йдзе на прадукты (але ўсё адно не на тыя, якiя хочацца купiць, а на такiя, каб проста ня быць галодным). I народ у большасьцi задаволены такiм жыцьцём. Яны вераць словам прэзыдэнта, якi кажа, што хутка надыдзе дастатак, а вас лiчаць за ворагаў, выходзiць, што менавiта вы замiнаеце прэзыдэнту наладзiць добрае жыцьцё.

Увогуле, я прыходжу да высновы, што хутка ваша арганiзацыя развалiцца (яе задушаць улады), а Беларусь рана цi позна станецца часткаю Расеi. Народ прагне далучэньня да Расеi, у гэтым ён бачыць свой будучы росквiт, пра гэта яму ўвесь час даводзяць з экранаў тэлевiзараў.

I яшчэ, мне здаецца, што самая галоўная хiба палягае ў тым, што мы ня ведаем сваёй мовы. Мы ня нацыя. Мы не беларусы, мы ўсе да аднаго расейцы, толькi лiчымся па пашпарту беларусамi. Мы ж самi кiдаем брудам у сваю мову, самi са сваёй мовы сьмяемся, нам сорамна размаўляць на ёй, сьмяемся самi зь сябе, так выходзiць. I ў гэтым наша вялiкая трагедыя. Магчыма, i выбары прэзыдэнта ў 1994-м годзе прайшлi б iнакш, калi б мы ведалi мову. Мне спадабалася, калi ў нас адным часам на аўтавакзале, гады два таму, пачалi аб’яўляць расклад аўтобусаў на беларускай мове. Я адчула раптам, што я не расейка, а менавiта беларуска, у мяне зьявiлася нават нейкая гордасьць, што мы адрозьнiваемся ад расейцаў. Але пасьля па радыё, тэлебачаньню нам пачалi ўводзiць у вушы, што беларуская мова — гэта калгасная мова. I калi б усе гаварылi на роднай мове, то, можа, i не карцела б асноўнай масе далучацца да Расеi?

На гэтым заканчваю лiст. Выбачайце, калi надакучыла вам, i вы дачыталi яго да канца (а ня кiнулi ў кошык). Папросту напiсала, адчуваючы безвыходнасьць, таму што нiколi ўжо ня буду жыць добра, нават калi i дажыву да глыбокай старасьцi (мне 28 гадоў), ад змрочнага жыцьця.

З павагаю,

Ксенiя Паўленка, Ворша


Намiналiсты, злучайцеся!

Як прыемна ўсё ж даведацца, што думкi нейкага староньняга, зусiм невядомага чалавека супадаюць з тваiмi. Я маю на ўвазе «Вырачэньне чужога iмя» Ўладзiмера Лобача (№97). Сапраўды, Iмя (Nome) асобы фiзычнае або калектыўнае (этнас) нейкiм магутным чынам прадвызначае ўсё ейнае жыцьцё. Iмя адлюстроўвае сутнасьць. Гэта вiдавочна для мяне, Ул.Лобача, iншых. Такiм чынам, намiналiсты ўсяго краю, злучайцеся!

Але колькi людзей не згаджаюцца з гэтым.

— А якая розьнiца, як называцца, — кажуць яны. — Абы была дэмакратыя й «нармальная» эканомiка. (Гэта ў лепшым выпадку, у горшым — абы чарка ды скварка.)

Чаго зьдзiўляцца, атрутаю вульгарнага «практыцызму» й матэрыялiзму засьмечаныя мазгi ня толькi паспалiтых, але й iнтэлiгенцыi, нац. адраджэнцаў (былых?) ды «просто людей демократических убеждений, которые понимают необходимость возрождения национального белорусского языка».

Дык вось жа, часы матэрыялiзму, рацыяналiзму мiнулi. Шэрагi намiналiстаў папаўняюцца з кожным месяцам. Наданьне iмя самiм сабе — гэткая дзея нас злучыць у нацыю канчаткова.

Але што за iмя прапануе шаноўны манiфэстант — «Крыўя». Тое памылка, i я гэтак уважаю не таму, што зь зямлi Радзiмiчаў. Хоць i ў такiм аргумэнце ёсьць пэўная рацыя — не адныя Крывiчы спрычынiлiся да нашага этнагенэзу, ды й iснавалi да таго ж Крывiчы пскоўскiя. Такая прапанова ня проста радыкальная, а звышнатуральная. Краю з такiм назовам нiколi не iснавала. Час жа iснаваньня Полацкага княства непераадольна далёкi ад цяперашняга з гледзiшча якое-кольвек цывiлiзацыйнае пераемнасьцi, бо ў такой справе патрэбны такi-сякi працяг традыцыяў.

I яшчэ — вельмi не пасуе, на маю (i ня толькi) думку, апэляцыя да «вярхоўных жрацоў» i т. п. паганскiх элемэнтаў. Выкарыстаньне паганства надае ўсёй iдэi ненатуральны, несапраўдны, гульневы падтэкст. А iдэя ж зусiм не падобная на гульню, тое трэба ўсьвядомiць усiм, хто ўзьняў яе на свае штандары. Новы край пад новым небам з новым Iмем мусiць быць хрысьцiянскiм — такi адзiны шлях да Эўропы, да будучынi, да цывiлiзацыi, да «нармальнага жыцьця» ўрэшце. Хто не разумее гэтую простую праўду, для каго яна нудная, той павiнны адступiцца ад Iдэi Iмя й працягваць гуляць са сваiмi лялькамi — Ярыламi, Сварогамi i г. д. Гэта, можа, рэзкiя словы для сымпатызантаў паганства, але неабходныя.

Якое ж Iмя, калi ня Крыўя? Ул.Лобач рытарычна пытаецца, што было раней за XVII ст. — прыкладны час зьяўленьня абразьлiвых «беларусцаў» — «калi ўжо стагодзьдзямi iснавалi летувiсы i палякi, французы ды ангельцы»? А былi ж, i тое не таямнiца, а агульнавядомы факт, Лiцьвiны, вось менавiта стагодзьдзямi як iснавалi! Дарэчы, што датычыць «стагодзьдзямi iснавалi летувiсы», дык за гэта дакладна Вiтаўт з Астроскiм натаўклi б у бакi. Бо хоць i нельга, паводле знакамiтага барда, «тутэйшых параўноўваць з гордым Лiцьвiнам», дык Жмудзiн яму тым болей ня роўня.

Так што мы маем ня «вартыя жалю выцемкi» з гiсторыi (гэта праблемы абэцэдарскiх & С°, але ня нас), а Гiсторыю тысячагодзьдзя нашага iснаваньня, у якой Навагародак, пазьней — Вiльня, ёсьць натуральнымi пераемнiкамi Полацка, Турава, Смаленска. I гэта ня ганьба нашая, што не ўтрымалi мы Лiтву, бо так сталася празь мiльёны закатаваных, тысячы зруйнаваных паселiшчаў, бажнiцаў i сьвятыняў. Тыя Лiцьвiны зрабiлi, пэўна, усё, што было мажлiвым. I да нас усё ж дайшла праўда пра вялiкасьць Лiтвы, пра ейную сьвятую сiлу — праз жахлiвыя часы Мiкалая I ды Аляксандра II, часы ўсеэўразiйскага сатанiстычнага бальшавiцкага карагоду ды катастрофу дзьвюх сусьветных войнаў.

Цi ёсьць у нас права не скарыстаць шанец сёньня? Чаго баяцца? Раней за Лiтву вешалi, гналi ў Сiбiр, пазбаўлялi шляхецтва. Цяпер шляхецтва пазбаўляем сябе самi бязьдзеяньнем, баязьлiвасьцю, пакораю.

Наш народ мае цэлае суквецьце Iмёнаў. Крыўя-кроў, Лiтва-малiтва-лiтасьць, БелаРусь — сьветлая...?... —сьвятая...?... Прысьпеў час зрабiць правiльны выбар Iмя, якое дадзенае Богам, а не накiнутае «братам». Iначай, як пяе той самы бард: «Россiя тутъ будетъ навечно».

Макс Кiрэйчык, Гомель


Кантрасты гарадзкiх вулiц

Лiстападаўская нядзеля перад чорнай датай сучаснай гiсторыi. Па вулiцы Фiлiмонава рухаецца армада грузавiкоў з ахоўнiкамi парадку, таго самага, што ў жахлiвым сьне ня ўбачыш. Сытыя, нахабныя, задаволеныя крывавымi перамогамi над бяззбройнымi людзьмi, мiлiцыянты вяртаюцца ў гарнiзон, адкуль часта робяць налёты на сумленных беларусаў. Яны весела бавяць час, жартуючы з пакутаў нязломнага народа, добра ведаючы, што калi-небудзь прыйдзе момант адказваць за свае ўчынкi.

А дзесьцi далёка, на ўскрайку сталiцы, бацькi з трывогай чакаюць дзяцей, з хваляваньнем разважаючы, каб iх малыя выхаванцы пазьбеглi непрадказальнага i нечаканага хапуна. Моладзь разумее, што радасьць жыцьця заключаецца ў iнтэлектуальнай перавазе над жорсткай рэальнасьцю, таму iмкнецца авалодаць неабходнымi ведамi: вывучае родную i замежныя мовы, цiкавiцца Internetам... Гэта ня дзiўна, улiчваючы, што цяпер стала на ногi пакаленьне, загартаванае нацыянальнымi iдэямi Адраджэньня 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Таму заканамерныя жаданьнi юнакоў i дзяўчат адстойваць iдэалы незалежнасьцi, свабоднай ад усялякага прыгнёту краiны, марыць пра шчасьце i больш спакойную будучыню. Шлях да сапраўднай волi ляжыць праз шэраг выпрабаваньняў, няма сумневу — няўдачы i цяжкасьцi прыгадаем, як успамiн. Маладых людзей не запалохаюць асобныя чыноўнiкi турмамi, рэпрэсiямi, забаронай друкаванага слова, думак, бо гады юнацтва — гэта непаўторны росквiт натхненьня, змаганьня за права «людзьмi звацца».

Не губляю надзеi, што культурная, гiстарычная, лiтаратурная спадчына беларускай зямлi застанецца сабранай у Пантэон мастацтваў з усяго сьвету, што вернуцца сьвяты бел-чырвона-белы сьцяг i герб «Пагоня», зазьзяе сонечнымi промнямi сьвядомасьць i годнасьць. А кантрасты гарадзкiх вулiц зь незаконнымi арыштамi i зьбiцьцём дэманстрантаў будуць толькi нашай памяцьцю i спрадвечным болем за лёс Айчыны.

Сяргей Званар, Менск


ПРАКЛЯТАЕ ХАРАСТВО

 

Добры дзень, шаноўная рэдакцыя газэты «Наша Нiва»!

Вам пiша настаўнiца роднай мовы i лiтаратуры Вялiкабаранiцкай няпоўнай сярэдняй школы Пружанскага раёну Уляна Дзьмiтраўна Баран. Я ваш сталы падпiсчык i карэспандэнт: не прапусьцiла нiводнага нумару вашай газэты з дня яе аднаўленьня, а вы надрукавалi некалькi маiх нататак, а таксама пераклад «Марсэльезы» на беларускую мову, якiя я даслала вам пад псэўданiмам Цiхан Баран.

Пiшу вам, бо мне вельмi патрэбныя парада й дапамога, але перш чым адкрыць сваю бяду, некалькi словаў пра сябе.

Па лятах я ўжо пэнсіянэрка, але ўсё яшчэ настаўнiчаю. Сорак гадоў прарабiла тут, на сваёй бацькаўшчыне. Жыву ў двух кiломэтрах ад Вялiкiх Баранiчаў у вёсачцы Турукалы разам з мужам, Гнатам Ёвавiчам, якому ў верасьнi спаўняецца шэсьцьдзесят гадоў. Ён вельмi працавiты, чулы й спагадлiвы чалавек, добры бацька й дзядуля. У цяжкiх умовах мы зь iм выгадавалi траiх дзяцей. Якiя б вiхуры нягодаў ня вылi над нашымi галовамi, мы заўжды вучылi iх жыць сумленна, быць адказнымi грамадзянамi сваёй краiны. Муж мае сорак чатыры гады працоўнага стажу, зь якiх апошнiя дваццаць адшчыраваў заггаспам Вялiкабаранiцкай школы. Нялёгкае жыцьцё выпала на ягоную долю, а таму цяпер ён знаходзiцца на трэцяй групе iнвалiднасьцi па здароўi. Аднак, нягледзячы на гэта, ён не сядзiць склаўшы рукi. Кожнае лета з дапамогай дзяцей i ўнукаў абрабляем для саўгаса дзялку буракоў, трымаем падсобную гаспадарку, не запускаем садок i гародчык, даглядаем дваццаць вульнiкаў пчолаў. Мы з мужам выпiсваем шмат газэтаў i часопiсаў, перажываем за тыя падзеi, якiя адбываюцца на роднай зямлi, падтрымлiваем адраджэньне нашай мовы, культуры i гiсторыi.

Пiшу вам, а сама плачу. Плачу, бо ўсё гэта было праўдай да гэтага лета. Ой, што мне зрабiлася гэтым летам... Толькi не пастаўцеся да майго лiста абыякава, парайце нешта, выратуйце мяне!

Усё пачалося з таго, што ў чэрвенi я паглядзела па ОРТ фiльм «Блакiтны анёл» з Марлен Дытрых у галоўнай ролi. Фiльм мне спадабаўся, бо мне ўвогуле яшчэ зь дзяцiнства падабалася Марлен Дытрых. Паколькi мой муж запiсаў фiльм на вiдэакасэту, я на наступны дзень тройчы перагледзела яго — гэта было на сьвятога Анопрыя, нельга было працаваць. Наступнай ноччу я прысьнiла Марлен Дытрых, што яна быццам бы клiча мяне за сабой, вабiць некуды, а я ня хочу йсьцi, ня хочу i ўсё, i так i не пайшла. Тады яна разгнявiлася i кажа: «Ах, ты ня хочаш, ну то ты ператворысься ў мяне на месцы, калi ня хочаш». Сон быў дзiўны i, у прынцыпе, нядобры: як у сьне нябожчык цябе клiча, а ты за iм пойдзеш, то, значыць, што ты неўзабаве памрэш, што ён цябе за сабой на той сьвет павёў, а як ня йдзеш, то на дождж. Аднак я перш не надала свайму бачаньню вялiкае ўвагi, маўляў, сьпiцца то й сьнiцца. Да таго ж, Анопры сёлета прыпаў на нядзелю, значыць, мне гэта сьнiлася ў панядзелак, а мне ўсё жыцьцё казалi, што «ў панядзелак сон бязьдзелак», што панядзелкавыя сны не збываюцца. Дык во няпраўду мне казалi.

Адразу ж у чэрвенi я стала iмклiва рабiцца падобнай (у фiзычным пляне) да Марлен Дытрых. З маiх валасоў сышла сiвiзна, i яны пабялелi, хоць у маладосьцi я была чарняваю, як цыганка. Пасьвятлела, памаладзела, разгладзiлася скура на ўсiм целе, зьнiклi маршкi, мой кiрпаты нос зьмянiўся чыста, у позiрку зьявiлася хiтрынка, зьнiкла асымэтрычнасьць у рысах, сьпiна распросталася, нават голас адмянiўся: я стала гаварыць з такой хрыпотцай, быццам бы ў мяне ангiна. Валасы самi сабой закучаравiлiся. Што я толькi з сабой не рабiла: i плакала, i кляла, i бажылася, i малiлася, i да бабкi хадзiла: яна мне загадала спалiць стужку з касэты, i той попел мужу падсыпаць —нiчога не дапамагае.

Муж спачатку думаў, што я п’ю нейкiя таблеткi, да некага хаджу, сачыў за мной, пасьля стаў думаць немаведама што, пабiў, хоць нiколi ў жыцьцi рукi не ўзьнiмаў, гразiўся пайсьцi да ўчастковага. Сыны плююць i касавурацца, нявесткi перасталi гаварыць да мяне, бо я выглядаю маладжавей за iх. Суседзям аб’явiлi, што я надта хворая, i я засьветла не выходжу з хаты, бо як пабачаць, палiчаць вядзьмаркай. Муж спалiў усе вiдэакасэты, у тым лiку й маiх улюбёных Пiтэра Грынуэя i Леа Каракса i даў мне тэрмiн да верасьня, да ягонага юбiлею, каб я зноў стала нармальнаю. Што ў яго наўме, ня ведаю, ён стаў як шалёны, баюся спаць зь iм у адной хаце. Што рабiць? Я ўжо сабе ўвесь твар раздрапала; ўжо гатова абдаць сябе кiпянём.

Да царквы два месяцы не хаджу; ўся праца па гаспадарцы легла на майго чалавека; ён не ўпраўляецца; усё йдзе ўпаступасьць, ўсё ў занядбаньнi. Вы мяне зразумейце: навошта мне ў шэсьцьдзесят гадоў позiрк з хiтрынкай i гладкiя шчокi на хутары, дзе з мужчынаў мой муж наймалодшы? Мне ўжо пара на той сьвет забiрацца. Я вайну бачыла, i партызанку бачыла, у Сiбiры была, у Баўгарыi адпачывала, унукi дарастаюць. Пажыла баба, годзе. Каб яшчэ ў вялiкiм месьце жыла, у Менску ў вас цi дзе, а то ж сьмех: зорка Галiвуду назапашвае сена для цёлкi й засыпае бульбу ў лёх.

Дачка кажа: «На небi мелiся абмаладзiць кагось, каму гэта патрэбна, хворага, мо, якога, цi каго, ды нешта зблыталi, i новая душа трапiла да цябе». Ды я не хачу таго хараства, не хачу тае маладосьцi. Ня так страшны сорам, як страшная распалавiненасьць. Што я маю на ўвазе? Замкнёная ў хаце ўдзень, я асаблiва палюбiла начныя прагулянкi, хоць муж з-за гэтага проста месца сабе не знаходзiць. Выйдзеш да рэчкi: туман ярам-далiною, цёмныя абрысы. Нахiлiсься: пялёсткi ў расе, i блiжнi конiк сьцiхае. Аблачынка ў небi хавае то адно, то другое сузор’е. I кожны ў гэтым сьвеце мае сваё iмя: у кожнай зоркi ёсьць свая назва, у кожнай казуркi сваё менаваньне. А я, кiм я ёсьць цяпер? Цi яшчэ Ўлянай, цi ўжо Марлен? Хочацца зацягнуць на ўвесь голас «Або пахавайце, або волю дайце!» Што там рэха, цiкава, адкажа? Хочацца, а ня можна: людзi пачуюць.

Жах, што на душы дзеецца.

Грэх самой сабе сьмерць рабiць, дык хоць бы Бог мяне так доўга не трымаў, але мусiць, доўгае выпрабаваньне чакае мяне. Я й раней на здароўе не журылася, а цяпер i пагатоў: ем за дваiх, здарова як дзеўка.

Зноў жа, як умрэш такою маладзiцаю, дык урачы ж так проста не дадуць пахаваць, захочуць рэзаць на кавалкi, будуць мучыць нежывое цела. Баюся я гэтага. Альбо зiрнуць у пашпарт, а там iншы твар, нiхто ж не паверыць, што гэта я, зацягаюць майго Ёвавiча па судох. Як бы хаця б састарыцца не да спазнаньня перад сьмерцю... Хаця б нi жывой, нi мёртвай ня чуць гэтага пытаньня без адказу: «Хто я?»

Парайце, дапамажыце, што зрабiць, каб толькi да дактароў не зьвяртацца. Не давяраю iм, баюся iх, за ўсё жыцьцё нi разу ў больнiцы не ляжала.

Вiдавочна, што ў такiм выглядзе я вымушана буду пакiнуць працу, хоць працаваць яшчэ ў стане, новага настаўнiка знайсьцi будзе цяжка ды й грошы ў хаце ня лiшнiя. Праклятае хараство! Ня дай Бог, пабачаць мяне зьмененай мае леташнiя й былыя вучнi. А настаўнiк роднай мовы мусiць жа быць сымбалем Бацькаўшчыны!

I нават жудка падумаць, што я, магчыма, нейкi чарнобыльскi мутант. Хаця ўзровень радыяцыi ў нашым раёне ў межах нормы, памятаю, як на Першага траўня пасьля Чарнобыля мы са школьнiкамi езьдзiлi ў Пружаны на дэманстрацыю, i акурат церусiў дожджык.

пастаўцеся да майго ліста з разуменьнем, парайце, як мне паводзiцца. Зноў плачу: няўжо я стала ўсiм вораг, нiкому не патрэбная, нават улюбёнай газэце? Я нiколi ня верыла ў забабоны i цуды, але як тут ня зьехаць з глузду, калi глядзiсься ў люстра, а стуль замест смуглявае цябе, нiколi ня быўшай асаблiва прыгожай, сталёва пазiрае бездакорна-халодная Марлен?

Яшчэ раз дзякуй за тое, што надрукавалi мой пераклад славутай «Марсэльезы» — гэта была для мяне адзiная маленькая радасьць за ўсё лета. Праўда, вы дапусьцiлi адну нязначную памылку ў францускiм тэксьце: не «en fants (de la Patrie)», а «enfants», але гэта нi ў якiм разе не паўплывала на якасць публiкацыi, хаця як сталы чытач не магу не заўважыць, што гэта ня першая памылка, якую вы робiце ў францускiх тэкстах.

Прашу прабачэньня, што непакою.

З павагай,

Уляна Дзьмiтраўна Баран

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0