ПАРА СКОНЧЫЦЬ ЛIТОЎСКА-БЕЛАРУСКI КАНФЛIКТ

 

1. Дыялёг з суседзямі.

З суседзямi трэба размаўляць. Гэта карысна абодвум бакам — дапамагае пазьбегчы канфлiктаў, а калi тыя ўзьнiкнуць — дапамагае спакойна iх палагодзiць. Толькi пры размове завязваюцца сяброўскiя дачыненьнi, разьвiваецца культурнае, эканамiчнае, палiтычнае супрацоўнiцтва. Цяпер адбываецца iнтэнсыўны лiтоўска-польскi дыялёг, якi ўжо прынес каштоўны плён. Значна вузейшы дыялёг зь немцамi, а дыялёг з гэбраямi ўвесь час ператвараецца ў сярдзiтыя маналёгi абодвух бакоў. Зусiм нiякай сапраўднай размовы няма з калiнiнградзкiмi расейцамi. Мала гаворыцца зь беларусамi, i яшчэ меней з латышамi й эстонцамi. Можна сказаць, што з латышамi й эстонцамi ў нас няма нiякiх праблемаў, аднак ёсьць сапраўды пра што пагаварыць i зь iмi, толькi мiж намi й iмi праблемы зусiм iншага характару, чым зь iншымi — яны не пагражаюць ператварыцца ў вострыя й небясьпечныя канфлiкты, а таму, магчыма, яны так лёгка забываюцца або адсоўваюцца ўбок.

Iнакш зь беларусамi. Канфлiкт зь iмi ўзьнiк неўзабаве пасьля абвешчаньня незалежнасьцi Беларусi ў 1918 годзе i зацягнуўся аж да сёньня. Таму трэба вiтаць даклад Сяргея Шупы на зьезьдзе арганiзацыi Santara-Лviesa ў Бiрштане 22 чэрвеня 1997 году, надрукаваны пазьней у месячнiку Akiraвiai (№8, верасень 1997, с. 8-11)*. Гэта сапраўды значны ўклад у летаргiчны дагэтуль беларуска-лiтоўскi дыялёг.

Томас Венцлава прапануе, каб пiсьменьнiк i наагул iнтэлектуал, гаворачы пра дачыненьнi народаў, выкрываў памылкi й злачыны толькi свайго народу, ня рупячыся пра выступы суседзяў супраць ягонага народу. Гэткае мае быць заданьне iнтэлектуалаў тых суседнiх народаў.

Хоць гэта й вельмi высакародна, усё ж вынiкi ажыцьцяўленьня гэткага прынцыпу былi б вельмi сумнеўныя. Пакаяньне ачысьцiла б душу, аднак неабавязкова прынесла б рацыянальныя й справядлiвыя цi хоць бы прымальныя вырашэньнi цяжкiх i складаных праблемаў. Дзеля гэтага лепей прыдаўся б упарты добразычлiвы дыялёг разам з сумленнымi намаганьнямi ўважлiва вывучаць i аналiзаваць праблемы.

Сяргей Шупа ня йдзе шляхам, якi прапануе Венцлава. Ён шчыра выказаў усё тое, дзеля чаго беларусы незадаволеныя лiтоўцамi. I добра. Iнакш можа мы б i ня ведалi, чым мы завiнавацiлiся беларусам.

 

2. МIТЫ Й ФОБII

Сяргей Шупа пачынае свой даклад псыхааналiзам лiтоўскага грамадзтва. На ягоную думку, погляды лiтоўцаў на беларусаў базуюцца на веры ў свае нацыянальныя мiты, якiя, у тым, што датычыць беларусаў, спараджаюць у лiтоўцаў пэўныя фобii. Iнакш кажучы, погляды лiтоўцаў на сваю гiсторыю i на дачыненьнi зь беларусамi занадта нерацыянальныя. Бясспрэчна, лiтоўцы стварылi або засвоiлi ад iншых пэўныя мiты й фобii, аднак недастаткова iх пералiчыць, трэба было б i давесьцi, што яны й сапраўды пазбаўленыя рацыянальнай падставы. Бо з тымi мiтамi й фобiямi бывае па-рознаму. На пачатку 30-х гадоў гэтага стагодзьдзя лiтоўскае грамадзтва кпiла зь невыказнай баязьлiвасьцi лiтоўскiх гэбраяў. Бо яны, бач ты, напалохалiся й без упыну енчылi й стагналi дзеля таго, што ў Нямеччыне аб’явiўся нейкi ня варты вялiкай увагi крыкун Адольф Гiтлер.

А калi гаварыць пра мiты, дык прыгадваецца хлопчык, якi жыў у ХIХ стагодзьдзi ў Нямеччыне i, нават стаўшы дарослым, ня здолеў вызвалiцца з сусьвету казак ды выправiўся шукаць мiтычную Трою.

Сяргей Шупа пералiчае прычыны, якiя ствараюць напружаньне памiж лiтоўцамi й беларусамi. Iх можна зьвесьцi да дзьвюх: няздольнасьць або нежаданьне дзялiцца палiтычнай i культурнай спадчынай Вялiкага Княства Лiтоўскага i тэрытарыяльная спрэчка, у цэнтры якой пытаньне — каму мусiць законна належаць Вiльня. Тэрытарыяльны канфлiкт разьвiўся не дзеля нейкiх там мiтаў, а дзеля вельмi рэальных земляў i гарадоў. Нацыянальныя мiты абодвух бакоў сапраўды маюць уплыў на спрэчку аб спадчыне па старой дзяржаве, аднак пры добрай волi гэтай спадчынай можна падзялiцца нават не адмаўляючыся ад сваiх мiтаў, а толькi прыгладзiўшы iхныя вострыя краi.

 

3. СПАДЧЫНА ВЯЛIКАГА КНЯСТВА ЛIТОЎСКАГА

Найперш трэба прыгадаць, што палiтычная й культурная спадчына больш чым два стагодзьдзi таму зьнiшчанай дзяржавы — больш сымбалiчная, чымся рэальная. Праўда, сымбалi маюць сваю прывабнасьць i сiлу, але яны залежаць больш ад нас самых —тых, хто хоча гэтыя сымбалi пераймаць i выкарыстоўваць — чым ад рэалiяў i характару старой дзяржавы. А той характар — не заўсёды ўжо такi прывабны. Бо ж гэта была чыста саслоўная дзяржава, у палiтычным жыцьцi якой бралi ўдзел толькi шляхта й каталiцкае духавенства, а iншыя нiякага голасу ня мелi. Папраўдзе ж, мабыць, найбольш правоў пераемнасьцi на спадчыну той дзяржавы маюць Каралеўскi Зьвяз Лiтоўскай Шляхты разам з аналягiчнай арганiзацыяй беларускай шляхты, калi гэткая iснуе або ўзьнiкла б у будучынi. Нават i гэтак хвалёныя ды сапраўды надзвычай каштоўныя юрыдычныя помнiкi — Лiтоўскiя Статуты —не датычылi найбольшага пласту жыхарства ВКЛ — сялянаў, бо вялiкi князь, гэта значыць дзяржава, ня меў на сялянаў нiякiх правоў, яны належалi вылучна сваiм панам.

Спадчына Вялiкага Княства Лiтоўскага ня толькi зьзяе перамогамi. Пасьля гераiчна выйгранай вайны супраць нямецкiх рыцараў, пасьля культурнага ўздыму за часы рэнэсансу, рэфармацыi й контррэфармацыi распачалася даўгая эпоха культурнага й палiтычнага заняпаду. У лiтоўскай гiстарычнай мiталёгii вiна за галоўную прычыну заняпаду — шляхецкую анархiю — звычайна закiдалася палякам. Аднак цяпер ужо напэўна нiхто не сумняецца, што шляхта ВКЛ лiтоўскага й беларускага паходжаньня з энтузiязмам цешылася «залатою свабодай», карысталася ёю i зацята працiвiлася спробам завесьцi хоць нейкi парадак. Гэта таксама частка спадчыны старой дзяржавы i можа нават самая каштоўная, бо заўсёды важней бывае засвоiць навуку памылак i паразаў, чым слаўных перамогаў, якiя часта бываюць вынiкам зьбегу рэдкiх акалiчнасьцяў.

440 гадоў, ад часоў караля Гедымiна да падзелаў, лiтоўцы й беларусы жылi ў той самай дзяржаве. Людзi абодвух народаў сваёю працай i творчасьцю прычынiлiся да культурнага, палiтычнага й эканамiчнага жыцьця тае дзяржавы. Яна была агульнай дзяржавай лiтоўскай i беларускай шляхты, аднолькава адрынутыя ў ёй былi лiтоўскiя й беларускiя сяляне.

Пасьля аддзяленьня земляў Украiны й Лiвонii ў 1569 годзе, Вялiкае Княства Лiтоўскае ахапляла толькi лiтоўскiя й беларускiя землi. Цяпер на гэтай тэрыторыi — Лiтоўская й Беларуская дзяржавы, калi не лiчыць тых ускраiнаў, што дасталiся Польшчы, Украiне й Расеi. На гэтых землях жывуць лiтоўскi й беларускi народы, сярод якiх ёсьць i невялiкая колькасьць нашчадкаў кiруючага стану колiшняй дзяржавы —шляхты. Здаецца, мусiла б быць няцяжка падзялiцца спадчынай вялiкага княства. Ягоныя традыцыi могуць захоўваць абодва народы, а падзел дзяржаўных сымбаляў быў канчаткова выкананы адразу пасьля распаду Савецкай iмпэрыi. Ужо ў 1918 годзе абодва народы стварылi сабе новыя сьцягi. Дзяржаўны герб —Пагоню — абодва народы прынялi зь невялiкiмi адрозьненьнямi, але дастатковымi, каб можна было адрозьнiць Лiтоўскую Пагоню ад Беларускай1. А астатнiя праблемы спадчыны па старой дзяржаве можна пакiнуць гiсторыкам. Хай яны высьвятляюць, якi быў уклад аднаго або другога народу ў розных галiнах грамадзкага й культурнага жыцьця вялiкага княства.

Бо ж нягледзячы на тое, якi быў уклад беларусаў або лiтоўцаў у стварэньне Лiтоўскага Статуту, шанаваць i вывучаць яго могуць абодва народы (дый любы iншы). Ён важны абодвум, бо дзеiў на тэрыторыi ўсяе дзяржавы, як у славянскай, гэтак i ў лiтоўскай яе частцы. Цi ж увага аднаго народу да гэтага юрыдычнага помнiка можа чым-небудзь шкодзiць або замiнаць другому народу?

 

4. ВЫПРАЎЛЕНЬНЕ ГIСТОРЫI

Вынятак — пытаньнi назоваў. Старых назоваў мяняць зусiм недапушчальна. Ва ўсiх мовах Вялiкае Княства Лiтоўскае называлася тым самым iмем, што i край, заселены лiтоўскiм этнасам. Хай гiсторыкi пiшуць дасьледаваньнi i, калi трэба, спрачаюцца — шмат гэта значыць або не, або й зусiм нiчога ня значыць, аднак самых назоваў хай не чапаюць. Гэткi назоў як «Grand Duchy Litva» замест Grand Duchy of Lithuania2 — недапушчальны. Па сутнасьцi — гэта выпраўленьне гiсторыi, iнакш кажучы, фальшаваньне, хоць бы яно й рабiлася гiсторыкамi высокай квалiфiкацыi. Тое самае i з тытуламi паганскiх лiтоўскiх уладароў, калi тых уладароў, якiя ў лiстох, дамовах, на пячатках звалi сябе каралямi, гiсторыкi пераназвалi вялiкiмi князьмi.

Гэта, вядома ж, ня значыць, што ўсе назовы й тытулы былi дакладныя. Ня ўсе яны дакладныя й цяпер. Злучаныя Штаты Амэрыкi не ахапляюць нi абодвух амэрыканскiх кантынэнтаў, нi нават усёй Паўночнай Амэрыкi. Канада паводле тэрыторыi нават большая — яна займае большую частку паўночнаамэрыканскага кантынэнту. Калi мы гаворым пра Амэрыку, звычайна з кантэксту бывае ясна што мы маем на ўвазе — кантынэнт або краiну, а калi не — даводзiцца патлумачыць або даць поўны назоў краiны. Тое самае i з старою Лiтвой, калi тым самым словам звалася i шматэтнiчная дзяржава, i населеныя этнiчнымi лiтоўцамi землi.

 

5. СПРЭЧКА ЗА ВIЛЬНЮ

Спрэчка за гiстарычную спадчыну вострая толькi дзеля таго, што за ёю хаваецца сапраўдная, асноўная спрэчка беларусаў i лiтоўцаў — за Вiльню. Нiбыта лiчыцца, што каму належыць спадчына па Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм — таму мусiла б належаць i ягоная сталiца. А таму кожны з народаў, што прэтэндуюць на Вiльню, iмкнецца толькi сабе прыпiсаць гiсторыю старой дзяржавы.

Насамрэч асаблiвасьцi вiленскага пытаньня не нагэтулькi ўжо й розьняцца ад некаторых iншых сталiцаў, каб мы не маглi павучыцца зь iхнага досьведу. Сталiцы шматэтнiчных дзяржаваў маюць тэндэнцыю станавiцца шматэтнiчнымi гарадамi, гэткая, прыкладам, была сталiца Аўстра-Вугоршчыны Вена. Гэтаксама й не адна Вiльня была сталiцаю, дзе большасьць складаў iншы этнас, чымся ў астатняй краiне. Перад Першай сусьветнай вайной гэткаю была нямецкая Прага ў Чэхii i швэдзкi Хэльсiнкi ў Фiнляндыi. Хэльсiнскiя ваколiцы гэткiя самыя швэдзкiя, як вiленскiя —польскiя. Адрозьненьне ад Вiльнi толькi тое, што швэды не заслалi ў фiнскую сталiцу свайго Жэлiгоўскага.

Вiльня была ня толькi сталiцаю Вялiкага Княства Лiтоўскага. Як паказваюць найноўшыя археалягiчныя адкрыцьцi, яна была важнай мясцовасьцю ўжо за часы Мiндоўга, калi ў ягоным каралеўстве вага нядаўна далучаных славянскiх ускраiнаў дзяржавы была яшчэ нязначная. Аднак важнейшая нам найноўшая гiсторыя Вiльнi. Галоўныя першыя дзеяньнi ў аднаўленьнi Лiтоўскай Дзяржавы ў 1918 годзе адбылiся ў Вiльнi, тут сканцэнтравалiся i ўсе падзеi вызваленьня Лiтвы ў 1987-1991 гадох. Вiльня сталася лiтоўцам яшчэ даражэйшаю, чым некалi раней, i проста так яны яе нiкому не аддадуць.

 

6. ЛЮДЗI БЕЗ НАЦЫЯНАЛЬНАСЬЦI

Сяргей Шупа кажа праўду, што Вiленскi край — зона жыхарства зь няпэўнай этнiчнай сьвядомасьцю. Ягоныя жыхары — лiтоўскага паходжаньня, бо яны каталiкi, а падчас хросту Лiтвы толькi лiтоўцы-паганцы хрысьцiлiся ў каталiцтва. Усе ўсходнiя славяне ўжо за 400 гадоў перад тым, ад часоў хросту Кiеўскае Русi, былi праваслаўнымi хрысьцiянамi i iх не прымушалi пераходзiць у каталiцтва. Такiм чынам у Вiленскiм краi канфэсiйная мяжа адпавядае этнiчнай лiтоўска-славянскай мяжы канца XIV стагодзьдзя.

У большай частцы Вiленскага краю лiтоўскiя сяляне пазьней перайшлi на беларускую мову i забылiся сваёй мовы лiтоўскай. Тады яны й страцiлi лiтоўскую самасьвядомасьць, аднак узамен не прынялi нiякай iншай — нi беларускай, нi польскай, застаўшыся людзьмi без нацыянальнасьцi.

Мне давялося сутыкнуцца з гэтай зьявай, калi падчас другой нямецкай акупацыi 27 траўня 1942 году ў Лiтве праводзiўся перапiс насельнiцтва i мяне, як i бальшыню вiленскiх студэнтаў i службоўцаў, паслалi перапiсьнiкам у Вiленскi край. Мне давялося працаваць у вёсцы Трашчаны Клюшчанскай воласьцi Сьвiрскай акругi (цяпер Астравецкi раён Гарадзенскай вобласьцi ў Беларусi)3. Сабраныя падчас таго перапiсу зьвесткi пра нацыянальнасьць жыхароў Вiленскага краю ня маюць вялiкай вартасьцi, бо патрабавалася, каб жыхары сказалi, якой яны нацыянальнасьцi, а яны, хоць i беларускамоўныя, не адчувалi сябе нi беларусамi, нi палякамi, нi лiтоўцамi нi яшчэ кiм-небудзь iншым. Мы — тутэйшыя, казалi яны. На патрабаваньне выбраць сабе нейкую нацыянальнасьць, бальшыня неахвотна запiсалася беларусамi, меншая частка — лiтоўцамi, хоць на iхную думку беларусы былi праваслаўныя, а самi яны —каталiкi. У вынiку ў вёсцы Трашчаны беларусамi запiсалiся каля 70%, лiтоўцамi — 20% i палякамi — 10%. Калi б iм дазволiлi запiсацца людзьмi без нацыянальнасьцi, гэткiмi б запiсалася каля 75%, беларусамi — 12%, палякамi — 12% i лiтоўцамi — 1% (усе лiтоўцы былi прыежджыя). З гутарак зь iншымi перапiсьнiкамi выявiлася, што гэтая вёска была даволi тыповая для тагачаснай Сьвiрскай акругi.

Жыхары вёскi Трашчаны зусiм не былi цёмныя або адсталыя. Памылкова лiчыцца, што страта пачуцьця нацыянальнай прыналежнасьцi — азнака нiзкай культуры. Бо ж тое самае адбывалася i ў перадавым Клайпедзкiм краi, дзе падчас перапiсу 1925 году 25,2% жыхароў запiсалiся «клайпедцамi», гэта значыць мясцовымi жыхарамi краю — «тутэйшымi». Падобная сытуацыя назiралася i ў Эльзасе — нямецкамоўныя жыхары нямецкага паходжаньня вызначалi сябе то французамi, то немцамi, то эльзасцамi.

Ясна, што безнацыянальнае становiшча нетрывалае. Можна прадбачыць, што людзi, якiя страцiлi нацыянальную сьвядомасьць, раней цi пазьней пачнуць атаясамлiваць сябе зь якiм-нiбудзь этнасам i ўрэшце стануцца яго часткаю. Важны фактар у скiраваньнi нацыянальнага самавызначэньня ў той або iншы бок — дзяржаўная ўлада. Яна мае дзейсныя сродкi — ад адукацыйнай сыстэмы да вайсковага прымусу.

За нацыянальна нявызначаны Вiленскi край пасьля Першай сусьветнай вайны распачалася ўпартая барацьба трох народаў, i вялася гэтая барацьба ня толькi за немалую тэрыторыю, але й за магчымасьць далучыць да свайго этнасу бальшыню жыхароў гэтага краю. Кожны бок канфлiкту быў перакананы ў сваiм сьвятым праве на гэты край i ягоных людзей: лiтоўцы — грунтуючыся на паходжаньнi жыхароў краю, беларусы — на iхнай мове, а палякi — на падставе касьцельнай, дворнай i часткова гарадзкой польскай культуры.

 

7. КРЫЎДЫ КАНФЛIКТУ

Сяргей Шупа наракае, што прадстаўнiкi лiтоўскiх уладаў i наагул лiтоўцы пастаралiся дзе толькi маглi закрыць беларусам дарогу на мiжнародныя форумы. Нiводзiн лiтоўскi дыплямат або палiтык ня мог быць нагэтулькi тупы, каб не зразумець, што Лiтве на карысьць была моцная й незалежная Беларусь, аднак калi беларусы выказалi прэтэнзii на Вiльню й Вiленскi край, канфлiкт стаўся непазьбежны. Можа й ня трэба было б дзiвiцца, што ён набыў вострыя формы. На могiлках Роса ляжаць лiтоўскiя i польскiя жаўнеры, якiя загiнулi ў баёх за Вiльню. Гэта была ўжо не навуковая спрэчка. Лiтоўскiя дыпляматы ня выканалi б сваiх абавязкаў, калi б не перашкодзiлi беларускай дэлегацыi на мiжнароднай канфэрэнцыi заявiць свае прэтэнзii на Вiльню i тым самым аслабiць i гэтак вельмi няпэўную пазыцыю Лiтвы побач з палiтычным уплывам i ваеннай сiлай Польшчы.

Дарэчы, намаганьнi беларусаў стварыць па Першай сусьветнай вайне сваю незалежную дзяржаву здушыла не Лiтва, а Польшча й Савецкая Расея, якiя падзялiлi Беларусь у 1921 годзе паводле Рыскага мiру.

Няўдалыя спробы лiтоўцаў i беларусаў знайсьцi аснову для супрацоўнiцтва на эмiграцыi апiсаў у сваiх успамiнах Вацлавас Сiдзiкаўскас4. Па Другой сусьветнай вайне беларускiя прадстаўнiкi ня толькi выказвалi прэтэнзii на Вiльню, але й патрабавалi калiдору празь Лiтву ў Каралевец (Кёнiгсбэрг). Пазьней яны крыху зьменшылi свае патрабаваньнi, але ўсё адно прапаноўвалi нэўтралiзаваць Вiльню i частку Вiленскага краю, якая дасталася Лiтве, зрабiўшы зь iх своеасаблiвую «нiчыйную зямлю» памiж Лiтвой i Беларусяй5. Дык жа цi трэба дзiвiцца, што лiтоўцы пастаралiся, каб беларусы ня мелi магчымасьцi пашыраць гэткiя дамаганьнi праз «Голас Амэрыкi»?

Цяпер этнiчная сытуацыя ў Вiленскiм краi адрозьнiваецца ад той, якая была па Першай сусьветнай вайне. Нацыянальную барацьбу ў спробах прыцягнуць на свой бок безнацыянальных жыхароў хоць бы ў частцы Вiленшчыны, якая дасталася Лiтве, i лiтоўцы i беларусы прайгралi. Былыя асобы без нацыянальнасьцi вырашылi стацца палякамi, хоць i сёньня ва ўсiм Салечнiцкiм i ў паўдзённай частцы Вiленскага раёну яны гавораць не па-польску, а па-беларуску. Аднак як толькi яны выказалiся за польскасьць, сярод iх пачала хутка пашырацца польская мова, i сталася ўжо толькi пытаньнем часу — калi яна заменiць беларускую, як гэта яшчэ раней адбылося ў паўночнай частцы Вiленскага раёну.

 

8. МАГЧЫМАСЬЦI ПАЛАГОДЖАНЬНЯ ДАЧЫНЕНЬНЯЎ

Калi лiтоўцы й беларусы прайгралi ў этнiчнай барацьбе за нацыянальнае самавызначэньне безнацыянальных жыхароў Вiленскага краю, зьнiк i аб’ект iхнай спрэчкi ды стварылiся ўмовы скончыць канфлiкт гэтых двух народаў i палагодзiць iхныя дачыненьнi. Шлях, якiм можна вырашыць беларуска-лiтоўскую спрэчку, паказаны ў вырашэньнi нямецка-францускага й лiтоўска-польскага канфлiктаў. Суперныя бакi ў гэтых спрэчках адмовiлiся ад усiх тэрытарыяльных прэтэнзiяў i цалкам прынялi цяперашнiя межы, а гiсторыю пакiнулi гiсторыкам. У беларуска-лiтоўскiм выпадку гэта значыць, што беларусы мусiлi б адмовiцца ад сваiх прэтэнзiяў на Вiльню, а лiтоўцы — на Горадню, Лiду, Ашмяну, Браслаў ды лiтоўскiя ваколiцы Пелясы, Гярвятаў i Опсы ў Беларусi. Абодва народы мусiлi б прыняць мяжу Беларусi й Лiтвы паводле дамовы за 6 лютага 1995 году i мусiлi б лiчыць гэтую мяжу справядлiвай, сталай i нязьменнай.

Бясспрэчна гэта было б крыўдна для абодвух народаў. Беларускi нацыянальны дэмакратычны рух, магчыма, не захацеў бы прызнаць дамовы аб межах, падпiсанай Аляксандрам Лукашэнкам, хоць яна была ратыфiкаваная i ўвайшла ў дзеяньне яшчэ да Лукашэнкавага перавароту ў лiстападзе 1996-га. Лiтоўцам крыўдна, што цяперашняя мяжа ўзьнiкла разам з улучэньнем Лiтвы ў Савецкi Саюз; яна была абвешчаная i апiсаная ў акце анэксii 3 жнiўня 1940 году. Яна была праведзеная як адмiнiстрацыйная разьмежавальная лiнiя памiж дзьвюма савецкiмi рэспублiкамi, надзвычай пакручастая, цяжкая для ахоўваньня ды наагул надта нязручная як дзяржаўная мяжа.

Гэтая мяжа не адпавядае нi моўнай, нi гiстарычна-этнiчнай мяжы, таму i беларусы i лiтоўцы лiчаць яе несправядлiвай. Аднак выправiць яе немагчыма, бо немагчыма ўзгадзiць абодва названыя крытэрыi. Нi адзiн нi другi бок ня згодзiцца на зьмену мяжы на карысьць супернiка, таму яе даводзiцца прызнаць такою, як яна ёсьць. Iнакш беларуска-лiтоўская спрэчка будзе працягвацца, паступова ўсё вастрэй супрацьпастаўляючы абодва народы, бо з разьвiцьцём канфлiкту сапраўдных i ўяўных крыўдаў з абодвух бакоў будзе штораз болей.

Як паказаў лiтоўска-польскi досьвед, як толькi бакi пагаджаюцца ў справе межаў i сталiцаў, зьнiкаюць фобii i разьвейваюцца мiты. Зацятыя спрэчкi аб гiстарычных крыўдах перамяшчаюцца ў акадэмiчныя сфэры й губляюць сваю вастрыню. Цяжэй вырашаюцца толькi праблемы меншасьцяў, асаблiва, калi самi гэтыя меншасьцi, баючыся застацца забытымi, iмкнуцца да абвастрэньня дачыненьняў. Апрача таго, заўсёды знойдуцца людзi, што будуць упарта трымацца састарэлых стэрэатыпаў, аднак яны ня здолеюць стрымаць пераменаў, прынятых пераважнай большасьцю грамадзтва.

Ня йнакш было б i ў тым выпадку, калi б беларусы й лiтоўцы дамовiлiся цалкам i без паправак прыняць цяперашнюю мяжу Беларусi й Лiтвы. Гiстарычныя спрэчкi ўраз сталiся б акадэмiчнымi, а з старой спадчыны Вялiкага Княства Лiтоўскага кожны з гэтых двух народаў мог бы браць што яму блiжэйшае й даражэйшае, ня сварачыся дзеля гэтага з суседам. Хiба ж абодва народы й абедзьве дзяржавы ня могуць мець агульных традыцыяў, радавацца агульным дасягненьням i вучыцца з агульных памылак?

Можна сьмела сьцьвярджаць, што вельмi хутка на падставе сапраўдных iнтарэсаў абодвух народаў i дзяржаваў памiж беларусамi й лiтоўцамi ўсталявалiся б добрыя й шчырыя дачыненьнi. Бо ж для Лiтвы лёс Беларусi, хоць бы ўжо толькi дзеля яе геапалiтычнага становiшча, бясконца важны. А беларускаму нацыянальнаму дэмакратычнаму руху прыязнасьць i падтрымка лiтоўцаў можа й таксама былi б карысныя.

Трэба спадзявацца, што пасьля пасьпяховага прымiрэньня з палякамi, лiтоўскае грамадзтва гатовае да гэткай самай нармалiзацыi дачыненьняў i зь беларусамi. Аднак цi гатовы на гэтакi крок беларускi нацыянальны дэмакратычны рух?

Пераклаў зь лiтоўскай Сяргей Шупа

 

1На Лiтоўскай Пагонi — шчыт сiнi з залатым падвойным крыжам, а на Беларускай — белы з такiм самым залатым крыжам. У геральдыцы колеры — iстотны дыфэрэнцыйны элемэнт. Дарэчы, прэзыдэнт РБ Аляксандар Лукашэнка стварыў новы герб Беларусi ў савецкiм стылю, аднак яшчэ невядома, цi беларускi народ засвоiць яго як свой.

2У заяве беларускага прадстаўнiка на Генэральнай Асамблеi ААН фiгуравала «Grand Duchy Litva».

3У межах акупацыйнага Остлянду немцы далучылi да лiтоўскай адмiнiстрацыi Ашмянскую й Сьвiрскую акругi, Беняконскую й Вiдзаўскую воласьцi. У Лiтвы былi забраныя i далучаныя да Ўсходняй Прусii Друскенiцкая й Марцiнконская воласьцi.

4Lietuvos diplomatijos paraлtejф, Vaga, Vilnius, 1994, p. 293-294.

5Тамсама.

 

Тэкст зь месячнiка «Akiraвiai» (Chicago) — органу лiтоўскiх эмiгрантаў-лiбэралаў (г.зн. несацыялiстаў i нехадэкаў). З гэтых колаў, дарэчы, паходзiць новаабраны прэзыдэнт Лiтвы Валдас Адамкус.

Альгiмантас Гурэцкас — лiтоўскi эмiграцыйны дзяяч, палiтоляг. Адразу па аднаўленьнi незалежнасьцi ў 1990 годзе працаваў у Лiтоўскай мiсii ў ААН. Цяпер — на пэнсii, жыве ў ЗША.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0