12.01.1998 / 13:00

Мiкола Крывальцэвiч. Чалавек у капальнi

№ 1 (98) 12 студзеня 1998 г.

Чалавек у капальнi

Мiкола Крывальцэвiч

Рэканструяваны твар мужчыны меў даволi прыемныя рысы. А яшчэ колькi часу таму гэта быў археалягiчны матэрыял — чалавечы шкiлет з пахаваньня. Вось толькi месца, у якiм выпадкова коўш экскаватара зачарпнуў косьцi, мела выгляд не магiлы, а глыбокай капальнi... Капальняў было шмат. Не дзясяткi, i нават ня сотнi, а тысячы шахтаў на працягу 3 i 2 тысячагодзьдзяў да н.э. у пошуках высокаякаснага крэменю распрацавалi старажытныя жыхары Панямоньня ў ваколiцах сёньняшнiх Карпаўцаў i пасёлка Краснасельскi, што пад Ваўкавыскам...

У тое лета 1962 году экскаватаршчык, якi капаў крэйду ў кар’еры, мо й не зьвярнуў бы ўвагi на косьцi, якiя трапiлiся ў коўш ягонай машыны, каб не адна акалiчнасьць. Ужо два гады запар крэйдавыя распрацоўкi, якiя руплiва асвойвалiся мясцовым заводам будаўнiчых матэрыялаў, наведвалi археолягi з Санкт-Пецярбургу. Яны шукалi старажытныя шахты, пра што не адзiн раз распавядалi рабочым. У разьвернутай экскаватарам крэйдзе, якая шматмэтровымi пластамi залягае ў гэтых мясьцiнах, акрамя чалавечых костак знайшлi глiняны гаршчок. Пасудзiна выглядала надзвычай архаiчна: лепленая ад рукi, закураная ўнiзе, з высокай гарлавiнаю i ўпрыгожаная наразною «ялiнкаю» пад верхнiм краем. У крэйдавым друзе ляжала таксама вялiкая касьцяная iголка з прарэзаным на месцы вострым вушкам.

Мiхась Чарняўскi, тады яшчэ асьпiрант Iнстытуту гiсторыi, разам з групай супрацоўнiкаў будучага рэспублiканскага музэя апынуўся на месцы здарэньня пазьней, калi ў Акадэмiю навук дайшло паведамленьне з Ваўкавыску. Са словаў рабочых, сьведкаў падзеi, пакрысе ўдалося ўзнавiць некаторыя акалiчнасьцi выяўленьня чалавечага шкiлета, гаршчка дый iголкi.

Касьцяк ляжаў паўсагнуты на правым баку, арыентаваны галавою на поўдзень. Каля ног стаяла пасудзiна, а недзе побач ляжала iголка. Поза памерлага ды рэчы, вiдаць, некалi наўмысна пакiнутыя каля яго, сьведчылi пра зьдзейсьнены тут старажытны абрад пахаваньня. Разьмяшчэньне нябожчыка ў скурчаным стане ды суправаджэньне яго адпаведным глiняным гаршчком — характэрныя адзнакi пахаваньняў позьненэалiтычнага часу i эпохi бронзы. Адмысловая форма пасудзiны, яе арнамэнтацыя дазвалялi адносiць магiлу да культур з шнуравой керамiкай i датаваць часам канца 3 — пачатку 2 тыс. да н.э.

Дарэчы, гаршчок той да прыезду Мiхася Чарняўскага апынуўся ў мясцовага краязнаўцы i калекцыянэра. Унiкальную знаходку археолягу прыйшлося выменьваць на калекцыю экзатычных паштовых марак.

Самая цiкавая абставiна, якая вымушала да шматлiкiх разважаньняў, тычылася таго, чаму пахаваньне было зьдзейсьненае ў шахце. Памерлы ляжаў на дне невялiкага пашырэньня капальнi, якая разам з пахаваным у ёй нябожчыкам яшчэ ў старажытнасьцi была засыпаная крэйдавым друзам. Гэта была адна з тысяч крэмнездабыўных шахтаў, якiя ў часе нэалiту i бронзавага веку распрацоўвалiся жыхарамi тутэйшых мясьцiнаў. Менавiта пра капальнi пад Ваўкавыскам у 1976 г. вядомая санкт-пецярбурская дасьледчыца Нiна Гурына напiша ў сваёй манаграфii: «Беларускiя шахты, узятыя ў сукупнасьцi з аналягiчнымi замежнымi помнiкамi, выходзяць далёка за рамкi вузкай, лякальнай значнасьцi; яны служаць важнаю крынiцаю для раскрыцьця працэсу гiстарычна-культурнага разьвiцьця ўсяго чалавецтва».

Вялiкае адкрыцьцё Зыгмунда Шмiта

Калi ў 1925 годзе трыццацiгадовы археоляг Зыгмунд Шмiт пачаў абсьледаваць навакольле вёскi Краснае Сяло, што на рацэ Рось пад Ваўкавыскам, у эўрапейскай археалягiчнай лiтаратуры ўжо згадвалiся ўнiкальныя капальнi крэменю пад Сiсбуры, Граймз-Грэйвз у Англii, Мюр-дэ-Барэ i Шампiньёль у Францыi. Уласна ў Польшчы ў 1922 г. Я.Самсонавiчам пры складаньнi геалягiчнай карты былi адкрытыя цяпер, бадай, найлепш вывучаныя i сусьветна вядомыя шахты па здабычы крэменю ў Кшэмёнках Апатоўскiх. У тым жа 1922 годзе Зыгмунд Шмiт i Стэфан Крукоўскi пачалi дасьледаваць Кшэмёнкi.

Маючы добры досьвед, Зыгмунд Шмiт пасьля раскопак каля вёскi Краснае Сяло ў 1925 годзе канстатаваў адкрыцьцё вялiкай колькасьцi старажытных крэмнездабыўных шахтаў. Зьвесткi пра незвычайныя пустоты-выпрацоўкi каля Краснага Сяла маглi яшчэ раней трапiць да Зыгмунда Шмiта ад геолягаў, якiя працавалi на мясцовых адорвеньнях крэйды.

На наступны год археоляг заўзята працягваў пошук капальняў. Вынiкам ягоных дасьледаваньняў стала адкрыцьцё каля тысячы шахтавых выпрацовак крэменю, а таксама майстэрняў па апрацоўцы здабытай сыравiны. У ягоныя рукi трапiлi шматлiкiя iнструмэнты, з дапамогаю якiх старажытныя шахцёры здабывалi крэмень у глыбокiх шахтах.

Аднак ад самага пачатку iх адкрыцьця краснасельскiм капальням не шанцавала. У 1929 годзе на 34-м годзе жыцьця памёр Зыгмунд Шмiт. Капальнi, на месцы якiх няўмольна пашыралiся кар’еры па здабычы крэйды, раз-пораз наведвалi археолягi. I калi краснасельскiя шахты мэтадычна бурылiся далакопамi, i да iх нiкому не было справы, у Кшэмёнках Апатоўскiх згаданы мною Стэфан Крукоўскi паволi з году ў год выкупляў зямлю, каб выратаваць мясцовы унiкальны шахтавы комплекс для навуковых дасьледаваньняў.

Тым часам з краснасельскiх шахтаў у Варшаўскi музэй паступалi сабраныя калекцыi знаходак цi нават унiкальныя фотаздымкi. Пазьней каштоўны фотаматэрыял загiнуў. Падчас вайны страцiлася таксама амаль уся дакумэнтацыя — малюнкi, пляны, накiды, якiмi суправаджалi свае раскопкi на Росi археолягi 20-30 гадоў. А матэрыяламi раскопак з Краснага Сяла закладвалiся ваконныя праёмы ў часы баёў за Варшаву. Нiна Гурына, якая ў 1961 годзе знаёмiлася з краснасельскiмi калекцыямi ў Варшаўскiм археалягiчным музэi, знаходзiла ў скрынках разам з крамянёвымi прыладамi пустыя гiльзы ад патронаў.

Шахтам ня шчасьцiла i ў пасьляваенны час. Мясцовы цэмэнтавы завод працягваў капаць крэйду. Перашкодзiць разбурэньню ўнiкальнага комплексу нiхто не спрабаваў, а калi б адважыўся, то цi здолеў бы.

Ашаломленая маштабамi разбурэньня i адначасова захопленая ўражвальнай дэманстрацыяй тагачаснай савецкай кар’ернай тэхнiкi, Нiна Гурына пазьней напiша: «Сымбалiчна — на гэтым маленькiм кавалачку зямлi як бы сутыкнулiся гарнякi дзьвюх эпох, разьдзеленыя некалькiмi тысячагодзьдзямi, — першыя ў гiсторыi чалавецтва шахцёры, узброеныя толькi прасьцейшымi рагавымi iнструмэнтамi, якiя затрачвалi вялiкую працу i час для таго, каб выкапаць вузкi, усяго толькi ў некалькi мэтраў глыбiнёй калодзеж, i сучасныя гарнякi, узброеныя магутнымi машынамi, якiя драбiлi за некалькi хвiлiн велiчэзныя масы пароды».

Нiне Гурынай i яе калегам-археолягам з Санкт-Пецярбургу, дасьледуючы старажытныя шахты на яшчэ не занятых тэхнiкай пустках, прыходзiлася ўсё часьцей сачыць за адкрытымi выпрацоўкамi, калi пласты крэйды з дапамогай экскаватараў рушылiся вэртыкальна на поўную шырыню кар’ера. Тады можна было на глыбiнi да 15 мэтраў убачыць разрэз крэйдавай пароды. «... Перад намi на крэйдавай сьцяне, як на гiганцкiм палатне шырынёю каля 100 м адкрылася карцiна, якая не магла не ўсхваляваць ня толькi любога археоляга, але й кожнага, хто хоць бы ў слабой ступенi цiкавiцца старажытнай гiсторыяй чалавецтва. Як толькi вока, крыху звыкнуўшыся зь бельлю, набыло здольнасьць улаўлiваць розьнiцу памiж чыстаю крэйдаю сьцяны i крыху больш цямнейшым, iншым па структуры крэйдавым друзам, пачалi зьяўляцца адна за другой плямы розных абрысаў. Выразна выступiлi прамыя вэртыкальныя цi выцягнутай формы, апушчаныя з паверхнi калодзежы шахтаў, па якiх некалькi тысячагодзьдзяў таму спускаўся чалавек усьлед ланцужкам крамянёвых канкрэцыяў, невялiкiя плямы акруглых абрысаў, часам пустыя, перарэзаныя кар’ерамi падземныя калiдоры — штрэкi, нарэшце, больш шырокiя плямы, якiя абазначалi камэры».

Капальнi

Жыхары Краснага Сяла i суседнiх вёсак яшчэ зь мiжваеннага часу, капаючы крэйду для гаспадарчых патрэбаў, ведалi, што ў крэйдавых адорвеньнях трапляюцца ямы, запоўненыя больш мяккiм друзам. Эмпiрычна яны, мусiць, адчувалi вартасьць зробленых iмi назiраньняў. Былi й тыя, хто памятаў раскопкi археолягаў 20-30 гадоў. Людзi нават спрабавалi паказаць месца колiшнiх выкопаў паваенным дасьледчыкам. Ды дзе там! Ваколiцы, з пашырэньнем тутэйшым заводам кар’ернай працы, моцна зьмянiлiся, месцамi ператвараючыся ў «блакiтныя азёры».

Актыўнае навуковае дасьледаваньне шахтаў пачалося ў 1960-ыя гады. Вучоным, для таго, аб узнавiць закiнутыя i выпрацаваныя ў старажытнасьцi шахты, найчасьцей прыходзiлася на нейкi час станавiцца шахцёрамi. Заглыбляючыся ў колiшнiя выпрацоўкi i перабiраючы крэйдавы друз, археолягi апыналiся ў цёмных i сырых падбоях, штрэках i камэрах, дзе чалавек ледзьве мог зьмясьцiцца, лежачы ў выпрацоўках. На некалi мяккiх, як сырая глiна, крэйдавых сьценах захоўвалiся сьляды капаньня старажытнымi шахцёрскiмi iнструмэнтамi, бачылiся прыгладжаныя вопраткаю ды закураныя лучынаю сутарэньнi...

Крэмень — асноўны i самы надзейны матэрыял, якiм людзi карысталiся з глыбокай старажытнасьцi на працягу многiх тысяч гадоў. Як мы ня можам уявiць сабе нашае жыцьцё без мэталу, так i чалавек эпохi каменя i пачатку бронзавага веку ня здолеў бы i дня пражыць бяз вырабаў з крэменю. Крамянёвую сыравiну можна было лёгка i амаль паўсюдна знайсьцi на размытай паверхнi зямлi. Але самым плястычным i падатным пры апрацоўцы быў крэмень, якi залягаў на глыбiнi ў крэйдавых пластах.

Асаблiва вялiкая патрэба ў шахтавым крэменi зьявiлася ў канцы каменнага веку — нэалiце i пазьней, у эпоху бронзы, калi людзi iмкнулiся iнтэнсыўна асвойваць лясныя прасторы, займаючыся вырошчваньнем акультураных расьлiн i разьвядзеньнем хатнiх жывёлаў. Крамянёвыя сякеры вялiкiх памераў, цёслы, сярпы становяцца абавязковымi атрыбутамi тагачаснага жыцьця.

У нэалiце старажытныя жыхары Эўропы пачынаюць актыўную шахтавую распрацоўку крамянёвых радовiшчаў. На думку Мiхася Чарняўскага, першыя шахты на Росi, верагодна, заклалi ў другой палове 3 тыс. да н.э. находнiкi зь Сярэдняй Эўропы —насельнiцтва культуры шарападобных амфар. Пра гэта сьведчаць ня толькi сьляды iх паселiшчаў, але й рэшткi могiльнiка, якi летам 1971 г. быў выпадкова адкрыты мясцовым краязнаўцам М.Верацiлам недалёка ад краснасельскiх капальняў. У пахаваньнях, дасьледаваных Мiхасём Чарняўскiм, акрамя парэштак спаленага нябожчыка зьмяшчалася шмат костак ахвярных жывёлаў, у тым лiку быкоў. У грудной клетцы аднаго з быкоў археолягамi адшуканыя 2 касьцяныя наканечнiкi стрэл, якiмi, мусiць, i была забiтая жывёлiна.

Пазьней, у самым канцы 3 — першай палове 2 тыс. да н.э., здабычаю крэменя на Росi магло займацца насельнiцтва мясцовай культуры з шнуравой керамiкай. Раскопкi i актыўныя пошукавыя дасьледаваньнi на прылеглых пясчаных пагорках дазволiлi выявiць сьляды iх паселiшчаў. У адной з шахтаў знойдзенае нават пахаваньне, пакiнутае шнуравiкамi, пра якое я ўжо згадваў вышэй.

Крэмень капалi тут i пазьней, у эпоху бронзы, верагодна, на працягу ўсяго 2 тыс. да н.э. ва ўсялякiм разе, большасьць радыёвугляродных дат, атрыманых па арганiчных рэштках зь некаторых шахтаў, прыходзiцца на 1640-1240 г.г. да н.э...

Каля вёскi Карпаўцы i пасёлка Краснасельскi крэмень — у выглядзе доўгiх ланцужкоў асобных канкрэцыяў — фiгурных утварэньняў, залягае на рознай глыбiнi ў падземных радовiшчах крэйды. Яе тоўшча перакрытая зьверху пясчана-жвiровым покрывам. Старажытным шахцёрам, каб натрапiць на крамянёвую «жылу», неабходна было пракопваць жвiр, а затым заглыбляцца ў крэйду.

Мяккая крэйда добра капалася. Але ў той жа час сьценкi выпрацаванай шахты пад узьдзеяньнем сонца, вады i ветру давалi трэшчыны, сыпалiся, размывалiся, што пагражала абвалам. Таму глыбiня вэртыкальных калодзежаў вельмi рэдка была большая за 3-5 м, а дыямэтар — 1,5-1,6 м. Натрапiўшы на ланцужок крамянёвых канкрэцыяў, людзi пашыралi шахту ў бок прасьцiраньня так неабходнага iм каменя, цi iнакш рабiлi нiшу-падбой, вышыня якога рэдка перавышала 1,5 м. Такiх падбояў магло рабiцца ў шахтавым калодзежы некалькi i на рознай вышынi. Бакавыя адгалiнаваньнi ад вэртыкальнай шахты маглi ператварацца ў вузкiя, дыямэтрам каля 60 см, падземныя калiдоры — штрэкi, якiя цягнулiся 1-2 i болей мэтраў. Штрэкi зьвязвалi ў некаторых выпадках некалькi шахтавых выпрацовак, ператвараючыся ў вялiкi разгалiнаваны комплекс пад зямлёю.

Але старажытныя шахцёры, разумеючы небясьпечнасьць занадта доўгiх штрэкаў ды глыбокiх падбояў, iмкнулiся закладваць побач з выпрацаванаю капальняю яшчэ адзiн шыхтавы калодзеж, працягваючы, такiм чынам, выбiраць ужо знойдзеныя ланцугi крэменю. Дзеля той жа бясьпекi зрэдку людзьмi пакiдалiся слупы некранутай крэйды, якiя ўтрымлiвалi верхнiя пласты пароды, не даючы ёй абвалiцца.

На тых эўрапейскiх капальнях, дзе крэмень залягаў у больш цьвёрдых пародах, напрыклад, у вапняках, як гэта было ў Кшэмёнках Апатоўскiх, выпрацоўкi дасягалi значна большых памераў. Шахтавыя калодзежы тут капалiся на глыбiню да 4-10 м. Падземныя галерэi маглi разыходзiцца ад вэртыкальнага ствала да 13-15 м, часам утвараючы вакол яго выпрацоўкi плошчай ў 400 кв.м. Аднак у кшэмёнкаўскiх шахцёраў пры гэтым узьнiкалi праблемы з вэнтыляцыяю, што вымушала iх прабiваць дадатковыя адтулiны ў сьценках падземных калiдораў.

Шахцёры краснасельскiх шахтаў, ня маючы магчымасьцi павярнуцца ў вузкiм калiдоры штрэка галавою да выхаду, звычайна выбiралiся адтуль паўзком i задам. Пустую пароду адграбалi, засыпаючы ёю ўжо выпрацаваныя пустоты, цi паднiмалi наверх i скiдвалi ў старыя шахты. Археолягi, шукаючы вусьцi шахтаў, лёгка вылучалi iх па круглай форме i крэйдавым друзе, якiм засыпалi ўжо непатрэбныя выпрацоўкi.

Асьцярожна выбiраючы пустую пароду з шахтаў, спэцыялiсты маглi бачыць на сьценках сьляды працы шахцёрскiмi iнструмэнтамi. Месцамi адбiткi былi такiмi выразнымi, што перадавалi нават зазубрыны спрацаваных рагавых кайлаў. Гэта значыць, што пустыя выпрацоўкi адразу ж запаўнялiся друзам; вецер, сонца i вада не пасьпявалi зьнiшчыць сьляды iх iнтэнсыўнай працы.

Пры дасьледаваньнi краснасельскiх шахтаў у наш час было праведзена некалькi экспэрымэнтаў. Адзiн зь iх тычыўся падлiку колькасьцi затрачанай працы на распрацоўку шахты. У 1964 г. з крэменю, здабытага пад Красным Сялом, археолягi падрыхтавалi нажы i сякеры, з дапамогаю якiх, паводле старажытнай тэхналёгii, змайстравалi рагавыя кайлы, аналягiчныя тым, якiя траплялiся пры раскопках шахты. Яе капаў дзяцюк пры дакладнай фiксацыi часу i прыёмаў працы. Для распрацоўкi капальнi глыбiнёю 1,5 м i дыямэтрам 1,2 м затрачана 8 гадзiн 15 хвiлiн, а падбоя даўжынёю 0,78 м — 1 гадзiна 47 хвiлiн.

Яшчэ ў 19 ст. экспэрымэнтальныя работы па выкопваньню шахт на месцы знакамiтага комплексу пад Сiсбуры праводзiў ангельскi археоляг Л.Фокс. Працуючы па чарзе са сваiм напарнiкам iнструмэнтамi старажытных шахцёраў, ён адзначыў, што падземную галерэю працягам 7,1 м можна выкапаць за 12 гадзiн бесьперапыннай працы.

Экспэрымэнты сьведчаць пра надзвычай вялiкiя фiзычныя затраты, неабходныя для распрацоўкi капальняў, што ў першую чаргу залежала ад нiзкай эфэктыўнасьцi тагачасных гарняцкiх iнструмэнтаў. У краснасельскiх шахатах крэйду капалi кiркамi-кайламi, а канкрэцыi выкорпвалi тычковымi капачамi. Iх рабiлi з адросткаў i рагулiстай вяршынi рагоў аленя. У якасьцi рыдлёвак для адграбаньня пустой пароды служылi абрэзаныя лапаткi лася.

У шахтах захавалiся сьляды драўляных памостаў для крэменю, зь якiх яго потым паднiмалi ўверх. Старажытныя людзi вылазiлi з шахтаў па апушчаным ствале дрэва, зь якога папярэдне абсеквалi гальлё. Знойдзеныя ў выпрацоўках касьцяныя iголкi ды праколкi наводзяць на думку аб неабходнасьцi частага рамонту скураных мяшкоў, у якiх паднiмалi ўверх здабыты ў шахтах крэмень.

З паглыбленьнем шахтавага калодзежа i распрацоўкi падбояў, штрэкаў пад зямлёю станавiлася цёмна. Шахты часта асьвятлялiся лучынаю, сьляды ўжываньня якой захавалiся на сьценках i столi выкопаў, дзе можна было ўбачыць закуранасьць, чорныя пiсягi ды дзiркi, зь якiх некалi тырчалi палаючыя трэскi. Для асьвятленьня i праветрываньня шахтаў маглi рабiцца спэцыяльныя адтулiны. Сыстэма такiх асьвятляльных i вэнтыляцыйных дзiрак адзначаецца польскiмi дасьледчыкамi на шахтах Кшэмёнкаў Апатоўскiх.

Краснасельскi комплекс уключае ў сябе ня толькi шахты па здабычы крэменю. У ягоны склад уваходзiлi шматлiкiя майстэрнi па першаснай апрацоўцы здабытай сыравiны.

Майстэрнi

Выкапаныя ў крэйдзе крамянёвыя канкрэцыi ўжо ў самой шахце сартавалiся на патрэбныя i непатрэбныя. Адабраны крэмень паднiмаўся наверх, дзе яго апрацоўвалi. Здаралася аднак, што зь iм пачыналi працаваць ужо ў самой шахце, каб той не пасьпеў згубiць свае плястычныя якасьцi. Заадно — ня трэба было цягнуць наверх лiшнi цяжар.

На месцы майстэрняў археолягi знаходзяць вялiкую колькасьць расшчэпленага крэменю, iнструмэнты для яго апрацоўкi, выбракаваныя ды выкiнутыя нарыхтоўкi. Майстры маглi ўладкоўвацца ў паглыбленьнях старых засыпаных выпрацовак цi на месцы часовых пасёлкаў. Майстэрнi-паселiшчы знойдзеныя на пясчаных пагорках уздоўж Росi.

Пасёлкi-майстэрнi iснавалi на працягу працы шахцёрскай экспэдыцыi. Капаць шахты мела сэнс толькi ў сухiя летнiя месяцы, што i абумоўлiвала сэзоннасьць паселiшчаў, у якiх жылi нарыхтоўшчыкi крэменю. Краснасельскiя майстэрнi спэцыялiзавалiся на вырабе нарыхтовак сякер. Каб атрымаць паўфабрыкаты высокаякасных сякер, неабходна было выбраць патрэбнай формы канкрэцыю i зьдзейсьнiць цэлы шэраг пасьлядоўных апэрацыяў. Тэхналёгiя апрацоўкi крэменю, удасканаленая за многiя тысячы гадоў, мела адпаведныя культурныя адзнакi i адлюстроўвала пэўныя этнаграфiчныя рысы. Таму ёй у археалягiчнай лiтаратуры надаецца надзвычай шмат увагi.

Здаралася, на месцы краснасельскiх майстэрняў пасьля надзвычай карпатлiвых i скурпулёзных пошукаў сярод многiх тысяч адшчэпаў беларускiм археолягам удавалася нават знайсьцi адляцелыя сколы i скласьцi зь iх канкрэцыi ў тым выглядзе, у якiм яны трапiлi ў рукi старажытнага майстра.

Нарыхтоўка такой вялiкай колькасьцi паўфабрыкатаў сякер дазваляла мясцоваму старажытнаму насельнiцтву пастаўляць iх на абмен у суседнiя раёны, дзе не было такой сыравiны. Ацэньваючы маштабы распаўсюджваньня крэменя з Кшэмёнак Апатоўскiх, польскiя археолягi пiшуць, што вырабы зь яго можна знайсьцi ў радыюсе 400-500 км.

Рэканструкцыя
чалавека з шахты

Выпадковае адкрыцьцё чалавечага шкiлета ў 1962 г. у адной з краснасельскiх шахтаў — не адзiная знаходка такога кшталту. Людзкiя косьцi, паводле паведамленьня рабочых кар’ера, сустракалiся тут не адзiн раз. Але ў тых выпадках спэцыялiстам не прыйшлося iх пабачыць. Таму застаецца толькi здагадвацца, цi былi гэтыя парэшткi яшчэ некалькiмi разбуранымi пахаваньнямi ў шахтах, цi знаходжаньне iх — сьведчаньне няшчасных выпадкаў, якiя маглi здарацца ў старажытнасьцi.

Вядома, напрыклад, што ахвярамi абвалаў ў крэмнездабыўных капальнях сталi старажытныя людзi, рэшткi якiх знайшлi на дне дванаццацiмэтровай шахты ў Сьпiене (Бэльгiя), а таксама ў шахтах Стрэпi (Францыя) i Обургу (Бэльгiя). Пад Маўэрам у Аўстрыi пад пластом друзу ў нiжняй палове адной з крэмнездабыўных шахтаў археолягi адкрылi два людзкiя пахаваньнi, каля якiх у старажытнасьцi былi пакладзеныя тушы казы i аленя.

Шкiлет чалавека, якi быў пахаваны ў краснасельскай шахце, дасьледаваўся беларускiмi антраполягамi. Паводле iх заключэньня гэта быў мужчына 30-40 гадоў даволi аскетычнага выгляду. Выкарыстоўваючы добра распрацаваную Мікалаем Герасiмавым i ягонымi вучнямi мэтодыку ўзнаўленьня аблiчча старажытных людзей, антраполяг з Iнстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклёру І.Чаквін і скульптар зьдзейсьнiлi плястычную рэканструкцыю галавы памерлага (гл. фотаздымак). Узнавiць аблiчча чалавека можна па рэльефу ягонага чэрапа. Iснуе пэўная сувязь памiж сруктурай мяккiх тканак твару i ягонай якаснаю паверхняю. Паводле ацэнкi спэцыялiстаў асноўныя парамэтры чэрапа краснасельскага чалавека наблiжаюцца да антрапалягiчнага тыпу тагачаснага насельнiцтва Правабярэжнай Украiны i маюць пры гэтым цэлы шэраг адметнасьцяў.

***

Мяркуецца, што толькi каля Краснага Сяла ў старажытнасьцi было выкапана ня менш за 3000 шахтаў. Але многiя з крэйдавых радовiшчаў так i засталiся неабсьледаванымi археолягамi, бо былi зьнiшчаныя кар’ернымi распрацоўкамi. На некаторых крэйдавых радовiшчах, якiя захоўваюцца некранутымi, маюцца рэальныя пэрспэктывы для адкрыцьця яшчэ многiх сотняў старажытных капальняў. Нягледзячы на калясальныя разбурэньнi, шахты на Росi паводле ацэнкi спэцыялiстаў — адзiн з найбуйнейшых цэнтраў масавай крэменездабычы ў Эўропе. Комплекс па-ранейшаму мае пэрспэктывы для мэтанакiраванага дасьледаваньня на ўзроўнi самых найноўшых мэтодык.

У 1969 годзе ў раёне Краснага Сяла было вырашана стварыць дзяржаўны запаведнiк. А адну з пляцовак — месца найбольшай канцэнтрацыi шахтаў — археолягi пакiнулi нечапанаю, мяркуючы, што некалi тут будзе музэй.

Тым часам у суседняй Польшчы музэй на месцы крэмнездабыўнага комплексу пад Кшэмёнкамi Апатоўскiмi, як i рэканструяванае гарадзiшча Бiскупiн, сталi месцамi сапраўднага паломнiцтва турыстаў з усёй Эўропы.

 

P.S. Цяпер Нацыянальная камісія Беларусі ў справах UNESCO рыхтуе матэрыялы дзеля ўлучэньня капальняў на Росі ў Сьпіс сусьветнае спадчыны.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру