Жалуды гiсторыі

Генадзь Сагановiч

 

Найгоршы вораг цяпер — жыцьцё без гiстарычнай пэрспэктывы...

(Станiслаў Бжазоўскi)

 

Нашая гiсторыя заўжды бурыць мой спакой.

Помню, гадоў дзесяць таму ў археалягiчным раскопе, што зеўраў у двары Старога Замку ў Гораднi, на глыбiнi якiх васьмi-дзевяцi мэтраў ад дзённай паверхнi нам трапiлiся... жалуды ХII стагодзьдзя! Далiбог, яны нiчым ня розьнiлiся ад жывых, выглядалi бы леташнiя... Сустрэча, ад якой захадзiла ў грудзях. Адчуваў тады, як памiж iмi i мною спрасавалася ледзь ня ўся нашая гiсторыя. I ажылi раскапаныя зрубы хатаў. У шуме электралябёдкi ўчуў перазвон далёкай Сафiйкi. Прыгадваю, мне так хацелася пасадзiць тую знаходку i чакаць узыходу, чакаць, як уваскрошаньня... Гiсторыi.

Мiнулi часы ўзьнёслага рамантызму, нашай крылатай пэўнасьцi... Абязьлюдзелi пляцы. Краiну пацiху ахуталi панурыя прыцемкi, i час бы замёр.

Тое, што стала адбывацца ў Беларусi цягам апошнiх гадоў, пэўна «прачысьцiць мазгi» ня толькi беларускiм палiтыкам, але й гiсторыкам, калi яны яшчэ прагрэсiсты. Калi гiсторыя для iх —гэткае паступальнае разьвiцьцё, пераход «ад» i «да», спаўненьне нейкага вядомага сцэнару. Самыя тэрмiны «эвалюцыя», «прагрэс», «аб’ектыўнасьць» даўным даўно дыскрэдытавалiся, так што ў мове цывiлiзаванага сьвету цi не з пачатку стагодзьдзя iх асьцярожна ўнiкаюць. Практыка сто разоў давяла, што гiсторыя можа мiнаць i без разьвiцьця, што можа быць многа праўдзiвых гiсторыяў пра адну падзею, што, урэшце, само разуменьне прагрэсу вельмi iмглiстае. У Эўропе гэта альфабэт учарашняга дня, бо там у гiсторыi вучылiся. Што праўда, калiсьцi. Цяпер не павучысься. Глыбокi разрыў зьмянiў самое стаўленьне да гiсторыi, само ўспрыманьне мiнулага. Усё паплыло, паехала, памянялася i адразу «састарэла». Настаў канец заканамернасьцяў, страцiлася актуальнасьць агульных тэорыяў разьвiцьця, адышлi ў нябыт усялякiя каштоўнасныя арыентацыi, — эпатажна канстатуюць постмадэрнiсты. Iх аўтарытэты, iмем якiх назольна прапаведуюць падобнае бачаньне, кажуць, што новае мысьленьне нясе i «вызваленьне ад гiсторыi»... Вось дзе сапраўды «часы агульнай заблутанасьцi» (Абдзiраловiч). Ва ўсiх абвешчаных постмадэрнiстамi «канцах» суцяшаць можа хiба адно — што гэта канец i ўсялякаму абсалютызму, найперш iнтэлектуальнаму.

У такiм хаосе i татальным нiгiлiзме мне стаў часьцей згадвацца стары немец Ранке зь ягонымi iмпэратывамi. «Гiсторык тут дзеля таго, каб зразумець сэнс кожнай эпохi самой па сабе i вучыць гэтаму разуменьню iншых», — цьвердзiў бацька так i не пасьпеўшага зрабiцца модным у нас клясычнага гiстарызму. Гэта ж праўда. Першы прафэсійны абавязак гiсторыка — разумець (усяго толькi! а самае цяжкае) мiнуўшчыну. I бачыць у iм, дадам, адметны шлях свайго народу, спасьцiгаць яго сэнс.

Паспрабаваў быў шукаць сэнс нашай гiсторыi, ды суняўся. Бо, калi не спэкуляваць, сур’ёзнай размовы пра сэнс беларускай гiсторыi пакуль i чакаць не выпадае, паколькi бракуе першаснага — грунтоў, сынтэтычных дасьледаваньняў, якiя б ахаплялi ўсе бакi гiстарычнага жыцьця беларусаў. А ўвогуле, па мне, дык лепей бы сэнс гiсторыi выяўляўся сам па сабе, чым яго маюць канструяваць гiсторыкi. Як сэнс жыцьця ў самым жыцьцi, у выяўленьнi творчага духу i розуму, гэтак i сэнс гiсторыi ў ёй самой, у рэалiзацыi патэнцыi. Гiстарычны шлях нясе iманэнтную мэту сам у сабе. Ён — таямнiчы лябiрынт: нiхто ў iм наперад ня ведае, праз што i куды выйдзе, што страцiць i што набудзе.

Аднак гэтым не суцешымся. Калi вакол паняверка, калi на вачах усё бэсьцiцца i прадаецца, а цэлы народ марнее, проста даймае зусiм нутраная патрэба шукаць хоць якую лёгiку выйсьця, адказы на пытаньне «Чаму так?» Практыка сьведчыць, што пачуцьцё сэнсу свайго iснаваньня цэламу народу надае (можа надаць!) акурат гiсторыя як рэфлексiя. Сам народ, як ведама, шукае ў мiнулым сваю праўду — легенду, у якой мусiць быць справядлiвасьць (каб кроў была пралiтая ня марна! etc. etc. etc.) i павучальнасьць. А прафэсiйная этыка гiсторыка хутчэй канфлiктуе, чым ужываецца зь мiтам. Ягоная справай — крытычна, навукова канструяваць хаду падзеяў i вызначаць iх сэнс, а не дагаджаць людзкiм густам. Тут усё на сумленьнi. I асабiста я ня ўзяўся б вызначаць, што ў нашай сытуацыi можа прынесьцi болей шкоды — пэсымiзм праўды цi аптымiзм няпраўды.

Генэралiзаваўшы i гiпэрспрасьцiўшы, у беларускiм мiнулым можна заўважыць колькi яўна вызначальных залежнасьцяў. Ня кратаючы глыбокай старажытнасьцi, зьвярнуся адразу да часоў вiдавочнага iснаваньня беларусаў як этнасу, да эпохi, што пакiнула нам столькi муроў i паданьняў, што выклiкае столькi мрояў i дэбатаў — да нашай (i iхнай) сярэднявечнай дзяржавы Вялiкага Княства. Трапна сказана клясыкам: у ВКЛ Беларусь была «як зярнятка ў тым гарэху» (Багушэвiч) — ядром, станавiла сарцавiну вялiкага гаспадарства. Ды вось жа замоцнай аказалася гарэхава скарлупiна. Патрыятызм дзяржаўны ня даў узысьцi нацыянальнаму, проста прыбiў яго. Беларуская элiта ледзь не да ХХ ст. бачыла сябе ў ВКЛ, пачувалася «лiцьвiнамi» etc. i не генэравала беларускай нацыянальнай iдэi. Тады як Украiна, захоўваючы дыстанцыю, жывучы сваiм жыцьцём — што ў Княстве, што ў Кароне, таму й змагла ўжо голасам казацкага гетмана задэкляраваць праграму ўласнай дзяржаўнасьцi.

Гэта першае фатальнае спазьненьне. А ў эпоху фармаваньня эўрапейскiх нацыяў з намi адбылося самае трагiчнае — прыватызацыя нашай гiсторыi ня намi. Суседзямi. Гiсторыю заўсёды прыватызуюць пераможцы праз называньне i наданьне ёй свайго вобразу. Тое, што па праву належала нам, было забрана нянашымi гiсторыкамi. Усё пiсанае лацiнкай цi каталiцкае зрабiлася польскiм, азначанае назовам «Русь» i праваслаўнае — расейскiм, а цэлая гiстарычная «Лiтва» стала ператварацца ў мона — Летуву. Хоць у Кромэра i Стрыйкоўскага Польшча сканчалася ейнай этнiчнай мяжой, Расея тады, як ведама, была далёкай i чужой, а этнiчныя летувiсы складалi выразную меншыню...

Дасюль Беларусь стаiць перад тымi ж этапнымi патрэбамi —сваёй нацыянальнай дзяржавы i сваёй гiсторыi. За стагодзьдзi безьдзяржаўнага iснаваньня ў царскай i савецкай iмпэрыях гэты край так i не зрабiлi арганiчнай часткай расейскай цывiлiзацыi (цi ня доказ самабытнасьцi!), у якой зусiм iншая матрыца, iншая ерархiя каштоўнасьцяў, iншы характар нацыянальнага генатыпу. Матрыцай расейскай цывiлiзацыi заўсёды была дзяржаўнасьць. Дзяржава як сэнс усiх намаганьняў з часу першых цароў! Або яшчэ адна ўнiкальная асаблiвасьць сваякоў-суседзяў — няспыннае паглынаньне новых тэрыторыяў. Тым часам тут, як у Эўропе, сцьвярджалася самакаштоўнасьць асобы (грамадзянiна), што акурат станавiла найвыразьнейшую адметнасьць краю (культура права i верацярпiмасьць), i пакаленьнi за пакаленьнямi жылi «на коранi».

Лёсавызначальная для нацыi праблема палягае на тым, як беларусу вярнуць мiнулае, якое яму калiсьцi насамрэч належала. Здабыць сваю гiсторыю. Па сутнасьцi, нацыянальна-гiстарычныя правы беларуса — гэта падставовыя правы чалавека. Тое, чым стаiць i да чаго апэлюе сучасны цывiлiзаваны сьвет. I хто ведае... Нават Фукуяма ў змрочным прагнозе «канца гiсторыi» зрабiў выключэньне для нацыянальных рухаў, уважаючы, што «войны за нацыянальнае вызваленьне» могуць стацца рухавiком гiсторыi i ў постгiстарычную эпоху.

Пакуль прынамсi адно бясспрэчна, — што ў нас была i ёсьць свая гiсторыя, якой ужо не пазбавяць. Хоць якая, ды свая. А мiнулая рэчаiснасьць не памiрае дазваньня. Утоеная, яна застаецца iснаваць у сучаснасьцi. Гiсторыю вызначаюць ня толькi вiдавочныя, убачаныя i названыя ўчынкi, але й зусiм нябачныя, безаблiчныя, ананiмныя плынi ўчалавечанага часу. Колiшнiя нерэалiзаваныя магчымасьцi не здымаюцца назусiм: акумулюючыся, яны ўтвараюць своеасаблiвую «мiнулую будучыню». У гэтым сэнсе беларуская гiсторыя наскрозь, з коптарам «набiтая неперавараным i неперажытым будучым» (Мамардашвiлi). Так, нашая гiсторыя становiць наш вялiкi рэсурс, бо не скарыстаная яшчэ як час, каштоўнасьць i ўласнасьць.

Наогул, усялякая гiсторыя ў сьведамасьцi паўстае з працы (пiсаньня) гiсторыка, творыцца ягоным досьведам. Яна вынiкае з дыялёгу сучаснага зь мiнулым, нас — з далёкiмi прашчурамi. Тут i вызначаецца пэрспэктыва, якая залежыць ад мяне, яго i вас як суб’екту гэтага дыялёгу.

Не, мы не ў такой безнадзейнасьцi, як часам можа падацца. Сапраўды, «усё яшчэ магчыма»!

А старажытныя беларускiя жалуды з глыбiнi вякоў — гэта патэнцыя дуба цяпер, сёньня, узаўтра, пасьлязаўтра. Калi толькi пра гэта думаць, што значыць, калi жыць у гiстарычнай пэрспэктыве.

«... Хоць зернейкi засохшымi былi...»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0