12.01.1998 / 13:00

Вацлаў Арэшка. АПЭРАЦЫЯ «БЯСЬПЕЧНЫ МIР»

№ 1 (98) 12 студзеня 1998 г.

Беларускi кампутар

АПЭРАЦЫЯ «БЯСЬПЕЧНЫ МIР»

Я ваяваў за Беларусь. Не аднаго разу гарэў у танку — пад Баранавiчамi, пад Горадняй, пад Мазыром. «Калi?» —запытаецеся. — У якiх войсках?» — «Вядома, ж не ў маскоўскiх. У войсках NATO. А калi...»

Ледзь не штовечар забiраюся я ў свой верны ABRAMS (гэта —каму незразумела — танк, ABRAMS МIА-2, шыкоўная баявая машына амэрыканскай вытворчасьцi), якi ў мяне мае такое гучнае iмя — ELIMINATOR (значыць «Зьнiшчальнiк»), даю газ i на чале тузiна сталёвых крэпасьцяў вырываюся на вольны, родны наш прастор... Вось ужо другi тыдзень, як прарываецца наша каманда «Рэха» да авiябазы пад Баранавiчамi. Гэта мае мясьцiны. Зь дзяцiнства знаёмыя. Можа сто разоў праяжджаў я паблiзу гэтага праклятага вайсковага аэрадрому — i на аўтабусе, i на ровары, i на дзядзькавым матацыкле. Калi было мне гадоў адзiнаццаць, спрабаваў лiчыць самалёты, хвасты якiх бачна было з дарогi на Ляхавiчы. Вось жа ня думаў, што вярнуся туды праз столькi гадоў i такiм чынам... Шкада, ня памятаю ўжо колькi ж тады налiчыў... Але, выбачайце, трасца iм у бок, — насустрач, з-за пагорка выскокваюць адзiн за адным бээмпэшкi i Т-80. Шалёны агонь. Амаль палова машынаў з маiх трох узводаў ужо палае... Зараджай! Хутчэй!.. Крыжык прыцэлу даганяе вёрткую сыльвэтку танка. Агонь! Агонь!.. Гатоў. Наперад! Яшчэ крыху, за тыя дрэўцы — i мы на месцы. Гiдка шыпiць варожая ракета. Убок! Выдатна. Зараджай! Агонь! Трапна — гарыць гад!.. Тр-р-р-ах! Вежа майго танка адскоквае, як накрыўка ад рандэлi, чорны дым дзярэ вочы... Можа пасьпею пераскочыць на «Экскалiбур»? Не, запозна, усе машыны загiнулi. На экране высьвечываецца сумны надпiс: «Mission Failed»... Па лбе маiм сьцякае пот. Iзноў ня шэньцiць мне пад Баранавiчамi — што рабiць, паспрабую заўтра. Ды ўвогуле, трэба джойстык набываць — безь яго анiякiх шанцаў на канчатковае вызваленьне Беларусi ў мяне няма...

А далi нам такую шыкоўную магчымасьць пазмагацца за родны край адмыслоўцы зь фiрмы NOVALOGIC, якiя стварылi ARMORED FIST-2 —«Бранявы кулак-2», лепшы, на маю думку, гульневы сымулятар баявога танка на сёньняшнi дзень. На гэтым CD можна знайсьцi амаль пяцьдзясят баявых мiсiяў рознага кшталту i з захапляльнымi сцэнарамi, шыкоўную графiку (у вёсках i на фэрмах, празь якiя ймчаўся мой «Элiмiнатар», мне траплялiся нават каровы на пашы), а самае галоўнае — магчымасьць амаль «насамрэч» адчуць сябе ў кабiне баявой машыны, магутнай i паслухмянай. Усё, што адбываецца з вамi i навокал, адбываецца тут i зараз. Анiякага адчуваньня запiленай кружэлкi, калi адна й тая ж сытуацыя ў той жа самай карцiнцы паўтараецца бясконца, як у кашмарным сьне. Амаль поўная свабода — рабiце, што хочаце. Можаце, калi закарцiць, зьнiшчыць сваю ўласную базу, пастраляць сваю каманду, толькi варта не забывацца, што вораг, за якога гуляе кампутар, таксама мае свабоду дзеяньняў i ў шапку ня сьпiць. Пры жаданьнi ды наяўнасьцi мадэма можна гуляць па сетцы i нават ў Iнтэрнэце. Праўда, ня кожны карыстальнiк РС здолее пагуляць у сваю асалоду. Цацка патрабуе, апроч наяўнасьцi CD-ROM-a, яшчэ моцнага Pentium-а (ня менш за 120) i вялiкай апэратыўнай памяцi — 16, а лепш нават 32 Mb.

Беларуская апэрацыя «Бясьпечны мiр» складаецца з васьмi мiсiяў, якiя маюць гучныя шматзначныя назвы: «Далiна сьмерцi», «Блiцкрыг», «Кароль на гары»... Сцэнар у скарочаным выглядзе прыкладна такi: «Дзьве канкурэнцыйныя фракцыi намагаюцца ўзяць пад свой кантроль Беларусь. Адбываюцца шматлiкiя парушэньнi абодвума бакамi польскай мяжы. Каманда «Рэха» ўдзельнiчае ў захадах прымусiць абодва бакi падпiсаць пагадненьне аб спыненьнi агню». Што гэта за дзьве «фракцыi» — не тлумачыцца, адна зь iх умоўна названая «чырвоныя», другая — «шэрыя», але наша фантазiя бязь цяжкасьцi дадае гэтай умоўнасьцi больш жыцьця... «Шэрыя» лаяльна ставяцца да ААН i падтрымлiваюць пагадненьне аб бясьпечным праходзе сiлаў NATO ў Беларусь. Такiм чынам, «не страляйце ў шэрыя атрады». Першая база мiратворчых сiлаў усталёўваецца пад Горадняй, яе задача —ахоўваць рух войскаў ад нападаў «чырвоных». Затым — славутая авiябаза пад Баранавiчамi. «Аб’ект моцна абаронены як ад паветраных, гэтак i ад наземных атак». Далей «чырвоныя» працягваюць умацоўваць свае пазыцыi на ўсход ад сталiцы краiны Менску. Наступны сюжэцiк падаўся мне асаблiва цiкавым: «Чырвоныя» апракiнулi нацiск мiратворчых сiлаў на паўднёва-усходнiм накiрунку Беларусi. Сiлы NATO перайшлi да абароны, у вынiку — «чырвоныя» маюць iнiцыятыву. Вораг, здаецца, атрымлiвае моцнае пасiленьне, значна вышэйшае за даступныя яму патэнцыйныя магчымасьцi. Калi ўзьнiмаецца пытаньне адносна павялiчэньня сiлаў «чырвоных», расейскiя афiцыйныя асобы сцьвярджаюць, што ня маюць нiякай iнфармацыi аб крынiцах iх рэзкага ўзмацненьня». Зьвярнiце ўвагу на апошнiя радкi. Дарэчы, пад час югаслаўскага канфлiкту расейскiя афiцыйныя асобы таксама сцьвярджалi, што ня ведаюць, адкуль у сэрбаў, нягледзячы на эмбарга, бярэцца столькi зброi й рэсурсаў. А ёсьць iнфармацыя, што менавiта Беларусь i была адной з тых «крынiцаў», празь якiя «славянскiя браты» атрымлiвалi пасiленьнi, што давалi iм магчымасьць гэтак доўга рэзаць адзiн аднаго на балканскай паўвысьпе... Урэшце войскi NATO спынiлi наступ «чырвоных», i сутычкi памiж «чырвонымi» i «шэрымi» iстотна аслаблi. Камандзе «Рэха» загадваецца зьнiшчыць базу пад Магiлёвам, якая i ёсьць апорны цэнтар «чырвоных»(!).

На жаль, сцэнарысты NOVALOGIC не чакаюць ад нас, беларусаў, «хэпi-энду» i, напэўна, натхнёныя югаслаўскiм варыянтам, у фiнале прагназуюць у Беларусi поўны хаос, калi ўжо абедзьве фракцыi бачаць у ААН пагрозу, а каманда «Рэха» адчайна абараняе апорны пункт ААН, разьмешчаны на ўсход ад Менску.

Цi варта падрабязна камэнтаваць увесь сцэнар? Гэта ўсё ж гульня, папулярная ў вялiкiм прыгожым сьвеце. Для мяне асабiста няма лiшнiх пытаньняў — Беларусь — у NATO, а некаторым, вядома, — за краты. Таму я йзноў i зноў вяртаюся з гэтае «вiртуальнай» Беларусi ў тую, таксама вiртуальную, але ў якой я магу з дапамогаю ўласнага ELIMINATORа выказаць сваё праўдзiвае стаўленьне да тых — на другiм баку лiнii фронту.

Вацлаў Арэшка

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру