Кнiга

Беларускi дудар

 

ВIНЦЭНТ ЯКУБ ДУНIН-МАРЦIНКЕВIЧ. Жыцьцё i творчасьць. Аўтар-складальнiк Уладзiмер Содаль. — Менск: Народная Асьвета, 1997

 

Што мы выносiлi са школы пра Дунiна-Марцiнкевiча? Твар немаладога грузнага чалавека, нешта пра «пiнскую шляхту», пра тэатральны гурток. Што ведаюць цяперашнiя студэнты? Лiтаральна днямi ў мяне на лекцыi адгадвалi — у якiм стагодзьдзi жыў Мiцкевiч, а ў якiм Дунiн-Марцiнкевiч i хто зь iх напiсаў «Шляхцiца Завальню» — i гэта былi ня горшыя... Невуцтва —яно заўжды невуцтва, хоць часам яго бывае больш цi менш —сёньня, на жаль, яно на вачах вырастае ў свайго роду «стандарт». Але сапраўды — цi многа можна даведацца з падручнiка альбо хрэстаматыi не пра канву жыцьця нават славутых нашых пiсьменьнiкаў — а пра вобраз, рэчаiснасьць, эпоху, навакольле?..

Альбом, падрыхтаваны Ўладзiмерам Содалем, дапамагае «апрануць» лiчбы i радкi падручнiка ў шаты й фарбы жыцьця. Дзясяткi фотаздымкаў, рэпрадукцыяў, факсымiле, шматлiкiя цытаты робяць такое быццам бы недалёкае, але цяпер ужо фантастычна-загадкавае дзевятнаццатае стагодзьдзе больш зразумелым, а лёс «беларускага дудара» — лёсам праўдзiвага чалавека. Складальнiк пабудаваў альбом на прынцыпе храналягiчна-геаграфiчных лёкусаў-кропак, дзе пульсавала жыцьцё i творчасьць паэта. Гэта — «Зямля бацькоў» —Панюшкавiчы, «Пецярбург, Вiльня», «Менск», вядома, «Люцiнка». Асобна вылучаны разьдзел пра марцiнкевiчаў тэатар. У канцы дадаецца «Кароткi жыцьцяпiс».

Не хапае, бадай, густоўнасьцi мастацкаму афармленьню кнiгi, iлюстрацыям — якасьцi, а часам i арыгiнальнасьцi. Часам надакучвае i, гэтак мовячы, «вульгарнае адраджэнства» агульнага аўтарскага тону — цалкам прымальнае ў сярэдзiне васьмiдзясятых i крыху архаiчнае ў канцы дзевяностых. Замест пэўнай узьнёсласьцi я б параiў дадаць больш фактаў, рэалiяў тагачаснага побыту, традыцыяў ды й грамадзкага жыцьця, паралеляў да сытуацыi на сярэдняэўрапейскiх абшарах. Жыцьцяпiс, на маю думку, мог быць больш падрабязным, нягледзячы на «белыя плямы» ў бiяграфii пiсьменьнiка. Прыдалася б i бiблiяграфiя прысьвечаных Марцiнкевiчу працаў.

Вацлаў Арэшка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0