Каляндар

АДЗIН КРОК IГНАТА АСТАПОВIЧА

 

Сярод адметных датаў пачатку году, якiя належаць нашаму календару, найважнейшая дагэтуль застаецца па-за кантэкстам iснаваньня сёньняшняй Беларусi. Вядомая кожнаму са школьнага курсу гiсторыi, яна штораз зьнiкае, як толькi загортваецца падручнiк.

20 студзеня. У гэты дзень у 1667 годзе праз падпiсаньне Андрусаўскага замiрэньня было зафiксаванае заканчэньне цi ня самай страшнай для Беларусi Маскоўскай вайны.

У пэрыяд з 1654 да 1667 году насельнiцтва Беларусi праз забойствы, паморак, палон i ўцёкi паменшылася ўдвая. Маскоўцы бралi нашыя гарады па адным. Расейскае войска было фантастычна аграмадным для тых часоў — сто тысячаў; сёньня гэткага войска ня мае нiводная краiна Эўропы. Нездарма эўрапейскiя газэты-сучасьнiцы параўноўвалi тое войска з татара-мангольскай ардой. Арда плыла маруднай лавай, ахiнаючы сабой умацаваныя месты Вялiкага Княства Лiтоўскага, i, калi абаронцы не здавалiся, зьнiшчала iх дашчэнту. Стары Быхаў, Рэчыца... а таксама Слуцак — «адзiнокiя выспы», як назваў iх сучасны дасьледчык Маскоўскай вайны Генадзь Сагановiч, якiя не скарылiся ворагу.

У старабеларускай мове не было слова, якiм мы карыстаемся сёньня, каб азначыць Маскоўскую вайну — «генацыд», але адчуваньне Апакалiпсiсу наскрозь праходзiла праз усе пiсьмовыя дакумэнты Вялiкага Княства Лiтоўскага, ад афiцыйных да прыватных лiстоў. Упершыню ў сваёй гiсторыi ВКЛ было акупаванае ЦАЛКАМ. Упершыню сталiца — Вiльня — была стаптаная ботамi расейскiх жаўнераў. Упершыню была спаганеная i разрабаваная Вострая Брама. Пачаўся шчыльны й наўпроставы кантакт беларусаў з расейцамi, якi працягваецца дагэтуль...

Цягам Маскоўскай вайны беларусы то адначасова, то па чарзе, супрацьстаялi Маскве, Варшаве, Стакгольму i ўкраiнскай дзяржаве Хмяльнiцкага. Зьмянялiся каалiцыi й партыi, шляхта часам пераходзiла у падданства да маскоўскага цара, часам выразала расейскiя залогi, але нязьменнымi заставалiся асобныя гарады, якiя не здавалiся нiкому. Урэшце яны, разам са шматлiкiмi партызанскiмi аддзеламi, вырашылi вынiк вайны: Масква запрасiла мiру. Сярод такiх гародоў-выспаў найбольш дзiўны i... вызначальны лёс належыць Слуцку. Дакладней, аднаму зь ягоных абаронцаў — Iгнату Астаповiчу.

Сёлета спаўняецца 375 гадоў з дня нараджэньня Iгната Астаповiча, радзiвiлаўскага шляхцiца, якi ў веку Хрыста загiнуў падчас самага моцнага штурму Слуцка, на якi кiнулася дваццацiтысячнае маскоўскае войска. Ён быў АДЗIНЫМ палеглым з усяго гарнiзону крэпасьцi.

Гэта адбылося на золку, калi штурм, якi трываў ужо ня першую гадзiну, iшоў на спад. Усё было проста. Праз гарматнае бамбаваньне адна з кутнiх вежаў апынулася блякаванай разбуранымi бэлькамi. Даўжэзная драбiна расейцаў адразу ж зьявiлася ля вежавай сьцяны. У гэты момант Астаповiч застаўся адзiным абаронцам на пляцоўцы. Каб разабраць завалы, ягоным паплечнiкам спатрэбiлася пяць хвiлiнаў. Яны знайшлi Астаповiча мёртвым, у атачэньнi трупаў пяцi варожых жаўнераў. Гэтак скончыўся апошнi прыступ той маскоўскай аблогi, параза ў якой сталася адным зь першых крокаў да нашае перамогi ў Маскоўскай вайне.

... Пачатак году мае яшчэ адну дату беларускага календара —13 студзеня. У гэты дзень у 1991 годзе адбылася чарговая бiтва Маскоўскай вайны: савецкiя танкi душылi людзей на вiленскiх вулiцах. У гэты дзень побач зь лiтоўскiмi трыкалёрамi над абаронцамi Парлямэнту луналi бел-чырвона-белыя сьцягi людзей, якiя абаранялi «нашу i вашу» Вiльню. Гэтаксама, як луналi б гэтыя сьцягi, калi б танкi сёньняшнiх беларускiх уладаў паспрабавалi рэалiзаваць колiшнюю «баявую задачу» генэрала Усхопчыка, гэтак сама, як лунаюць яны цяпер на Менскiх вулiцах над шматтысячнымi дэманстрацыямi...

Маскоўская вайна працягваецца. На нашых землях яна пачалася з усталяваньня вайсковай адмiнiстрацыi, якая працавала ў двух накiрунках: арганiзацыя цэнтралiзаванага рабаўнiцтва i прывядзеньне да прысягi «мясцовага насельнiцтва», зь якога спрабавалi сфармаваць новыя царскiя аддзелы. Дзе-нiдзе ў маскоўскiх ваяводаў гэта атрымлiвалася: плён — новыя аблогi нашых умацаваньняў у канцы дваццатага стагодзьдзя. На пачатку гэтай вайны краiна з цэльнага арганiзму была ператвораная ў чараду «адзiнокiх выспаў», якiя ўвесь час знаходзяцца ў стане аблогi. Слуцкi шляхцiц Iгнат Астаповiч зрабiў першы крок дзеля разрываньня гэтых аблогаў. Але...

У Маскоўскай вайне мы штораз дамагаемся мiру праз трываласьць муроў-умацаваньняў i праз упартыя партызанскiя дзеяньнi. Гэткiя «мiры» будуць паўтарацца бясконца аж датуль, дакуль раскiданыя «адзiнокiя выспы» нашай краiны не аб’яднаюцца ў адзiны мацярык.

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0