Славамiр Адамовiч

Блакiтная мара мужчыны

Пагаворым пра беларускiх мужычкоў, пра тых самых, якiх бальшавiкi некалi так ёмка абулi ў лапцi, адабраўшы хромавыя боты.

Пагаворым пра самiх сябе, пра тое, чаму мы такiя i ня хочам быць iншымi. Падумаем над тым, цi ня ў нашых мужычых якасьцях угнязьдзiлiся колькасьцi нашых беларускiх праблемаў: дэмаграфiчны спад (фiзычнае вымiраньне); неданошаная эпiлептычная дыктатура, якая псуе нэрвы прыстойным грамадзянам Рэспублiкi; здрада беларускiх iнтарэсаў, акупацыя i калябарацыянiзм «элiты»...

Паглядзiм на сябе збоку, прадэманструем паважанай публiцы ўласныя партрэцiкi з натуры... Адным словам, давайце агучым нашу блакiтную мару...

Кiраўнiк усiх пакрыўджаных

Беларусь можна ўявiць камэрай для пакрыўджаных з галоўным пакрыўджаным на камэрнай покуцi. Хто катэгарычна не жадае жыць у такой «хаце» — ломiцца зь яе ўсёй сiлай цяглiцовае масы i духоўнай субстанцыi. На жаль, значная частка грамадзянаў РБ такiх сiлаў у сабе не знаходзiць i згаджаецца на статус пакрыўджаных. У «хаце» iхнай — Садом i Гамора. Кожны цьвелiць уласныя болькi i альбо сам становiцца на чатыры кропкi, альбо ставiць у гэтую позу суседа па нарах. А ўсiх разам ставiць сам галоўны.

Кiраўнiк усiх пакрыўджаных — iстота надзвычай крыўдлiвая, а крыўдлiвыя, як правiла, людзi цяжкiя. Зь iмi вельмi складана ўсталёўваць кантакты.

Крыўдлiвы — зусiм ня тое, што горды, з годнасьцю. Крыўдлiваму цяжка быць велiкадушным, крыўдлiвы ўхiляецца ад адкрытага двубою. Крыўдлiвы ўмее толькi крыўдзiцца, агрызаючыся на ўсiх i займаючы кругавую абарону. Цяжка яму знайсьцi сяброў, лёгка згубiць. Сам галоўны ў камэры пакрыўджаных загнаў сябе ў кут, вочы яго вiрлавокiя — вочы страху, вочы загнанага зьвера. Страшна страцiць статус кiраўнiка, жонка перашкаджае, як пудовыя кайданы на нагах... Страшна атрымаць пiку ў бок ад свайго ж брата пакрыўджанага...

Дарэчы, а што ж з блакiтнай марай самага пакрыўджанага? Была прага прыйсьцi да ўлады — спраўдзiлася. А што далей? Што цяпер яму сьнiцца? Раскошнае маскоўскае седала? Слава «собирателя земель росских»? А Беларусь? Беларусь наша для яго, як мы ўжо чулi, пройдзены этап. I таму з iмпэтам душагуба, як янычар белае цела славянкi, папiрае ён годнасьць Бацькаўшчыны, нацыянальны гонар ейных сыноў i дачок. Бадай, у зьдзеку з Трэцяй Рэспублiкi i палягае блакiтная мара кiраўнiка ўсiх пакрыўджаных. Маньяк самадастатковы толькi ў працэсе гвалту, у забойстве, у душагубстве чыстага й нявiннага. Але пасьля эўфарыi злога чыну наступае катарсыс пятлi.

Самотны сябра БНФ

Думаю, ён пакрыўдзiцца. Але дзеля прыкладу, як ня трэба, я мушу зрабiць некалькi штрыхоў да партрэту майго героя.

... Ён працуе настаўнiкам у старым беларускiм мястэчку. Мае жонку-настаўнiцу, двох дзетак, добрую двухпакаёвую кватэру, зьяўляецца кiраўнiком мясцовай фiлii БНФ. Папiсвае вершы й сьпелiць тайную надзею надрукаваць iх у «НН».

Мы пазнаёмiлiся ў яго на кватэры. Бадай, адразу ж адчулася мне ў iм слабасьць лiдэрскага пачатку, дакладней, адсутнасьць энэргii, здольнай сiлкаваць ня толькi самога носьбiта, але й падзараджаць iншых. Гаспадар распавядаў, як цяжка ў правiнцыi, народ, бач, «ня той», працаваць няма з кiм. Маўляў, вось каб у Менску, вось дзе можна разгарнуцца... Калi ж я скiраваў таварыша на шчырую размову, выказваючы думку, што далёка ня ўсе формы й мэтады выкарыстаныя ў барацьбе з рэжымам, што трэба больш рызыкi й дзеяньня, дзеяньня й разумнай рызыкi, i дзёрзкасьцi, тады наш франтавiк завёў знаёмую музыку пра «цёмны народ», адступленьне на старыя пазыцыi асьветнiцтва i да таго падобную каламуць.

Але самае цiкавае разгледзеў я па невялiкiм часе, за чаркай самагнёту. Аказалася, што новы знаёмец не такi ўжо й цiхi. Ён вельмi нават актыўны, толькi што ў сям’i. Як я нi даваў зразумець гаспадару, ён так i не запрасiў жонку выйсьцi да гасьцей, так i не пазнаёмiў. Што казаць, пачуцьцё засталося прыкрае, бо з такiмi адносiнамi сябра Фронту да сваёй палавiны я сустрэўся, бадай, упершыню. Яшчэ большы нэгатыў выклiкае тое, што падобная дамастроеўшчына чынiцца фронтаўцам на тле ягонай бяззубасьцi як лiдэра мясцовай партгрупы. I што тут ужо казаць пра нейкую блакiтную мару! У мужыка ўсё ёсьць: дом, жонка-паслушнiца, дзетак пара (нi больш, нi менш), работа ў дзяржаўнай iнстытуцыi i статус апазыцыянэра. А што з апазыцыйнасьцю той пшык атрымоўваецца, дык можна на «цёмны народ» сьпiсаць. Усяго тае й мары застаецца, што спадзяваньне надрукавацца ў газэце.

Усьцешвае, праўда, тое, што ёсьць у тым мястэчку i сапраўдныя байцы з сапраўднай марай. Адзiн зь iх займаецца падпольным бiзнэсам, марыць пра буйную легальную справу, якую пры гэтым рэжыме яму распачаць не дадуць. Жаданьне працаваць на сябе, на сына й жонку, а не на акупанта, i прымушае чалавека займацца ня толькi рэальнай падпольнай эканомiкай, але й палiтыкай. Думаю, БНФ як нацыянальна-вызвольны рух павiнен сёньня зважаць якраз на такiх актыўных чыньнiкаў беларускага грамадзтва, надаючы iм неабходныя для ўмацаваньня сваiх рэгiянальных структураў правы i абавязкi.

Нашы мужычкi ў лазьнi

«... А, Клiм, лезь на палок, паўзi, парся,» — гукаў Раман.

Клiм палез, апёк ляжку на гарачым палку, плакаў ад дыму i, махаючы венiкам, праклiнаў, скрыўджаны, i лазьню, i тых глуздоў, хто пабудаваў яе такую. «Жывуць жа людзi, — думаў ён. — Лес пад бокам, жыды ў пана адваявалi яго за даўгi i прадаюць колькi гадоў; i сяляне, кожнагодна пускаючы на гарэлку рубельчыкi i жывучы сярод лесу, маюць лазьню... каб яна, даруй Божа, згарэла на чыстым полi гэткая...»

Так апiсваў юначыя ўражаньнi Максiм Гарэцкi ў першым сваiм апавяданьнi «У лазьнi», надрукаваным у газэце «Наша Нiва» за 1913 год. З тэй пары кулдыкнуўся ў спраты гiсторыi амаль век часу, грамадзкiя i прыватныя лазьнi i лазенькi палепшалi, палюдчэлi, што называецца. Якасна зьмянiлiся i самi аматары гарачай пары...

Грамадзкая лазьня на вулiцы Б.Хмяльнiцкага ў Менску — адна зь першых, якую пабудавалi пасьля вайны. Раней, да турмы, я наведваў яе ў суботу альбо нядзелю. Як гранiчны iндывiдуалiст, нiколi не хадзiў у лазьню за кампанiю. Зрэдчас у распранальнi цi ў парылцы сутыкалiся з акторам N, перакiдвалiся некалькiмi фразамi i разыходзiлiся.

У гэтай жа лазьнi кожныя выхадныя можна было назiраць аднаполую пару: мужчыну гадоў пад сорак зь бела-кiсельным целам i вялiзным трыбухом, i маладога чалавека, даволi прыгожага ў твары i стройнага фiгурай. Без сумневу, памiж iмi была ня толькi сяброўская сувязь, дакладней, i зусiм не сяброўская, а iнтымная. I што асаблiва абурала, сувязi сваёй на людзях яны не цуралiся, а наадварот, нiбы спэцыяльна дэманстравалi, упэўненыя, што за падобныя публiчныя паказы нармальныя мужыкi ня стануць лупiць iх па мардасах. Вiдаць было, што манiпуляцыi з маладым целам свайго партнэра даюць старэйшаму вялiкае задавальненьне. У памывачным аддзяленьнi гэтая пара таўклася ня менш чатырох гадзiн. Доўга, павольна, зь любасьцю й спэцыфiчным смакаваньнем цiскалi, гладзiлi, пашчыквалi адно аднаму намыленыя целы. Гледзячы на старэйшага, на ягонае агромнiстае пуза, з-пад якога ледзь праглядалася мужчынскае начыньне, я думаў, што з такiм жывоцiкам у кампанii жанчынаў няма чаго рабiць. I, як кажа мая знаёмая Таня, ёсьць лёгiка ў тым, што мужычок выбраў у падружкi маладога хлопца.

Дарэчы, той барадата-брухаты ў пачатку 90-х гадоў жыў у iнтэрнаце Акадэмii навук. Вiдаць, яго блакiтнай марай была ўласная кватэра з ванным пакоем, куды ён мог бы запрашаць свайго апалёна.

У тым самым iнтэрнаце пабачыў я i першага ў сваiм жыцьцi жывога бiсэксуала.

Косьцiк-мнагалюбчык

Я тады цягаўся да Танькi Лажкаровай, якая за дзень магла выкурыць пачку-дзьве «Космасу», прымушала мяне любiцца праз гумку i вывучала беларускую мову паводле майго слоўнiкавага запасу.

Як зьявiўся на маiм даляглядзе Косьцiк, ужо ня памятаю. Запомнiўся круглы Косьцiкаў твар i гэткая ж фiгура. Не магу сказаць таксама, цi меў ён на той час хоць самы малы iнтарэс да жанчын, але мне пасылаў такiя знакi ўвагi, якiя нельга было не заўважыць. I гэта пры тым, што дзесьцi ў абласным цэнтры былi ў яго жонка й сын. Прыгадваю аднак, што цiкавiўся, цiкавiўся Косьцiк i асьпiранткамi. I, зрэшты, у iнтэрнаце ведалi пра Косьцiкавы бiсэксуальныя iнтарэсы, але, здаецца, ня вельмi верылi, што ён можа пайсьцi далей за выразныя позiркi ды асаблiва цёплы поцiск рук. Што да адносiнаў са мною, дык тут Косьцiк рызыкнуў i падараваў мне на дзень нараджэньня махеравы шалiк. Пры гэтым, ён, вядома, кiраваўся не маiм густам, а сваiм жаданьнем зрабiць мне прыемнае, каб маiм грудзям i шыi было цёпла. Шалiк той я нiколi не насiў, але стаў задумвацца над пытаньнем, чаму некаторыя iндывiды мужчынскага полу выяўляюць эратычную зацiкаўленасьць да сабе падобных. Думаю, што ў «блакiтнай» праблеме iстотную ролю iграе модус гульнi i выхаваньня, а таксама наяўнасьць часу. Узгадаем: каб навучыцца плаваць, трэба ўвайсьцi ў ваду. Вось i наш Косьцiк гуляў сваю гульню, сваё кiнцо, дзе ён выступаў у ролi бацькi, мужа, халасьцяка, асьпiранта i сэнтымэнтальнага маладога чалавека, якi шукае цёплых адносiнаў зь iншым маладым чалавекам. Бiсэксуальнасьць Косьцiка, альбо мнагалюбнасьць —гэта транс-вэрсiя ягоных няўдачаў з жоначкай, магчыма, i зь цешчай. Як добрая душа, Косьцiк шукае, каму можна падараваць цёплы махеравы шалiк, калi яго нельга падараваць жонцы. Магчыма, у гэтым i палягае блакiтная Косьцiкава мара. Шкада толькi, што ягоны сын, гадуючыся ў няпоўнай сям’i, можа пераняць на сябе татавы праблемы i комплексы. На шчасьце, iснуе iншы варыянт: узбунтавацца, каб не паўтарыць памылку Эдыпа, каб вярнуцца ў нармальнасьць, захаваўшы ў чысьцiнi i здароўi свае цела i дух.

Малады чалавек, вам трэба жанiцца

Гэты эпiзодзiк адбыўся ў канторы адной даволi салiднай партыi. Маладыя людзi, сябры арганiзацыi, абмяркоўвалi свае праблемы. Я прысутнiчаў на сходзе ў якасьцi журналiста. Неяк неўпрыкмет леваруч мяне прысуседзiўся калега па журналiсцкiм цэху — невысокi малады чалавек зь дзiцячым тварам i вялiкiм кейсам з блiскучымi жоўтымi зашчапкамi. Як iстота з нармальнай сэксуальнай арыентацыяй, дваццаць чатыры гадзiны ў суткi зацiкаўленая iстотамi супрацьлеглага полу, я хутка зразумеў, што калега знаходзiцца пад узьдзеяньнем алькаголю i адносна мяне паводзiць сябе, мякка кажучы, не зусiм адэкватна. «Эге, табе галубок, не дае спакою «блакiтная мара»...», — падумаў я, калi ягоная правая ножка з дрыжыкамi ў каленях некалькi разоў прыцiснулася да маёй левай. Падстольныя манiпуляцыi на фоне застольнай дыскусii маладых палiтыкаў вывелi-ткi мяне з духоўнай раўнавагi. Праўда, зважаючы на спэцыфiчны цiкаўны статус журналiсцкай прафэсii, я прымусiў сябе пацярпець, каб убачыць, як будуць разгортвацца падзеi далей. I сапраўды, па невялiкiм часе малады манiпулянт выказаў жаданьне ўзяць у мяне iнтэрвiю, прытым на маёй кватэры, а дакладней, у iнтэрнацкiм пакоi, дзе я жыву й сёньня. Падыгрываючы небараку, я згадзiўся. Па дарозе да мяне мой сымпатызант нават хацеў купiць вiна альбо чаго iншага, калi б я толькi пажадаў. Вiна мы не купiлi, таму ў пакоi прагучаў мой абсалютна цьвярозы маналёг пра тое, што я ненавiджу гомасэксуальны флiрт ня менш, чым дзейны ў Рэспублiцы акупацыйны рэжым i ягонага кiраўнiка. Пасьля таго «iнтэрвiю» мы з калегам больш не стукаемся каленькамi пад сталом, хоць пры рэдкiх сустрэчах я аддаю маладому чалавеку мой фармальны «дабрыдзень».

Дрыжыкi цела

Нейкi час мы крочылi разам, разам чыталi вершы i нават перапiсвалiся. Ягонае «Добры дзень, Славiк!» кожнага разу пляскала мяне па твары, як атымахай. Я цярпеў. Прасiў яго не называць мяне «Славiкам», але ён быццам ня чуў i рабiў па-свойму. I я iзноў цярпеў. Iншы раз, назiраючы яго ламана-дзявочыя рухi рук, галавы i тулава, я спрабаваў уявiць майго знаёмага ў поўнай армейскай выкладцы на дзесяцiкiлямэтровым маршы, альбо як ён страляе кароткiмi чэргамi з «калашнiкава», альбо як сядзiць за шырмай на парашы, альбо як цалуе жанчыну... Вось апошняе ўявiць было найцяжэй, паколькi майго таварыша апаноўвала не ружовая, а блакiтная мара пра дотык.

Аднойчы мы засталiся начаваць у агульнага знаёмага. Проста заседзелiся да познага, а шукаць таксi, якое асабiста я цярпець не магу, паленавалiся. Так i разьмясьцiлiся: таварыш А. на канапе ў залi, таварыш В. заснуў у суседнiм пакоi. Якое ж было маё нямое зьдзiўленьне, калi сярод ночы я мусiў прачнуцца ад незвычайнага трымценьня пры самым маiм левым баку. Вядома, гэта быў сусед-начлежнiк. Ён увесь аж заходзiўся ад дрыжыкаў, нiбы яго выкiнулi голага на мароз аддаваць Богу душу.

Я хацеў спаць, таму ня стаў доўга разьбiрацца, а проста адкацiўся да сьцяны, ледзь ня ўлiп у яе, i правалiўся ў сон.

А першы раз з жаданьнем таварыша А. я пазнаёмiўся ў яго на кватэры, дзе ён жыве разам з бацькамi. Я быў у гасьцёх у таго, хто называў мяне «Славiкам», мы ўжывалi алькаголь, добра закусвалi, гаварылi пра палiтыку, лiтаратуру, жывапiс i музыку. I менш за ўсё пра жанчын. Неяк ня клеiлася ў майго таварыша размова на тэму фэмiны. Тым разам я застаўся ў яго начаваць. I ледзь толькi задрамалася i паплылi першыя сьненьнi на новым месцы, як дрыготкi шэпт над вухам перарваў мае вiдзiкi. Голас турбаваўся, цi ня холадна мне, яго ўладальнiк спадзяваўся, што я дам станоўчы адказ. Праўда дзеля ягонай жа карысьцi, таварыша А. спасьцiгла горкае расчараваньне. Я хацеў спаць, каб сьнiць, як пазногцiкi любiмай жанчыны ўпiваюцца ў мае плечы i пахне малачаем.

Што зробiш, такая ў мяне ружовая мара — «задушыцца ў белым прасьцiрадле ад радасьцi, што меў яе такую»*.

Поцiск рукi

Як на маю думку, пераважнае ў характары мужчыны можна выявiць праз элемэнтарны поцiск рук пры знаёмстве. Унутрана згрупаваны, валявы мужчына падае руку для поцiску без пасьпешлiвасьцi, але й не вальяжна, падае проста нармальна, з нармальнай падачай мускульнай энэргii ў пальцы i даланi. Вэктарнасьць, цi траекторыя падачы рукi можа мець дапушчэньнi, але ў любым выпадку варта прытрымлiвацца эстэтычна-этычнага стандарту. Калi сустракаюцца два мужчыны прыкладна аднолькавага ўзросту i целаскладу, iхныя рукi ў прывiтальным поцiску павiнны знаходзiцца на ўзроўнi жывата, не нiжэй i не вышэй. Звычайна так i адбываецца. Але ў iндывiдаў з блакiтнай марай i тут назiраецца свой почырк. Амплiтуда хiстаньняў рукi гомасэксуалiста, калi ён спрабуе паздароўкацца, падобная на амплiтуду азёрнай хвалi перад самай бурай, калi па паверхнi вады пралятае першы пробны парыў ветру. Рука яго трымцiць ад пляча да падушачак фалянгаў. Урэшце рэшт у вашу даланю трапляюць чатыры кволыя, бязмоцныя, часта вiльготныя пальцы, адчуўшы якiя, вы рэагуеце на гэткi дотык адэкватна, як на нешта агiднае i непрыстойнае. Пры такiм поцiску адбываецца чыста тактыльны, эпiтэлiяльна-мэханiчны абмен iнфармацыяй. I ўжо нiяк не выпадае гаварыць пра абмен здаровай мужчынскай энэргiяй, якая пры нармальным поцiску рук перадае iнфармацыю пра ўсю iстоту цалкам.

Поцiск рукi — гэта ў беларускай сытуацыi такi ж сымбаль, як i разгорнутае палотнiшча нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга.

Усе мы бачылi, як годна лунаюць нашыя штандары над калёнамi нацыянальна-вызвольнага руху, як бязвольна зьвiсае чырвона-зялёнае над схаднякамi акупантаў.

Мужны, мужчынскi поцiск рук — гэта шлях да перадачы нашай волi i гарту, абарончай i наступальнай энэргii. Поцiск рук — гэта нашая повязь...

Поцiск рук — гэта ня толькi злучэньне дзьвюх далоняў дзьвюх асобаў. Поцiск правай рукi можа суправаджацца рухам левай, калi вы ў сяброўскiм парываньнi перахоплiваеце руку сябра крыху вышэй запясьця. Пры гэтым сяброўскi кантакт набывае яшчэ большую абменную энэргетыку, разьвiваецца пачуцьцё радасьцi ад сустрэчы, альбо пачуцьцё ўдзячнасьцi пры разьвiтаньнi.

Завяршацца поцiск рук можа сяброўскiмi абдымкамi. Пры гэтым вашая правiца працягвае пацiскаць руку сябра, а левая ад запясьця рухаецца ўверх да сяброўскага пляча i згодна з вашымi пачуцьцямi пацiскае яго. Затым вы перахоплiваеце ў левую руку левае плячо сябра, ён робiць рухi, адэкватныя вашым. Вы абнялiся. Далей сцэнар сустрэчы альбо разьвiтаньня можа разьвiвацца, удасканальвацца: вы можаце разьняць далонi, паляпваць адно аднаго па плячах i г. д. Але важнымi ў пляне стандарту зьяўляюцца першыя тры этапы: поцiск, злучэньне далоняў як сымбаль супольнасьцi i ўзаемапавагi; ваша левая рука трымае правую сябра вышэй запясьця (абмен энэргiяй узмацняецца); нарэшце вы пацiснулi яго правае плячо. Вы абодва гатовыя абняцца, вы абдымаецеся i перажываеце катарсыс старажытных Атэнаў i Рыму. Пэрыфэрыя вашай нэрвовай сыстэмы праводзiць калясальную энэргiю. Гэта падобна на тое, як бы вы прынялi ў свае грудзi кулю, якую пасылалi ў вашага сябра. Такi поцiск i такiя абдымкi прымаю, разумею i зрэдчас перажываю сам. Iншае — ганебна i нявартае сапраўднага мужчыны.

Сказанае вышэй ня тычыцца дыпляматаў i палiтыкаў мужчынскага полу, паколькi iхную жарсьць да абдымкаў i цалаваньняў трэба разглядаць у кантэксьце праблемаў прастытуцыi i гетэрызму. А мы гаворым пра тое, цi хочам мы быць нармальнымi мужыкамi, альбо мужыкамi, абутымi ў лапцi савецкасьцi, альбо мужычкамi, якiя i нашым i вашым, альбо дражджамi пэдэрастыi на тле дэмаграфiчнай катастрофы.

Рытарычнае пытаньне

ППРБ прыйшоў як гвалтаўнiк. Ён прыйшоў i згвалцiў Беларусь, а мы не змаглi яму запярэчыць. Мы прайгралi як мужыкi, бо не змаглi заваяваць Беларусь палюбоўна. Яна не далася нам, бо мы былi недастаткова мужнымi. Яна ўбачыла, што мы не гатовыя ўзяць яе, бо мы яшчэ цнатлiвыя, а ёй трэба было вопытных мужчынаў. Шлюбнай ноччу аксамiтнай рэвалюцыi мы пацярпелi фiяска.

Цi не таму нашу ружовую мару мы ўсё часьцей зьмяняем на блакiтную?..

«Полавыя парушэньнi», альбо Да гiсторыi праблемы

У трэцiм томе Беларускай савецкай энцыкляпэдыi, якi быў выдадзены ў 1971 годзе, на старонцы 532 пра гомасэксуалiзм знаходзiм наступнае: «Гомасэксуалiзм, гл. Полавыя ненармальнасьцi». У томе восьмым «БелСЭ» выданьня 1975 году чытаем: «Полавыя парушэньнi, хваробныя адхiленьнi ў полавых узаемаадносiнах людзей.

Найчасьцей П.п. бываюць пры нэрвова-псыхiчных хваробах, эндакрыннай i уралягiчнай паталёгii, прыроджаных пароках полавых органаў, хваробах унутр. органаў. Спрыяе iнтаксыкацыя нiкатынам i алькаголем. (...) Да П.п. адносяць таксама сэксуальныя праяўленьнi, якiя ўзьнiкаюць у неадэкватнай сытуацыi або ад неадпаведных раздражняльнiкаў. Лячэньне комплекснае: псыхатэрапiя, агульнаўмацавальныя сродкi, лякарствы, якiя павышаюць абмен рэчываў i нармалiзуюць вышэйшую нэрвовую дзейнасьць, гармоны».

Як бачым, малавата пра ўласна гомасэксуалiзм i зусiм нiчога пра сацыяльна-крымiнальны аспэкт праблемы. Мiж тым мне цiкава, якiм чынам грамадзтва здольнае забясьпечыць права гомасэксуалiста на адпраўленьне сваiх сэксуальных патрэбаў i маё права грамадзянiна з нармальнай сэксуальнай арыентацыяй быць пазбаўленым неабходнасьцi назiраць практычную рэалiзацыю гомасэксуалiстам сваiх спэцыфiчных правоў? Карацей кажучы, як запабегнуць сацыяльнага канфлiкту?

Крымiнальны кодэкс БССР ад 29 сьнежня 1960 году з папраўкамi па стане на 1 траўня 1994 году адказвае на пытаньне артыкулам 119-м: «Мужалоства, ажыцьцёўленае з прымяненьнем фiзычнага гвалту, пагрозаў альбо ў адносiнах да непаўналетняга, цi з выкарыстаньнем залежнага становiшча пацярпелага, — караецца пазбаўленьнем волi на тэрмiн да васьмi гадоў».

На зары савецкай улады ў СССР быў выкiнуты параграф закону царскiх часоў, якi караў за гомасэксуальныя дзеяньнi. Тады гэты крок надаў вялiкi штуршок сэксуальна-палiтычнага руху Заходняй Эўропы i Амэрыкi. Аднак з разьвiцьцём савецкага грамадзтва ад сацыяльнай рэвалюцыi да масавых рэпрэсiяў 30-х гадоў яно вярнулася i да практыкi перасьледу гомасэксуалiстаў. Бальшавiкi так i ня вырашылi праблемаў полу, яны баялiся сэксуальнай рэвалюцыi. Разам з тым хваля гомасэксуалiзму расла. Сталiнскi рэжым адказаў на гэта масавымi арыштамi гомасэксуалiстаў у Маскве, Ленiнградзе, Харкаве, Адэсе. Арышты абгрунтоўвалiся палiтычнымi прычынамi (забойства Кiрава). Сярод арыштаваных было многа актораў, мастакоў, музыкантаў.

У сакавiку 1934 году быў апублiкаваны закон за подпiсам Калiнiна, якi забараняў i караў полавыя кантакты памiж мужчынамi. Гомасэксуалiзм iзноў трапiў у шэраг сацыяльных злачынстваў.

Вырашальную ролю ў фармаваньнi тагачасных настрояў адыгралi выказваньнi Горкага, якi ў артыкуле «Пралетарскi гуманiзм» пiсаў: «краiне, дзе мужна й пасьпяхова гаспадарыць пралетарыят, гомасэксуалiзм, якi разбэшчвае моладзь, прызнаны сацыяльна злачынным i падлеглым пакараньню, а ў «культурнай» краiне вялiкiх фiлёзафаў, вучоных, музыкантаў (Нямеччына —С.А.) ён дзейнiчае вольна й беспакарана. Ужо склалася саркастычная прыказка: «Зьнiшчыце гомасэксуалiстаў — зьнiкне i фашызм».

Варта адрозьнiваць гомасэксуалiзм ад распусты «ад добрага жыцьця», якi характэрны для рафiнаванай экс-культуры так званых элiтарна-iнтэлiгенцкiх анкляваў буйных гарадоў.

Iснуе i пашыраецца гомасэксуалiзм «не ад добрага жыцьця» сярод арыштантаў у турмах i калёнiях, сярод матросаў на караблях, сярод салдатаў у казармах, якi вынiкае зь недахопу гетэрасэксуальнага полавага кантакту.

Нарэшце, iснуе гомасэксуалiзм як хвароба цела i псыхiкi, пра якi, зрэшты, i сказана ў артыкуле «БелСЭ».

Вядомы вучоны-псыхоляг Вiльгельм Райх у рабоце «Сэксуальная рэвалюцыя» зрабiў наступныя высновы:

«1) гомасэксуалiзм не зьяўляецца сацыяльным злачынствам, ён нiкому не прыносiць шкоды;

2) яго варта абмяжоўваць з дапамогаю стварэньня ўсялякiх перадумоваў натуральнага любоўнага жыцьця масаў;

3) перш чым тая мэта, пра якую гаворыцца ў п.2, будзе дасягнутая, гомасэксуалiзм павiнен разглядацца як спосаб сэксуальнага задавальненьня, раўнапраўны з гетэрасэксуальным, i не падлягаць пакараньню (за выключэньнем выпадкаў спакушэньня асобаў, якiя не дасягнулi полавай сьпеласьцi)».

Неабходныя высновы

Вяртаючыся да «поцiску рук», хачу слабы гомасэксуальны поцiск параўнаць з тым, як неабавязкова i неахайна гучыць расейскае прывiтальнае слоўца «здрасте». Згадзiцеся, прымаць на свой адрас, ды i самому вымаўляць яго — брыдка. Сказаць «здрасте» — як аплявуху даць нiзашто.

А вось сапраўдны мужчынскi поцiск зь беларускiм «Добры дзень!» я параўноўваю. Прыемна пацiснуць мужную i лагодную руку. Прыемна вымавiць: «Добры дзень, сябры! (добрай ночы! добры вечар!)».

Што ж да блакiтнай мары некаторых нашых мужчынаў, то трэба вяртаць ёй нармальны чырвоны колер, колер крывi, якую мы пралiваем толькi аднойчы, — жыватворную кроў, як пiсаў некалi Караткевiч.

Вернемся да нашай мары пра Жанчыну i Беларусь, iх будзем жадаць усёю нашай мужчынскай iстотай. Скажам усьлед за Райхам: няхай сэксуальная патэнцыя, цялесная бадзёрасьць i прыгажосьць будуць пастаяннымi iдэаламi беларускага адраджэньня. Нацыянальна-вызвольнаму руху патрэбны не рабочы вол з шорамi, а бык, патрэбны не каплун, а сокал. Кастраты ня будуць змагарамi за свабоду.

 

* Радок зь верша «Калi жанчына спажывае грушу» (зборнiк вершаў «Зваротныя правакацыi»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0