12.01.1998 / 13:00

Адам Глёбус. Занатоўкi пацыфiста

№ 1 (98) 12 студзеня 1998 г.

Адам Глёбус

Занатоўкi пацыфiста

 

Мусiць я ня першы, хто заўважае, што вайсковую форму вельмi любяць iдыёты. I як сумна, што на вулiцах Менску гэтай формы ўсё болей i болей.

***

Падабенства людзей вайсковых з малымi неразумнымi дзецьмi таксама адзначалася даўно. «Але больш за ўсё яны (вайскоўцы) падобныя да дзяцей, калi пад гукi натхняльнае трубы й вайсковых маршаў радасна кiдаюцца на ворага, не папытаўшыся, за што змагаюцца,» — пiсаў Рюноскэ Акутагава ў «Словах пiгмея».

***

Мая ўласная любоў да войска пачалася й скончылася ў дзесяцiгадовым узросьце, калi ў Койданава прыйшоў з войска ў адпачынак мой дзядзька — Вінак. Я панапрыкручваў на сваю вэльвэтавую зялёную куртку розных зорак i значкоў i з гонарам выхваляўся перад аднагодкамi — во якiя, во якога дзядзьку маю. А празь якiх паўгады Вінак прыехаў у Койданава далечвацца пасьля раненьня, яго ўдарыў на мяжы Фiнляндыi з СССР нейкi бандыт, што ўцёк з турмы, ударыў нажом у жывот. Яшчэ Вінак расказаў, што лавiў i расстрэльваў такiх бандытаў, i стралялi ўсе ў галаву й сэрца, бо спачатку спрабавалi страляць як бы мiма, а з-за гэтага было яшчэ горш, бо даводзiлася дабiваць перабежчыкаў ужо ў дашчаных скрынях, а яны стагналi. I Вінаку нават у Койданаве чулiся тыя стогны. Ад такiх аповядаў у мяне валасы станавiлiся дыбарам i любоў да войска i ўсяго вайсковага выпарвалася ўшчэнт.

***

Ты трываеш iснаваньне камунiстаў i фашыстаў таму, што ня верыш у iх моц i, адпаведна, перамогу. Гэтаксама ты не зьвяртаеш увагi на шавiнiстычныя захады расейскай паваслаўнай царквы. Гэта ворагi пацыфiзму ў мiнулым.

***

Вайсковы патрыятызм вырастае зь нянавiсьцi да суседзяў, а тая нянавiсьць грунтуецца на зайздрасьцi... I варта памятаць: зайздросныя ваяўнiчыя барбары зруйнавалi вялiкi Рым.

***

Патрыёт у сваiх палымяных прамовах апэлюе да пачуцьцяў, да Радзiмы, да крывi. Розум i дух чужыя для патрыёта. На гэтай глебе й сыходзяцца патрыёты з дыктатарамi.

***

Пацыфiсты ня любяць расейскi iмпэрыялiзм за зьнiшчэньне Чачэнii, а трэба не любiць за тое, што iмпэрыялiсты тых чачэнцаў узброiлi i падштурхнулi да вайны.

***

Усялякая мараль сканчаецца ў кропцы, зь якой пачынаецца пошук задавальненьняў сярод пакут жывёлаў, людзей, народаў, краiн...

***

Тыранii характэрная гарачачная iмпульсыўнасьць, пачуцьцёвасьць, безразважнасьць, а яе ўвесь час спрабуюць аналiзаваць з пазыцыяў сьветлага розуму й халоднай лёгiкi.

***

«Усе мы выйшлi з шыняля Гогаля!...» — заўважыў расейскi змрочны бэлетрыст Дастаеўскi. Пачуўшы гэты вядомы сказ, я пачаў углядацца ў шынялi, апетыя расейскiмi лiтаратарамi. Фёдар Дастаеўскi меў рацыю наконт шыняля, але памылiўся ў тым, што расейская культура выйшла з вайсковай апранахi, яна як была ў гэтым строi, так i застаецца ў iм. У шынялi разгульваў па Каўказе Пячорын. Героi Льва Талстога пасьля баляў апраналi шынялi. Унiвэрсальны iмпэрскi шынэль перапоўз з ХIХ ў ХХ стагодзьдзе, i герой Арцыбышава распавядае наступнае: «I хацеў я тады застрэлiцца... Пайшоў ужо браць рэвальвэр — ён у мяне ў кiшэнi шыняля быў, — i раптам прыйшла мне ў галаву думка: можа быць, ёй там будзе кепска, i я чым-небудзь змагу дапамагчы ёй, хоць бы й непрыкметна як-небудзь... Ну, я й перадумаў, толькi ўдарыўся галавою ў шынэль, якi на сьцяне вiсеў, i ўсё гаварыў: «Лiза, Лiзачка!...» Варта зазначыць, што ў расейскай мове «шынэль» — слова жаночага роду, i таму любоў мужчыны да шыняля выглядае ў расейцаў вельмi натуральна, але й жаночыя ўзаемаадносiны з вайсковаю апранахаю гучаць з вуснаў Бунiна досыць пераканаўча: «Дома яна пачала прыбiраць кватэру. У перадпакоi, у плакары, убачыла ягоны (мужаў) стары летнi шынэль, шэры, на чырвонай падкладцы. Яна зьняла яго з плечыкаў, прыцiснула да твару i, прыцiскаючы, села на падлогу, уся торгаючыся ад плачу й крычучы, молячы некага аб лiтасьцi. 26 кастрычнiка 1940». Асаблiва пераконвае дата. Бунiн разам з гераiняю плача па прайгранай былым генэралам Першай сусьветнай i Грамадзянскай вайне, а за вакном ужо разгарнула крылы колеру шыняля Другая сусьветная бойня.

Асабiста я люта ненавiджу шынялi i ўсё зь iмi зьвязанае. На жаль, праблема шыняля — гэта ня толькi цэнтральны вобраз расейскай лiтаратуры апошнiх стагодзьдзяў. Каб зiрнуць шырэй, можна ўбачыць, што ўся эўрапейская раманiстыка зацiснутая памiж шынялём гашакаўскага Швэйка й латамi сэрвантасаўскага Дон Кiхота. I на першы погляд няма нiякай магчымасьцi вырвацца з абдымкаў пустога вайсковага шыняля. Толькi ня варта ўпадаць у адчай, як удава з апавяданьня Бунiна. Трэба проста прызнаць i паверыць... Прызнаць, што ты не выходзiў з шыняля Гогаля, i паверыць, што шэрыя анучы ня маюць анiякай эстэтычнай каштоўнасьцi. А калi ўжо любiш рэчы, апетыя генiяльнымi творцамi, дык лепей усхваляць чаравiкi Ван Гога.

***

Хто жадае мiру, хай рыхтуецца да вайны... Зазначыў старажытнарымскi пiсьменьнiк Вэгецый. Толькi падрыхтоўка да вайны — вайна, а ня мiр, як i ўрачыстае сьвяткаваньне перамогi над ворагамi — працяг вайны.

***

Зьнiшчы грошы — i зьнiкнуць войны... Спадзяваўся старажытнарымскi аратар Квiнтылiян. Дарэмныя спадзяваньнi. Б’юцца, ваююць, забiваюць i за кавалак акрываўленага мяса.

***

Старажытнарымскi паэт Клаўдыян выказаўся наступным чынам пра перамогу: «Сапраўдная перамога толькi тая, калi самi ворагi прызнаюць сябе пераможанымi». А я сумняваюся, што сэрца чалавека, якi падпiсвае капiтуляцыю, пагаджаецца з тым, што робяць розум i рука.

***

Ёсьць клясычнае выказваньне: калi двое б’юцца, трэцi радуецца. А цi не азначае гэта, што калi двое памiрацца — трэцi заплача?

***

Калi становiсься на бок пацыфiстаў, варта помнiць, што вайскоўцы ведаюць старажытнае правiла: у адносiнах да ворагаў усё дазваляецца.

***

Вайскоўцы любяць вайскоўцаў, нават вайскоўцаў варожых дзяржаваў i ненавiдзяць пацыфiстаў, асаблiва сваiх суайчыньнiкаў.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру