Сто твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

 

Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

 

Край, у якiм нарадзiўся мастак, называюць парознаму: Беласточчына, Падляшша, для адных гэта Паўночны Ўсход Польшчы, для iншых — Беларусь... У гэтым краi ёсьць яшчэ меншы, каля самае Белавескае пушчы, куток — Гарадоччына. Невялiкая кропка на мапе. Лясы ды лугi. У старасьвецкiя часы маёмасьць князёў Хадкевiчаў. Тут нарадзiўся Кастусь Калiноўскi. Адсюль у «Нашу Нiву» пiсаў М.Арол, адзiн зь першых паэтаў новага часу, чый рукапiсны зборнiчак дасёньня зьберагаецца ў Вiльнi. Гарадок — радзiма пiсьменьнiка Аляксея Карпюка. Сёньня тут жыве сем з паловаю тысячаў чалавек, беларусаў. Беларуская кропка на мапе. За кардонам... Свой кут i мяжа — неад’емныя складнiкi ўстойлiвага комплексу этнiчных iдэяў на Беласточчыне.

... Па вайне гэты кавалак апынуўся адрэзаным ад астатняй Беларусi. Можна па-рознаму сёньня ацэньваць тое. Але Беласточчына ўсё ж не зазнала саветызацыi, якая сярпом прайшлася па беларускай нiве ў БССР. Засталiся на зямлi гаспадары. Засталася вера. Засталася мова. Цi ня гэта прадвызначыла лёс Тарасэвiча. Нягледзячы на тое, што ў ягоным родным куце не было моцнага беларускага руху, ён усё ж застаўся белай варонаю ў мастацкiм жыцьцi Польшчы. Ён не паляк, ён не каталiк. У Варшаве, як ён сам кажа, Тарасэвiч пачуваецца эмiгрантам. Сюды ён прыяжджае на гадзiну-другую па справах i назад, на бацькаўшчыну...

... Але, паводле гiронii, менавiта ў Варшаве Лявон Тарасэвiч пазнаёмiўся зь беларускiм рухам. Тут ягоную самоту разьвеялi землякi зь iншых кутоў Беласточчыны, з Гайнаўшчыны й Бельшчыны, Юры Туронак, Ян Максiмюк. З часу свайго студэнцтва Тарасэвiч апынуўся ў вiры маладое беларушчыны. Першы часопiс пры царкве, праваслаўнае брацтва, часопiс «Сустрэчы», беластоцкая «Нiва». Не было бадай нiводнае беларускае iнiцыятывы ў Польшчы, дзе б ня браў чыннага ўдзелу малады мастак...

... Гэтак сьвет падзялiўся назаўжды. Варшава, Варшаўская акадэмiя, дзе лунаў вольны дух, дзе прафэсар па два-тры месяцы ня цьвiчыў студэнта, а прасiў толькi вынiкаў, пакiнула ў iм зерне духовае свабоды. «Праз 2-3 месяцы ён прыяжджаў да мяне, альбо я прывозiў работы, стаўлялi пляшку, i гаварылi. Бо кожны мусiць у мастацтве шукаць адказаў сам», — распавядаў пазьней Тарасэвiч. I Беларушчына, малая бацькаўшчына на ўскраiне, праваслаўе, бясконцы колазварот правiнцыйных праблемаў, бясконцыя пошукi тае самае свабоды...

... Беларусь. Першы раз Тарасэвiч пабываў па другi бок кардону ў 88-м. Зьбiраў аскепкi цаглiнаў у Наваградку. Жахнуўся зь Менску. Зьненавiдзеў сацрэалiзм, Савiцкага i «народныя» сцэнiчныя строi. Але не адхiснуўся. Беларусь для мастака гэта тое, што будуе цябе самога, калi ты будуеш сябе. З кожным днём гэта становiцца ўсё больш для яго патрэбным. Менск, Полацак, Вiцебск. Вiльня. Гэта апошняя прыступка Беларусi. Для Тарасэвiча, як i для ягонага земляка Калiноўскага — ад Мастаўлянаў да Вiльнi...

... Ужо ў часы студэнцтва, пасьля заняткаў скрэсьлiваючы стосы абгортачнае паперы, Тарасэвiч ведаў свой шлях. Раскрытыя ў натуру, ягоныя працы не адлюстроўваюць яе мэханiчна, але ствараюць сваю ўласную апрычоную вартасьць. Ляканiзм стылю Тарасэвiча — праграмны. Перадусiм раньнi ягоны стыль — гэта белае й чорнае, а часам... аморфнае тло паковачнай паперы. Рытмы чорных абрысаў, скампанаваных у пэрспэктыве, ствараюць сваё, адчувальную, матэрыяльную, бачную прастору...

... Тарасэвiч увадначасьсе працуе над некалькiмi палотнамi, ствараючы свае рэчы цэлымi нiзкамi. Адна зьмяняецца наступнымi. Першыя нiзкi былi чорна-белыя. Як самая беларуская зiма: рыхлая, захлюпаная, з адлiгай i раптоўным марозам. Гэтак паўставалi ў засьнежанай смузе чорныя дрэвы, ральля праступiлася з-пад сьнегу. Шарыя гадзiны за ваколiцай. Тое, што адчуваеш, калi бачыш. Для Тарасэвiча гэта прынцып: «У мяне штось такога ёсьць за домам: тая бель уваходзiць у чорнае». Чорнае зь белым праз мастака становяцца зямнымi вобразамi, даведзенымi да архетыпiчнага сымбалiзму, дзе кожны адкрые для сябе тое, чаго чакае. Польская публiцыстка, мастацтвазнавец Анда Ротэнбэрг гэтак апiсала сваё знаёмства з жывапiсам Тарасэвiча: «Першы раз пабачыла карцiну Лявона на выставе ў касьцёле ў Варшаве, хiба ў 1984 годзе. Уласна дзьве карцiны. Абедзьве выяўлялi чорныя, бязь лiсьця галiны дрэваў на тле белае пусткi. Магла то быць зiма. Альбо нiшто.

Я запомнiла тую выставу, можа з-за тых дзьвюх карцiнаў. А можа з прычыны iх ляпiдарнае датасаванасьцi да настрою трэцяй «ваеннай» зiмы...» Яшчэ крыху ўяўленьня i можна сабе ўявiць, што Тарасэвiч пэйзажам пратэставаў супраць ваеннага становiшча ў Польшчы, альбо адлюстраваў сваю трывогу за лёс беларускай нацыi. У 1992 годзе, калi мастак быў у рэдакцыi «НН» у Вiльнi, ён казаў: «Бессэнсоўна дашуквацца, што мастак хацеў сказаць i кожную рэч вытлумачыць... Каб было магчыма, я б тлумачыў, а не маляваў. А я малюю, нават подпiсаў нiякiх не раблю, каб толькi гэтай мовай валодаць».

... Адкрылася выйсьце ў сьвет сьвятла... За чорна-белымi нiзкамi пачынаецца новы экспэрымэнт. Элемэнтарныя кампазыцыi плямаў, пакладзеных у адмыслова важкiя, канфлiктныя спалучэньнi, мусiлi раскрываць не самое сьвятло, а таямнiцу ягонага нараджэньня...

... Беларускасьць. Паводле Тарасэвiча «нацыянальнага мастацтва» ня йснуе наогул. Маўляў, гэта толькi частка дзяржаўнае прапаганды. А «нацыянальнае» выяўляецца толькi ў сэнсе адрасу, дзе мастак стаў мастаком, тае зямлi й тых пачуцьцяў, якiя яго сфармавалi. Таму ў гэтым сэнсе няма розьнiцы, кiм ёсьць мастак паводле крывi, а ў тым, дзе (альбо праз што) ён ствараў... Тарасэвiч пiсаў падчас падарожжаў у Iзраiль, альбо ў Нью-Мэхiка. Пад уплывамi прыроды гэтых далёкiх краёў пякучага сьвятла для яго прачынiлiся новыя тайны трансфармацыяў колеру. Колеру, якi праменiць. Гэта жоўты. Але ад гэтага знёмства з перасычаным сьвятлом мастак не перастаў усё ж быць тым, кiм быў. Песьняром паветра гарадоцкiх ваколiцаў. Зацятым нонканфармiстам. Дзеячом беларускае нацыянальнае меншасьцi ў Польшчы, якому цiкавей пасядзець пару гадзiнаў на вакзале, чым у тэатры...

У 1986 годзе творы Тарасэвiча пабачылi ў Iталii, Швэцыi, Брытанii. Слава маладога мастака набiрала хаду. У гэты год ён стварае свой чарговы твор бяз назвы, якi стаў падсумаваньнем таго, што ён шукаў яшчэ студэнтам. Цi ёсьць назва, цi не, алюзiя на прыцярушанае сьнегам ворыва расчытваецца лёгка любым гледачом. Нават сам маштаб нагадвае пра брутальную рэчаiснасьць, якая стала правобразам самага чыстага й сьветлага з чалавечых словаў — Зямля.

Тарасэвiч, шукаючы ў прыродзе ўнiвэрсальных матываў, надае iм чыста мастацкi сэнс. Разаранае поле становiцца ўвадначасьсе i архаiчным сымбалем i абсалютнай гармонiяй, якую нясе у сабе энэргiчны рытм разораў.

Барозны сыходзяцца ў даляглядзе, бязьмерна далёка за краем палатна. Дзе? Ад гэтага кута i мо за кардонам?...

Анда Ротэнбэрг у каталёзе нямецка-польскай мастацкай акцыi «Dialog» у 1989 г. анансавала творчасьць Тарасэвiча гэтак: «Уласна ўсе карцiны Лявона ёсьць пэйзажамi. Можна сказаць больш: гэта пэйзажы раўнiны, якiя месцам нараджэньня й жыцьця аўтара прывязаныя да ваколiц вёскi Валiлы, а шырэй — да абшару, якi мае шмат геаграфiчных назваў, такiх як Падляшша, Беласточчына, Беларусь... Сапраўды гэта могуць быць пэйзажы шмат якiх мясцовасьцяў у той геаграфiчнай шыраце. I нiводнага канкрэтнага».

Сяргей Харэўскi

 

У папярэднiх нумарах
прадстаўленыя творы:

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск, лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах


Лявон Тарасэвiч (1957, Валiлы, Беласточчына) жывапiсец, графiк. Мастацкую адукацыю атрымаў у Варшаве, у Польскай Акадэмii Мастацтваў, дзе вучыўся з 1979 да 1984 г. Займаўся ў майстэрнi прафэсара Тадэвуша Дамiнiка. Жыве i працуе ў вёсцы Валiлы, што на Беласточчыне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0