КГБ па-нямецку: Штазi

Цяпер, пасьля вяртаньня зь Нюрнбэргу, я ведаю, як выглядае жах катаў.

 

Аляксандар Лукашук

 

... Сьветлы пакой, два сталы, на кожным — сотнi шматкоў iрванай паперы. Чалавек бярэ кавалачкi, сартуе iх паводле гатунку паперы, машынапiсу, почырку, колеру ў невялiкiя купкi, пасьля прыкладае адзiн да аднаго, шукае супадзеньня краёў, нарошчвае суцэльную плошчу, часам пакiдаючы дзiркi, пакуль з ашмяткаў не вырастае найвышэйшае дасягненьне цывiлiзацыi — аркуш з тэкстам.

Так у ваколiцах Нюрнбэргу паўсотнi архiвiстаў ужо два гады рэстаўруюць сакрэтныя дакумэнты мiнiстэрства дзяржбясьпекi ГДР, якiя пасьля падзеньня Бэрлiнскай сьцяны нямецкiя чэкiсты лiхаманкава iрвалi на шматкi.

Калi ў студзенi 1990 дэманстранты ўварвалiся ў Бэрлiнскую Лубянку, яны знайшлi 17 тысячаў акуратна запакаваных мяхоў iрванай паперы. Гэта каля ста мiльёнаў старонак даносаў, рапартаў, фатаздымкаў, вiдэа i аўдыёзапiсаў.

 

Што ў iменi

Назва ўсходненямецкага мiнiстэрства дзяржаўнай бясьпекi для беларускага вуха гучыць амаль як дзявочае iмя, — Штазi. Гэта было самае ненавiснае iмя для адных немцаў; другiя iм ганарылiся, трэцiя пагарджалi i ўсе, у тым лiку члены палiтбюро — баялiся.

Хросным бацькам Штазi, як i iншых усходнеэўрапэйскiх сакрэтных службаў, быў Лаўрэнцi Берыя. Першыя дзесяцiгоддзi Штазi працавала пад дыктоўку савецкiх дарадцаў. Пазьней Штазi пачала дзейнiчаць больш самастойна, а ў 80-я гады ёй нават аддавалi перавагу перад КГБ: Штазi была лепш арганiзаваная, яна надзвычай эфэктыўна кантралявала нямецкае грамадзтва i вельмi пасьпяхова працавала на Захадзе. Сотнi расстраляных ля Бэрлiнскай сьцяны, падтрымка тэрарыстычных арганiзацыяў i арганiзацыя забойстваў у Нямеччыне i за мяжой, палiвязьнi, змарнаваныя чалавечыя лёсы, растаптаныя душы — гэты рахунак аднолькавы для ўсiх сакрэтных службаў таталiтарных грамадзтваў.

Кiраўнiком, iдэолягам i арганiзатарам рэпрэсiяў i дыктатуры ў сацыялiстычных краiнах Усходняй Эўропы былi камунiстычныя партыi. Аднак сакрэтныя службы зьяўлялiся ня проста iх неадухоўленым iнструмэнтам, — iх нездарма называлi органамi, г.зн. арганiчнай, неад’емнай часткай цэлага. Немагчыма правесьцi падзел, дзе канчаецца юрыдычная i маральная адказнасьць кампартыi i пачынаецца адказнасьць тайнай палiцыi. Паняцьце злачыннага загаду i злачыннай арганiзацыi, выпрацаванае на Нюрнбэрскiм трыбунале, вызначае агульны юрыдычны фон праблемы. Штазi была ўвасабленьнем сыстэмы: яны разам усталёўвывалiся, мацьнелi, пашыралiся — i разам сканалi. Нязьменны кiраўнiк Штазi ад 1971 году Эрых Мiльке выступiў 13 лiстапада 1989 году ў парлямэнце з апраўданьнем сваёй мiсii:

— Мы прадстаўляем iнтарэсы рабочага чалавека. Гэта была галоўная задача, ускладзеная на нас парлямэнтам, i мы яе заўсёды iмкнулiся выконваць. Гэтага не заўсёды было лёгка дасягнуць, даводзiлася працаваць у цяжкiх умовах. I усё ж, таварышы! Шаноўныя члены парлямэнту! Мы падтрымлiвалi надзвычай цесны кантакт з працоўнымi.

Замест аплядысмэнтаў грымнуў сьмех. Усе ведалi, пра якi «цесны кантакт з працоўнымi» гаварыў Мiльке. Праз чатыры днi пасьля падзеньня Бэрлiнскай сьцяны немцы сьмяялiся над чалавекам, якога больш за ўсiх баялiся i ненавiдзелi ва Ўсходняй Нямеччыне.

Нямецкiя ўлады i розныя незалежныя арганiзацыi падыйшлi да дзейнасьцi Штазi гэтаксама як да нацысцкага мiнулага: было вырашана адкрыць як мага болей iнфармацыi шырокаму грамадзтву, уцягнуць людзей у гэты працэс. (Гэта досьвед апошняй трацiны стагодзьдзя. Адразу пасьля вайны пра мiнулае ў Нямеччыне не гаварылi, яго iмкнулiся забыць, спрабавалi жыць, як быццам яго не было. Многiя ў Нямеччыне лiчаць, што працэс дэнацыфiкацыi даў вынiкi толькi ў 70-я гады, калi аднавiлася публiчная дыскусiя пра часы нацызму).

У канцы 1991 году Бундэстаг прыняў «Акт аб дакумэнтах мiнiстэрства дзяржбясьпекі», якi вызначыў накiрункi працы. Была ўведзеная пасада Фэдэральнага камiсара Архiваў дзяржаўнай службы бясьпекi былой ГДР, якую ўзначалiў вядомы ў ГДР пастар Ёхiм Гаўк. Штат камiсii склаў 3.200 чалавек — архiвiстаў, дасьледчыкаў, юрыстаў. Аддзел архiваў камiсii займаецца захаваньнем i апрацоўкай дакумэнтацыi. Праз Iнфармацыйны аддзел ахвяры маюць доступ да сваiх справаў, сюды адрасуюцца запыты судоў i iншых дзяржаўных установаў. У адукацыйна-дасьледчым аддзеле вывучаюць структуру, мэтады, апэратыўную дзейнасьць Штазi.

За апошнiя восем гадоў пабачылi сьвет дзясяткi кнiг, ад афiцыйных публiкацыяў дакумэнтаў, журналiсцкiх расьсьледаваньняў i акадэмiчных манаграфiяў да мэмуараў усходнiх немцаў (як ахвяраў, гэтак i калябарантаў Штазi). Сёньня агульная колькасьць публiкацыяў i кнiжных выданьняў на гэтую тэму вымяраецца тысячамi назоваў.

Тым ня менш, у Нямеччыне лiчаць, што апрацоўка дакумэнтаў Штазi ўсё яшчэ ў пачатковай стадыi. За камунiстычным часам у архiвах Штазi, раскiданых па ўсёй Усходняй Нямеччыне, былi сабраныя ня тысячы, а мiльёны дакумэнтаў. Нямецкi пiсьменьнiк-дысыдэнт Стэфан Гэйм адзначыў з гэтае нагоды: «Наўрад цi калi-небудзь якi-небудзь гiстарычны пэрыяд быў так шырока i дасканала дакумэнтаваны, як сорак гадоў ГДР яе сакрэтнай палiцыяй».

 

Iнвэнтар сацбудаўнiцтва

... Тут, у нюрнбэрскiм архiве асаблiва востра адчуваеш, што папера ёсьць прадуктам культуры, якi ня так проста зьнiшчыць. Дакумэнты палiлi, кiдалi ў паперадрабiлкi, але магутнасьцяў не хапала, i стала ясна, што ўсе тэксты не спалiць, не ператрушчыць, не разьвеяць па ветры — час Штазi катастрафiчна скарачаўся. I тады прыйшоў загад — iрваць.

Попел, як i старонкi, прапушчаныя праз папераздрабняльныя машыны, не падлягаюць аднаўленьню. Аднак чалавечыя рукi, нават калi гэта рукi гэбiстаў, ня надта дасканалыя ў справе зьнiшчэньня сьлядоў — парванае можна склеiць. Такiх рукатворных абрыўкаў набралася 5.650 мяхоў. А адзiн мех набiвалi каля 6000 старонак дакумэнтаў.

Памеры Штазi даюць пэўнае ўяўленьне пра маштаб задачаў гiсторыкаў. Бюджэт ГДР у апошнi год яе iснаваньня выдаткаваў Штазi 3,6 мiльярды марак, або 1,3% нацыянальнага бюджэту. У гэтым жа годзе Штазi праводзiла iнвэнтарызацыю. Паводле яе, Штазi мела: 18.000 кватэраў, 1.262 офiсы, 1.181 сакрэтную навучальную базу i схованку, 14 гатэляў, 305 дамоў адпачынку, 99 спартовых комплексаў, 67 мясцовых камандных пунктаў i пунктаў сувязi, уласны шпiталь i рэабiлiтацыйны цэнтар ва Ўсходнiм Бэрлiне.

Штазi належала 12.093 аўтамабiлi, 5.450 грузавiкоў i аўтобусаў, 124.504 рэвальвэры i пiсталеты, 76.592 аўтаматы, 3.611 снайпэрскiя вiнтоўкi, 1.215 кулямётаў, 3.537 адзiнак супрацьтанкавых узбраеньняў.

У гэтым сьпiсе няма самалётаў, верталётаў, падводных лодак i баявых караблёў, але Штазi, безумоўна, мела доступ i магла карыстацца ўсiмi наяўнымi ў краiне сродкамi барацьбы за сацыялiзм.

Прыведзены пералiк — толькi жалеза, як на кампутарным жаргоне называюць мэханiчную частку кампутара. Прыводзяць у дзеяньне, запускаюць, ажыўляюць усе органы таталiтарнага цмока людзi — iх называюць «кадры».

 

Пiрамiда НС

... Я хадзiў па калiдорах архiву, гутарыў з супрацоўнiкамi, разглядаў шматкi з тэкстамi i нават нотамi, паспрабаваў падняць адзiн мех: ён важыў каля пуду. Мне патлумачылi, што вага залежыць ад таго, як старанна парваная папера: чым драбней, тым цяжэй. Ёсьць старонкi, парваныя проста напалам, ёсьць — на дзясяткi шматкоў. Рэкорд — аркуш, склеены з 98 абрыўкаў. Я спытаўся, што было на тым аркушы, чаму яго iрвалi так старанна, мэтадычна, карпатлiва, чаму так не хацелi, каб яго пабачыла чужое вока, што хавалi i чаго баялiся больш за ўсё?

Гэта быў сьпiс, сказалi мне, два з паловай дзясяткi прозьвiшчаў.

— Якiх прозьвiшчаў? — спытаўся я.

— «эНэСаў» — быў адказ.

Паводле дакумэнтаў, у Штазi налiчвалася каля 91 тысячы штатных супрацоўнiкаў. Яны працавалi ў цэнтральным апараце ў Бэрлiне, у пятнаццацi рэгiянальных цэнтрах i ў некалькiх сотнях мясцовых кантораў Штазi. Гэта кадравыя афiцэры i унтэрафiцэры, службоўцы, для якiх Штазi была афiцыйнам месцам працы.

Iх вачыма, рукамi, вушамi былi «IM» — так ў нямецкай мове гучыць скарачэньне «неафiцыйны супрацоўнiк» (эНэС), як называлi агентаў у ГДР. Паводле адных крынiцаў, 109 тысячаў немцаў шпiёнiлi за суграмадзянамi на час падзеньня Бэрлiнскай сьцяны, iншыя прыводзяць лiчбу ў 180 тысячаў — 1% насельнiцтва. (У друку сустракаецца i лiчба 300 тысячаў.)

НСы перадавалi свае данясеньнi прыкладна 12 тысячам штатных супрацоўнiкаў. На аднаго афiцэра прыпадала каля 12 эНэСаў на раённым узроўнi i каля 3-5 на больш высокiм ўзроўнi ўправаў.

Апроч эНэСаў, iснавалi так званыя «агульныя супрацоўнiкi», АэСы, якiя давалi толькi падпiску аб неразгалошваньнi. Iнструкцыi Штазi вызначалi розьнiцу памiж гэтымi дзьвюма катэгорыямi агентаў наступным чынам: «АэСы звычайна дзейнiчаюць зь меншай сакрэтнасьцю, чым эНэСы». Паколькi кантакты з АэСамi звычайна не дакумэнтавалiся, дакладнай iнфармацыi пра тое, колькi нямецкiх грамадзянаў мела сувязь са Штазi ў такой форме, не iснуе.

Пасьля вярбоўкi эНэС мусiў падпiсаць афiцыйную заяву, у якой браў абавязак заўсёды падтрымлiваць Штазi, нават у справах супраць сваякоў i блiзкiх сяброў.

Прыкладна палова эНэСаў працавала пад кiраўнiцтвам цэнтральнага апарату, а другая палова — на мясцовыя фiлii Штазi. Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, эНэСаў выбiрала сама Штазi, дабраахвотнiкаў амаль не прымалi. Штазi перш за ўсё цiкавiлi асобы, найбольш карысныя зь яе пункту гледжаньня, зусiм не абавязкова найбольш палiтычна лаяльныя. Каштоўнага кандыдата часам вырошчвалi на працягу некалькiх гадоў. У падручнiках Штазi згадваюцца тры асноўныя вэрбовачныя тэхналёгii: апэляцыя да палiтычных i iдэалягiчных перакананьняў; прапанова фiнансавых альбо iншых выгодаў; у якасьцi апошняга сродку — шантаж.

Для параўнаньня: у 1989 годзе, пасьля краху ўлады КПСС у Лiтве, у Вiльнi апублiкавалi некаторыя сакрэтныя дакумэнты КГБ, у iх лiку iнструкцыi, фармуляры, анкеты. Стандартная анкета агента-асьведамляльнiка складалася з 29 параграфаў. Апроч бiяграфiчных зьвестак, афiцэр-вэрбоўшчык, якi запаўняў анкету, мусiў напiсаць адказы на шэраг пытаньняў, у тым лiку падрабязна выкласьцi мэту вэрбоўкi. Аднак, паколькi справа была пастаўленая на паток, дык для зручнасьцi ў падрадкоўнiку дробным шрыфтам прыводзiлiся тыповыя адказы. Параграф нумар 23 «Завэрбаваны» прадугледжваў наступныя варыянты працягу: «на патрыятычнай глебе, з выкарыстаньнем кампраматэрыялаў, з варожага асяродку». Пытаньне нумар 24 «Супрацоўнiчаць пагадзiўся», паводле досьведу КГБ, мела такiя верагодныя адказы: «ахвотна, хiстаўся, пасьля доўгага перакананьня, паставiў умовы i г.д.». У наступнай графе адзначалiся «каштоўныя асабiстыя якасьцi» агента: «памяць, назiральнасьць, аналiтычныя здольнасьцi, здольнасьць уваходзiць у давер, фiзычная сiла, валявыя якасьцi, здольнасьць да пераўвасабленьня i г.д.» Далей у анкеце iшло пытаньне «Якiя мае спэцыфiчныя магчымасьцi». Падрадкоўнiк прыводзiў некаторыя зь iх: «выезды ў iншыя раёны, наведаньне прыватных кватэраў паводле характару працы, мае лецiшча, уласную аўтамашыну, умее вадзiць аўтатранспарт i iнш.» Пытаньне нумар 27 фiксавала «асабiстыя iнтарэсы, зацiкаўленьнi i схiльнасьцi», сярод iх «спорт, паляваньне, музыка, мастацтва, зьбiраньне калекцыяў, турызм, радыёаматар, кiнафотааматар, аматар гульнi ў карты i iншых азартных забаваў». Перадапошняе пытаньне ацэньвала «надзейнасьць агента». Трэба было адзначыць, цi агент «правераны праз агентуру, з выкарыстаньнем апэратыўна-тэхнiчных сродкаў i iнш. вынiкi праверкі» Завяршала анкету фактычна яшчэ адна анкета «Зьвесткi пра асабiстыя сувязi, якiя маюць апэратыўную цiкавасьць». Сюды заносiлiся iмёны, адрасы, прафэсii знаёмых новасьпечанага агента i зьвесткi пра iх, якiя «заслугоўваюць апэратыўнай увагі».

Iдэалiсты ўзначальваюць сакрэтныя службы ў таталiтарных дзяржавах толькi на пачатку iх дзейнасьцi. Iм на зьмену прыходзяць садысты-каты i цынiкi-прагматыкi. Штазi вызначала iмкненьне да найбольшай магчымай эфэктыўнасьцi. Дзеля гэтага ўсе эНэСы былi падзеленыя на шэсьць асноўных катэгорыяў.

Найбольш агульным быў «неафiцыйны супрацоўнiк дзеля пранiкненьня i забесьпячэньня зоны адказнасьцi». Звычайна такiя эНэСы зьбiралi рознаплянавую iнфармацыю i сачылi за пэўнай групай людзей, часта на працы. Усё, што заслугоўвала ўвагi, эНэС паведамляў свайму непасрэднаму начальству, у бальшынi выпадкаў «неафiцыйнаму супрацоўнiку-кiраўнiку iншых неафiцыйных супрацоўнiкаў».

Часам Штазi iмкнулася завэрбаваць агента з блiзкiх знаёмых якога-небудзь вядомага дысыдэнта. У такiм выпадку эНэС атрымлiваў павышэньне i клясыфiкаваўся як «неафiцыйны абарончы супрацоўнiк з сувязямi з ворагам i/альбо беспасярэдным уплывам на асобаў, якiя падазраюцца ў варожай дзейнасьцi». Яшчэ адзiн кшталт — «эНэС для бясьпекi кансьпiратыўнай дзейнасьцi i сувязi». Гэтыя эНэСы мусiлi быць у любы час гатовыя знайсьцi транспарт i прытулак для правядзеньня сакрэтных апэрацыяў Штазi.

Больш рэдка сустракаецца «эНэС для спэцыяльных заданьняў» — асоба, якая займае важную пасаду альбо валодае дасьведчанасьцю экспэрта, да якой зьвяртаюцца па кансультацыю альбо дапамогу ў правядзеньнi асаблiва важнай апэрацыi. У надзвычайных выпадках у якасьцi «эНэСа цэнтральнай управы» выкарыстоўваўся кадравы супрацоўнiк Штазi.

Колькасьць эНэСаў у кожнай з названых катэгорыяў зьмяншалася паводле важнасьцi, уся структура нагадвала пiрамiду, дзе самыя каштоўныя супрацоўнiкi месьцiлiся блiжэй да верху. Калi ў нiжэйшых клясах лiчбы эНэСаў незадакумэнтаваныя, дык дакладна вядома, што на канец 1989 году ў Штазi налiчвалася 3.030 так званых «афiцэраў для спэцзаданьняў». Iх вызначала высокая прафэсiйная падрыхтоўка i лаяльнасьць да сацыялiстычнай дзяржавы, яны займалi ўсе ключавыя пасады ў дзяржаўных установах ГДР i нярэдка дакладалi наўпрост кiраўнiцтву Штазi. Пiрамiду вянчала элiтная катэгорыя — каля ста «невядомых супрацоўнiкаў» — шпiёны за шпiёнамi, якiя сачылi за iншымi эНэСамi.

 

180 км чытаньня

... У архiўных пакоях, дзе iдзе працэс аднаўленьня мiнулага тайнай палiцыi, усё зьнешне вельмi проста i звычайна. Стаяць кававаркi i кубачкi для гарбаты, на сьценах вiсяць фатаграфii членаў сям’i цi папулярных актораў. На палiцах — пакункi спэцыяльнай празрыстай стужкi для склейкi. У адной катушцы — 50 мэтраў паласы шырынёй два сантымэтры.

— Што гэта ў вас за графiкi — зьвярнуў я ўвагу на разгалiнаваны каляндар студзеня зь нейкiмi лiчбамi насупраць датаў, якi вiсеў ля ўваходу.

— Паказчыкi, колькi аркушаў удалося аднавiць за дзень, — патлумачылi мне. Лiчбы сьведчылi пра прадукцыйнасьць працы: 3, 9, 8, 0, 0, 8, 6...

— Бывалi тыднi, калi не маглi скласьцi нiводнага аркуша. Бывала, складалi некалькi дзясяткаў за дзень. Як пашанцуе зь мехам...

У сярэднiм аднаму архiвiсту патрабуецца на аднаўленьне аднаго мяха каля трох месяцаў.

Iнфармацыю звычайна вымяраюць байтамi, колькасьцю словаў, радкоў, старонак, кнiг. Нямецкi вопыт даў новую адзiнку: кiлямэтра-мяхi. У цэнтральнай архiўнай управе Штазi ў Бэрлiне тэчкi са справамi запоўнiлi палiцы агульнай даўжынёй 100 кiлямэтраў. У пятнаццацi акруговых архiвах палiцы цягнулiся яшчэ на 78 кiлямэтраў. Гэта дарога ад Менску да Вiльнi.

Паводле ацэнак, гэтая калекцыя налiчвае больш за паўтара мiльярды старонак. Апроч таго, у Бэрлiне ў кампутарызаваным архiве захоўвалася 6 мiльёнаў iндывiдуальных бiяграфiчных даведак на ўсходнiх немцаў i замежнiкаў.

Сюды трэба дадаць i тыя 17.000 мяхоў рэзанай ды iрванай паперы, якiя знайшлi дэманстранты, калi 15 студзеня 1990 году ўварвалiся ў будынак Штазi ва ўсходнiм Бэрлiне. Гэта каля ста мiльёнаў старонак даносаў, рапартаў, фатаздымкаў, вiдэа i аўдыёзапiсаў. Перад гэтым з комплексу будынкаў Штазi тыднямi разносiўся пах паленай паперы.

Прыкладна трацiна зьнiшчаных, але адноўленых дакумэнтаў — матэрыялы сачэньня за актывiстамi-дэмакратамi i царкоўнымi дзеячамi ў 80-я гады, але сустракаюцца i матэрыялы на перабежчыкаў, якiя загiнулi пад час пераходу Бэрлiнскай сьцяны яшчэ на пачатку 60-х гадоў.

У 1992 годзе у Бэрлiне выйшла кнiга «Чытаючы нашыя справы: падручнiк для вывучэньня тэчак Штазi». У ёй аналiзуецца парадак i арганiзацыя дзейнасьцi Штазi, у тым лiку тры асноўныя апэратыўныя працэдуры. Першая i самая масавая — так званая «праверка дабранадзейнасьцi». Яе мэта — спраўдзiць, цi можна даверыць той цi iншай асобе намэнклятурную пасаду.

Другая ступень — «апэратыўная асабiстая праверка», якую праводзiлi, калi чалавека падазравалi ў «нармальнай» крымiнальнай альбо палiтычнай, дысыдэнцкай дзейнасьцi. У такiм выпадку Штазi, апроч вывучэньня дакумэнтаў i бiяграфii, працавала са знаёмымi i калегамi аб’екта праверкi дзеля збору дадатковай iнфармацыi. Cамай пiльнай акцыяй, з прыцягненьнем вялiкай колькасьцi супрацоўнiкаў i тэхнiчных рэсурсаў, былi так званыя «апэратыўныя захады». Да iх зьвярталiся, калi Штазi знаходзiла прыкметы дзейнасьцi «варожа-нэгатыўных сiлаў» крымiнальнага альбо дысыдэнцкага кшталту.

Гэтыя апэрацыi парушалi тайну перапiскi i сувязi, гарантаваныя сацыялiстычнай канстытуцыяй ГДР. Пэрлюстрацыяй пошты займалiся спэцыяльныя службы мясцовых аддзяленьняў сувязi. Архiвы сьведчаць, што, у залежнасьцi ад пiльнасьцi мясцовых уладаў, у 80-я гады ў ГДР пераглядалася ад 1 да 5% ўсёй пошты.

Тэлефоны праслухвала так званая Управа 26. Ва Ўправе 26 у 1989 годзе працавала 1.486 чалавек, якiя маглi адначасова праслухоўваць 3.780 мiжгародных тэлефонных размоваў i кантраляваць 50 лiнiяў тэлексу. Поўныя магутнасьцi выкарыстоўвалiся ня часта, напрыклад, пад час правядзеньня Лейпцыгскага кiрмашу; звычайна Ўправа праслухоўвала i запiсвала ад 1000 да 2000 званкоў у кожны дадзены момант.

Прыкладна палова ўсiх заявак на праслухоўваньне паступала ад 2-й Цэнтральнай Управы — усходненямецкай контрвыведкi. 20% складалi размовы дысыдэнтаў i супрацоўнiкаў ключавых дзяржаўных установаў — гэта былi клiенты 20-й
Цэнтральнай Управы. 18-я Цэнтральная Ўправа каардынавала барацьбу супраць эканамiчнай злачыннасьцi; у яе iнтарэсах кантралявалася каля 15% агульнай колькасьцi падслуханых перамоваў.

 

Адкрытыя дзьверы

... У нюрнбэрскiм архiве як агню баяцца скразьнякоў. Лёгкi ветрык з аддчыненай форткi можа зьвесьцi на нiшто плён шматгадзiннай працы. Успырхнуць i апусьцяцца на стол i падлогу адсартаваныя пялёсткi паперы — i пачынай усё спачатку. Адмысловая група кампутаршчыкаў у Франкфурце працавала над праграмай, якая дапамагла б аўтаматызаваць працэс пошуку i складаньня аркушу з абрыўкаў рознай формы. Кампутарнае рашэньне было знойдзенае: сканэр запамiнаў форму абрыўка, нумараваў яго, спэцыяльная праграма супастаўляла з абрысамi ўсiх iншых i давала каманду: вазьмiце шматок нумар 53749 i прыкладзiце зьнiзу да шматка 1092.

— Вы ўяўляеце плошчу, на якой трэба раскласьцi, да таго ж па па-парадку, усе абрыўкi? I колькi часу трэба, каб перад тым кожны зь iх пранумараваць? I дзе ставiць нумар, калi тэкст з двух бакоў? — адказалi мне пытаньнямi на маё пытаньне — чаму праца не кампутарызаваная. Вяртаньне гiсторыi, як i рэстаўрацыя карцiнаў старых майстроў — ручная праца.

Паводле ацэнкi нямецкага гiсторыка Клаўса Хэнке, якi ўзначалiў Аддзел адукацыi i дасьледаваньняў Фэдэральнай камiсii архiваў дзяржбясьпекi, дакумэнты Штазi вартыя даверу як крынiцы iнфармацыi. У Штазi iснаваў уласны мэханiзм спраўджаньня iнфармацыi; дакумэнты Штазi значна менш iдэалягiзаваныя, чым матэрыялы партыi. I хаця гэта не азначае, што ў дакумэнтах Штазi ўтрымлiваецца толькi праўда, бязь iх немагчыма зразумець гiсторыю ГДР. I ня толькi ГДР — у архiвах Штазi зараз актыўна працуюць дасьледчыкi зь iншых усходнеэўрапейскiх краiнаў, больш за ўсё з Польшчы, Чэхii i Вугоршчыны.

Фiнансава-матэрыяльны аспэкт праблемы — захаваньне i апрацоўка архiву — аказаўся, ва ўмовах ГДР, найлягчэйшым. Цяжэй было разабрацца з комплексам юрыдычных, палiтычных i этычных праблемаў. Спачатку думкi рэзка падзялiлiся: шмат хто заклiкаў зьнiшчыць усе дакумэнты Штазi. Маўляў, дакумэнты, якiя кампрамэтуюць былых «неафiцыйных супрацоўнiкаў» будуць пагрозай палiтычнай стабiльнасьцi Ўсходняй Нямеччыны. Будзе надоўга падарваны давер да дзяржаўных i грамадзкiх iнстытутаў, напрыклад, да царквы. Апроч таго, у пэўных выпадках, нягледзячы на вялiкую колькасьць дакумэнтаў, надзвычай цяжка даць маральныя ацэнкi.

Другi аргумэнт — пагроза парушэньня правоў асобы, бо няможна было выключыць, што канфiдэнцыйная iнфармацыя патрапiць у прэсу. Сярод архiўных дакумэнтаў — даносы пра асабiстае жыцьцё дысыдэнтаў, алiмпiйскiх чэмпiёнаў, турыстаў, якiя выяжджалi на Захад. Сустракаюцца даносы мужоў на жонак, падлеткаў з царкоўных гурткоў на сваiх пастыраў, эНэСы iнфармавалi Штазi пра сэксуальныя адхiленьнi аб’ектаў сачэньня, прычым некаторыя з ахвяраў былi iх партнэрамi. Падобная iнфармацыя ў прэсе, безумоўна, парушала б канстытуцыйнае права асобы на прыватнае жыцьцё. На гэтых меркаваньнях грунтавалася пастанова сьцерцi 6 мiльёнаў бiяграфiчных даведак ў кампутары Штазi ўвесну 1990: пакiнулi толькi адзiн асобнiк раздрукаванага тэксту.

Аднак у спрэчцы «захаваць-зьнiшчыць» перамог погляд на архiвы як на частку агульнай культурнай спадчыны. Праз год пасьля аб’яднаньня нямецкiя палiтыкi пагадзiлiся адносна формулы, якая гарантавала правы асобных грамадзянаў i адначасна забясьпечвала захаванасьць архiваў Штазi для будучынi. Паводле закону ад 20 сьнежня 1991 году, наглядаць за дакумэнтамi Штазi даручана Фэдэральнаму камiсару архiваў дзяржаўнай службы бясьпекi былой ГДР.

Архiўныя працэдуры досыць простыя. Пасьля студзеня 1992 году любы чалавек, згаданы ў дакумэнтах Штазi, у тым лiку iншаземец, мае права азнаёмiцца з дакумэнтамi, якiя яго тычацца. Пасьля атрыманьня пiсьмовага звароту, ведамства Ёхiма Гаўка ўдакладняе, цi зьбiрала Штазi iнфармацыю на заяўляльнiка. Калi так, чалавек запiсваецца на прыём i можа пазнаёмiцца з ксэракопiяй сакрэтнай тэчкi. Каб зьмiнiзаваць магчымую напружанасьць памiж ахвярамi i даносчыкамi, якiя былi цi застаюцца ў блiзкiх зносiнах, у копii закрытыя iмёны тых, хто пастаўляў iнфармацыю Штазi. Аднак, паводле заявы ахвяры гэтыя iмёны могуць быць адкрытыя. Такiм чынам, чалавек сам вырашае, як распарадзiцца сваiм мiнулым.

Штазi мела справы прыкладна на 5 мiльёнаў чалавек. Пакуль пазнаёмiлiся са сваiм жыцьцём у дакумэнтах дзяржбясьпекi 800 тысячаў немцаў (заяўкi падалi 1 млн 200 тысячаў чалавек).

Паводле заканадаўства, пабочныя асобы могуць атрымаць доступ да архiву толькi ў двух выпадках. Першы — калi былы грамадзянiн ГДР уладкоўваецца на працу, якая вымагае так званай праверкi бясьпекi. У такiм выпадку працадаўца мае права ўведаць мiнулае будучага супрацоўнiка з гэтага пункту гледжаньня.

Другая катэгорыя дакумэнтаў, да якiх могуць атрымаць доступ пабочныя асобы — справы асаблiва вядомых людзей. Заканадаўцы вырашылi, што ў некаторых выпадках грамадзкi iнтарэс пераважае над асабiстым правам захоўваць сваю бiяграфiю ў тайне. Дазвол у такiм выпадку даецца вучоным-дасьледчыкам i журналiстам, якiя атрымлiваюць «ананiмную», без iмёнаў, вэрсiю адпаведных дакумэнтаў.

 

Урокi на заўтра

Посткамунiстычная практыка сьведчыць, што заканадаўчае адкрыцьцё архiваў — гэта неабходны першы этап пераадоленьня таталiтарнага мiнулага. Навуковае вывучэньне дакумэнтаў, грамадзкае асэнсаваньне спадчыны рэжыму ў цэлым i судовае разьбiральнiцтва ў кожным канкрэтным выпадку ёсьць абавязковымi складнiкамi цывiлiзаванага разьвiтаньня з таталiтарызмам.

Гэта найбольш пасьлядоўна выяўляецца ў нямецкiм вопыце. Рассакрэчаньне архiваў у Нямеччыне грунтуецца на тым самым прынцыпе, якi датычыць нацысцкага пэрыяду: авалоданьне цi пераадоленьне мiнулага (Vergangenbeitsbewaeltigung). Дзеля ўвасабленьня гэтага прынцыпу дзяржава асыгнуе значныя матэрыяльныя рэсурсы як на самыя архiвы, гэтак i на дасьледаваньнi, канфэрэнцыi, публiкацыi на тэмы, зьвязаныя са Штазi.

У Нямеччыне афiцыйна скасаваныя юрыдычныя абавязацельствы неразгалошваць сакрэты, якiя падпiсвалi грамадзяне ГДР. У вынiку былыя як кадравыя, гэтак i неафiцыйныя супрацоўнiкi Штазi вольныя расказваць i пiсаць пра сваю былую дзейнасьць (за выняткам рэдкiх выпадкаў, калi iнфармацыя тычыцца iнтарэсаў бясьпекi Нямеччыны альбо закранае iнтарэсы трэцяга боку).

Несумненна выйгралi ад адкрыцьця архiваў ахвяры, якiя здолелi дамагчыся рэабiлiтацыi i кампэнсацыi. Што тычыцца асабiстых зносiнаў, дык выкрыцьцё даносчыкаў памiж калегаў, сяброў, нават сваякоў, несумненна, нанесла новыя раны. Але адначасна ў многiх выпадках гэта дапамагло вырашыць i шмат якiя старыя непаразуменьнi i канфлiкты.

На падставе дакумэнтаў, якiя сьведчылi, што той цi iншай асобе нанесеная шкода, пацярпела кар’ера i г.д., ахвяра мае права падаць у суд на асьведамляльнiкаў i супрацоўнiкаў Штазi.

Многiя краiны, як, напрыклад Чэхiя, Польшча, пад час першых спробаў разабрацца са спадчынай таталiтарызму сутыкнулiся з праблемай вызначэньня вiны. Прынятыя законы насiлi ў пэўнай ступенi карны характар, зыходзiлi з прэзумпцыi вiнаватасьцi i калектыўнай адказнасьцi, што выклiкала слушную рэзкую крытыку. Апроч таго, адразу паўстала праблема надзейнасьцi архiваў.

У лiку абвiнавачаных апынулiся i людзi, вядомыя сваёй барацьбой супраць рэжыму. Безумоўна, сакрэтныя службы мелi сваiх асьведамляльнiкаў у асяродку дысыдэнтаў. Аднак таксама добра вядома, што тайная палiцыя сьвядома распаўсюджвала чуткi аб супрацоўнiцтве зь ёю актывiстаў, каб скампрамэтаваць iх, пасеяць разлад у асяродку дысыдэнтаў. Як правiла, такiя акцыi прыносiлi посьпех — ва ўмовах неправавых рэжымаў i грамадзкай атмасфэры падазронасьцi эфэктыўна абаранiць сваё iмя было немагчыма.

Але i посткамунiстычнае грамадзтва неахвоча слухала апраўданьнi i, фактычна, у шэрагу выпадкаў, новыя балючыя раны былi нанесеныя тым, хто iх менш за ўсё заслугоўваў. Нават пазьнейшыя судовыя апраўданьнi не маглi залячыць траўмаў, якiя атрымаў невiнаваты чалавек. Так таталiтарызм працягваў наносiць свае ўдары ўжо пасьля таго, як урачыста абвясьцiлi пра яго паховiны. Апроч несправядлiвасьцi, такая практыка сеяла недавер да адкрыцьця архiваў у цэлым i фактычна спрыяла былым сапраўдным супрацоўнiкам сакрэтных службаў. Яны атрымлiвалi аргумэнты ў сваю абарону, спасылаючыся на выпадкi, калi абвiнавачаньнi аказвалiся несапраўднымi. Яшчэ адно наступства пасьпешлiвых выкрыцьцяў — апатыя, частковая страта цiкавасьцi да архiўных дакумэнтаў, якая назiраецца цяпер у большасьцi ўсходнеэўрапейскiх краiнаў.

... Знаёмства са справай прафэсара тэалёгii Н. не пакiдала месца сумневам: прафэсар быў каштоўнай шматгадовай крынiцай iнфармацыi Штазi. Камiсiя Ёхiма Гаўка прадставiла 22 дакумэнты, якiя сьведчылi пра гэтую сувязь. Дакумэнты не былi сфальсыфiкаваныя, iх аўтэнтычнасьць была цалкам даказаная. На iх падставе прафэсара павiнны былi пазбавiць права выкладаць ва ўнiвэрсытэце. На судзе абвiнавачаны заявiў, што кантакты са Штазi ўваходзiлi ў кола ягоных абавязкаў як дзеяча царкоўнай управы, аднак нiякiм супрацоўнiкам сакрэтнай службы ён ня быў. Калi яго iнфармацыя фiксавалася Штазi як апэратыўная, дык сам ён пра гэта нiчога ня ведаў. Сьведкi, у тым лiку былыя супрацоўнiкi Штазi, патлумачылi, што часам давалi псэўданiмы i афармлялi ў якасьцi эНэСаў некаторых асаблiва важных для сябе асобаў, у прыватнасьцi, з царкоўных колаў, бязь iх веданьня i згоды. Прычына — унутрыведамасная канкурэнцыя: адны аддзелы не хацелi, каб да iх крынiцаў падступалiся калегi зь iншых управаў. Суд апраўдаў прафэсара-тэоляга.

У падобным жа выпадку, толькi з прафэсарам анатомii К., суд на падставе архiўных дакумэнтаў, а таксама сьведчаньняў калегаў i былых супрацоўнiкаў Штазi, прызнаў абгрунтаванасьць абвiнавачаньняў: анатом-даносчык мусiў пакiнуць унiвэрсытэт.

Досьвед Нямеччыны мае велiзарнае значэньне. Да абвiнавачаньняў у злачынствах камунiзму тут паставiлiся як да ўсiх iншых абвiнавачаньняў у злачынствах: прымаюцца пад увагу толькi дасканала правераныя пад час сьледзтва i пацьверджаныя ў аб’ектыўным судовым раглядзе доказы.

Нягледзячы на агульную высокую верагоднасьць iнфармацыi ў дакумэнтах Штазi, нямецкiя юрысты прыйшлi да высновы, што яна недастаткова надзейная з пункту гледжаньня права. Паводле пастановы Вярхоўнага суда Нямеччыны, дакумэнты Мiнiстэрства дзяржаўнай бясьпекi прынцыпова ня могуць лiчыцца дастатковым доказам дзеяньняў, якiя iнкрымiнуюцца падазраванай асобе.

У Нямеччыне ня толькi не бяруць пад увагу газэтныя iнсынуацыi i прыватныя плёткi, але за iх можна патрапiць на лаву падсудных. Суд пераправярае паводле iншых крынiцаў архiўныя дакумэнты; суддзяў цiкавiць не само «неафiцыйнае супрацоўнiцтва» (для больш-менш вядомых дзеячоў кантакты з уладамi i Штазi былi непазьбежныя), а парушэньне законаў i нанесеная шкода.

Нямецкi досьвед у пэўным сэнсе iдэальны: велiзарны эканамiчны i iнтэлектуальны патэнцыял, высакаразьвiтая судовая сыстэма дапамаглi вырашыць як практычныя, гэтак i шматлiкiя юрыдычныя i маральныя праблемы бяз значных палiтычных i сацыяльных узрушэньняў. Нямеччына змагла дазволiць сабе поўную замену сакрэтных службаў ва ўсходнiх землях. Нi адна iншая былая сацыялiстычная краiна ня ў стане цалкам паўтарыць нямецкi вопыт. (Нават у Нямеччыне, у iдэальных палiтычных, арганiзацыйна-фiнансавых умовах не ўдаўся аднамомантавы пераход — некалькi месяцаў пайшло на прыняцьце парлямэнцкага рашэньня аб замене Штазi фэдэральнымi службамi, але яшчэ паўтары гады Фэдэральнае агенцтва абароны канстытуцыi i Фэдэральная разьведвальная служба ня мелi ўласных мясцовых аддзелаў ва Ўсходняй Нямеччыне.)

Аднак нават нямецкi вопыт засьведчыў, што дзяржава сама ня ў стане пераадолець традыцыi таталiтарызму. Гэта можна зрабiць толькi з удзелам шырокай грамадзкасьцi. Людзi павiнны мець права доступу да свайго мiнулага, каб самастойна прыняць рашэньне i зрабiць належныя высновы дзеля свабоды. Бо свабода немагчымая бяз праўды. Гэтая максыма вызначыла лёс сакрэтных архiваў у эўрапейскiх краiнах пасьля падзеньня камунiзму. Гэтая формула мае i адваротную сапраўднасьць — зачыненыя архiвы азначаюць, што камунiзм працягвае iснаваць. Таталiтарызму заўсёды патрабуецца мiнiстэрства праўды.

... Цяпер, пасьля вяртаньня зь Нюрнбэргу, я ведаю, як выглядае жах катаў: гэта мяхi з iрванай паперай.

Аляксандар Лукашук

Нюрнбэрг — Прага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0