ПОШТА


 

Будзьма жывыя!

 

У газэце № 98 сп. Ксенiя Паўленка разьвярэдзiла мне душу сваiм звышпэсымiстычным артыкулам пад назовам «Мы ня ведаем сваёй мовы» наконт марнасьцi беларускага адраджэньня.

У пэўнай ступенi Ксенiя мае рацыю ў тым, што нас ня многа, але мы ў «цяльняшках». Арганiзацыi, пра якую пiша чытачка, я, шчыра кажучы, ня ведаю. Калi сп. Паўленка пад гэтым назовам мае на ўвазе толькi рэдакцыi «Нашае Нiвы» i некаторых iншых незалежных газэтаў, то яна памыляецца. Людзi апантаныя iдэяй адраджэньня, складаюць не арганiзацыю, а шырокамаштабны рух, якi складаецца з апазыцыйных уладзе партыяў, незалежных газэтаў i ўрэшце з проста сьвядомых лiцьвiнаў (беларусаў). I «арганiзацыю» гэтую не задушаць улады, яны могуць толькi пазбавiць рух легiтымных сродкаў барацьбы (што, дарэчы, ужо адбываецца). Але хiба можна задушыць прагу да волi, яе толькi можна трансфармаваць у iншую форму iснаваньня. I пакуль будзе жыць (а яна будзе жыць) гэтая форма iснаваньня, да тае пары будзе жыць мова, i ня бачыць расейцам пашырэньня сваiх калёнiяў.

Будзьма жывыя!

Iгар Максiмаў, Менск


 

На мяжы здароўя i адукацыi

 

Разьмеркаваньне. Жудаснае слова, трывожныя водгукi якога выклiкаюць абурэньне, незадавальненьне, няўпэўненасьць студэнцкай моладзi, сучасных абiтурыентаў, былых школьнiкаў. Iх сапраўды можна зразумець: нiхто зь юнакоў i дзяўчат не жадае быць ахвярай радыяцыi, чаго хочацца невядомым складальнiкам авантурных i небясьпечных праграмаў. Разьмеркаваньне — зьява прымусовая, а гэта значыць, што маладых спэцыялiстаў будуць накiроўваць у раёны Магiлёўшчыны i Гомельшчыны, найбольш забруджаныя iзатопамi радыёактыўных рэчываў. Пра вынiкi падобных мерапрыемстваў мала хто задумваецца, спадзеючыся ў каторы раз падмануць моладзь.

А вынiкi невясёлыя, тут праўду ў мяху не схаваеш: па колькасьцi анкалягiчных хворых Беларусь зойме першае месца ў сьвеце, жанчыны стануць нараджаць дзяцей з рознымi фiзычнымi адхiленьнямi, беларускi народ апынецца перад рэальнай пагрозай зьнiкненьня ад промняў чарнобыльскага пекла, сьмяротнасьць будзе значна перавышаць нараджальнасьць... Смутныя факты можна працягнуць.

Акрамя таго, разьмеркаваньне закране шэраг сацыяльна-эканамiчных праблемаў, вырашэньне якiх у адно iмгненьне немагчымае. На прасторах роднага краю пануе беспрацоўе, нявыплата i затрымка заробкаў на дзяржаўных прадпрыемствах. Уявiм, якая галеча чакае пакаленьне выпускаў ВНУ i ССНУ апошнiх гадоў ХХ стагодзьдзя.

Студэнтаў i навучэнцаў, не спытаўшы пра iхнае меркаваньне, гвалтоўна кiнуць на волю лёсу, тым самым адрываючы ад бацькоў, роднага кута, каханых, каб два гады адпрацоўваць на карысьць новых Гарлахвацкiх.

Маладыя людзi сустрэнуцца зь iншымi непрыемнасьцямi: за жыльлё плацi, на прадукты харчаваньня i тавары шырокага попыту грошы рыхтуй, на падпiску, на пэрыёдыку зьберагай. Тут хоць зубы на палiцу кладзi ад жабрацкiх умоваў жыцьця, нiхто за цябе не заступiцца, не паспачувае. У бюджэтнiкаў заробкi не гумовыя.

Студэнты апынуцца перад сур’ёзным выбарам: вышэйшая адукацыя цi здароўе. Вучоба цяпер ня танная, але здароўе даражэй. Таму кожны з нас павiнен прыкласьцi шмат намаганьняў, каб атрымаўшы пры заканчэньнi ВНУ дыплём, захаваць пры гэтым каштоўнае для чалавека здароўе.

Сяргей Званар, Менск


 

Згадваючы бацькоў

 

Добры вечар, паважаная «Наша Нiва»!

Калi я бяру цябе ў рукi, каб чытаць, заўсёды ўспамiнаю тату i маму. Чытаючы «Нашу Нiву», я быццам бы размаўляю са сваiмi бацькамi. Iх гаворка супадае з тваiм пiсьмом. Толькi цяпер я зразумеў, як мы многа страчваем, калi ад нас сыходзяць нашы бацькi.

Калi навучыўся чытаць, то бацька не даваў вечарам i ноччу чытаць кнiжкi, каб не палiў газы i таму што ў гэтых кнiжках напiсаная няпраўда. Тады, калi быў падлеткам, бацька гаварыў, што ў Катынi расстралялi польскiх афiцэраў ня немцы, а Саветы. А мама расказвала, што адным разам у вайну выпiвалi нямецкiя афiцэры i чамусьцi яны размаўлялi на польскай мове. То адзiн зь iх гаварыў, што калi заваюем Расею, то трыццаць гадоў немцы ня будуць працаваць, а будуць жыць за кошт заваяваных народаў. Расказвала, як кармiла «освободителей» ў 1939 годзе. Самым лепшым пачастункам для чырвонаармейцаў быў саган варанай бульбы i мiска квашанай капусты. У 1944 годзе немцы ледзьве ўсю вёску не расстралялi, бо партызаны на шашы спалiлi мост. Старэйшы начальнiк пасьля ператрусу палiцыi ў хатах зрабiў выснову, што ў цывiльнага насельнiцтва ня можа быць тратылавых шашак. А немцы адступалi арганiзавана, усю ноч чуўся тупат па шашы. Пасярод вёскi былi пабудаваныя баракi для жыдоў. Мама расказвала, што аднаго разу маладая жыдоўка зайшла ў хату. Мама запытала ў яе, чаму яна не шукае партызанаў, бо немцы ўсё роўна iх расстраляюць. Дзяўчына адказала, што ня можа пакiнуць сваiх бацькоў. Аднога разу немцы затрымалi двух маладых хлопцаў жыдоў, завялi за вёску i расстралялi, а затым пазьдзiралi зь iх боты, бо боты ў iх былi хромавыя.

Пасьля «освобождения» арыштавалi солтыса, хоць народ казаў, што ён людзям кепскага не рабiў. Пасьля арышту ён так i не вярнуўся дадому, дзесьцi загiнуў у ГУЛАГу.

Я ўжо памятаю, як стваралiся калгасы. Летам падчас жнiва прыгналi камбайн, каб жаць людзкое жыта. Але народ ня даў. Тым летам мужыкi самi аралi свае палоскi, а на наступны год усё ўжо стала калгаснае. З нашай вёскi ў калгас запiсалiся лiчаныя гаспадары, сем’яў пяць. Астатнiя засталiся толькi са сваiмi прысядзiбнымi агародамi. Мой бацька, якi ня меў нават i аднаго гектара зямлi, у калгас не запiсаўся. Працаваў вартаўнiком у дарожнай арганiзацыi. Жылi ў Горы i нястачы. Разам з хатай было толькi 10 сотак агароду. А нас у сям’i было 5 дзяцей. Памятаю, з бацькам трэсьлi грушы-дзiчкi на палях, а iх тады было яшчэ многа, i як падгнiюць, можна было есьцi. У тое лета да суседавага гумна падагналi малацiлку i ўвесь ураджай перамалацiлi, а яго як кулака засудзiлi. Вярнуўся дамоў толькi тады, калi памёр Сталiн, i ў яго трэслася галава. Пажыў нядоўга i памёр.

На сёньняшнi дзень сядзiба дагнiвае. На бацькаўшчыне мы пакiнулi малодшага брата даглядаць бацькоў, што ён выканаў. Бацька пражыў 80 гадоў, а мама 76 гадоў. Брат не пражыў i 40 гадоў. Праца i п’янства зьнiшчылi здатнага мужчыну. Жонка засталася ўдавою з двума сынамi. Братавая працуе даяркай i летам атрымлiвала 700 тысяч рублёў. Сын сястры, трактарыст, атрымлiвае 1 мiльён 300 тысяч рублёў. А я ў горадзе пасьля апошняга падвышэньня — крыху больш за 2 мiльёны. Як я помню, бацькi ў нядзелю нiколi не працавалi, а толькi ўходжвалiся за жывёлай, каб пакармiць, напаiць. А сёньня я, жывучы ў горадзе, вымушаны гарбацiцца на так званай «дачы» кожны дзень пасьля працы, i ў суботу, i ў нядзелю, каб штосьцi там вырасьцiць для пракармленьня, бо заробку хапае толькi на малако i хлеб.

На сёньняшнi дзень, пражыўшы пяцьдзясят гадоў, хачу выказаць свае думкi i меркаваньнi пра нашае жыцьцё. Я не магу пагадзiцца з тым, што беларусы прагаласавалi за Лукашэнку. Я мяркую, што Лукашэнка — бачная частка «айсбэрга» нашага грамадзтва. Антыбеларускiя сiлы выпхнулi i трымаюць яго дзеля вынiшчэньня ўсяго беларускага. Iншымi словамi, прышлы элемэнт, якi атабарыўся на нашай зямлi, знайшоў свайго кумiра. Iмпэрыя вялiкай лапатай перамяшала ўсе народы былога СССР, а на нашай тэрыторыi стварылася самая «салёная» канцэнтрацыя. Гэтая «соль» зьела нашу беларускую iнтэлiгенцыю i заможнае сялянства, якiя перасталi супрацьстаяць русіфiкацыi. Пасьля заканчэньня вайны адбываўся працэс унутранай акупацыi, якi i завершыўся прыняцьцем лукашэнкаўскай канстытуцыi. Мы выйшлi на фiнiшную прамую канчатковага вынiшчэньня беларускай мовы, а гэта значыць — беларускага этнаса. Няма мовы — няма народа. Беларусь без усялякай вайны апынулася ў акупацыi. Таму з гэтага трэба рабiць адэкватныя высновы, каб супрацьстаяць генацыду. Што рабiць? Каб у нас была беларуская элiта, то ўжо даўно б на цемя Лукашэнкi была б апушчаная пудовая гiра за ягоныя выказваньнi пра неразьвiтасьць беларускае мовы. На сёньняшнi дзень ён ужо пераплюнуў В.Кубэ ў час нямецкай акупацыi па злачынствах супраць беларусаў. Надзеi на «легiтымны» Вярхоўны Савет 13 склiканьня ня трэба песьцiць. Трэба паказаць сусьветнай супольнасьцi, што беларусы ёсьць беларусамi, яны не скарылiся нямецкаму фашызму i ня хочуць расейскага нацызму.

Беларуская школа задушаная «рэфэрэндумам», а вышэйшай няма ў зародку. Кiраўнiчая намэнклятура i чынавенства адмовiлiся ад беларускае мовы. Беларускае радыё садзейнiчае толькi размываньню беларускасьцi. Палiтыка моўнага «вiнэгрэта» яшчэ больш прынiжае беларусаў. Вось зараз па радыё выступае Бураўкiн, i сьпяваюць песьнi на ягоныя вершы, але гэта ўжо ня робiць надвор’я, бо не ўспрымаецца, таму што ўсё асяродзьдзе — у школе, на вулiцы, у горадзе, у транспарце, у крамах, у вiдэа i аўдыаiнфармацыi — расейскае. Армiя з савецкай ператварылася ў акупацыйную. Мiнiстар абароны прывезены з другой дзяржавы. У вышэйшым кiраўнiцтве адсутнiчаюць сьвядомыя беларусы. Мiлiцыя ператварылася ў нямецкае СД, а КГБ i АМОН — у СС. А зьезд судзьдзяў — яскравы прыклад таго, што рэжым пад гучнымi лёзунгамi барацьбы са злачыннасьцю на самой справе гуртуецца для барацьбы са сьвядомымi беларусамi, каб канчаткова задушыць беларускi рух за адраджэньне i незалежнасьць.

Славянафашызм пераступiў парог беларускай хаты. Усе на барацьбу супраць iдэалёгii славянафашызму! За свабоду! За незалежнасьць! Жыве Беларусь!

А.Малашковiч, Берасьце


 

Прыслухоўваюся да сябе

 

Не магу пакiнуць бяз водгуку артыкул летувiскага эмiгранта пра спыненьне «лiтоўска-беларускага» канфлiкту ў №1 за 1998 г.

Перш за ўсё паведамлю, што чакаю кожнага другога аўторка, калi ў маю паштовую скрыню прыходзiць «НН», як наркаман чарговае дозы. Таму i ў гэты аўторак я, не даседзеўшы да завяршэньня абедзеннага застольля, пакiнуў кампанiю маiх сяброў i памкнуў дахаты, балазе што набрацца ўжо пасьпеў як трэба. Не распранаючыся пачаў прагна праглядаць доўгачаканыя бачыны. I што ж бачу я ва ўлюбёным пэрыёдыку? На лепшых старонках пад рубрыкай «Вiленскi клюб» летувiскi навуковец палемiзуе зь Сяргеем Шупам на тэму нашых з балтыйцамi гiстарычных канфрантацыяў. Аргумэнтацыя нашых суседзяў не мяняецца, адно да старых аргумэнтаў дадалася прапанова ўсё забыць i «замiрыцца». Уся пiнта высмактанае гарэлкi кiнулася мне ў галаву, калi ўбачыў даўно знаёмыя сьцьверджаньнi, у якiх не дапускаецца й думкi пра тое, што «лiтоўскi этнас» ХIV ст. ды сёньняшнiя летувiсы — гэта розныя рэчы. Як быццам i не iснавала шматлiкiх гiпотэзаў аб славянскай прыналежнасьцi лiцьвiнаў (у вузкiм сэнсе гэтага этнонiму) — вiльцаў-люцiчаў, як быццам Жмудзь гэта не асноўны складнiк сёньняшняе летувiскае нацыi, а этнiчны дадатак на ўскраiне.

Iзноў чытаю бязглузьдзiцу, што беларускае насельнiцтва Вiленшчыны a priori ня можа быць каталiцкiм, быццам не было масавага навяртаньня беларускага насельнiцтва ў заходнi абрад пасьля касаваньня Вунii, асаблiва пасьля рэлiгiйнае лiбэралiзацыi 1905 году й асаблiва ў заходнiх губэрнях. Не, для п. Гурэцкаса аксiёмаю застаецца тое, што «канфэсiйная мяжа адпавядае этнiчнай лiтоўска-славянскай мяжы канца XIV ст.»! Вось жа аказваецца не было за шэсьць зь лiшкам стагодзьдзяў анi значнейшых рэлiгiйных зрухаў (перад усiм зьвязаных з уцёкамi беларускага аўтахтоннага насельнiцтва ад хамства праваслаўнае расейшчыны ў рымскi абрад), анi агульнапрызнанага працэсу славянскае асымiляцыi ў напрамку паўднёвы ўсход — паўночны захад.

Не прэтэндуючы на навуковую крытыку, я проста хачу ўцямiць пазыцыю «НН». Навошта даваць каштоўную газэтную плошчу пад неарыгiнальныя аповеды летувiскiх апанэнтаў? Потым да мяне прыйшла аптымiстычная думка. А можа мы ўжо настолькi ўпэўненыя ў нашых сiлах, каб друкаваць у хiба адзiным нацыянальным ва ўсiх сэнсах пэрыёдыку аргумэнтацыю апанэнта й зважаць на гэта роўна ў такой ступенi, на якую яна заслугоўвае?

Яшчэ хачу падзялiцца цiкавым досьведам у галiне магii, якi аналягiчны Антанянаваму. Калi я быў у летнiку пад Анапаю адразу па Чарнобыльскай катастрофе, то мы, 12-13-гадовыя падлеткi з Гомеля й пацярпелых райцэнтраў, аднойчы згулялi ў дзiўную гульню, якая мяне зачаравала назаўжды, але якой я нiколi не наважыўся нi з кiм паўтарыць. Сэнс гульнi супадаў з «Нашай Панi».

Адзiн хлопец клаўся на тры крэслы так, каб пяткi й патылiца былi на скрайнiх. Ён выцягваў рукi ўздоўж тулава, заплюшчваў вочы. Астатнiя (нас было чалавек 8) станавiлiся навокал, паднiмалi рукi, спляталi iх адна з другой у пальцах i прамаўлялi: «Божа, молiмся да Цябе». Затым адзiн з нас прыбiраў сярэдняе крэсла. Але хлапец ня падаў! Ён трымаўся адно на пятках i патылiцы. Нiякае мускульнае напругi мы не заўважалi. Ён проста спакойна ляжаў...

Напрыканцы хачу падзякаваць Славамiру Адамовiчу за ягонае эсэ «Блакiтная мара...» Даўно я гэтак не сьмяяўся. Славамiр заўжды ў вершаваныя i празаiчныя творы, якiя прасякнутыя патасам, устаўляе, знарок або не, такiя радкi, што мiжвольна зарагочаш, якой бы сур’ёзнаю нi была тэма.

Цяпер, вiтаючыся за руку, я лаўлю сябе на думцы, цi адпавядае мой поцiск Адамовiчаваму патрыятычна-мужчынскаму ўзору. Адразу ацэньваю, на якiм узроўнi ад падлогi сустрэлiся нашыя рукi. Пасьля ўважлiва прыслухоўваюся да сябе, цi адбыўся пры поцiску абмен «здаровай мужчынскай энэргiяй».

Макс Кiрэйчык, Гомель


 

Iмя краiны

 

Я ня маю нiякага маральнага права асуджаць першых адраджэнцаў, бо яны пачыналi амаль з нуля i ня ведаю, цi быў у iх сякi-такi выбар. Але хачу прааналiзаваць наступствы наданьня нам i нашай краiне iмёнаў «беларусы» i «Беларусь».

На працягу стагодзьдзяў на Эўразiйскiх абшарах утваралася вялiзная iмпэрыя, якая мела ў розныя часы розныя назвы. На нейкiм этапе (больш за 200 гадоў таму) яна падпарадкавала сабе i нашыя землi. З гэтага часу мы трывала знаходзiмся ў палiтычнай, эканамiчнай, культурнай, псыхалягiчнай прасторы гэтай дзяржавы. За стагодзьдзi iснаваньня iмпэрыi ў масавай сьвядомасьцi яе жыхароў ды i ўсяго сьвету выпрацаваўся ўстойлiвы стэрэатып, сыстэма кодавых знакаў, што вызначаюць сутнасьць i характар гэтага дзяржаўнага ўтварэньня, яго месца ў сусьветнай цывiлiзацыi. Гэта шэраг сымбаляў, ключавым зь якiх зьяўляецца этнонiм «рускi». Вось, напрыклад, як выглядае гэты рад: Рускi — Расея — Русь — Праваслаўе — Масква —Вялiкая дзяржава — Iмпэрыя. Гэты шэраг можна працягнуць, а сымбалi перастаўляць як заўгодна. Зь цягам часу ўсе гэтыя словы сталi сынонiмамi i набылi непадзельны характар. Як бы каму нi хацелася, але гэта — геапалiтычная i геакультурная РЭАЛЬНАСЬЦЬ. I зьнiкнуць яна можа толькi са зьнiкненьнем самой дзяржавы, у што слаба верыцца (прынамсi на блiжэйшую будучыню).

А зараз разгледзiм назву «беларускi» ў кантэксьце вышэйсказанага. Як ужо адзначалася, слова «рускi» зьяўляецца ключавым у вызначэньнi дзяржавы, якая сёньня называецца Расейскай Фэдэрацыяй. Сэмантыка слова «белы» таксама вядомая — чысты, сапраўдны, сьветлы. Сыходзячы з прапанаванай лёгiкi, атрымлiваецца, што тэрмiн «беларускi» азначае «чыста рускi», «сапраўдны рускi», iншымi словамi, больш рускi, чым уласна рускi. Усё гэта цалкам экстрапалюецца на ўсю сыстэму кодавых знакаў, якiя вызначаюць Расейскую дзяржаву. Атрымлiваецца, што мы большыя за расейцаў расейцы, больш праваслаўныя, больш iмпэрскiя i г.д. Як кажуць: вось i прыплылi! Уся праблема Нашага Нацыянальнага Адраджэньня палягае ў тым, каб давесьцi беларусам сваю культурную адметнасьць ад iншых народаў (найперш ад рускага) i самадастатковасьць беларускае культуры. Як гэта можна давесьцi да народа, якi ўжо паводле свайго самавызначэньня «рускi» (прыстаўка «бела» адыгрывае другарадную ролю)? Няўжо даказаць «старэйшаму брату», што ты на самой справе «больш рускi», чым ён сам? Бязглузьдзiцца ды й толькi. Таму ня дзiва, што ўсе папулiсцкiя выказваньнi наконт «адзiнага народу з адзiнай гiсторыяй, якi прагне зноў зьяднацца» ўспрымаюцца абсалютнай большасьцю як цалкам нармальныя i справядлiвыя. Вось, сапраўды, дзе ключ, якiм «зачынiлi» нацыянальную iдэю.

Ключавое слова «рускi» як кампутарны вiрус разбурае й будзе разбураць i надалей усе самыя лепшыя праграмы Нацыянальнага Адраджэньня. Была гэтая сыстэмная памылка першых адраджэнцаў фатальнай, цi не, пакажа час, а пакуль усе горкiя наступствы яе вiдавочныя. Што ж, трэба прапанаваць нешта канструктыўнае. Тут я цалкам салiдарны з Максiмам Кiрэйчанкам з Гомеля. Каб сьцьвердзiць сваю адметнасьць i самастойнасьць, лепш за ўсё падыходзяць спрадвечныя нашыя iмёны «Лiтва» i «Лiцьвiны». З гэтым адразу паўстае некалькi вастрэйшых праблемаў. Найпершая зь iх — унутраная: большасьць насельнiцтва адрыне новыя (старыя) iмёны. Што ж, няхай пакiнуць сабе звыклыя. Але, са свайго вопыту я ведаю, што людзi, якiя сталi патрыётамi сваёй Радзiмы i добра ведаюць яе гiсторыю, прымуць iмёны «Лiтва» i «Лiцьвiны» без асаблiвых цяжкасьцяў. Вядома, на гэта патрэбны час, але ж паўтараць старыя памылкi ў нашых умовах — гэта згубiць, мабыць, апошнi шанец на збудаваньне Нацыi.

На прыканцы хацелася сказаць колькi словаў пра камп’ютарныя гульнi. Вельмi цiкава пра гульню «Бранявы кулак-2» распавядае Вацлаў Арэшка. Сапраўды, вельмi прыемна адчуць сябе ў ролi вызвалiцеля Радзiмы ад акупантаў. А цi ведаеце вы, што адна маскоўская фiрма кампутарных гульняў выпусьцiла ў сьвет навiнку пад назвай «Всеслав Чародей»? Калi вы думаеце, што празь яе даведаецеся пра подзьвiгi легендарнага Палачанiна, то жорстка памыляецеся. У прадмове да гульнi няма анi калiва гiстарычнай праўды. Нават няма згадкi пра тое, што Ўсяслаў быў Полацкiм князем! Адзiнае, што пакiнулi распрацоўшчыкi гульнi, гэта тое, што падзеi разгортваюцца на тэрыторыi «Древней Руси начала XII века». Ня кепскi прыклад канцэпцыi «единого народа с единой историей».

I.Д. Вiцебск


 

Больш рускiя

 

Здаецца, я здагадваюся, чаму Вы не жадаеце друкаваць майго лiста. Мабыць, Вы ня згодныя з маёй думкаю, што нiякiя мы, беларусы, ня балты, як пiсаў С.Паўлоўскi ў 88-м нумары, а славяны, да таго ж славяны рускiя, i ня менш, а мабыць i больш рускiя за любога маскаля, i таму ў дачыненьнi да беларусаў ды ўкраiнцаў нельга ўжываць такiх словаў як «русификация» i «обрусевшие», бо гэта ёсьць нонсэнс. А трэба казаць: «абмаскальваньне» ды «абмаскаленыя», як казаў Кастусь Калiноўскi, бо маскалi — гэта гiстарычная назва нашых «старших братьев» у нашай мове, без усялякае абразы для iх.

Iгар Казакоў, Салiгорск


 

Адраджаць трэба аўтэнтыку

 

Вельмi цешуся сподумам «Вырачэньне чужога iмя» пана Ўладзiмера Лобача пра Крыўю! Запраўды! Дакуль будзе ва ўжытку найме «Беларусь — беларусы» — знойдуцца пачвары, якiм закарцiць плявузгаць аб Русi адзiнай. Першая «Беларусь» была акупаваная першай. БНР жыве на высяленстве, а РБ мадзее ды рымсьцiць. Але асобы, якiм мы вiнныя задзячыць за захаваньне краiны, пачувалiся Лiцьвiнамi, ад Радзiвiлаў да Касьцюшкi й Адама Мiцкевiча. А часы росквiту й нашай магутнасьцi — за Лiтвою! I менавiта Лiтва, а ня Крыўя выстаяла супраць гвалтоўнай хрысьцiянiзацыi, даўшы захаваньне iнстытуцыi Крэваў. Варта памятаць пра суiснаваньне Лiтвы з Крыўяй. А як гукаць дрыгавiцка-гуда-гоцка-яцьвяскiх палешукоў, якiя анi крывiчамi, анi лiцьвiнамi не былi? Адраджаць трэба аўтэнтыку, а не насоўваць штучную шыльду. Калi гукнуць усю прастору краiны толькi Лiтвой або толькi Крыўяй, дык гэта будзе такая ж мана i няпраўда як i «Беларусь». Маюць права ўскроснуць усе плямёны i княствы, усе кшталты культураў i моваў. Лiтвой маюць гукацца Меншчына, Вiленшчына, Беласточчына й Гарадзеншчына. Крыўяй — Вiцебшчына, Полаччына, Смаленшчына й Пскоўшчына. Палешукi ж самi няхай вызначаюць сабе мяно. Найбольш апраўданае iмя для адроджанае дзяржавы — Людовая Рэч Паспалiтая Лiтва-Крыўя-Яцьвезь.

Скiргайла Паланецкi, Менск


 

Гусоўскi — наш

 

У кнiзе «100 пытаньняў i адказаў з гiсторыi Беларусi» ў артыкуле «Хто такi Мiкола Гусоўскi?» ёсьць абзац: «М.Гусоўскага часам беспадстаўна прыпiсваюць да жамойцкае, украiнскае або польскае лiтаратуры, ня ўлiчваючы вiдавочных сьведчаньняў яго беларускага паходжаньня ў самой паэме. Зубр, на якога ў маладосьцi паляваў паэт, не вадзiўся ў стэпах Украiны, а рака Дняпро, як вядома, не працякае нi ў Польшчы, нi ў Жамойцi. Да таго ж, iдэал паэта — Вiтаўт — у палякаў асаблiва не шанаваўся. I, нарэшце, самае галоўнае —беларуская мэнтальнасьць, якою прасякнуты твор i якая фiксуецца на ўсiх узроўнях ягонае будовы».

Магчыма, для жамойтаў, палякаў ды ўкраiнцаў гэтыя довады могуць здацца малапераканаўчымi, а сьведчаньнi —недастаткова вiдавочнымi. Тады, са свайго боку, я хачу прывесьцi сапраўды вiдавочнае сьведчаньне, зь якiм можна нават ня ведаць зьместу «Песьнi пра Зубра».

Зьвярнiце ўвагу на тытульны аркуш паэмы (яго выява — у артыкуле), на прозьвiшча аўтара па-лацiнску: HUSSOVIANI. Пачатковая лiтара прозьвiшча — «H» — абазначае гук [h], якi супадае зь беларускiм [г] цi, прынамсi, блiзкi да яго. (Гуку [г] (выбуховаму) адпавядае лiтара «G», а гуку [х] — дыграф «CH».) Гук [г] (плаўны), якi адпавядае лацiнскай лiтары «H», быў i ёсьць уласьцiвым беларускай ды ўкраiнскай мовам . (Iм жа неўласьцiвы [г] (выбуховы)). Але гэты гук неўласьцiвы жамойцкай i польскай мовам — ён абазначае адпаведнае «H» i зьяўляецца толькi ў запазычаньнях з замежных моваў —напрыклад, тых жа лацiнскай ды беларускай (польскае «hanba»). (Гэтым жа мовам уласьцiвыя «G» i «CH»). Той факт, што прозьвiшча аўтара перадалося ў лацiнскую мову з гукам, з усiх згаданых моваў уласьцiвым адно беларускай ды ўкраiнскай, аўтаматычна адмятае магчымасьць польскага цi жамойцкага паходжаньня Гусоўскага.

Таму надалей варта адразу пачынаць з гэтага аргумэнту, а потым казаць пра стэпы цi штось яшчэ адносна апошняга кандыдата — Украiны.

Вiталь Станiшэўскi Менск


 

Выхваленьне

 

Наша Нiва... Каб не было цябе гэтыя гады, дык нават i ня ведаю, не ўяўляю, як склалася б гiсторыя сучаснай Беларусi (адно зразумела, што ня ў лепшы бок).

Ты заўжды, у любы час, стаяла на галаву вышэй за ўсю прэсу краiны. Некалi мой сябрук сказаў: «Наша Нiва» штонумар дае высьпятка астатнiм газэтам, падганяючы iх наперад, у Эўропу, да прафэсiяналiзму.

Празь цябе мы далучаемся да сапраўднай сусьветнай лiтаратуры на сваёй мове. Дзякуючы табе пачала стварацца новая беларуская лiтаратура. Дзякуючы табе мы пачалi вучыцца разважаць.

Ты сымбаль адрадж... Не, не адраджэньня. Наш род вырадзiўся менавiта тады, калi мы вырашылi адраджацца. Бо не адраджацца, а нараджацца пачала зусiм iншая нацыя, новы народ. Народ свабоды. Ты сымбаль нараджэньня i волi. I мы дзецi твае.

Дык адсьвяткуем жа твой соты нумар! Атрымаўшы поштай цi набыўшы ў шапiку, уздымем кiлiшкi з гарэлкаю, каньяком цi самагонам (хто што мае). Будзем сьвяткаваць i весялiцца на злосьць выраджэнцам. Хай будзе у гэтым годзе на адно сьвята больш. Больш сьвятаў (а ня «празнiкав») — больш шчасьця, радасьцi, а тады, зразумела, i ўдачы. Посьпех не наведвае панурых i незадаволеных. Удача — нявеста весялосьцi.

Веру, што б нi здарылася, але мы, народ «Нашай Нiвы», дачакаемся i 1000-га нумару.

Жыве «Наша Нiва»!

Жыве Беларусь!

Руслан Равяка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0