04.06.2007 / 21:19

Рок за баброў у колерах 3

2 чэрвеня ў Бабруйску прайшоў ІІІ музычны фэстываль «Рок за Бобров». Нягледзячы на халоднае надвор’е, паслухаць айчынных рокераў сабралася каля дзесяці тысячаў чалавек.

2 чэрвеня ў Бабруйску прайшоў ІІІ музычны фэстываль «Рок за Бобров». Перад бабруйчукамі ды гасьцямі фэстывалю выступілі гурты «Тайлянд», «Стая», «Сініца», «Deimos» (Смаленск), «Метэор», «Стокс», «beZ bileta», «TT‑34», «J:Mоrs» ды «Ляпіс Трубяцкой». Нягледзячы на халоднае надвор’е, паслухаць айчынных рокераў сабралася каля дзесяці тысячаў чалавек

«Бурштынавы» фэстываль

Перад пачаткам канцэрту для журналістаў і ганаровых гасьцей фэстывалю зладзілі экскурсію на піваварню «Сябар», пры падтрымцы якога ладзіцца ўжо трэці фэстываль. Пэрсанал увесь час пераконваў, што на сёньня бабруйская кампанія робіць найлепшае ў Беларусі піва.

Убачанае прымушае паверыць, што бабруйскае піва прынамсі сёньня ў ліку лідэраў. На бровары задзейнічанае нямецкае абсталяваньне. Адна толькі лябараторыя якасьці прадукту каштавала прадпрыемству каля 300 тыс. эўра.

Сузаснавальнікамі «Піваварнай кампаніі «Сябар» зьяўляюцца кампанія Detroit Belarus Brewing Company LLC (DBB Company) і ААТ «Дзеднава».

«Зялёны» фэстываль

Сёлетні фэстываль меў акрэсьленую экалягічную скіраванасьць. Экалягічныя арганізацыі «Экадом» і GAIA зладзілі на фэсьце акцыю ў падтрымку міжнароднага руху за «Зялёнае ўжываньне». У часе канцэрту ўсе ахвочыя мелі магчымасьць абмяняць плястыкавыя пакеты на палатняныя торбачкі з сымболікай фэстывалю.

Адначасова працягвалася акцыя «Я люблю Бабруйск!», распачатая 21 траўня. Ахвочыя мянялі два коркі ад піва «Бобров» на стыкеры‑сардэчкі і флаеры. На стыкерах прапаноўвалася напісаць сваё імя з тым, каб пасьля наляпіць іх на вялізны стэнд ля помніка Бабру. За адзін флаер давалі гелевы балёнік зялёнага колеру.

Увогуле, зялёны колер дамінаваў на фэстывалі: паўсюль была сымболіка бабруйскай піваварні — зразумела, на сцэне, на хустках, што раздавалі ганаровым гасьцям фэсту і журналістам, балёніках. Потым па камандзе тыя балёнікі гледачы адпусьцілі ў неба. Тут, відавочна, прага відовішча перамагла экалягічныя развагі арганізатаў мерапрыемства.

«Сіні» фэстываль

Першае, што кінулася ў вочы пры набліжэньні да канцэртнай пляцоўкі — колькасьць супрацоўнікаў міліцыі. Стадыён, на якім разьмясьціліся гледачы, быў шчыльна ачэплены міліцыянтамі. На уваходах правяралі торбы, каб ня несьлі сьпіртное. Хто прагнуў разагрэцца перад канцэртам, сьпяшаліся паўз пляцоўку да аддаленых прадуктовых крамаў — побач алькаголь не прадавалі.

Зважаючы на зусім ня чэрвеньскае надвор’е міліцыянты былі апранутыя ў плашчы. Ля сцэны дзяжурылі міліцынты з сабакамі. Адзін чатырохлапы супрацоўнік, што нёс вахту побач з калёнкамі, увесь час намагаўся зьберагчы вушы пад плашчом у гаспадара.

За Палацам мастацтваў стаў знаёмы кожнаму ўдзельніку акцыяў пратэсту зялёны аўтазак. Шчыльная апека канцэртаў нават не «забароненых» выканаўцаў робіцца беларускай традыцыяй — мясцовыя журналісты казалі, што на фэсьце дзяжурыла ўсё бабруйскае кіраўніцтва: ад старшыні гарвыканкаму да кіраўніка бабруйскага КДБ.

Шкляныя бібліятэкі і лядовыя палацы

Беларуская мова на фэстывалі гучала зрэдзьчас. Вядоўца фэсту Сяргей Кузін прамаўляў па‑расейску. Затое, па‑беларуску паміж песьнямі гаварылі смаленчукі з Deimos, пераможцы леташняга «Рок‑кола» і прыхільнікі наваполацкага «Мясцовага часу». «Безьбілетнікі» прасьпявалі некалькі радкоў на роднай мове. Цягам гадзінавага выступу J:Mоrs толькі аднойчы засьпявалі па‑наску. Дзьвюхмоўныя песьні з рэпэртуару гурта прагучалі па‑расейску.

Саліст «Ляпіса Трубяцкога», які завяршаў праграму, павітаўся з гледачамі па‑беларуску. Міхалок паміж песьнямі чытаў вершы паэта, «што лечыцца ў ЛТП», прысьвячаў чарговую песьню «асуджаным жанчынам з гомельскай папраўчай калёніі №4», ды прыгадаў невядомага сярэднявечнага мудраца, які «яшчэ тады выказваў актуальную ў наш час ідэю замяніць усялякія эгіпецкія піраміды ды сады Семіраміды на шкляныя бібліятэкі і лядовыя палацы».

«Ляпісы» прасьпявалі беларускамоўныя «Курачкі» і «Рамонкі», ды па‑беларуску разьвіталіся.

Скончыўся фэстываль фаервэркам, нягоршым за сталічны, як заўважылі менскія госьці.

Тэкст і фота Сямёна Печанка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
michal.on / Адказаць
05.06.2007 / 03:06
>Пэрсанал увесь час пераконваў, што на сёньня бабруйская кампанія робіць найлепшае ў Беларусі піва Падчас прачытаньня гэтага радка як мінімум 1 чалавек зваліўся з крэсла ад сьмеху
0
S / Адказаць
05.06.2007 / 11:16
Калі б галоўны тэхноляг"Баброва" заявіла гасьцям і журналістам, што "наша піва поўнае гаў*но, а вось крыніца ды аліварыя -- эта да!", думаю прысутныя пахвасталі б копчыкі аб падлогу ня менш за вас.
0
LORA / Адказаць
05.06.2007 / 22:53
ехалі за мызыкай ды півам! за уражаннямі! уражанні наступныя: холадна, пакуль не затанчылі! бабруйчукі - мертвыя:) але п'яныя, дзе бралі той БАБРОУ - загадка! карацей: РОК БЕЗ БАБРОУ 8-)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру