Славамiр Адамовiч

 

Вяртаньне рэчаў

 

 

памятаючы пра цяпло рэчаў, якiя згарэлi ў крэматорыях КГБ, загiнулi на этапах, зьнiшчаныя пры шмонах, —

кнiгi,

вершы,

лiсты...

 

З прысуду Вiцебскага абласнога суда:

«Рэчавыя доказы: (...) Друкавальную машынку «Любава», нож у скураных похвах, дзягу кустарнага вырабу, нунчакі, 3 агульныя сшыткi вярнуць Адмовiчу С.Г. (...)».

 

Трэба сказаць, што мне, як я сам пра сябе думаю, пэданту i акуратысту, зусiм не спадабалася неахайная работа вiцебскага судзьдзi Гурко. Мне проста крыўдна, што ў судовым працэсе па справе №182 былi дапушчаныя грубыя памылкi i недаравальныя недакладнасьцi. У вынiку мне прыйшлося сварыцца з сакратаркай канцылярыi па крымiнальных справах Вiцебскага аблсуда, каб вярнуць сабе ня толькi 3 агульныя сшыткi, але й адзiн штодзёньнiк у чорнай вокладцы, выдадзены мне ў рэдакцыi «НН» спадаром Алегам Дзярновiчам за некалькi сутак да арышту; адну запiсную кнiжку ў шэрай вокладцы; ваенны бiлет у адным экзэмпляры бяз вокладкi (дзе падзелася вокладка, мне не прыгадваецца, таму ўзьнiкаюць пэўныя нядобрыя думкi наконт КГБ); два ключы (ад уваходных дзьвярэй у блёк i ад дзьвярэй майго вясёлага пакойчыка) з мэталiчнай жалязячкай фабрычнай вытворчасьцi, якою зручна адкаркоўваць пiўныя бутэлькi; фiлязофскi сшытак беларуса Вiтольда Дзiсько, забiтага спэцслужбамi ў 1964-м; тры фотаздымкi, перададзеныя мне, як i сшытак, ягонай сястрой Геленай, на якiх Вiтольд сфатаграфаваўся ў малым веку разам з братам, адзiн юнаком i з бацькамi, братам i дзьвюма сёстрамi; капэрта, у якой быў лiст зь Вiльнi ад Тарэсы Iванаўскайтэ, колiшняй адзiнай сяброўкi Вiтольда Д. (лiст прапаў альбо, дазволю сабе так думаць, зьнiшчаны сьвядома цi ў вынiку злачыннай халатнасьцi, што вымагае перасьледу паводле артыкула 168 Крымiнальнага кодэксу РБ (невыкананьне альбо неналежнае выкананьне службовай асобай ускладзеных на яе службовых абавязкаў у вынiку халатных адносiнаў да iх выкананьня, калi гэта пацягнула па неасьцярожнасьцi прычыненьне асаблiва буйных стратаў цi iстотнай шкоды правам i законным iнтарэсам грамадзянаў альбо дзяржаўным i грамадзкiм iнтарэсам, — караецца пазбаўленьнем волi на тэрмiн да трох гадоў альбо папраўчымi работамi на тэрмiн да двух гадоў, альбо штрафам, альбо звальненьнем са службы)). Прыйшлося таксама адваёўваць у сакратаркi тры зборнiкi ўласных вершаў: «Кальварыйскiя клёны» (1990), «Зямля Ханаан» (1993) i «Зваротныя правакацыi» (1994).

Няхай даруюць мне пiльныя чытачы некаторую таўталягiчнасьць фразы, але рэч палягае ў тым, што вышэйназваныя асабiстыя рэчы судзьдзя Гурко не назваў у пералiку тых, якiя павiнны былi вярнуць мне згодна з прысудам. На падставе гэтай халатнай памылкi сакратарка канцылярыi i не вяртала мне маёй дробнай маёмасьцi.

Карцiнка выглядала досыць мiла. Крываватай з вока ды худаватай з костачкi, судовай дамачцы, як мне здалося, было прыемна дражнiць мяне сваiмi чыноўнiцкiмi штучкамi. Вось яна аддала гаспадару тры сшыткi й запатрабавала расьпiску (скiнула старое трусiнае футра й патрабуе з мужчыны, якi выпадкова ўбачыў гэтую працэдуру, сто даляраў за прагляд). Я, вядома, не сьпяшаўся расьпiсвацца, а папрасiў заадно вярнуць i ключы ад хаты, i ваенны бiлет (я даражу двума гадамi службы ў савецкiм войску, як дзесяцьцю месяцамi адсiдкi), i iншыя дарагiя мне рэчы. Тады дамачка пачала распранацца далей. Яна дастала зь нетраў канцылярыi ключыкi i паклала перада мною на стойку (амаль як у бары). Гэтае дзеяньне лепш за ўсё параўнаць з тым, як жанчына здымае клiпсы перш чым прыняць гарызантальнае становiшча. Потым сакратарка вымкнула з шуфляды мой чорны нататнiк (павольна спаўзла долу чорная сынтэтычная камбiнацыя, горкая на смак, калi паспрабаваць яе на зуб), потым тры зборнiкi вершаў (рассыпалiся пэрлямутравыя каралi), пустую капэрту i тры чорна-белыя фатаграфii (зьняла чорны сынтэтычны станiк i чорныя панталёнчыкi з аборкаю). Паказаць паказала, але не аддала. Бессэнсоўна было працягваць сварку. Прыйшлося чакаць судзьдзю. Зьявiўся грамадзянiн Гурко, забраў у сакратаркi рэчы i павёў мяне ў свой кабiнет, дзе я напiсаў расьпiску яму асабiста. Судзьдзя быў таксама настолькi мiлы, што папрасiў у мяне на памяць зборнiк вершаў. Я падпiсаў яму «Зямлю Ханаан». Заўважце, аднак, што ў расьпiсцы я паказаў, нiбы атрымаў на рукi сярод iншага тры кнiжкi вершаў, хоць у сапраўднасьцi толькi дзьве, бо адну пакiнуў судзьдзi «на доўгую памяць пра наш агульны працэс».

Вяртаньне рэчаў з сэйфаў i шуфлядаў КГБ i судоў — як вяртаньне жонкi ў сям’ю. Праўда, у палюбоўнiка засталiся некаторыя жаночыя «дробязi» (нумары «НН», копii зваротаў грамадзян, зварот расейскага Пэн-цэнтру, нумар «НН» з артыкулам пра расейскi фашызм у Беларусi, перададзены судзьдзi Гурко маiм адвакатам, прыватны лiст на грамадзка значную тэму).

Рэчы зь Вiцебскага аблсуда я забiраў 19 сьнежня 1997 году. Каля Сiняга дому, што насупраць ювэлiрнай крамы, незнаёмец разам з газэтай прапанаваў мне некалькi лiстовак са зваротам да жыхароў Вiцебска, падпiсаных групай вызвольнага руху «Рубон». Лiстоўкi заклiкалi вучыцца ваеннай справе, набываць адпаведны рыштунак, пляны дысьлякацыi спэцпадразьдзяленьняў, складаць сьпiсы акупантаў. Вiцебская група «Рубон» абяцае пакараць дэпутатаў-калябарантаў: намесьнiка начальнiка УКГБ па Вiцебскай вобласьцi Бурака, былога прадстаўнiка ППРБ на Вiцебшчыне Бялова, былога старшыню Вiцебскага абласнога гаспадарчага суда Аляксандрава, старшыню аблвыканкама Ўладзiмера Андрэйчанку, а таксама Гарбунова i Гаварушкiна. Цяпер аўтараў гэтае лiстовачкi шукае сьледчы УКГБ нехта Музычэнка, з нагоды чаго не магу ня выказаць яму мае спачуваньнi. Дарэчы, таварыш сьледчы мог бы заадно заняцца й пошукамi майго лiста, ад якога засталася адна капэрта.

22 сакавiка 1996 году ў маiм пакойчыку трое ў цывiльным у прысутнасьцi двох панятых зрабiлi вобшук. 22 сьнежня 1997 году ў 10 гадзiн 30 хвiлiн я зайшоў у галоўны будынак КГБ РБ, каб забраць друкарку, нунчакi, нож i дзягу-ланцуг. Дзяжурны прапаршчык, да якога я зьвярнуўся, перадаў iнфармацыю па iнстанцыi i папрасiў пачакаць. Мне падалося, што быў гэта той самы прапар-баптыст, якi падарыў бiблiю майму падзельнiку Барысу Ханонавiчу, калi той прыяжджаў забiраць свой кампутар. А яшчэ кажуць, што КГБ РБ не перажывае нiякiх iстотных зьменаў. Вось жа, аказваецца, нiжэйшаму зьвяну супрацоўнiкаў КГБ дазваляецца цяпер быць вернiкамi хрысьцiянскай iдэi, чытаць на рабоце бiблiю i нават распаўсюджваць яе сярод цывiльных грамадзянаў, якiя наведваюць камiтэцкае бюро пропускаў.

Хвiлiн праз дваццаць пасьля званка дзяжурнага зьявiўся малады чалавек. У правай руцэ ён трымаў мой друкавальны апарат у чорным футарале, у левай — пакет з маiмi жалязячкамi. Нас прапусьцiлi ў асобны пакой, дзе мы зь незнаёмцам занялiся высьвятленьнем сапраўднасьцi халоднай зброi i друкаркi. Зьняўшы верхнюю частку футарала, я праверыў работу клявiятуры i ход карэткi. Заводзкi нумар маёй «Любавачкi» адпавядаў лiчбе «567299», што мяне, безумоўна, не магло не задаволiць. Але, бадай, зь яшчэ большай прыемнасьцю, зь яшчэ большым аўтарскiм захапленьнем я атрымаў назад паляўнiчы нож, дзьве мэталiчныя трубкi, злучаныя мэталiчным жа ланцужком, i дзягу-ланцуг са сьвiнцовай спражкай. Гэтыя рэчы былi мне дарагiя менавiта як зброя. I я не прамiну скарыстаць яе, калi ўласным жыцьцю, здароўю альбо чалавечай годнасьцi, цi маiх блiзкiх, цi маiх сяброў, цi проста незнаёмага грамадзянiна, будзе пагражаць небясьпека з боку каго б там нi было. Зь ня меншай энэргiяй, з пранiзьлiвай жарсьцю, з глыбокiм пачуцьцём любовi да жыцьця й жывога я паласну па мускульным панцыры ворага маiм сьцiзорычкам, набытым у 1995-м за 70 тысячаў беларускiх рубельчыкаў, на лязе якога зьбiраецца скочыць прыгожы зьвер зь сямейства кашэчых. Будзь пэўны ты, сын валачашчай сукi, што я зраблю гэта зь пераможным клiчам: «За зьнявагу нашай Любовi!» Я зраблю гэта, як раблю мае радкi: рэзка, упэўнена, зь яснай галавою, гарачым сэрцам, зафiксаваўшы сябе памiж духам i воляй. Зраблю гэта як найлепшы ў сваiм жыцьцi верш...

... Рэчы вярнулiся да свайго гаспадара, вытрываўшы ледзь не двухгадовую няволю ў сэйфах судовых канцылярыяў i сьледчых кабiнэтаў. Там яны набылi асаблiвы гарт i энэргiю, мае рэчы. Цяпер яны дадуць мне яшчэ больш сiлы, яшчэ больш асалоды: гарачае жалеза; чульлiвая сталь; крыху iмпульсыўная, але ўпэўненая ў галоўным друкарка «Любава»; капрызьлiвыя зборнiкi вершаў; стажыльныя дыярыюшы з памяцьцю пра пахi жыцьця i сьмерцi; канвэрт, у якiм сьпiць наша надзея; ключы ад дзьвярэй, якiх больш няма; штодзёньнiк на 1996-ы год з так i незапоўненымi старонкамi i самотным нумарам 2-29-92-99 «тэлефона даверу» КГБ... Дарэчы, як думаеце, сябры, можа набраць нумарок, падтрымаць мужычкоў хоць бы маральна, а заадно нагадаць, што, сьцiснуўшы спружыну, трэба яе трымаць, каб не адскочыла ў зубы. Але ж утрымлiваць цяжэй, чымся аднойчы сьцiснуць. Тут як з жанчынай: узяць можна толькi на iмгненьне, потым у мужычка настае абавязковы момант рэляксацыi, а партнэрка толькi ўвайшла ў смак...

Люблю мае некалi зьняволеныя рэчы. Мы цяпер iзноў разам, у кантэксьце ўмоўнай свабоды, i мусiм працягваць выкананьне нашых задач. Каб нож не сумаваў, калi гаспадар выходзiць у горад, я купiў майму дружку ў якасьцi суседа забранзавелы цяжкi падсьвечнiк на чатыры пэрсоны. Калi мне не спадабаецца фiзiяномiя судовага выканаўцы, якi сьпелiць надзею спагнаць зь мяне 537 тысяч рублёў на карысьць НДI крымiналiстыкi, г.зн. за экспэртызу рэчаў, якiя мне вярнулi згодна апраўдальнага прысуду ў частцы артыкула 213, я магу вырашыць праблему i з дапамогаю новага сябра сям’i. А каб не было сумна маiм «Кальварыйскiм клёнам», якiя аўтар некалi падпiсаў сваёй гiпатэтычнай нявесьце, але якiя трапiлi ня ў ейныя ўсюдыiсныя ручкi, а ў куксы сьледчага Кукольчыка, я выдаў пяты зборнiчак, складзены зь вершаў, напiсаных за кратамi, i назваў яго «Сьпiраль Бруна».

Рэчы вярнулiся i занялi свае ганаровыя месцы сярод разумных кнiг i цёплага антыкварыяту. Вось дагiстарычны прас цёткi Адэлi з Камарова i прас-параплаў маёй бабулi Грасiльды мiрна, як i належыць у такiм паважным веку, сьпяць над фалiянтамi БелСЭ. А вось пляшываму хлебнаму пэдэрасту, зробленаму сяржанцiкам тэрмiновай службы ў 9-й камэры «амэрыканкi», не пашанцавала. Кожную ноч, калi я адкладаю ўбок асадку i засынаю на матрацы Валянцiны, засьцеленым прасьцiрадламi, якiя вымыла перад самым вяртаньнем мужа любка Iрына, мае рэчы-зэкi ставяць пляшыўца ў стартавую позу i даюць высьпятка, прыгаворваючы:

 

«За маму, за тату,

за лысых пакрыўджаных

i за патлатых,

за Беларусь-Краiну,

за крывiцкiя хаты,

за сына Янку, за дачку Паўлiну,

за турэмныя краты,

за магiльную глiну,

за тое, што не ўтапiлi цябе малога,

твой гэта цяпер крыж,

вечная табе дарога.

Iдзi i нясi!»

***

Няма чаго варажыць-кумекаць, нашыя рэчы перажывуць нас. Калi маладая жоначка народзiць дачушку, дачка стане захавальнiцай рэпрэсаваных рэчаў. Так, ва ўсялякiм разе, хочацца думаць.

***

Нашыя рэчы — гэта другая рэальнасьць, паралельны сьвет. Нож з рукаяткай вядомы не адну тысячу гадоў. Гэты факт робiць яго прадметам сусьветнай культуры. Бытавы электрамлын на культурны кантэкст прэтэндаваць ужо не рызыкуе. Пэрманэнтная зьмена вобразаў (мадэлi А, Б, В, Г, Д; А1, Б1, В1, Г1, Д1 i так далей i далей) напаўняе яго часовай iстотнасьцю прадмета цывiлiзацыi, i толькi.

Рэчы, як i людзi, аб’ектыўна i пастаянна палярызуюцца: ёсьць рэчы (i людзi) культуры (духу), i рэчы (людзi) цывiлiзацыi (функцыянальнага мiнiмалiзму i самаўтылiзацыi без захаваньня гiстарычнай i генэтычнай памяцi).

Рэчы культуры нельга зьнiшчыць так, каб не засталося сьлядоў. Iх нельга арыштаваць, пасадзiць, схаваць, ні аддаць, выкiнуць, тым больш яны не дазваляюць пра сябе забыцца. Гiнуць салдаты, але застаюцца мэдальёны. Плавяцца мэдальёны — застаюцца медныя цьвiкi з падэшваў салдацкiх ботаў.

Рэчы культуры растуць з культурнай глебы, як растуць камянi на беларускiх сельгаспалетках. Рэчы культуры будуць заўсёды вяртацца да чалавечага цяпла. Тэмпэратура загартаванай сталi — 36,6°. Ужо заўтра Iнтэрнэт маральна састарэе, перастане быць актуальным нават для цывiлiзацыi постмадэрнiзму, а трыццацiгадовы пераростак страцiць цiкавасьць да яго, як першаклясьнiк да пясочнiцы.

Iнтэрнэт, калi мы ўжо завялi размову пра гэтую электронную субстанцыю, можа распаўсюджваць па сьвеце iнфармацыю пра беларускую газэту «Свабода», але нiколi не сфармулюе кардынальнага адчуваньня свабоднай рэальнасьцi, тым болей не навучыць не баяцца свабоды як жыцьця, адрозьнiваючы яго ад iснаваньня як цяжкай неабходнасьцi, дадзенай пры нараджэньнi. Аднак жа, калi «высокiя тэхналёгii» аднойчы iзноў вернуць чалавека да першабытнай памяцi, зямлю яму прыйдзецца калупаць не кампутарам «Вист», а ўсё тым жа каменным, бронзавым цi жалезным заступам. Заступ дасьць грунт пад нагамi, зьвяжа чалавека з глебай. Меч i крыж паклiчуць на пошукi Грааля. Усё паўторыцца, магчыма.

... I вернуцца рэчы.

1998, студзень

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0