Партрэт Уласава

 

У Вiльнi сьнег... Я стаю ля мальбэрта i, згадваючы колiшнi свой занятак, пiшу партрэт Аляксандра Ўласава. Сьнег пасяляе ў душы ўрачыстасьць, а асоба Ўласава ўвасабляе высакародзтва.

Першае, што легла на палатно — вусы, бялюткi каўнер i чорны гальштук. Тытан беларускага адраджэньня меў буйную атлетычную паставу, але пры гэтым не цураўся сьвецкага кшталту. I пры гэтым жа быў бясконца вынаходлiвым жартаўнiком i жыцьцялюбам...

Зайшоў брат. Заўважыўшы, што фарбамi пахне на ўвесь пад’езд, запытаўся, чый будзе партрэт — Багушэвiча цi Купалы? Як для Багушэвiча вусы кароткiя, як для Купалы — завялiкiя...

Вобраз Уласава, першага рэдактара «Нашае Нiвы» ад 1906 году, за савецкiм часам не дапускаўся ў нацыянальны пантэон, дзе iншыя постацi ўжо маюць свае непазьбежныя стэрэатыпныя аксэсуары. Хоць са сьпiны, але мы пазнаем Скарыну па барэце, Калiноўскага па хустцы на шыi, Багушэвiча — па вусах. Урэшце, вобраз можа быць цалкам прыдуманым. Яўген Кулiк зрабiў свой аўтапартрэт i назваў гэта партрэтам Гусоўскага. Сёньня менавiта гэты вобраз уважае за паэта-гуманiста любы школьнiк.

Нацыянальныя сыстэмы адаптаваных герояў, дзе кожнаму адведзенае сваё месца на грашовых знаках, марках, этыкетках, паштоўках, сувэнiрах — гэта тое асяродзьдзе, у якiм адбываецца этнiчная штодзённасьць i па якой нацыi пазнаюцца ў сьвеце. Украiнцы выявiлi на грашах кiеўскiх князёў. Вялiкая нацыя — вялiкiя задачы. Чэхi тыражуюць дурасьлiвага Швэйка, аўстрыякi паўсюль выяўлюць Моцарта, ангельцы на кожнай марцы ставяць профiль каралевы, хоць бы i побач з бэгемотам... Французы прысягаюць Свабодзе, бясконца штампуючы сваю Марыяну ў фрыгiйскiм каўпаку санкюлётаў ад першай да апошняй манэткi, ад статуяў да перачнiцаў. Напалеон таксама заняў сваё трывалае месца на бутэльках каньяку, значках i цэтлiках. Ягоны вобраз настолькi выразны, што нам дастакова контуру трохвуголкi, альбо манаграмы «N», каб прыгадаць, што Францыя — радзiма ня толькi свабоды, але й невынiшчальнага банапартызму. Амэрыканская традыцыя iншая, дзяржаўнiцкая. З аднаго боку недасяжная, халодная як сфiнкс Свабода, iмпартаваная з Парыжу. А з другога: шчыльны шыхт бацькоў нацыi — усiх прэзiдэнтаў, якiх па прафiлях любы амэрыканец пазнае, не раўнуючы, як савецкi чалавек Маркса-Энгельса-Ленiна. Дзеля жарту быў прыдуманы дзядзька Сэм, зь якiм можна вырабляць што заўгодна. Але немагчыма ўявiць сабе паралёнавага Вашынгтона. Нямеччына за часамi нацыянал-сацыялiстаў зьмянiла толькi адзiн тыпаж на сваiх дзяржаўных атрыбутах. Задоўга да Гiтлера, выдатна распрацаваныя ў профiль i ў анфас кайзэр Вiльгельм i фон Гiндэнбург ужо акрэсьлiвалi мэнталiтэт паўстаючае германскае нацыi. Жалезныя людзi. Па вайне немцы рашуча прыбралi выявы дзяржаўных дзеячоў. Засталiся лiтаратары, гуманiсты, вучоныя (Гутэнбэрг, Дзюрэр, браты Грым). На маё шчырае зьдзiўленьне, гэткiм жа шляхам пайшлi i лiтоўцы: перад сапраўднымi i мiтавымi князямi на ўсiх грошах i марках зьявiлiся найперш паэты...

У нашым нацыянальным пантэоне сыстэма клiшэ была разьвiтая толькi ў савецкiм кантэксьце. I сёньня паштовыя стандарты Калiноўскага, Багушэвiча, Купалы нiбы завiсьлi памiж кантэкстамi ўжо i яшчэ няiсных дзяржаваў: савецкай i беларускай. Рана цi позна нам давядзецца ствараць сыстэму сваiх клiшэ нанова. Гэта адбудзецца тады, калi творцаў ахопiць прага высакародзтва i чысьцiнi. Найлепей такое пачуцьцё перажываецца, калi падае сьнег. Напрыклад, вось гэты вiленскi сьнег, якi, магчыма, i падказаў мне мой выбар.

Я думаю пра тое, як салiдна i прывабна некалi будзе выглядаць сэрыя беларускiх паштовых стандартаў: дзяржаўны герб «Пагоня», Вострая Брама i партрэт Аляксандра Ўласава.

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0