На ўсю моц

 

Кожнага 25 студзеня ды жнiўня, даты нараджэньня й сьмерцi Ўладзiмера Высоцкага, я зьбiраюся моцна напiцца. Выканаць, як мне здаецца, рытуал памяцi да канца й па-расейску. I кожнага разу задума не атрымлiваецца. Не знаходзiцца саўдзельнiка. Са злосьцi я выношу магнiтафон на гаўбец i ўрубаю на ўсю моц голас, якi так i не ўвайшоў, як мне здаецца, на ўсю поўнiцу ў душы беларусаў.

Мне было гады тры, калi я ўпершыню пачуў той голас. Калi запрацавала памяць, першае, што вывучыў, былi «Кони привередливые». Магнiтафона ў нас не было, таму я задавольваўся кружэлкамi з «дазволенымi» песьнямi. Недазволеныя даляталi да мяне толькi з адчыненых вокнаў. Куды б я нi сьпяшаўся, уставаў як укапаны ды слухаў. Хоць такiм чынам намагаючыся задаволiць сваю цiкавасьць да апальнага барда. Разумеў мала, але неверагодна прыгожы голас i напятая да немагчымага манера выкананьня ўражвалi.

Магнiтафон у хаце завёўся толькi праз пару гадоў пасьля ягонага сыходу. Ягоная сьмерць у маёй сьвядомасьцi быццам адцягнулася ў часе й прасторы, дзякуючы майму няведаньню большасьцi напiсанага iм. Недзе была Масква й Ваганькава зь ягонаю магiлаю, але пакуль у мяне ў запасе заставалiся непраслуханыя бабiны й непачутыя песьнi, мёртвае Ваганькава лёгка адцянялася жывым голасам. Толькi калi скончылiся стужкi, што я пазьбiраў ад усiх сяброў ды знаёмых, ягоны канчатковы сыход раптам стаў для мяне самай сапраўднай рэальнасьцю. Ад раптоўнасьцi зразуметага я, памятаю, тады плакаў.

З тае пары мне цяжка зразумець людзей, якiя могуць абыякава слухаць той голас. Голас, якi не ўва мне адным зарадзiў жаданьне авалодаць трыма акордамi ды апрабаваць свае пяшчотныя зьвязкi.

Беларусь не была абыйдзена ягонаю ўвагаю. Якую ён, яшчэ ў 79-м годзе, будучы з тэатрам у Менску на гастролях, на адным са сваiх выступаў назваў краiнаю. «Я вельмi добра ведаю гэтую краiну. Я шмат чым зьвязаны зь Беларусяй, зь Менскам». Дарэчы, у яго тут мусiлi быць памятныя мясьцiны. Наваградчына, адкуль каранi ягонай францускай жонкi, менскi раён «Усход», дзе жыў ягоны лепшы сябра Вiктар Тураў, Дом афiцэраў, дзе гастраляваў ягоны Тэатар. Аднак беларускiх вобразаў у ягонай спадчыне ня так i шмат. Узгадваюцца «будь то Минск, будь то Брест — в холода, в холода». Нашыя гарады супрацьпастаўляюцца халадам як полюс цеплынi. Таксама згадваюцца беларускiя словы, якiя ён часам выкарыстоўваў у сваiх вершах. Напрыклад: «вяртайся» ў дарожным дзёньнiку. Тамсама ён апiсаў Курган Славы: «Два огромных штыка полоснули морозом по коже. Остриями по мирному к верху, а не накренясь». I цi ня дзякуючы ягонаму ўдзелу, нашыя кiнакрытыкi назвалi карцiну Вiктара Турава «Я родам зь дзяцiнства» лепшым творам «Беларусьфiльма»?

А цi не з Высоцкага пачалася ўся наша бардаўская песьня? Справа тут нават не ў ягонай супэрпапулярнасьцi, i тым больш не ў астранамiчнай колькасьцi напiсаных песень. А, здаецца мне, у той ступенi разьняволенасьцi, якой заўсёды бракавала беларусам, i здольнасьцi размаўляць са слухачом на, быццам, «в доску» ягонай мове. Той бытавой мове, якую яшчэ нам трэба знайсьцi цi прыдумаць.

Наша культура здолела прабрацца на палiцы абываталя кнiжкамi Караткевiча й Быкава, але ў тых дамах беларускае слова з «намагниченных лент» пакуль яшчэ не загучала. Цi не таму высоцкiя ноткi прарываюцца амаль ва ўсiх нашых бардаў? Калi для беларускай масы ён ня стаў кумiрам, а для элiты ня стаў паэтам, гэта ня значыць, што мы праехалi Высоцкага цi вырасьлi зь яго. А можа не дарасьлi?

Бадай, я адступлю ад свайго «приверженства к фатальным датам» ды часьцей буду выносiць свой магнiтафон на гаўбец. Хай слухаюць.

... Зноў, як у дзяцiнстве, да мяне вяртаецца адчуваньне далёкасьцi тае Масквы i недарэчнасьцi зьвестак пра ягоную сьмерць. А калi i вып’ю, то за ягонае жыцьцё, i бяз суму. Ня п’ецца ў Беларусi за ягоны ўпакой.

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0