Чужаземцы пра Беларусь

 

Сучасная гiстарычная навука ўсё больш засяроджваецца на суб’ектыўнай iпастасi мiнулага, на тым, што людзi думалi i ўяўлялi. Бяз гэтага не зразумець матывы iх паводзiнаў, а значыць — ня вытлумачыць галоўнага ў гiсторыi. Бо суб’ектыўная рэчаiснасьць вызначала болей, чым аб’ектыўная. У гэтай сувязi найцiкавейшай крынiцай мне ўяўляюцца асабiстыя ўражаньнi кожнага, чый голас для нас зьберагла гiсторыя. У прыватнасьцi — сьведчаньнi небеларусаў пра Беларусь.

Запiсы чужаземцаў часам зь незвычайнай дакладнасьцю фiксавалi адметнасьцi нашай краiны. Як правiла, падарожнiкi натавалi ня толькi ўласныя прыгоды i перажываньнi, але ўсё, што чулi i бачылi тут, у невядомай iм зямлi, што кiдалася ў вочы i ўражвала слых — гэта значыць тое, што розьнiлася ад звыклага iм, эўрапейскага. Так у дзёньнiкi чужаземцаў траплялi зьвесткi пра людзей i iх звычаi, дарогi i транспарт, гарады i забудову, прыроду i клiмат. А старадаўнiх запiсаў пра Беларусь, як высьвятляецца, вельмi многа, яшчэ нават не апрацаваных гiсторыкамi, так што калiсьцi зь iх можа паўстаць надта цiкавая кнiга з назвай кшталту «Беларусь вачыма эўрапейцаў». Пакуль жа карцiць падзялiцца такiмi-сякiмi паасобнымi знаходкамi. Каб чытач адчуў, што могуць распавесьцi нам галасы сiвой даўнiны...

Ведама, найперш самыя людзi. Якiмi былi нашыя прашчуры ў ХVI — ХVII ст.? Тут важна слухаць тых чужаземцаў, якiя пажылi ў Беларусi, а ня проста праехалi празь яе. Дык вось яны часьцей характарызуюць мясцовых жыхароў зусiм станоўча.

Зусiм незнаёмыя беларусам манахi-бэрнардыны зьявiлiся ў Полацку ў 1498 годзе — акурат перад цяжкiмi войнамi. Айцец Ян Камароўскi пiсаў, што ў тыя страшныя гады ўсе iх пабудовы «разы тры цi чатыры спальвалiся масквiчамi», таму — «хацелi ўжо айцы Ордэна пакiнуць [Полацак], але дзеля народу хрысьцiянскага i дзеля выратаваньня душаў засталiся, бо тут шмат тысячаў людзей розных станаў... паверылi ў Пана Iсуса Хрыста... I такая спрыяльная для здароўя была i ёсьць гэтая мясцовасьць, што браты [Ордэна] там рэдка памiралi; з часоў адкрыцьця фiлii да 1514 г. нiводзiн не памёр, за выняткам айца Банавэнтуры Лiцьвiна, ... забiтага пад час аблогi масквiчамi». Далей, памiж iншага, адзначаецца, што полацкiя «дабрадзейныя людзi» забясьпечвалi бэрнардынаў «адзеньнем, начыньнем ды iншымi рознымi прыналежнасьцямi». I гэта ў Полацку, дзе, калi верыць старой гiстарыяграфii, мяшчане мусiлi б ненавiдзець каталiкоў.

Нешта падобнае заўважылi чужаземныя настаўнiкi пратэстанцкай гiмназii ў Слуцку, найперш, вiдаць, iтальянскага паходжаньня, бо прозьвiшчы iх — Адамi, Музонi... У статуце гiмназii, выдадзеным у 1628 годзе, яны адзначалi «адоранасць жыхароў..., якая нi ў чым не саступае прыгажосьцi i чароўнасьцi самой мясцовасьцi. Вельмi людзкае iх [тамтэйшых жыхароў. — Г.С.] стаўленьне да iншаземцаў..., i яны гатовыя ў кожны момант i ў кожным месцы прыйсьцi на дапамогу як навучэнцам, так i настаўнiкам» гiмназii. Зноў нiякай ксэнафобii.

А вось цiкавы голас падарожнiка Ябэля Тэктандэра, сакратара пасольства Стэфана Какаша, накiраванага iмпэратарам Рудольфам II у Пэрсiю. У 1602 годзе паслы праехалi праз Горадню, Вiльню, Менск i Воршу. На беларускiх землях эўрапейская мiсiя нацярпелася вялiкiх страхаў «з прычыны паўсюль шнырыўшых... найманых жаўнераў i казакоў» (цягнулася вайна са Швэцыяй. — Г.С.), а таксама ад чумы i неўладкаванасьцi дарогаў. Ня раз даводзiлася начаваць у лесе бязь ежы i вады. Але цi ня самыя адметныя ўражаньнi засталiся ад Менску. Жыхары гэтага горада, запiсаў аўтар мэмуараў, — «народ да таго буйны, злачынны i неўтаймаваны, што проста ня выказаць (гэта пра «цiхмянасьць» беларусаў. — Г.С.)! Тамтэйшы начальнiк, цi стараста, загадаў распытаць нас, адкуль i куды кiруемся. Атрымаўшы адказ ад майго пана, што той пасол рымскага iмпэратара да вялiкага князя маскоўскага, ён пачаў сьмяяцца i зьдзекавацца з нас, гаворачы: Няўжо ж рымскi iмпэратар ня можа мець за сябра каго-небудзь iншага, больш важнага ўладара, чымся Маскавiт!»

Наколькi ўражвала замежнiкаў прырода, людзi, звычаi, настолькi нiклымi падавалiся тут умацаваньнi. Пасол рымскага iмпэратара Мiкалай Варкоч у 1593 годзе пакiнуў зацемку пра нашыя муры, маўляў, тутэйшыя «будынкi i цьвердзi не да параўнаньня зь нямецкiмi», i дзiвiўся, што ўсё збудавана тут пераважна з дрэва. I пра Горадню сьведчылi тое ж, i нават пра Вiльню немец Самуль Кiхель у 1586 годзе пiсаў, што яна «па-дурному разбудаваная», «зусiм слаба ўмацаваная, так што кожны ўначы можа выйсьцi за горад», i што забудова галоўным чынам драўляная. Ёган Вундэрэр у 1589 годзе таксама заўважыў у сталiцы ВКЛ «паўсюль многа драўляных дамоў», толькi некаторыя мураваныя, з жалезнымi дзьвярыма.

Практычна ўсе заходнiя падарожнiкi ўражвалiся нацыянальнай i канфэсiйнай размаiтасьцю нашага краю. Гэта ўспрымалася як дзiва. Згаданага Кiхеля моцна кранула ў Вiльнi, што там гэтак многа «рэлiгiяў i сэктаў са сваiмi храмамi i прылюдным культам», i што ўсе яны «карыстаюцца свабодай сумленьня, у чым тут нiхто нiкому не замiнае». На вёсках — «яшчэ многа забабонаў; як багам моляцца агню, лесу, зьмеям i зьвярам». Ёган Вундэрэр, апрача полiканфэсiйнасьцi, прыкмецiў у Вiльнi «шматлiкасьць чужых нацыяў i рэдкiх касьцюмаў». Ён заўважыў таксама, што, з увагi на такое мноства чужынцаў, у сталiцы жыхары ўначы пiльна ахоўваюць свой горад.

Незнаёмы край дзiвiў заходняга чалавека прыродай. «Суцэльны лес цягнуўся шэсьць мiляў (нямецкiх! — Г.С.), i нiдзе не было нi хаты, нi прытулку», — пiсаў уражаны Кiхель, едучы па Гарадзеншчыне. Вундэрэр адзначыў, што беларускiя лясы сваiмi «балотамi, пагоркамi, зарасьлямi i дзiкiм зьвяр’ём вельмi небясьпечныя». Вясковы люд наагул «працуе побач зь дзiкiмi зьвярамi». Асаблiва шмат гаворыцца пра мядзьведзяў. Згаданы Ёган Вундэрэр аднатаваў, што жыхары нашага краю больш за ўсё любяць мядзьведзяў, «якiх вучаць гульням, танцам, фэхтаваньню, а таксама круцiць жорны, чэрпаць ваду, лавiць рыбу i выконваць iншыя працы».

Часам спатыкаюцца зусiм наiўныя запiсы кшталту «А зайцы тут, як i ў Швэцыi ды iншых краiнах, зiмою зусiм белыя!» Эўрапейцаў тады сьмяшылi мiзэрныя кошты на прадукты харчаваньня, нiзкая плата за паслугi, — прыкладам, за перавоз на далёкiя адлегласьцi. Зважаць трэба на суб’ектыўны фактар. Нават у Вiльнi для немцаў — нясмачная вада, благое пiва, затое «вельмi добры пiўны мёд, якi вывозiцца далёка ў iншыя краiны».

Як успрымалася краiна i грамадзтва ўцэлым? Перасьцярогi i недавер да мясцовых людзей у запiсах можна спаткаць выключна рэдка, ды й то ў дачыненьнi да рамiзьнiкаў-татараў, якiя ўяўлялiся эўрапейцам зусiм дзiкiм народам. Нейкай цывiлiзацыйнай мяжы не адчуваецца. Паўсюль, прынамсi ў гарадох, заходнiя падарожнiкi як «свае». У Гораднi шваб Кiхель ходзiць на iмшу ў храм, назiрае за выездамi караля i вялiкага князя Стэфана Баторага, разам зь iншым людам бяжыць на пажар у замак i наагул глядзiць усё, што яго цiкавiць. У Вiльнi Вундэрэра адразу вядуць у рэзыдэнцыю гаспадара, паказваюць усё ў замку. Гэтаксама зь iншымi замежнымi гасьцямi.

Усё пазнаецца ў параўнаньнi. Тыя ж немцы, зьдзiўленыя чымсьцi ў Беларусi, у Маскоўскiм царстве занатавалi iншыя ўражаньнi. Што тычыцца народу i ладу, то запiсанае iмi там выразна кантрастуе са свабодай, адкрытасьцю грамадзтва, якiя яны засьведчылi ў Вялiкiм Княстве. Мiкалай Варкоч, што празь Беларусь кiраваўся на Маскву, тут нiдзе не сутыкаўся з праблемамi, але, каб трапiць у падуладны маскоўскаму цару Смаленск, мусiў спынiцца далёка ад горада i спачатку заявiць пра сябе ваяводу, потым два днi стаяць там у чаканьнi адказу. Улады тым часам да эўрапейскiх гасьцей «прыставiлi прыставаў, ... прыслалi пiва i гарэлкi». Калi Самуль Кiхель пасьля Гораднi i Вiльнi праз Рыгу заехаў у Пскоў, дык быў шакаваны тым, зь якой падазронасьцю да яго ставiлася тамтэйшае насельнiцтва. Без афiцыйнай патрэбы i дазволу нiкога з замежнiкаў у горад проста не прапускалi. I аўтар вядомых гiстарычных трактатаў пра Масковiю Павал Одэрборн сьцьвярджаў тады, што ў гэтай краiне чужаземцаў сапраўды не пускаюць за гарадзкую браму, а П.Кампанi, якi ў 1581 годзе наведаў Маскву, запiсаў вось што: «Нi паслам, нi купцам iншых народаў, прыехаўшым у Масковiю з царскага дазволу, не дазваляецца вольны праезд па ўсёй краiне, i пакуль яны знаходзяцца ў Маскве, iх утрым0лiваюць быццам пад ганаровым арыштам. Прызначаюцца адмысловыя людзi, якiя сочаць, што яны робяць i з кiм размаўляюць».

Генадзь Сагановiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0