БІБЛІЯТЭКА


 

Зборнiк замест манаграфii

Черепица В. Польское национальное движение в Белоруссии (последняя треть ХIХ века): факты — события — комментарии. — Гродно, 1996. — 142 с.

Зьяўленьне на беларускiм кнiжным рынку працы, якая прысьвечаная польскаму нацыянальнаму руху ў Беларусi, прыцягнула да сябе ўвагу. Яе аўтар — загадчык катэдры гiсторыi славянскiх дзяржаваў, прафэсар Гарадзенскага ўнiвэрсытэту, досыць папулярны сярод студэнцтва.

У анатацыi кнiга пазначаная як манаграфiя, хоць на самой справе гэта зборнiк архiўных дакумэнтаў, якiя суправаджаюцца камэнтарамi ўкладальнiка. На падставе прадмовы можна сьцьвярджаць, што аўтар iмкнуўся раскрыць характар польскага нацыянальнага руху ў Беларусi ды кiраваўся жаданьнем «показать всю сложность процесса поиска исторической правды... и осознанием величайшей роли исторического факта как «упрямой вещи в познании деяний давно минувших лет» (с.4).

Што ж атрымалася ў вынiку?

Зьвернем спачатку ўвагу на апублiкаваныя дакумэнты. Усяго ў зборнiку, у адпаведнасьцi з загалоўкамi, зьмешчана 138 дакумэнтаў. Зь iх 87 з Нацыянальнага гiстарычнага архiву ў Гораднi (у адпаведнасьцi са спасылкамi — 129 дакумэнтаў!?).

У першым разьдзеле («Польское национальное движение в Белоруссии после поражения восстания 1863 г.») мы можам пазнаёмiцца толькi з 7 тэкстамi. Усе яны паходзяць з расейскiх дзяржаўных установаў i датычаць ня столькi польскага нацыянальнага руху, колькi палiтыкi царызму ў «польскiм пытаньнi». У другiм разьдзеле («Попытки оживления польского национального движения в 1866-1868 г.») зьмешчаныя 43 дакумэнты. I зноў усе яны паходзяць з расейскiх дзяржаўных установаў. Характарыстыка польскага руху ў iх даецца з гледзiшча дзяржаўнага чыноўнiка. Некаторыя дакумэнты (с. 14, 32) наогул не датычаць азначанай праблемы. У трэцiм разьдзеле («Активизация польского национального движения в Белорусии в 1870-1871 г.») укладальнiк апублiкаваў 25 дакумэнтаў, зь якiх толькi адзiн мае «польскае» паходжаньне. Ён складаецца з трох праклямацыяў, якiя трапiлi ў рукi палiцыi яшчэ ў 1867 годзе. Некаторыя дакумэнты (с.52, 54, 55) ня маюць нiякага дачыненьня да польскага руху ў Беларусi. I ў наступным разьдзеле («Подъем польского общественного движения в Белоруссии в 1875-1878 гг.») толькi адзiн дакумэнт (з 49-цi) можна ахарактарызаваць як дакумэнт польскага руху. Астатнiя складзеныя расейскiмi чыноўнiкамi. Апошнi разьдзел («Польское национальное движение в Белоруссии в 80-90-ые годы ХIХ века») зьмяшчае 14 дакумэнтаў. I зноў толькi адзiн зь iх паходзiць з асяродкаў польскага руху*. 10 дакумэнтаў апошняга разьдзелу датычаць толькi праблемы тайнага навучаньня.

Аднабаковы падбор матэрыялаў зьдзiўляе. Праўда, укладальнiк у прадмове згадвае пра гэтую аднабаковасьць. Але чытачу, якi жадае атрымаць уяўленьне пра польскi нацыянальны рух у Беларусi, ад гэтага лягчэй не становiцца. Лягiчным было б агаварыць гэтую аднабаковасьць у назьве зборнiка i зрабiць яе менш прэтэнцыёзнай. Мекраваць пра польскi нацыянальны рух другой паловы ХIХ ст. толькi на падставе матэрыялаў расейскiх дзяржаўных установаў, якiя змагалiся супраць польскай прысутнасьцi ў беларуска-лiтоўскiм краі i ажыцьцяўлялi палiтыку русiфiкацыi Беларусi, — прыблiзна тое ж самае, што вывучаць гiсторыю беларускай культуры 20-30-х гадоў ХХ ст. толькi па дакумэнтах польскiх рэпрэсiўных органаў.

Матэрыялы зборнiка нараджаюць пытаньне: што разумее аўтар пад гiстарычным фактам, пра велiч якога гаворыць у прадмове. Безумоўна, мы маем права лiчыць гiстарычным фактам кожную паперу, напiсаную расейскiм чыноўнiкам апошняй трэцi ХIХ ст. Аднак цi магчыма раскрыць навуковую тэму з дапамогай толькi такiх крынiцаў? Большасьць айчынных i замежных дасьледчыкаў ужо даўно прынялi дзьвюхступенную клясыфiкацыю гiстарычнага факта. Яшчэ ў 1969 г. маскоўскi гiсторык Арон Гурэвiч падкрэсьлiў розьнiцу памiж рэальнасьцю мiнулага ды фактам як прадметам навукi. Апошнi, на ягоную думку, ня проста дакумэнт, знойдзены ў архiве, а засёды вынiк пэўных навуковых апэрацыяў. Толькi тады, калi гiсторык ацэнiць «рэальнасьць мiнулага» i ўключыць яе ў сыстэму заканамерных сувязяў, народзiцца гiстарычны факт, якi будзе мець навуковую значнасьць. Iншы вядомы расейскi гiсторык М.Барг вылучаў «факт гiсторыi» i «навукова-гiстарычны факт», падкрэсьлiваючы значнасьць апошняга. Гэтая клясыфiкацыя ў значнай ступенi грунтавалася на працах эўрапейскiх гiсторыкаў, у прыватнасьцi, Л.Голдстайна. Ангельскi гiсторык пераканаўча даводзiў, што гiстарычны факт нараджаецца толькi ў вынiку навуковага дасьледаваньня.

Прыкладам «гiсторыi», якую можна напiсаць, калi iгнараваць адзначаныя палажэньнi мэтадалёгii навукi, зьяўляецца тэза пра падрыхтоўку польскага паўстаньня ў другой палове 60-х гадоў. В.Чарапiца на падставе афiцыйных данясеньняў сьцьвярджае, што «идея возможности восстания стала заявлять о своем существовании демонстрациями, пением революционных гимнов, а также частыми находками при обысках у помещиков шарфов и чемарок, ношением на груди черных крестов и других эмблематических изображений» (с.41). Мiж тым добра вядома, што ў другой палове 60-х гадоў у грамадзтве Беларусi, Лiтвы i Польшчы панавалi настроi расчараваньня й апатыi. Толькi ў данясеньнях расейскiх жандараў, якiя iмкнулiся выслужыцца, магла прысутнiчаць iдэя падрыхтоўкi чарговага паўстаньня.

Падкрэсьлiваючы ў прадмове ўпартасьць гiстарычнага факта, укладальнiк прэтэндуе на навуковую аб’ектыўнасьць сваёй працы. На справе атрымлiваецца iншае. Пры знаёмстве са зьместам зборнiка мiжволi згадваюцца словы францускага гiсторыка Марка Блока, якi сьцьвярджаў, што хлусьня з дапамогай гiстарычных фактаў — адзiн з самых гнюсных вiдаў хлусьнi.

Апублiкаваныя матэрыялы ствараюць у чытача ўражаньне, што польскi нацыянальны рух — гэта распаўсюджваньне чутак, якiя ганьбiлi праваслаўную веру i iмпэратарскую ўладу, засылка ў Беларусь польскiх эмiгранцкiх агентаў, збор грашовых сродкаў сярод насельнiцтва, падрыхтоўка чарговага паўстаньня, размова па-польску ў публiчным месцы, выхад з касьцёла ў час сьвяточнага набажэнства ў гонар царскай сям’i, нашэньне шпiлек з польскiм арлом i г. д. Няўжо гэта i ёсьць нацыянальны рух? Здаецца, што ўкладальнiк i сам не разумее, пра што iдзе гаворка. Нi ў прадмове, нi ў камэнтарах ён нават не спрабуе растлумачыць, што разумее пад «польским национальным движением» у дачыненьнi да Беларусi апошняй трэцi ХIХ ст. У назьве чацьвертага разьдзелу ўкладальнiк наогул ужыў тэрмiн «польское общественное движение», i зноў жа не патлумачыў, чаму гэта зроблена.

Мiж тым, ёсьць усе падставы сьцвярджаць, што польскi нацыянальны рух у Беларусi й Лiтве ў апошняй чвэрцi ХIХ ст. — гэта грамадзка-палiтычная, эканамiчная i культурна-рэлiгiйная дзейнасьць польскай грамадзкасьцi, накiраваная на барацьбу з антыпольскай палiтыкай ураду. Палякi iмкнулiся захаваць i ўмацаваць дамiнуючыя пазыцыi ў эканомiцы краю, ягоным грамадзка-палiтычным i культурным жыцьцi. Якраз гэтыя накiрункi iх дзейнасьцi й павiнны быць галоўным аб’ектам увагi гiсторыка, якi спрабуе ахарактарызаваць польскi нацыянальны рух у Беларусi.

Але тэрмiналягiчная цьмянасьць i блытанiна зборнiка не iдзе нi ў якое параўнаньне з узроўнем археаграфiчнай апрацоўкi матэрыялаў. Тое, як прафэсар В.Чарапiца публiкуе архiўныя дакумэнты, выклiкае спачатку зьдзiўленьне, а потым абурэньне. Досыць часта замест дакумэнта ўкладальнiк друкуе пераказ некалькiх старонак архiўнага тэксту (глядзi с. 5-7, 8-9, 19, 22-23, 24, 25, 30 i г.д.). Скарачэньнi не пазначаюцца купюрамi. А ў шэрагу выпадкаў (с. 31 i iнш.) апошнi абзац «дакумэнту» ўяўляе сабой сфармуляваную прафэсарам iдэю часткi архiўнага тэксту. Такiм чынам, на с. 5-7 укладальнiк пераказаў 97 старонак тэксту, на с. 36 — 39, на с. 77 — 25, на с. 83 — 40, на с. 96-97 — 64, на с. 115-119 — 175, на с. 119-121 — 155 i iнш. Усё гэта не патрабуе камэнтароў.

Неахайна аформлены й спасылачны матэрыял. Абрэвiятуры назваў архiўных установаў патрабуюць удакладненьня. Гэта датычыць Расейскага дзяржаўнага гiстарычнага архiву (у зборнiку —«ГИАРФ»), Нацыянальнага гiстарычнага архiву Рэспублiкi Беларусь ў Менску (у зборнiку — «НАРБ (Менск)») i ў Гораднi (у зборнiку — «НАРБ (Горадня)»).

Можна было б спадзявацца, што азначаныя недахопы зборнiка будуць хаця б часткова кампэнсаваныя камэнтарамi ўкладальнiка. На жаль, гэтага не адбылося. Часта камэнтары або не датычаць тых дакумэнтаў, пасьля якiх яны зьмешчаныя (разьдзел 1, разьдзел 5 (с. 98-109)), або зьяўляюцца простым пераказам зьместу надрукаваных архiўных крынiцаў (разьдзел 2).

Некаторыя тэзы камэнтароў патрабуюць дадатковага тлумачэньня. На с. 61 пры характарыстыцы iдэалёгii i практычнай дзейнасьцi прадстаўнiкоў так званага «варшаўскага пазытывiзму» прафэсар сьцьвярджае, што яны «проповедовали отказ от национально-освободительной борьбы». Гэта зусiм ня так. I А.Сьвентахоўскi, i Г.Сянкевiч i iншыя iдэолягi пазытывiзму заставалiся польскiмi патрыётамi. Яны толькi больш рэалiстычна глядзелi на пэрспэктывы радыкальных формаў барацьбы. Эпоха пазытывiзму спрыяла пашырэньню польскай нацыянальнай сьвядомасьцi. Невыпадкова якраз у гэты час (70-80-я гады XIX ст.) фактычна аднаўляецца польскi рух у Беларусi й Лiтве. У другой палове 70-х гадоў узьнiкла Менскае губэрнскае сельскагаспадарчае таварыства, якое вельмi хутка ператварылася ў таварыства польскiх землеўладальнiкаў. Пазьней былi створаныя аналягiчныя таварыствы ў Гораднi, Вiцебску i Магiлёве. На жаль, пра гэтыя арганiзацыi, якiя адыгрывалi прыкметную ролю ў польскiм руху ў Беларусi, у зборнiку няма нi слова.

Характарызуючы польскую эмiграцыю апошняй трэцi ХIХ ст., укладальнiк нават ня згадвае пра ўплывовы польскi нацыянальна-дэмакратычны рух, на чале якога стаяў Раман Дмоўскi.

Памылак i недарэчнасьцяў было б значна менш, калi б, пачынаючы працу над зборнiкам, укладальнiк выканаў падставовае патрабаваньне да кожнага навуковага дасьледаваньня — грунтоўна пазнаёмiўся з гiстарыяграфiяй праблемы. Сьпiс, названы «Кароткай бiблiяграфiяй», сьведчыць пра тое, што прафэсар В.Чарапiца ня выкарыстаў нiводнай гiстарычнай працы апошняга дзесяцiгодзьдзя, прысьвечанай польскаму руху. Мiж тым, нельга выдаваць кнiгу з назвай «Польское национальное движение...», ня ведаючы прац Яна Юркевiча, Юлiюша Бардаха, Генрыка Верашыцкага, Анджэя Садоўскага, Пятра Вандыча i праiгнараваўшы дасьледаваньне Аляксандра Цьвiкевiча («Западно-руссизм». Нарысы з гiсторыi грамадзкай думкi на Беларусi ў ХIХ ст. i пачатку ХХ ст.»). Iгнараваньне ўкладальнiкам працы А.Цьвiкевiча не зьяўляецца выпадковым. У некаторых сьцьверджаньнях прафэсара моцна адчуваецца дух неўмiручага ў Беларусi «западно-руссизма».

На с. 4 укладальнiк адзначыў: «В польском обличье общественного движения тех лет сегодня уже значительно лучше, чем раньше, видятся политические устремления той отнюдь не большей части общества, которая сформировалась под влиянием польской и униатско-католической культуры, но тем не менее по-прежнему претендует на роль выразительницы чаяний нации». Як усё гэта нагадвае заявы Лукi Саланевiча й ягоных сяброў па чарнасоценных арганiзацыях пачатку ХХ ст., што ўвесь беларускi нацыянальны рух — гэта толькi «польская интрига».

У сваiх камэнтарах прафэсар справядлiва ўжыў тэрмiн «усходнiя крэсы» ў двухкосьсi (с.12). Затое паняцьце «Северо-Западный край» выкарыстоўваецца ўжо без двухкосься. Ягоная правамоцнасьць у дачыненьнi да Беларусi, вiдаць, не выклiкае сумненьняў у прафэсара.

Вядомы польскi дасьледчык Ежы Тапольскi пiсаў, што гiсторык павiнен адрозьнiвацца адкрытасьцю й разам з тым глыбокiм скептыцызмам, ён нiкому ня можа верыць на слова. Ягоны абавязак — усё праверыць i на кожнай стадыi дасьледаваньня iмкнуцца нэўтралiзаваць свае пазанавуковыя погляды. Здаецца, што прафэсар В.Чарапiца, рыхтуючы да друку зборнiк, кiраваўся якраз пазанавуковымi iнтарэсамi.

Археаграфiчная неахайнасьць працы (аднабаковы падбор дакумэнтаў, недакладная перадача тэксту), тэрмiналягiчная блытанiна, недарэчнасьцi, цьмянасьць асобных абзацаў камэнтароў, iгнараваньне сучаснай беларускай i польскай гiстарыяграфii па праблеме польскага руху ў Беларусi, спалучэньне iдэалёгii заходняга русiзму з падкрэсьленай павагай толькi да дзеячоў рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху i сацыялiстычнага накiрунку не дазваляе карыстацца гэтым зборнiкам у навуковых дасьледаваньнях. Зборнiк В.Чарапiцы служыць толькi дыскрэдытацыi беларускай гiстарычнай навукi.

Алесь Смалянчук, Горадня

*«Польскае» паходжаньне гэтых дакумэнтаў не вiдавочнае. Магчыма, што iх аўтары працавалi на расейскую палiцыю, i зьяўленьне «польскiх праклямацыяў» i iншых падобных дакумэнтаў было звычанай палiцэйскай правакацыяй. Прынамсi, зьмест некаторых «праклямацыяў» (с. 97-98) выглядае як правакацыя.


 

Зь нябыту

Анатоль Белы. Любiць Радзiму — шанаваць родную мову, кнiга-альбом з мастацкага збору Анатоля Белага. — Менск: Выдавецтва клюбу «Спадчына», 1997

На чорна-белых рэпрадукцыях — 151 твор 38 беларускiх мастакоў. Жывапiс, графiка, плякат, ужытковае мастацтва. Плён пэрыяду ад пачатку 80-х да сярэдзiны 90-х гадоў. Свайго кшталту рэтраспэктыўны шэраг, якi дэманструе разьвiцьцё вобразу беларушчыны ва ўяўленьнi вядомых мастакоў.

Магчыма, ёсьць пэўная рацыя ў тым, што прадстаўленыя творы ня маюць спэцыяльнага мастацтвазнаўчага камэнтару i разьмешчаныя ў досыць эклектычным парадку. Можа, менавiта так выглядае больш просты шлях да таго, каб «сумесна выяўленчымi й лiтаратурнымi сродкамi далучыць да праблемы мовы яшчэ каго-небудзь зь Беларусаў», як пiша ў прадмове да выданьня Анатоль Белы.

Я думаю, цi можа сёньняшнi падлетак падзялiць адчуваньнi сваiх аднагодкаў 1983 году, калi яны ўпершыню пабачылi плякат Уладзiмера Крукоўскага «У бiтвах за волю, у бiтвах за долю»? На плякаце — зусiм не рахманая й не памяркоўная Мацi-Беларусь трымае меч, а ейныя грудзi абараняе кальчуга. Праца была зробленая у самы «махровы» пэрыяд «разьвiтога сацыялiзму», але дагэтуль хвалюе тым самым, што i ў пачатку 80-х хваляваньнем. Бо такi вобраз застаецца для беларусаў нечаканым, бо, па вялiкiм рахунку, у дачыненьнi да вобразу Беларусi нiчога не зьмянiлася навокал.

Сярод герояў твораў у кнiзе-альбоме — гiстарычныя асобы, якiя спрычынiлiся да разьвiцьця нашае мовы, лiтаратуры й фiлязофскае думкi, а таксама тыя, хто паспрыяў зьяўленьню гэтых асобаў у нашым часе зь нябыту няведаньня.

Севярын Квяткоўскi


 

Мiж пэрсамi i СССР

A.Demandt. Das Ende der Weltreiche. Von den Persen bis zur Sowjetunion // Munchen: Beck, 1997.

(Канец сусьветных iмпэрыяў. Ад пэрсаў да Савецкага Саюзу.)

СССР апынуўся ў адным шэрагу з iмпэрыямi пэрсаў, рымлянаў, франкаў, гiшпанцаў, туркаў, японцаў i брытанцаў.

Першае, што кiдаецца ў вочы — параўнаньне 1917-га й 1991 году — для аўтара што развал iмпэрыi Расейскай, што развал Савецкай — якая мацi, такая й дачка.

Бальшавiкi здолелi ў 1917-м годзе ўтрымаць iмпэрыю ў амаль што старых межах (згубiлi Польшчу, Фiнляндыю, Балтыку, Бесарабiю — але не надоўга, i ўся iх далейшая палiтыка ставiла мэтай зноў набыць гэтыя тэрыторыi — у такiм кантэксьце зразумелымi становяцца i фiнская вайна, i пакт Молатава-Рыбэнтропа — не якiя там-небудзь стратэгiчныя захады да перадухiленьня вайны — але аднаўленьне iмпэрыi!), але прайгралi ў 1991-м. I галоўную ролю ў гэтай паразе выканалi нацыянальныя (не расейскi!) вызвольныя рухi. Пасьля першай сусьветнай вайны яны былi яшчэ досыць слабымi, але за 70 гадоў савецкага панаваньня набралi моц.

Бальшавiкi да 30-х гадоў пагулялi ў нацыянальнасьцi, але потым адумалiся i ня толькi вынiшчылi ўсе нацыянальныя элiты, але й дэпартавалi самыя «нацыянальна небясьпечныя» народы (як пiша спадар Demandt — народы, якiя былi «Pfahl im Fleisch» — як «чарвякi» жэрлi iмпэрыю зьсярэдзiны) — чачэнцаў, iнгушоў, etc. А нацыянальныя кадры замянiлi расейцамi.

Але ў 50-я гады да ўлады ў так званых нацыянальных рэспублiках прыйшлi хоць i русiфiкаваныя, але нацыянальныя элiты. I пачалi праводзiць спантанную палiтыку, накiраваную на нацыянальныя iнтарэсы. У некаторых рэспублiках гэта была нават не спантанная, а апантаная палiтыка (Лiтва, Азэрбайджан, Казахстан). I гэткi «падпольны» працэс доўжыўся аж да сярэдзiны 80-х. Нацыянальныя рухi ўзмацнялiся, нацыянальная сьвядомасьць расла, i яе першы вонкавы ўсплеск адбыўся ў 1986 годзе ў Казахстане, калi Гарбачоў адчуў небясьпечнасьць «нацыянальных» працэсаў i вырашыў замянiць вершалiну ўлады ў Казахстане — казаха Кунаева на расейца Колбiна. У адказ ён атрымаў першы нацыянальны студэнцкi супрацiў у Алма-Аце, якi прыйшлося «суцяшаць» зброяй. З гэтага моманту й пачаўся вонкавы распад (падспудны йшоў ужо 70 гадоў) Савецкай iмпэрыi. Спачатку адвалiлiся кавалкi на Захадзе — бо тут — ва Ўсходняй Эўропе, балтыйскiх рэспублiках, Заходняй Украiне, Малдове — нацыянальныя рухi былi больш кансалiдаванымi i да таго ж гэтыя рэспублiкi СССР захапiў толькi за часамi другой сусьветнай вайны. Адначасова пачалiся выбухi на Каўказе — у Арменii, Грузii, Азэрбайджане, Iчкерыi, Iнгушэціi, аўтар нават кажа пра падабенства з антыкалянiяльным рухам 50-х гадоў у Афрыцы.

Памiж студзенем 1989 году (Эстонiя) i траўнем 1990-га (Туркменiстан) усе рэспублiкi прынялi законы аб дзяржаўных мовах i выключылi расейскiя элiты з кiраўнiцтва, а пасьля, пачынаючы з 1-га сакавiка 1990 (Лiтва) (i далей: 30-га сакавiка 1990 г. — Эстонiя, 4-га траўня 1990 г. — Латвiя, 23-га жнiўня 1990 г. — Арменiя, 14 лiпеня 1990 г. —Грузiя... апошнi — Казахстан, 16 сьнежня 1991 г.) абвясьцiлi пра свой сувэрэнiтэт — i гэта было канцом Савецкай iмпэрыi.

З усяго сказанага дзьве высновы:

1. Савецкая iмпэрыя распалася высiлкамi нацыянальных вызвольных рухаў. Не было б iх — СССР трымаўся б i да сёньняшняга дня.

2. Гэткi вынiк стаўся магчымым таму, што нацыянальныя рухi назапасiлi энэргii i моцы ад 1917 да 80-х гадоў.

Цяжка зразумець, чаму аўтар нi разу ня згадвае пра Беларусь (нават у месцы пра тэрыторыi, захопленыя СССР у часе другой сусьветнай вайны). Няўжо адно жаданьне павярнуць гiсторыю назад з боку сучаснага рэжыму РБ так паўплывала на глябальныя канцэпцыi нямецкага дасьледчыка?

Алесь Хацяновiч


 

Кнiжная акцыя «Нашай Нiвы»

 

Сябры Рады БНР i прадстаўнiкi беларускай дыяспары фундавалi акцыю «Нашай Нiвы» — рассылку ва ўсе ўнiвэрсытэты Беларусi й асобна на ўсе фiлялягiчныя факультэты па камплекту кнiжак, галоўным чынам з сэрыi Архiву Найноўшае Гiсторыi. Гэта такiя кнiгi:

Гарт. З успамiнаў пра Саюз Беларускiх патрыётаў (Глыбокае, Паставы. 1945-1947 г.)

Аляксандар Лукашук. Фiлiстовiч. Вяртаньне нацыяналiста

Аляксандар Лукашук. «За кiпучай чэкiсцкай работай»: З жыцьця катаў

Да кнiжнага камплекту быў дададзены лiст такога зьместу:

«Шаноўнае спадарства!

Кнiга ў хаце — радасьць усiм. З найлепшымi пажаданьнямi для выкладчыкаў i студэнтаў прымiце наш першы падарунак у Новым годзе — беларускiя кнiгi, выдадзеныя Гуманiтарным Фондам «Наша Нiва». Няхай праўда нацыянальнай гiсторыi дапаможа вам у выпрабаваньнях новага году. Шчасьця вам i свабоды ў незалежнай Беларусi!

З павагай

сябры Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi Янка Жучка (Бэльгiя), Ларыса Урбан, Паўлюк Урбан (Нямеччына)

Аляксандар Лявончык, музыкант, Галiна Руднiк, журналiст, Дзьмiтры Чайкоўскi, мастак (Нямеччына)

Беларускi Гуманiтарны Фонд «Наша Нiва» (Беларусь)»

Мы спадзяемся, што гэтыя кнiгi знойдуць уважлiвага й зацiкаўленага чытача.

A.Dz.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0