КАЛЬВАРЫЙСКІЯ МОГІЛКІ Ў МЕНСКУ

 

Менская Кальварыя апошнiм часам стала прыцягваць больш увагi дасьледчыкаў i грамадзкасьцi. У 1996 годзе ў Варшаве выйшла кнiга, якая падае выбарачны сьпiс пахаваньняў — Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Minsku na Bialorusi // Opracowali Tamara Czerniawska i Aleksander Jaroszewicz; Redakcja naukowa Ryszard Brykowski. Warszawa, 1996. Кажам выбарачны, бо для апiсаньня была абраная менавiта цэнтральная, найбольш старажытная частка могiлак; апроч таго, у апублiкаваны сьпiс не былi ўключаныя многiя ўжо паваенныя пахаваньнi. Рэч у тым, што варшаўскi праект, паводле словаў рэдактара тому, скiраваны на «iнвэнтарызацыю польскiх магiлаў», а сама кнiга Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski распачала «выдавецкую сэрыю Цэнтру аховы гiстарычных ляндшафтаў, прысьвечаную польскiм могiлкам на даўнiх Усходнiх Крэсах Рэчы Паспалiтай». Ва ўступе да кнiгi каротка апiсваецца гiсторыя польскага школьнiцтва й польскага грамадзкага жыцьця ў Менску.

Вось адна з iлюстрацыяў мадэлi выбарачнага аналiзу культуры — калi фiксуецца толькi пэўны сэгмэнт кантэкстуальнай зьявы, калi адкiдаецца матэрыял, што можа парушыць уяўны маналiт гiсторыка-цывiлiзацыйнай канцэпцыi. Сама ж Кальварыя ў ХХ ст. ужо не была выключна каталiцкай. Шмат асобаў, пахаваных тут, зьвязаныя з гiсторыяй культуры Беларусi, ужо ня кажучы пра сувязь з гiсторыяй гэтай зямлi. Менавiта каля цэнтральнай Касьцельнай алеi Кальварыi пахаваны забiты ў 1943 годзе Вацлаў Iваноўскi — адзiн з пачынальнiкаў нацыянальнага адраджэньня ў ХХ ст. Тут таксама знаходзiцца магiла Яна Баляслава Луцкевiча «былога капiтана расейскiх войскаў», бацькi Iвана й Антона Луцкевiчаў. Прыклады можна доўжыць. Асобная старонка гiсторыi Кальварыi — пахаваньнi там ахвяраў масавых бальшавiцкiх рэпрэсiяў.

Але падобна, што нам застаецца толькi прызнаць рознасьць канцэпцыяў нацыянальнай гiсторыi — польская гiстарыяграфii адбiрае асобаў на тэрыторыi былога Вялiкага Княства паводле канфэсiйнае прыналежнасьцi i шляхецтва, для беларускай гiстарыяграфii важная полiмоўнасьць i полiканфэсiйнасьць Беларусi.

Ужо другi год Архiў Найноўшае Гiсторыi праводзiць фiксацыю i пашпартызацыю ўсiх пахаваньняў на Менскай Кальварыi. У канцы 1998 году мы спадзяемся выдаць двухтамовiк, у якiм будуць пададзеныя iмёны ўсiх пахаваных на Кальварыi людзей, што будзе важным унёскам у нашую памяць i генэалёгiю Беларусi. У нашае выданьне ўвойдзе таксама гiстарычны нарыс пра Кальварыю, яе архiтэктуру, а таксама вядомыя пра Кальварыю дакумэнты. Тут мы прэтэндуем на ахоп беларускага культурнага кантэксту, выяўленага праз гэтую дзiўную мэтафару — гiстарычныя могiлкi ў цэнтры горада.

Менская Кальварыя закранае й правакуе некалькi важных для сучаснага чалавека тэмаў: гiсторыка-культурную, урбанiстыкi, урэшце — тэму сьмерцi. Апошняя тэма праз мэтамарфозы ХХ ст. замацавалася ў беларускай культуры як схiльнасьць да нэкрафiлii, што асаблiва заўважнае ў мастацкай лiтаратуры пра Другую сусьветную вайну i ў гiстарыяграфiчнай — пра XVII стагодзьдзе. Падобна, што сучасны гарадзкi чалавек атэiстычнае Беларусi забываецца на абраднасьць падрыхтоўкi да сьмерцi, на рытуальнае яе усьведамленьне. Гiстарычныя могiлкi могуць быць адным з тых культурных кодаў, якiя дапамогуць нам адаптавацца да новых рэалiяў асабiстасьцi.

Аўтар

 

Вялізная эстакада, вечны ўжо грукат цягнікоў пад ёю. На гэтым адрэзку дарогі сьветла і ўначы — пражэктары, ліхтары, фары машынаў насустрач... Вакол — асфальт. Так выглядае цяпер шлях па Кальварыйскай вуліцы да Кальварыйскіх могілак. Мы кіруемся па гэтай вуліцы сёньня, памятаючы, што ў 1855 г. туды ж і тым ж шляхам ехаў Уладыслаў Сыракомля — аўтар прыгожага нарыса «Менск. Беглы позірк на цяперашні стан Менску».

Тады рэаліі былі іншымі: «Цудоўным маёвым вечарам паехалі мы агледзець гэты арыстакратычны менскі могільнік, разьмешчаны ў паўночна-заходнім баку, за тры вярсты ад гарадзкіх муроў. Цяністая бярозавая алея рабіла мілейшым вечаровы халадок; выгляд буйной збажыны радаваў сэрца, і расчуленыя, але ня сумныя ехалі мы пабачыць месца вечнага супачынку. Спыніліся перад мураванаю брамаю, якая была чыімсьці надмагільным помнікам, заслоненым густымі дрэвамі, з-пад якіх маляўніча выглядвалі таксама мураваныя помнікі».

Крыху раней за Ўладыслава Сыракомлю, у 1852 г. падарожжа па сваім краі рабіў Павал Шпілеўскі. Менш эмацыйна, крыху пратакольна, але па-свойму рамантычна ў сваіх нарысах «Вандроўкі па Палесьсі і беларускім краі» ён адзначыў: «Кальварыя... рыма-каталіцкія могілкі з каменным касьцёлам; вакол яе арэхавы лес, багаты на грыбы і розныя ягады».

Сёньня нашая алея — гэта мачты ліхтарных слупоў. І могілкі, што былі «тры вярсты ад гарадзкіх муроў», апынуліся амаль у цэнтры мэгаполіса. Але тым мацнейшы кантраст. Раней шлях да Кальварыі быў падкрэсьлена ідылічны, аддалены ад рэаліяў. Цяпер сымбалічнае поле звузілася да акрэсьленай тэрыторыі могілак — вакол буяе жыцьцё. Ранейшая аддаленасьць ад горада, пагорак і назва — Кальварыя, ствараюць цэлую сыстэму атаесамленьняў. Лацінскае calva — чэрап, а Calvariae locus (месца чэрапа) — лацінскі адпаведнік старагабрайскай Галгофе — пагорку, на якім укрыжавалі Хрыста. Такім чынам: шлях, узгорак, Кальварыя — гэта і ёсць Крыжовы шлях, апошні шлях.

На Кальварыі тэрміналягічнае падарожжа па Менску не сканчаецца. Побач пасаджаны яшчэ адзін сымбалічны тапонім — Цівалі. Такую ж назву мае каскад вадаспадаў вышынёю 160 мэтраў на рацэ Аньён, прытоку Цібра ў Цэнтральнай Італіі. Цівалі -- таксама італьянская назва старажытнарымскага Цібура, вядомага з IV ст. да нараджэньня Хрыстова горада побач з Рымам. Менавіта там імпэратар Андрыян і патрыцый Мэцэнат, чыё імя стала агульным, мелі свае вілы. У XVI cт. Піра д’Эстэ пабудаваў побач з старажытным Цібурам вілу, галоўная адметная рыса якой — выкарыстаньне ў ансамблі прыродных асаблівасьцяў, а ня гвалт над імі. Там быў разьбіты парк з каскаднаю сыстэмай фантанаў. Вось адкуль Цівалі -- ад вадаспадаў. Новую паркавую сымболіку потым актыўна выкарыстоўвалі. Заснаваны ў сярэдзіне XIX ст. у Капэнгагене першы парк масавага адпачынку атрымаў назву Цівалі. Гэткую ж назву меў і маёнтачак пад Менскам, побач з Кальварыяй. Рамантычныя прыхільнасці ўладальніка і, пэўна, прыродныя асаблівасьці паўплывалі на выбар назвы. Вёска Цівалі праіснавала да наступу горада ў др. пал. ХХ ст. Сёньня захаваўся толькі пагорак Цівалі.

Што яшчэ важнае адносна назваў? Цібурскі шлях вёў у Рым. Уезд у Вечны горад, за мур Аўрэліяна і аквэдук Тэпулы быў празь Цібурскую (Цівалійскую) браму. Шлях у Менск з паўночнага захаду ішоў побач з Кальварыяй і Цівалі. Калі так, то знакі Кальварыі і Менску мусілі сустрэцца — Кальварыя павінна была апынуцца ў Менску, і сёньняшнія прысады зь ліхтарных слупоў таксама былі прадказаныя.

Стварылася зусім новая сытуацыя. У эўрапеоідаў спрадвечны звычай — хаваць памерлых у месцах, адасобленых ад паселішчаў жывых. Пад падлогаю свайго дому хавалі продкаў, да прыкладу, мая — людзі зусім іншай цывілізацыі. Тое, што могілкі апынаюцца ў самым цэнтры горада, магло здарыцца толькі ў выніку зьменаў, якія перайначваюць аблічча ўсяго грамадзтва. Надыход урбаністычнай эры і быў такою зьменай.

 

* * *

Ёсьць яшчэ адзін горад беларускай і сярэдняэўрапейскай цывілізацыі, адзін з самых значных гарадоў гэтае культуры — Вільня, на паўночным ускрайку якой таксама была створаная Кальварыя. Кампазыцыйна й ідэйна віленская Кальварыя больш маштабная за менскую. Гэта ня толькі ракальны касьцёл Сьв. Крыжа і могілкі побач зь ім, але таксама цэлая сыстэма каплічак, што раскіданыя па навакольлі, некаторыя зь іх пабудаваныя на месцах крыніц. Бажніца разьмешчаная на самым высокім тут пагорку і падымацца да яе трэба па стромкай лесьвіцы — таксама мэтафара Галгофы.

Заснаваньне Кальварыйскага мэмарыяльнага ансамблю было зьвязанае з вызваленьнем у сярэдзіне XVII ст. сталіцы Вялікага Княства ад расейскіх акупацыйных войскаў. Біскуп Юры Белазор у знак удзячнасьці Богу за ацалелы горад загадаў закласьці ў маляўнічай мясцовасьці на поўнач ад Вільні сьвятыню, якая б сымбалізавала Боскія пакуты. Касьцёл быў асьвечаны ў гонар Сьв. Крыжа. Ажыцьцяўлялі ідэю біскупа Юрыя ўжо ягоныя наступнікі. Найперш быў пабудаваны драўляны касьцёл. Разам з капліцамі яго перадалі мніхам-дамініканам. Будоўля мураванае сьвятыні і новых капліцаў была распачатая ў 1755 г. Найбольш моцнае ўражаньне ад віленскай Кальварыі — адчуваньне ўключанасьці яе ў прыроду, ў пагоркавы ляндшафт Вільні. Юры Рэмэр, які прысьвяціў Вільні сваю кнігу, не схаваў хваляваньня, апісваючы гэтую мясьціну. Ён убачыў у Кальварыі ідэйна-мастацкую мадэль свайго вялікага горада: «Прырода, мастацтва, гісторыя, вера, усё зьяднанае, усё ўзятае ў цудаўныя рамы. Прырода мае тут годнасьць касьцёла, мастацтва зьяўляецца нібы жывым арганізмам прыроды, гісторыя лучыцца зь легендаю і вераю, прымушаючы падарожніка да сузіраньня». З цэнтру Вільні сюды вядзе вуліца Кальварыйская. Зрэшты, сама Кальварыя — частка больш шырокага абсягу — Віленскага Ерузаліму.

Пасьля выключэньня з тэрытарыяльна-прасторавага кантэксту Беларусі Вільні і віленскіх могілак на Росах і ў Ліпоўцы, Кальварыйскія могілкі ў Менску засталіся адным з найбольш значных у гісторыка-мэмарыяльным і культурным сэнсе нэкропаляў нашай краіны.

 

 

ЗАСНАВАНЬНЕ МЕНСКАЙ КАЛЬВАРЫІ

Заснаваньне менскай Кальварыі не акрэсьліваецца канкрэтным годам. Праз тое і ўзьнікла легенда, якая цьвердзіць, што могілкам і касьцёлу — 600 гадоў.

Але захаваліся ўспаміны, што на ўзгорку каля дарогі на Ракаў, званым Сьвятым месцам, яшчэ ў канцы XVII і на пачатку XVIII ст. зьбіраліся на набажэнствы каталікі Менску й ваколіцаў. У 1745 годзе ў Лідзе на капітуле кармэлітаў менскі канвэнт ордэна атрымаў дазвол на заснаваньне Кальварыі – мэмарыяльнага комплексу ў памяць пра пакуты. Магчыма, ужо тады быў збудаваны першы драўляны касьцёл. У 1800 годзе біскуп Якуб Ігнацы Дэдэрка перадаў касьцёл францішканам. Такія зьмены былі зьвязаныя з паступовым і пачарговым выцясьненьнем расейскімі ўладамі розных каталіцкіх ордэнаў.

Уласна могілкі на Кальварыі былі заснаваныя ў канцы XVIII ст., калі за межамі горада закладаліся, у адпаведнасьці з канфэсіямі, тры нэкропалі: Старажоўскі на Пярэсьпе — праваслаўны, Кальварыйскі — рыма-каталіцкі, Залатагорскі, паводле да канца няспраўджаных зьвестак — грэка-каталіцкі.

У 1836 годзе менская шляхта дамаглася дазволу на пабудову ў Кальварыі на месцы драўлянага касьцёлу — мураванага. Будавалі на сродкі мясцовых жыхароў, але галоўным фундатарам лічыцца Ганна з Абуховічаў Паўлікоўская. Новый касьцёл стаў ужо парафіяльным, гэта значыць, не належаў манаскаму закону, а групаваў вакол сябе парафію – касьцельную грамаду. У трыццатыя гады ХІХ ст. на Кальварыі адбыліся важныя архітэктурна-пляніровачныя зьмены, пачатак якіх паклала пабудова мураванай брамы.

 

 

БРАМА

Менскі шляхціц Юры Кабылінскі ў памяць аб сваёй жонцы фундаваў браму Кальварыі. Прынятыя ў такіх выпадках надпісы фундатара былі зробленыя тактоўна — на зьнешнім ад могілак баку. Пад магутным гзымсам з сухарыкамі як гасла ідуць польскія словы: «Вечны спачынак». Словы ўласнага жалю выказаныя на ўнутраным баку: «Pamiаtka mгоa i dzieci poswiгcona Jиzefie Kobyliзskiey, tu pogrzebioney. R —1830 wrzeкnia». Надпіс, які глядзіць у сьвет жывых, зьяўляецца хутчэй інфармацыйным; з боку могілак надпіс выглядае як эпітафія, паведамляючы таксама дату пабудовы брамы.

Самі Кабылінскія былі этнічнымі палякамі й паводле родавага паданьня з XV ст. паходзілі ад Якуба з Кабыліна, кашталяна гнезьненскага. Пазьней род шырока расьсяліўся па Вялікапольшчы й Падольлі. На Меншчыну Кабылінскія (Сэбасьцян з сынамі Язэпам, Юрыем — будучым фундатарам брамы, і Францішкам) перасяліліся толькі пасьля анэксіі Вялікага Княства Расеяй — ужо ня дзейнічалі нормы Статуту, якія абмяжоўвалі атрыманьне зямельнай маёмасьці й пасадаў у Вялікім Княстве Літоўскім замежнікамі. Кабылінскія глыбока пусьцілі карані ў Беларусі. Могілкі тут сталі нечаканай мэтафарай набыцьця новай зямлі й новай Радзімы.

Міхал Леапольд Гаўсман, які зімою 1854 г. дапамагаў Уладыславу Сыракомлю ў зборы матэрыялаў для ўжо цытаванай кнігі, у другой палове 70-х гадоў ХІХ ст. так апісваў свае пачуцьці: «... цудоўная каменная брама, пабудаваная коштам былога шляхецкага сакратара Кабылінскага, уражвае кожнага сваёй грандыёзнасьцю і ляпной аздобаю».

На тле аднастайнай і працяглай агароджы могілак брама выглядае манумэнтальна. Яе стрыжнёвая архітэктурная ідэя — сымэтрыя. Па абодва бакі ад цэнтральнага паўцыркульнага праёму вымураваныя меншыя па памерах два бакавыя праёмы. Жалезныя, па-мастацку выкаваныя дзьверы падкрэсьліваюць праёмы. Гзымс падзяляе браму на два ярусы, ніжні зь якіх упрыгожаны рустоўкаю — своеасблівай імітацыяй ў тынкоўцы апрацаваных каменных блёкаў. Верхні ярус брамы ўпрыгожаны ляпною геральдыкай, якая разьмешчаная над бакавымі праёмамі. Сымболіка ляпніны прысьвечаная тэме й культу сьмерці — труна, жалобныя штандары, чэрап. Такая літаральная трактоўка тэмы ідзе з ранейшых часоў, увогуле зь сярэднявечча, калі падобныя сюжэты адлюстроўваліся менавіта натуралістычна. На клясыстычнай Кальварыйскай браме элемэнты ляпніны выглядаюць як праявы драматычнага сьветаўспрыманьня чалавека пост-барочнай эпохі. Адначасова ляпніна з сымболікай сьмерці выконвала і ўласна інфармацыйную ролю — сьведчыла, што тут, ад гэтай брамы пачынаюцца могілкі.

Ансамбаль Кальварыі ўключае, акрамя брамы, таксама касьцёл з нэагатычнымі формамі і шэраг архітэктурных пабудоваў малых формаў. Стылістыка Кальварыйскай брамы закранае сутнасьць клясыстычнага стылю, гэтак неадназначнага для Беларусі.

* * *

Гістарычна архітэктура клясыцызму ў Беларусі ўвабрала ў сябе тры творчыя накірункі — мясцовыя традыцыі, заходне-эўрапейскую сыстэму ды расейскія ўплывы. У архітэктуры нашага краю клясыцызм пашырыўся досыць позна — з 1770-х гадоў, у той час як у заходне-эўрапейскім мастацтве ён ведамы з 70-х гадоў XVIII ст. Беларусь можна назваць краінаю барока — настолькі моцным і доўгатрывалым быў гэты стыль на нашых землях. Калі ў іншых краінах (Францыя, Нямеччына) барока ў XVIII ст. саступіла месца клясыцызму, дык у Беларусі клясыцызм яшчэ доўгі час суіснаваў разам з барока. Сутнасьць клясыцызму выявілася ў кананізацыі антычнай клясыкі, менавіта яна разглядалася як дасканалы ўзор для запазычаньня. Нарматыўныя эстэтычныя крытэры ўтвараліся з антычных прыкладаў, якія падлягалі ідэалізацыі. Падобныя абагульненьні і тыпізацыі рабіліся без выяўленьня непаўторна-асаблівага, індывідуальнага. За вонкавай гармоніяй клясыцызму хаваецца палярызацыя прыроды і культуры, пачуцьцяў і розуму. Таму клясыцызм імкнецца згарманізаваць супярэчлівае быцьцё, падпарадкаваўшы яго «нязьменным» і «вечным» законам розуму і красы. Але тым самым выяўляецца валявы творчы пачатак, які арганізуе форму ў прасторы згодна з рацыяналістычнымі прынцыпамі разумнай мэтазгоднасьці і строгага парадку. Разьвіцьцё такіх зыходных прынцыпаў прывяло да валюнтарызму, нятворчага перайманьня антычных узораў, сухасьці, халоднасьці вобразаў, стандартызацыі архітэктурных прыёмаў. Гэта асабліва выявілася ў першай пал. ХІХ ст. — у пэрыяд заняпаду клясыцызму.

У дачыненьні да гісторыі культуры Беларусі трэба ўлічваць адну важную акалічнасьць, гэтым разам палітычную — у канцы XVIII ст. Расея захоплівае беларускія землі. Сюды прыйшла дзяржава, у якой клясыцызм зьяўляўся афіцыйным стылем. Бюракратычны падыход і мэханістычнае разуменьне архітэктурнай справы, манархічны валюнтарызм, які ператварыў клясыцызм ва ўрадавы стыль, прывялі да зьбядненьня і стандартызацыі архітэктурна-мастацкіх прыёмаў, да жорсткай рэглямэнтацыі вобразу будынкаў. І ў цэлым эпоха клясыцызму ў беларускім дойлідзтве супала з часам архітэктурна-мастацкага заняпаду.

* * *

Дык вось, стваральнік Кальварыйскай брамы паспрабаваў разарваць замкнёнае кола самаабмежаванасьці клясыцызму ў ХІХ ст. Была пабудаваная вельмі сумаштабная з асяродкам брама. Першыя сто гадоў свайго існаваньня ў прыродным атачэньні брама выглядала больш натуральна. Але й цяпер, калі гмахі падступіліся пад самыя могілкі, брама не згубілася сярод іх, набыла «новую» манумэнтальнасць.

Дэкаратыўнае аздабленьне помніка не ўмяшчаецца ў каноны расейскага клясыцызму. Багатая рустоўка ў ніжняй частцы нагадвае пра мясцовыя традыцыі рэнэсансавай спадчыны эпохі Рэфармацыі (дастаткова ўзгадаць кальвінскі збор у Заслаўі). Рустоўка, між іншым, была папулярным сюжэтам у францускім клясыцызме XVII-XVIII ст., на які арыентаваўся малады клясыцызм Вялікага Княства.

Наўмысна падкрэсьленыя камяні цокаля таксама сьведчаць пра стылёвы сымбіёз на землях былога ВКЛ. Калі разам з Расеяй сюды прыйшоў і расейскі клясыцызм, дык гэта адбілася найперш на праектаваньні будынкаў. Архітэктар распрацоўваў фасады і пляны, якія зацьвярджаліся. А рэалізоўвалі праект менскія муляры, выгадаваныя на старых традыцыях. Цокальныя паверхі, да прыкладу, выкладаліся зь вялізных валуноў, паверхня якіх адмыслова зашліфоўвалася, а ў рошчыну дадаваліся каменьчыкі. Менск канца XVIII — XIX ст. захоўваў старажытныя сярэднявечныя традыцыі дойлідзтва.

Яшчэ адна праява мясцовых традыцыяў — ляпніна зь яе тэматычнай старажытнасьцю — перайшла на Кальварыйскую браму ад барока. У расейскім клясыцызме ляпніна па-за межамі Санкт-Пецярбургу выкарыстоўвалася досыць абмежавана, набор дэкаратыўных элемэнтаў быў даволі стандартным. Да таго ж ляпніна не была там такой пачуцьцёвай, як на Кальварыі. Архітэктар — аўтар праекту Кальварыйскай брамы, быў чалавекам тутэйшага ўзгадаваньня і ў сваім творы зьвяртаўся да мясцовай архітэктурнай школы.

 

КАСЬЦЁЛ

Каб патрапіць да касьцёла, трэба падняцца ад брамы на вяршыню пагорка — яшчэ адна сымбалічная лінія, узыходжаньне на Галгофу. Гэтую алегорыю падкрэсьліла асьвячэньне касьцёла ў гонар Узвышэньня Сьв. Крыжа.

У беларускіх энцыкляпэдыях найноўшага часу даецца вызначэньне Кальварыйскага касцёла як помніка нэаготыкі. Але гэта досыць адназначная і павярхоўная трактоўка таго дзіўнага зьмяшэньня стыляў, што ствараюць вобраз помніка.

Першае ўражаньне ад касьцёлу робіць вежа, а менавіта на ёй сканцэнтраваныя псэўдагатычныя элемэнты: моцна па вэртыкалі выцягнутыя ваконныя праёмы са сьпічастымі завяршэньнямі, адно з такіх вокнаў над уваходнымі дзьвярыма пазначае стрэльчатасьць парталу; вежа, завершаная двухсхільным шатром, пры набліжэньні да яе па шляху ад брамы, узносіцца, імітуючы эмацыйнае ўзьдзеяньне готыкі. Але самая вежа гарызантальна падзеленая гзымсам, што разбурае гатычны малюнак стромкасьці. Ды яшчэ клясыстычныя сухарыкі пад гзымсам. Куты вежы і ўсяго касьцёла апрацаваныя пад руст. Мастацтвазнаўца Зянон Пазьняк заўважыў, што для готыкі вежа ўсё ж масіўная, яе двухспаднае завяршэньне, а таксама адносна малая ў параўнаньні з плоскасьцю сьцяны плошча вокнаў нагадваюць штосьці раманскае. Такім чынам, дэкор Кальварыйскага касьцёла ўяўляе сабою эклектыку з стылістычных элемэнтаў псэўдаготыкі, клясыцызму, нэараманікі. Ведаючы гісторыю гэтага помніка, можна меркаваць, што ў выніку перабудовы 1899 г. першапачатковы дэкор быў спрошчаны, але адначасова нэагатычныя рысы былі падкрэсьленыя, адпаведна з густамі часу.

Сама ж архітэктоніка Кальварыйскага касьцёла клясыстычная, што адчуваецца ў ордэрнай сыстэме, калі разумець ордэр шырока — як суадносіны і адпаведнасьць нясомых і нясучых частак будынка.

Што сапраўды важнае ў дачыненьні да псэўдагатычных элемэнтаў, дык гэта тое, што Кальварыйскі касьцёл стаўся першаю пабудовай у Менску, дзе былі ўжытыя рысы псэўдаготыкі.

* * *

У самым шырокім сэнсе гістарызм ахоплівае некалькі значных архітэктурных напрамкаў — найперш «нэастылі» (у тым ліку і нэаготыка) і эклектызм (спалучэньне разнастайных мастацкіх элемэнтаў, гістарычных формаў, стыляў, канструкцыяў у адной пабудове). Архітэктурныя формы фасадаў і інтэр’ераў эклектычных будынкаў характарызуюцца аплікатыўнай дэкаратыўнасьцю, стварэньнем архітэктурна-мастацкага канглямэрату рознастылёвых формаў, у залежнасьці ад прызначэньня будынкаў.

Існуе тэрміналягічная няпэўнасць адносна аднаго з асноўных напрамкаў гістарызму — нэаготыкі, што займае асобнае месца ў гісторыі беларускага мастацтва. Адбываецца атаесамленьне тэрмінаў нэаготыка, псэўдаготыка, несапраўдная готыка, яны памылкова ўспрымаюцца як абсалютныя сынонімы. Прапанаванае гісторыкам мастацтва С.Харэўскім разьмежаваньне тэрмінаў псэўдаготыка і нэаготыка дазваляе зразумець стылёвыя асаблівасьці Кальварыйскага касьцёла й месца гэтага помніка ў мастацкім працэсе Беларусі.

Рэч у тым, што псэўдаготыка (ці несапраўдная готыка) кан. XVIII - XIX ст. існавала ў межах стылёвых кірункаў клясыцызму і эклектызму. Яе роля была чыста дэкаратыўнаю, «гатычныя» элемэнты не знаходзіліся ў сыстэмнай цэльнасці ні з канструкцыяй будынкаў, ні з унутраным іх убраньнем. Зьмяшэньне стылёвых элемэнтаў дэкаратыўнай готыкі з клясыцызмам стварала неадпаведнасьць зьнешняга вобразу і ўнутранай пляніроўкі, сыстэмы канструкцыяў. Такія прыклады ў Беларусі досыць пашыраныя — палацава-паркавыя комплексы ў Косаве, Прылуках, Сьмілавічах, Шклове, Крычаве, касьцёлы ў Сар’і, Ракаве... З адыходам у сяр. ХІХ ст. клясыцызму асабліва ў культавай архітэктуры ўзмацняецца імкненьне да нацыянальна-гістарычных прататыпаў. Псэўдаготыка др. пал. ХІХ ст. імкнецца да канкрэтнай гістарычнай стылізацыі, але зьвяртаецца да няпэўных прататыпаў. Псэўдагатычны выгляд атрымалі пратэстанцкія бажніцы (Горадня, Полацак), каталіцкія касьцёлы (Сьвятога Роха ў Менску), псэўдагатычныя элемэнты патрапілі ў аздабленьне праваслаўных храмаў (Слабада Мядзельскага і Барок Слуцкага раёнаў). У пач. ХХ ст. сытуацыя рэзка зьмянілася — эклектызм распаўся на зусім пэўныя стылёвыя кірункі: «нэаготыку» і шчыльна зьвязаную зь ёю нэараманіку; нэабарока; нэаклясыцызм. Тут вядзецца ўжо пра пэўную стылёвую еднасьць экстэр’еру і інтэр’еру, не пра адраджэньне готыкі ў сэнсе яе капіяваньня, але пра стварэньне цэльнай архітэктурна-мастацкай сыстэмы са значнымі кампіляцыямі некаторых канструктыўна-плястычных прыёмаў готыкі. Новая готыка суправаджалася эстэтызацыяй каркаснай канструкцыі, большым разуменьнем узаемасувязі паміж тэхналёгіяй і эстэтыкай, характэрным для найноўшай архітэктуры пачатку ХХ ст.

Нэаготыка здолела разьвіцца ў Беларусі толькі ў ХХ ст. — разам з павелічэньнем досьведу мясцовых архітэктараў, з эканамічным уздымам краю ды лібэралізацыяй рэлігійнай палітыкі ў Расейскай імпэрыі. Нэаготыка стала вядучым стылем у Беларусі пачатку ХХ ст. і паўплывала на станаўленьне стылю «мадэрн», а менавіта яго нацыянал-рамантычнага кірунку. Такім чынам разьвіцьцё «гатычнага» стылю ў Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. можна зьвесьці да наступнай эвалюцыйнай схемы:

клясыцызм эклектыка мадэрн: нацыянал-рамантызм 10-30 гадоў ХХ ст.

І_________________І І______________________________І

псэўдаготыка кан. XVIII-XIX ст. нэаготыка пач. ХХ ст.

Тыя асобныя «гатычныя» элемэнты Кальварыйскага касьцёла, якія так несыстэмна накінутыя на бажніцу, але, дзякуючы выгоднаму разьмяшчэньню, нібыта дамінуюць у архітэктурным сылуэце, зьяўляюцца псэўдагатычнымі, элемэнтамі несапраўднае готыкі. Кальварыйскі касьцёл у выніку — помнік эклектычнай архітэктуры з вырашэньнем асноўнага аб’ёму ў клясыстычнай ордэрнай сыстэме, з эклектычным дэкорам, які ўяўляе сабою суплёт псэўдагатычных і псэўдараманскіх дэталяў у рамантычным прачытаньні.

Раней меркавалася, што зьяўленьне псэўдаготыкі ды архітэктуры гістарызму ўвогуле адбылося ў выніку дэградацыі і выраджэньня клясыцызму. Паўторы і запазычаньні прыёмаў ужо прамінулых стыляў разглядаліся ў канцэпцыі эстэтычнай заканамернасьці як дэградацыя мастацкай зьявы. Але гістарызм сымбалізаваў узьнікненьне новага, прынцыпова апазыцыйнага клясыцызму ідэйна-мастацкага сьветапогляду. Гістарызм стаў знакам рамантычнага мэтаду, які зьвярнуўся да індывідуальнага, адмаўляючы касмапалітызм абагульненасьці, г. зн. адмаўляючы таксама клясыцызм. Рамантызм заканамерна зьвярнуўся да народнага мастацтва, да старажытнасьцяў, шукаючы повязь часоў і аргумэнты ў свабоднай творчасьці народа, у падзеях нацыянальнай гісторыі.

Алег Дзярновіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0