Да гiсторыi беларускага падпольнага друку

 

Пад час Другой сусьветнай вайны Беларускi нацыянальны супрацiў быў значна слабейшым за ўкраiнскi й польскi. Адпаведна слабейшым быў i беларускi падпольны друк, выдавецтвам якога займалася практычна толькi адна арганiзацыя — Беларуская Незалежнiцкая Партыя. Цi не адзiным нелегальным пэрыёдыкам быў «Бюлетэнь БНП».

Упершыню пра «Бюлетэнь БНП» у пасьляваенны час у Беларусi напiсаў Васiль Раманоўскi ў сваёй сумнавядомай кнiзе «Саўдзельнiкi ў злачынствах» (Менск, 1964). Ён назваў бюлетэнi «бруднымi лiсткамi», якiя «заклiкалi беларускую моладзь i iнтэлiгенцыю актыўна змагацца супраць СССР, за стварэньне беларускай буржуазнай дзяржавы».

За наступныя трыццаць гадоў «Бюлетэнь БНП» так i ня быў вывучаны гiсторыкамi. Уладзiмер Гуленка ў энцыкляпэдычным арыкуле, прысьвечаным БНП, згадвае пра яго, але чамусьцi называе «Беларускiм iнфармацыйным бюлетэнем».

«БЮЛЕТЭНЬ Беларускай Незалежнiцкай Партыi» як «орган Вызвольнага (у апошнiх нумарах — Беларускага. — С.Ё.) Сялянска-Работнiцкага Руху» зьявiўся дзесьцi ў другой палове 1942 году. Сябра ЦК БНП Барыс Рагуля прыгадвае, што справа заснаваньня свайго друкаванага органу кiраўнiцтва партыi абмяркоўвала на нарадзе ўлетку 1942 году: «Вырашылi выдаваць падпольны бюлетэнь i выдаваць яго раз на тры месяцы. Хацелi раз на месяц, але пасьля дэбатаў спынiлiся на першым варыянце. Пастанавiлi выдаваць бюлетэнь у розных гарадах. Першы «Бюлетэнь БНП» выйшаў у Вiцебску, але распаўсюджваць яго пачалi ў Наваградку».

Месца выданьня першага нумару было выбрана невыпадкова. Менавiта ў Вiцебску займаў пасаду бурмiстра горада старшыня ЦК БНП Усевалад Родзька. Тут працаваў ва ўправе i сябра ЦК БНП Мiхась Рагуля («Чорны»), якi быў прызначаны рэдактарам «Бюлетэня БНП». У Вiцебску ён зьяўляўся рэдактарам i дадатку да легальнай расейскамоўнай газэты «Новый Путь» — «Беларуская Старонка», якi выходзiў штотыднёва зь вясны 1942 году. Першы нумар падпольнага «Бюлетэня...» быў набраны на друкарскай машынцы й памножаны на шапiрографе або рататары. У iм былi зьмешчаныя праграма i статут Беларускай Незалежнiцкай Партыi, а таксама iнфармацыя пра заснавальнiцкi зьезд БНП.

Адказным за выпуск другога нумару быў прызначаны Барыс Рагуля. Ён выдаў яго ў Наваградку, праўдападобна, на пачатку 1943 году накладам найменш у 500 асобнiкаў. Б.Рагуля ўспамiнае: «Рассылалi «Бюлетэнь»... мы не адтуль, дзе ён друкаваўся, а зь iншых гарадоў. Ужо пасьля бюлетэнь прыходзiў да нас... За рассылку, фактычна, адказны быў Родзька, якога, як бурмiстра Вiцебска, нiхто нiколi не правяраў. Да мяне прыяжджаў кур’ер i празь яго перадаваў аддрукаваны наклад у нагаворанае месца ў Менск. Адтуль яго рассылалi...

Такiм чынам я выдаў толькi адзiн нумар. Ня памятаю, дзе выдаваўся трэцi нумар «Бюлетэню БНП». А чацьверты друкаваўся ў Бэрлiне Мiкалаем Шкялёнкам. Шкялёнак быў адным з найлепшых iдэолягаў партыi. Акрамя таго, ён быў таксама вельмi добрым палiтыкам, якi прадбачыў у перадапошнiм «Бюлетэнi...» падзел Нямеччыны на ўсходнюю й заходнюю часткi».

Невядома зь якой прычыны пад час нямецкай акупацыi на працягу 1942-44 гадоў у Беларусi выйшлi ўсяго два нумары «Бюлетэню БНП». Магчыма, кiраўнiцтва партыi сутыкнулася з праблемаю адсутнасьцi дастатковай тэхнiчнай базы, або аддало перавагу больш апэратыўным улёткам.

Тым часам «Бюлетэнi Беларускай Незалежнiцкай Партыi» шырока разышлiся па Беларусi й адыгралi важную прапагандысцкую ролю. У адрозьненьне ад легальнага друку, якi быў пад нямецкай цэнзурай, у падпольным выданьнi БНП побач з антыкамунiстычнай прапагандай была й антыфашысцкая фразэалёгiя. Зразумела, што «Бюлетэнь...» карыстаўся вялiкай папулярнасьцю, асаблiва сярод моладзi.

БНП праводзiла прапагандысцкую працу ня толькi сярод нацыянальных партызанаў, але й сярод савецкiх. Пiсьменьнiк, былы савецкi партызан, Уладзiмер Калесьнiк, успамiнаў, як трапiў яму ў рукi ў Налiбоцкай пушчы «прысланы невядома кiм орган Беларускай Незалежнiцкай Партыi «Бюлетэнь» (Беларусь, 1994, №10). Шырока былi ахопленыя ўплывам партыi й беларускiя вайсковыя фармацыi, дазволеныя акупантамi.

Трэцi нумар «Бюлетэню БНП» выйшаў ужо ва Ўсходняй Прусii ў жнiўнi 1944 году. Выдаваўся ён пры беларускiм дэсантным батальёне «Дальвiц» i праз парашутыстаў, якiх скiдвалi зь нямецкiх самалётаў, дастаўляўся ў Беларусь. Увосенi 1944 году ў Бэрлiне пабачыў сьвет чацьверты нумар. Пяты, апошнi «ваенны» «Бюлетэнь БНП», быў аддрукаваны ў сьнежнi 1944 году альбо ў студзенi 1945-га. Мiкола Панькоў у сваiм «Паказьнiку беларускiх выданьняў на чужыне за 1945-50 гг.» (Нью-Ёрк, 1952) памылкова пiша, што ў 1945 годзе выйшла пяць нумароў «Бюлетэню...» На самой справе ў апошнi ваенны год мог выйсьцi толькi адзiн нумар — пяты.

У Нямеччыне БНП зноў пачынае аддаваць перавагу ўлёткам. Лейтэнант дывiзii «Беларусь» Аўген Усюкевiч успамiнае Генадзя Казака, якi распаўсюджваў улёткi БНП сярод беларускiх вайскоўцаў: «У лiстоўках быў заклiк за саюз з прыбалтыйскiмi народамi i прапаганда супраць маскалёў i палякаў. Я яшчэ сказаў Гене, каб ён асьцярожна дзейнiчаў, каб хто ня выдаў яго немцам... Казак здолеў пасьля вярнуцца на Беларусь зь Нямеччыны. Зарганiзаваў «Саюз Вызваленьня Беларусi» ў Наваградку. Быў арыштаваны, атрымаў 25 гадоў канцлягераў, дзе й загiнуў...»

Заканчэньне Другой сусьветнай вайны стала пачаткам новага этапу Беларускага вызвольнага руху. БНП на Бацькаўшчыне пад кiраўнiцтвам генэрала Мiхала Вiтушкi («Канцавы», «Лось») распачала выданьне новых падпольных пэрыёдыкаў, сярод якiх галоўнае месца займаў часопiс «За Волю». На эмiграцыi сябры партыi арганiзавалiся ў Замежны Сэктар БНП, якi ачольваў Дзiмiтры Касмовiч («Каршун»). Пасьля 3-й канфэрэнцыi Беларускай Незалежнiцкай Партыi, якая адбылася 30 верасьня 1946 году ў Заходняй Нямеччыне, на эмiграцыi быў выдадзены шосты, апошнi нумар «Бюлетэню БНП». У адрозьненьне ад ранейшых нумароў, якiя выходзiлi на 8 балонках, ён меў iх 16. «Бюлетэнь...» зьмяшчаў партыйныя адозвы, кронiку, публiцыстыку, а таксама iнфармацыю пра антыбальшавiцкi партызанскi рух на Бацькаўшчыне.

У 1949 годзе Замежны Сэктар БНП спрабаваў адрадзiць «Бюлетэнь БНП» пад iншаю назвай. Выйшлi два нумары партыйнага бюлетэню «Праца i Воля», якi зьнешнiм выглядам быў вельмi падобны да свайго папярэднiка.

На гэтым можна было б i закончыць кароткi нарыс пра «Бюлетэнь БНП», але... Беларускi эмiграцыйны гiсторык Вацлаў Пануцэвiч лiчыў, што першы нумар «Бюлетэню...» выйшаў у 1941 годзе i, магчыма, быў «сьвежа адбiты пры ўдзеле (айца) Гадлеўскага ў Варшаве». Нiбыта яго меў Усевалад Родзька на нарадзе актыву БНП у польскай сталiцы ў канцы жнiўня 1941 году (Спадчына, 1993, №6, с.70).

Я думаю, што Пануцэвiч памылiўся, пераблытаўшы два розныя выданьнi. У Нацыянальным архiве некалькi гадоў таму мне ўдалося выявiць цiкавы дакумэнт — данясеньнi савецкай выведкi ў Маскву пра дзейнасьць Беларускай Незалежнiцкай Партыi. «У студзенi месяцы 1943 году, — цытую дакумэнт, — Цэнтральны Камiтэт БНП выпусьцiў зварот да беларускага народу i апублiкаваў праграму партыi. Гэтая праграма была сфармуляваная задоўга да вайны i апублiкаваная ў першым нумары бюлетэня беларускiх эмiгрантаў за 1940 г. У праграме адзначаюцца прынцыпы, якiя ляжаць у аснове БНП.

Прывядзем некаторыя пункты гэтай праграмы:

«1. Мы змагаемся за незалежную сувэрэнную беларускую дзяржаву ў этнаграфiчных межах Беларусi.

2. Мы ведаем, што найвышэйшым аўтарытэтам i сiлай беларускай дзяржавы зьяўляецца арганiзаваная i дысцыплiнаваная беларуская нацыя. Мы змагаемся за нацыянальную Беларускую рэспублiку. Мы супраць парлямэнцкага рэжыму, якi падзяляе i аслабляе сiлы нацыi. Супраць дыктатуры некалькiх слаёў i палiтычных групiровак у народзе.

3. Мы прызнаем, што толькi адзiная палiтычная партыя, якая складаецца зь лепшага нацыянальнага элемэнту i кiруецца разумным правадыром, зьяўляецца асноўнай сiлай народу i дзяржавы. Мы iмкнемся аб’яднаць у шэрагах БНП увесь сьведамы беларускi актыў, якi апынуўся здольным носьбiтам дзяржаўнага аўтарытэту Беларускай рэспублiкi (гл. стар. 3 i 5 бюлетэня №1, 1940 г.)» (НАРБ, Фонд 4, вопiс 33а, справа 524, аркуш 185).

Такiм чынам, зусiм магчыма, што Ўс.Родзька на Варшаўскай нарадзе ў 1941 годзе меў якраз эмiгранцкi бюлетэнь ад 1940 г., якi выдаў айцец Вiнцэнт Гадлеўскi, а не «Бюлетэнь БНП». Але гэта ўжо новая, яшчэ неразгаданая тайна, якая чакае свайго дасьледчыка.

Сяргей Ёрш


 

Прысяга Беларускай Незалежнiцкай Партыi

Прысягаю да Бога, што буду верным да сьмерцi свайму Народу i Бацькаўшчыне, буду аддана i самаахвярна змагацца за незалежнасьць Беларусi i за шчасьце i волю Беларускага Народу. Уступаючы ў рады БНП, прысягаю ня здрадзiць яе спраў i тайнаў анi словам, анi чынам, хоць бы мяне чакалi найбольшыя спакусы i мукi. За справу БНП прысягаю аддаць у кожную хвiлiну жыцьцё, бо ведаю, што яе справа — гэта справа волi i шчасьця Беларускага Народу i Бацькаўшчыны, i што сяньня толькi ў шчыльных радох БНП мы здабудзем незалежнасьць Беларусi i дамо адпор нашым ворагам. Ведаю, што за здраду спраў i тайнаў партыi кожны яе сябра караецца сьмерцю. Ад сяньняшняга дня —я актыўны змагар i працаўнiк БНП.

(З архiву аўтара)

Ад ЦК Б.Н.П.

Мiнуў адзiн са шматлiкiх гадоў гiсторыi Беларусi. I здавалася бы на першы пагляд, што гэты год, як кожны зь мiнулых — год змаганьня за адвечныя iдэалы, год вечных надзеяў, чаканьняў, духовых уздымаў i вечных расчараваньняў.

Але не! Гэты год розьнiцца ад усiх iншых. Ён зьяўляецца годам вялiкiх надзеяў i годам адраджэньня веры ў народзе ў собскiя сiлы.

Гэта год, у якiм даканаўся вялiкi псыхiчны пераварот у шырокiх масах Беларускага Народу, бо ў гэтым годзе, больш як у iншым, пераканаўся наш народ, што адно толькi ёсьць безумоўна пэўным у вялiкiм змаганьнi за незалежнасьць — гэта СОБСКIЯ СIЛЫ i дзеля таго падняў ён зноў сьцяг адвечнага змаганьня, арганiзуючы БЕЛАРУСКАЕ КРАЁВАЕ ВОЙСКА, вырасшае з нашага паўстанчага руху на родных загонах.

Беларускае Краёвае Войска, гэта доказ здаровай народнай думкi i вера ў свае сiлы.

Таму сёньня, уступаючы ў новы год нашае эры, уступаем у новы этап нашага змаганьня.

Мы, партыйцы, уступаем у яго зь пераканьнем, што створанае намi Беларускае Краёвае Войска, узгадованае на нашых iдэалах бескампрамiснага змаганьня з усiмi акупантамi нашай зямлi, ёсьць фактам даказаным i гэта дадае нам сiлы i жалезнай вытрымаласьцi ў нашым вялiкiм змаганьнi.

Ад iменi Партыi ЦК вiтаю Вас, змагары БКВ, з Новым Годам i жадаю, каб Вы ўлiлi ў свае рады ўсiх тых, хто яшчэ да гэтай пары блудзiць на раздарожжы, шукаючы надарэмна чужацкiх саюзьнiкаў у змаганьнi за нашыя народныя iдэалы.

Вiтаю Вас, браты, загнаныя вайной на чужыя землi i жадаю Вам усiм у гэтым Новым годзе мець шчасьце прыступiць да змаганьня, але ўжо не за чужыя нам iнтарэсы, а за нашую МАЦI —НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ.

Вiтаю Вас, сябры БНП, жаўнеры штурмовых аддзелаў i ўсiх тых, хто зьяднаўся пад сьцягам БНП з адною думкай: здабыць НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ, або згiнуць у змаганьнi за Яе.

I вiтаю Цябе, Беларускi Народ, з Новым Годам i запэўняю Цябе, што сыны Твае ўступаюць у яго зь цьвёрдым перакананьнем, што год гэты, калi ня будзе годам аканчальнай перамогi, то прынамсi годам, у якiм ужо выразна зарысуецца Твая Вольная Постаць, годам вялiкага прагрэсу ў змаганьнi за Незалежнасьць!

Няхай жыве Беларускi Народ!

Няхай жыве Беларускае Краёвае Войска!

Няхай жыве Незалежная Беларусь i Яе Змагары!

Канцавы

(«Бюлетэнь БНП», № 5, сьнежань 1944 — студзень 1945 (?)).

 

Iнструкцыя

аб карыстаньнi i перахоўваньнi «Бюлетэню»

1. Пiльнуй, каб ня трапiў «Бюлетэнь» у рукi ворага.

2. Нiколi не пакiдай у няпэўным месцы.

3. Як найменей насi пры сабе.

4. Прачытай сам, дай прачытаць свайму добраму знаёмаму —сьведамаму беларускаму патрыёту, якi ня здрадзiць i забяры назад.

5. Матар’ял выкарыстоўвай у гутарках зь сябрамi, але будзь пры гэтым асьцярожны.

6. Перадавай iншым толькi ў «чатыры вочы», без прысутнасьцi каго-небудзь трэцяга.

7. Аб загiнуўшым экзэмпляры дакладай як найхутчэй таму, ад каго атрымаў.

 

Беларуская моладзь

— Беларуская моладзь праходзiць яшчэ больш цяжкую i крыжовую дарогу, чымся ўвесь Беларускi народ.

— На яе душы адыйгрываецца ў найбольш яркай форме ўся агiда i крывадушнасьць нашых ворагаў.

— Непатрэбна шмат аргумэнтаў, каб даказаць, колькi крыўды мусiла перанесцi нашая моладзь пад польскай акупацыяй Заходняй Беларусi i зьдзек маральны на ўсiх адрэзках маладое душы ў паняволеньнi камсамолу.

— Ня зрокся надзеi паняволеньня душы нашай моладзi i коратка трывалы акупант нашай Бацькаўшчыны — гiтляроўская Нямеччына.

— Немцы добра ведалi, што моладзь ёсьць будучыня беларускага народу i хочучы спынiць яе нацыянальны ўздым, накiнулi маладой арганiзацыi бязхрэбетнае i халуйскае кiраўнiцтва ў асобе Ганька. Гэтым самым думалi яны, што пры помачы бяздушнага iнструмэнту, якiм быў у нямецкiх руках Ганько, удасца выкарыстаць маладую беларускую сiлу для сваiх мэтаў.

— Аднак здаровая ў сваiх асновах нашая моладзь хутка адшрыфтавала гэтыя подлыя намеры. Ёй ня трудна было пераканацца, што вызначаны iм немцамi кiраўнiк гэта нiкчэмны «эрзац», i яна хутка знайшла сабе правадыроў, вырасшых зь яе радоў.

— I так, памятаючы яшчэ польскiя экспэрымэнты з гарцэрствам, бальшавiцкiя з камсамолам i перажываючыя апошнiя нямецкiя i зноў савецкiя, дайшла да перакананьня, што кожны чужынец iмкнецца да аднаго: забiць духова беларускую моладзь, каб лягчэй апанаваць народ. Але як бы ня iмкнулiся да гэтага нашыя ворагi, iм ня ўдасца дасягнуць сваёй мэты, бо Беларуская Моладзь нацыянальна ўжо сьпелая. I яна зразумела, якую адказнасьць на сваiх плячах нясе, яна пераканалася, што ад яе залежыць будучыня Беларусi i таму ня мае права прадаць сябе i сваёй душы чужынцам.

— I сёньня загнаная сiлай у рады Чырвонай Армii з аднаго боку, а з другога кiнутая ў нямецкiя лягеры i фабрыкi, страцiўшы ўсё iм дарагое: Бацькаўшчыну i сям’ю, ня страцiла аднаго — гэта IДЭI. Ня страцiла адвечнага iмкненьня да сонца i свабоды, да незалежнага жыцьця ў Вольнай Бацькаўшчыне! Наш народ маючы такую моладзь можа быць спакойны за сваю будучыню.

— Вы, маладыя арляняты, паднялiся ў прастору па СОНЦА. Дык не дазвольце чужынцам зламаць Вам крыльле!

— Трымайце цьвёрда штандар незалежнасьцi ў сваiх маладых руках! З Вамi народ! З Вамi Беларуская Незалежнiцкая Партыя!

Грунтуйцеся каля ЯЕ! Пашырайце ЯЕ iдэю, бо iдэя БНП — iдэя народу!

Каладзей

(«Бюлетэнь БНП», №5).

Аўтар удзячны сп. Юрыю Туронку за копii «Бюлетэняў Беларускай Незалежнiцкай Партыi».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0