«У лесе я сустрэў шмат такiх, як я»

Iнтэрвiю з камандзiрам беларускiх партызанаў

 

Гутарка зь Вiктарам Сiкорам адбылася ў кастрычнiку 1997 году ў вёсцы Малыя Алашкi каля Шаркоўшчыны.

 

Даведка: Вiктар Сiкора нарадзiўся ў 1925 годзе ў Малых Алашках у сям’i Iвана Сiкоры, вядомага садавода, якi на пачатку стагодзьдзя вёў перапiску з Коласам, Купалам, Львом Талстым. Вiктар скончыў 6 клясаў польскае школы, а пад час нямецкай акупацыi — шасьцiмесячныя курсы, пасьля якiх у 1942 годзе паступiў у Пастаўскую настаўнiцкую сэмiнарыю. У 1943 годзе, калi арганiзаваўся Саюз Беларускай Моладзi, Вiктар стаў адным зь яго кiраўнiкоў у Паставах. З красавiка 1944 году — сябра падпольнай Беларускай Незалежнiцкай Партыi (БНП). Вясною-летам 1945 году — камандзiр атраду беларускiх «лясных братоў» на Шаркоўшчыне. Арыштаваны 5 сьнежня 1945 году. З бальшавiцкiх канцлягераў на Бацькаўшчыну вярнуўся ў 1955 годзе.

— Спадар Вiктар, што ўяўляў сабой Пастаўскi СБМ?

— У нашай мясцовасьцi СБМ распачаўся ўвосень 1943 году пры настаўнiцкай сэмiнарыi. Амаль усе навучэнцы адразу запiсалiся ў Саюз, а тыя, хто пажадаў стаць малодшымi кiраўнiкамi, паехалi на адмысловыя курсы СБМ у Альбярцiн пад Слонiмам. Быў там месяц i я. Вярнулiся адтуль мы ўжо дружыновымi.

Я ачольваў СБМ у настаўнiцкай сэмiнарыi, а ў Пастаўскiм раёне — Аўген Занкавiч. Пастаўскi раён уваходзiў тады ў Глыбоцкую акругу. Акруговым кiраўнiком СБМ у хлопцаў быў Аўген Мацюшонак, а пасьля яго — Мечыслаў Рачыцкi. У дзяўчат акруговай кiраўнiчкай была Ульяна Куштэльян. Пасьля Мацюшонак накiраваў мяне ды Рачыцкага ў Менск на 40-дзённыя курсы.

 

— У якiм гэта было годзе?

— У 1944-ым. З усёй Беларусi зьехалiся хлопцы. Лейтэнант Язэп Сажыч вёў ваенную справу, нас муштраваў. На гэтых курсах найбольшую ролю адыгрываў Родзька. Сымпатычны, малады, яму было 23-24 гады. Родзька быў выдатным прамоўцам, адным з самых разумных людзей, якiх я ведаў. Быў яшчэ Барыс Рагуля, камандзiр коннага эскадрону. Ён прыяжджаў некалькi разоў i вельмi сябраваў з Родзькам. А вось Мiхась Ганько, праваднiк Галоўнага Штабу СБМ з Родзькам не сябраваў. I я ня ведаю нават чаму.

У нас на курсах выкладаў Аўген Калубовiч. Вельмi прыгожа гаварыў ён па-беларуску. Пазнаёмiўся я i зь Мiколам Шкялёнкам, першым намесьнiкам прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады. Калi ён iшоў па Менску, дык мяне ўсё браў, як ахову. Бо Менск разбураны быў, ляжаў у руiнах. У мяне былi два пiсталеты, якiя выдаў Родзька...

 

— Калi Вы ўпершыню пачулi пра Беларускую Незалежнiцкую Партыю?

— Было так. Спачатку нiхто нiчога не гаварыў. Кожны з выкладчыкаў выказваў свае погляды, слухалi нас, прыглядалiся, як хто сябе паводзiць. Бо розныя людзi трапiлi на курсы... Ну, а пасьля сталi неяк зьбiрацца на тайныя сходы. Родзька нам казаў: «Трэба гуртавацца, трэба ўмацоўваць свае становiшчы, зьбiраць сiлы... Для нас аднолькавыя ворагi — фашызм i камунiзм. Але нам няма дзе падзецца. Пападземся памiж iмi й нас зьнiшчаць. Цяпер самы адказны час. Яшчэ раз мы павiнны выбраць меншае зло. Немцы абяцалi нас узброiць... Камунiзм для нас большы вораг, бо немцам ужо прыходзiць канец... У нас ёсьць партыя падпольная, тайная. Наперадзе нас чакае змаганьне за вольную Беларусь. Мы павiнны будзем змагацца з бальшавiкамi. Калi ўдасца перайсьцi на падпольле, будзем на нелегальным становiшчы. I сыстэма ў нас будзе такая, што адзiн ведае толькi трох чалавек i больш нiкога».

Былi вялiкiя спадзяваньнi на Захад, на Англiю i Амэрыку. Мы верылi, i Родзька на iх спадзяваўся. «Нам трэба ўзяць у iх (немцаў) зброю, каб мы маглi пасьля ўтрымаць Беларусь», —казаў ён.

На гэтай першай сустрэчы, якая праходзiла ў гасьцiнiцы на цяперашняй Камсамольскай вулiцы, было 12 чалавек з эсбээмаўскiх курсаў. Усiх нас Родзька прыняў у падпольную Беларускую Незалежнiцкую Партыю. Неўзабаве ён адвёз мяне й iншых хлопцаў у Вiльню на вулiцу Коленштрасэ, гэта Вугальная, а па-лiтоўску — Англю. Там знаходзiлася адна нямецкая сакрэтная ўстанова. Там нам далi запоўнiць анкеты па-нямецку i па-беларуску, што «я, Сiкора Вiктар, абязуюся дапамагаць нямецкаму вэрмахту». Адразу далi мне польскi пiсталет «Радам». Родзька сказаў мне: «Стварай сваю групу i прывозь iх сюды». Я кажу: Мы ж вярбуемся! Каб я гэта ведаў, не паехаў бы! Я зь немцамi нiчога ня маю, зь iмi не супрацоўнiчаю. Вы ж упiхнулi мяне не туды!.. На гэта Родзька гаворыць: «Не зьвяртай на гэта ўвагi. Трэба выконваць заданьне. Раз мы стварылi сваю незалежнiцкую партыю... У нас зброi няма, а дзе мы возьмем? Ты што, ня бачыш, што вось-вось прыйдуць бальшавiкi? I што, уцякаць? Трэба ж некаму застацца! Нам трэба сваю справу рабiць!» Ну i ўсё. Я вярнуўся ў Паставы i ўцягнуў чалавек сорак, амаль усiх сваiх хлопцаў.

 

— Вы iх прымалi ў БНП?

— Так. Занкавiча прыняў. Хоць ён быў маiм кiраўнiком у СБМ, у БНП было наадварот. Я быў прызначаны партыйным кiраўнiком на Пастаўскi раён, а Аўген Занкавiч — маiм намесьнiкам. Былi яшчэ Лапiцкi Алег, Прыстаўка Мечыслаў, Латышонак Аляксандар, Жыхар Аўген, Грыгор’еў...

Пасьля, калi мяне арыштавалi чэкiсты, я сказаў, што завэрбаваў з сэмiнарыi толькi 10 чалавек. Тых, каго ў красавiку 1944 году завёз у Вiльню. Тут ужо нiкуды ня дзенесься. Ды яны ўсе пасьля трапiлi ў батальён «Дальвiц»... У Вiльнi кожны атрымаў дакумэнт, што зьяўляўся кiраўнiком узброенай групы Абвэру, i каб усе нямецкiя органы мне аказвалi дапамогу. Некалькi разоў мяне правяралi немцы i кожны раз гэты дакумэнт дзейнiчаў —адразу адпускалi.

 

— Якое апошняе заданьне Вы атрымалi ад Родзькi?

— Трэба было на Кангрэс прыехаць, якi праходзiў у Менску напрыканцы чэрвеня 1944 году. Сабраць сваiх людзей i прыехаць. Родзька сказаў, што «там усё вырашыцца». Са мной было 12 чалавек, мы ехалi ўзброеныя вiнтоўкамi i пiсталетамi на цягнiку. За Лынтупамi паравоз быў падарваны. Вiдаць, акоўцы зрабiлi дывэрсiю. Цягнiк пачалi абстрэльваць зь лесу. Падзецца не было куды, мы адстрэльвалiся. Аж пакуль бронецягнiк не падыйшоў. Прыйшлося нам вярнуцца ў Паставы. На Кангрэс мы ня трапiлi.

А апошнi раз я сустракаўся з Родзькам дзесьцi ў траўнi 1944-га ў Вiльнi, на сьвяткаваньнi 25-х угодкаў Беларускай гiмназii. Астроўскi там быў. Забэйда-Сумiцкi выступаў, Родзька. Ён ужо быў у вайсковай форме беларускага афiцэра, старэйшага лейтэнанта. На мундзiры былi бел-чырвона-белыя пятлiцы й Ярылавы крыжыкi. Я стаяў там на варце, ахоўваў мерапрыемства...

 

— Як сталася, што Вы ня трапiлi ў дэсантны батальён «Дальвiц»?

— Быў пачатак лiпеня. У беспарадку адступалi немцы. Хацеў адступаць i я. Але тут прыехалi людзi ад Родзькi й кажуць: «Мы ад Родзькi. Ты павiнен застацца. Вось табе даведка, што ты —партызанскi сувязны. Гэта загад!» Ведаеце, загад ёсьць загад. Я застаўся, а хлопцы мае пайшлi на захад, ва Ўсходнюю Прусiю. Там трапiлi ў дэсантны беларускi батальён «Дальвiц». Расказваў мне Латышонак, што не ўдалося iм перайсьцi да альянтаў. Паабяцалi iм дапамагчы i падвялi... Тады яны з Родзькам пайшлi пешым маршам назад, праз Польшчу. I недзе там Родзька па сваёй неасьцярожнасьцi быў арыштаваны. А яны далей пайшлi групай. Прыйшлi сюды, а тут «iстрабкi», палявое НКВД... Многiх хутка паарыштоўвалi. Некаторых нават з Чырвонай Армii пабралi. Ведаеце, сама структура, кансьпiрацыя была яшчэ неадпрацаваная... Адзiн толькi Жыхар дзейнiчаў.

 

— Калi Вы пайшлi ў лес?

— Я баяўся, што мяне арыштуюць, даведаюцца пра маю дзейнасьць у СБМ. Пайшоў у Чырвоную Армiю. Трапiў аж на Ўкраiну, пад Белую Царкву, быў пiсарам у роце. А калi даведаўся, што на 1-шы Прыбалтыйскi фронт накiроўваецца эшалён, запiсаўся дабраахвотнiкам. Не даяжджаючы да Дзьвiнска, зь цягнiка ўцёк. Гэта быў канец лiстапада. Ужо пачыналiся маразы. А мае аднасяльчане напiсалi з войска, што я ўцёк. Пачалi шукаць. Бацька тады выкапаў яму пад бульбай, i я там хаваўся чатыры месяцы — да вясны. А як сьнег сышоў, падаўся я ў лес. Там сустрэў шмат такiх, як я. Былi мы добра ўзброеныя, мелi нават «дзегцяры» — кулямёты.

У нас тут лясы. Аж да Браслава адзiн толькi лес — нiводнай жывой душы. Разьбiлiся на атрады па 20-40 чалавек, бо разам было цяжка. У цяжкадаступным месцы пабудавалi сабе ў лесе домiкi, самыя пяклi хлеб — была свая пякарня, гаспадарка.

 

— Колькi чалавек было ў Вашым атрадзе?

— Каля трыццацi.

 

— Вы былi ў iх камандзiрам?

— Так, слухалiся мяне. Праўда, у нас была «дэмакратыя»... А пасьля капiтуляцыi Нямеччыны Саветы абвясьцiлi амнiстыю дэзэртырам, i многiя хлопцы павыходзiлi зь лесу, паверылi. Шмат хто меў у вёсках сем’i...

 

— Як Вы трапiлi ў рукi чэкiстаў?

— Да мяне прыйшоў сувязны зь Вiльнi — «Калiноўшчык», якi аказаўся агентам НКГБ. Малады хлопец, добра асьвядомлены ў справах БНП. Ён прыйшоў у Малыя Алашкi i ашукаў бацьку. Сказаў яму, што «пойдзем за мяжу. Што тут нiчога ня робiцца, а ўжо скончылася вайна i аб’яўленая амнiстыя. У лесе засталося мала людзей. Тых, хто застаўся, перакiдваем за мяжу». Папрасiў, каб бацька зьвёў яго са мною. З «Калiноўшчыкам» я сустракаўся некалькi разоў. Ён прапанваў, каб я прывёў на сустрэчу ўсiх сваiх хлопцаў. А ў той час (пачатак жнiўня 1945 году) са мной заставалася пятнаццаць чалавек, узброеных аўтаматамi ППШ...

Мяне не арыштавалi. Чэкiсты мяне ўзялi й сказалi: «Выведзi гэтую групу зь лесу, тады цябе не зачэпiм». Я кажу: «Ну дык я ўжо выйшаў...» Мяне нiбыта амнiставалi, уладкавалi на працу на пошту, памочнiкам начальнiка аддзяленьня. Жыў дома, але пад наглядам...

Я ўжо ведаў, што мяне пасадзяць. Мог уцячы, але тады чэкiсты арыштавалi б маю сям’ю... Перадаў хлопцам у лес вестку, каб яны iшлi адсюль. I вось яны кажуць: «Адыходзiм, пойдзем на Польшчу». I пайшлi. Гэта ўсё мясцовыя хлопцы былi, беларусы. Зь iх памятаю Мiцкевiча. Хата ягоная стаяла ў лесе непадалёк ад Алашак.

Мяне ўзялi 15 сьнежня 1945 году. Прыйшлi два лейтэнанты, сяржант i сем аўтаматчыкаў, акружылi хату... Пешшу прывялi мяне ў Варапаева, а пасьля на цягнiку прывезьлi ў Вялейку. Пакуль ехаў у таварным вагоне, рукi i ногi былi зьвязаныя калючым дротам... Пасьля Вялейкi завезьлi ў менскую «амэрыканку», дзе жудасна катавалi... У Воршы ў перасыльнай турме ў камэры, якая разьлiчаная на 20 чалавек, сядзела 240. Каленкi ў каленкi, сьпiна да сьпiны...

 

— Што пыталiся ў Вас сьледчыя?

— Яны ўжо ўсё ведалi. На мяне далi паказаньнi Родзька i Марцiнкевiч. Марцiнкевiч выкладаў фiзкультуру ў Вiленскай Беларускай гiмназii й кiраваў Вiленскiм камiтэтам БНП. Мне адразу далi паперу: «Знаеш почырк Родзькi?» Родзька пiсаў, што я быў па Пастаўскаму павету кiраўнiком БНП i была мной створаная ўзброеная група...

 

— Якi Вам быў прысуд?

— Дзесяць гадоў IТЛ i 5 гадоў паражэньня правоў. Трапiў я на залатыя прыiскi ў Бадайбо, гэта Якуцiя. А пасьля быў у Тайшэцкiм «Озерлагу». Там давялося мне аднаму хаваць ксяндза Адама Станкевiча, але гэта асобная гiсторыя...

 

— Вы ўспамiналi Аўгена Жыхара, якi апошнi змагаўся з бальшавiкамi...

— Гэта быў таленавiты хлопец, пiсаў прыгожыя вершы. Родам ён зь вёскi Новадруцк. Быў у СБМ, вучыўся ў Паставах у настаўнiцкай сэмiнарыi. Я яго прымаў у Беларускую Незалежнiцкую Партыю. А пасьля Аўген трапiў у «Дальвiц» i вярнуўся сюды з дэсантам. У яго была партызанская група. Дзейнiчала яна ў Пастаўскiм раёне, каля Варапаева. Тэрарызавала камунiстаў, савецкiх актывiстаў, даносчыкаў i гэбiстаў. Я вярнуўся зь лягераў, а Жыхар яшчэ быў у лесе. Ён загiнуў напрыканцы лета 1955 году. Яго акружылi на хутары ў сямi кiлямэтрах ад Паставаў. Прыйшлося Аўгену пусьцiць сабе кулю ў лоб...

Неабходны камэнтар

 

Пытаньне супрацоўнiцтва БНП з Абвэрам яшчэ ня вывучанае. Зусiм магчыма, што Ўсевалад Родзька выступаў перад нямецкай вайсковай контарвыведкай як кiраўнiк беларускай вайсковай групы, а не старшыня ЦК БНП. Менавiта пра гэта пiсаў на эмiграцыi капiтан Сакольскi (гл.: «Беларускi Голас» (Таронта), 1966, № 137). Але гэта тэма для асобнага арыткула, якi будзе прысьвечаны Ўсеваладу Родзьку.

Размаўляў Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0