А хто там iдзе?

Уяўны рэпартаж

З блакiтнай гары Каркавадо дзень i ноч самотны Хрыстос пазiрае на разлогi любага гораду й зiхценьне лазуры ў затоцы Гуанабара. Яго, якi ў дабравесьцi распахнуў свае ўседаравальныя абдымкi, па начах залоцяць пяшчотныя прамянi нечуванае шчодрасьцi любых ягонаму сэрцу братоў i сёстраў, i лямпаў «General electronic». Разгублены, лыпаючы вачыма, ты мусiш пакаштаваць «каруру»! Гэта нешта кшталтам плову, толькi мяса мураўеда i перац засалодкi. Смаката... Як ён мурашоў жарэ, дык пэўна ж можна i яго самога есьцi. Нiхто яшчэ ад каруру не памёр.

Дзе тут пасядзець цiха? Ды няма дзе. Паўсюль зараз танчаць. Гэта яшчэ не Карнавал. На Карнавал усiх не пушчаюць. Але ж душа пяе, дзе хоча... Карнавал заўтра. Пырсьне ў стомлены кобальт нябёсаў сноп зыркiх калючых зорак-лямпачак, растане ў смузе, зьмяшаецца з акiянам, з пахам распараных лясоў i даўкiм дравяным дымам...

... Глянь, iдуць. А што яны нясуць на сваiх плячах? Папугаяў, малпаў i зьмеяў. Чаму так сталася? Ну, ведаш, некалi даўным-даўно жыў папугай з папугаю... Вось людзi ад iх i пайшлi. Хто ж яшчэ столькi мянцiць языком, як не папугай ды чалавек? Зьмяя? Ну ў каго ж яшчэ можа быць два языкi? Пра малпаў тлумачыць ня трэба.

А хто там iдзе?.. Людзi! Гэта ў яе сая — сукня са скрыдлiцаў матылёў-кастанiяў. Ну, ведаеш, на гэткiя грудзi нават у Бразыліi матылёў ня хопiць! Не, гэта яшчэ не «каралева». Спачатку трэба абраць караля тутэйшага «Конга». Вызiрай, вызiрай самага мажнога ды трыбухастага. Вялiкага чалавека павiнна быць шмат... А гэты будзе пэўна прэм’ерам, а гэты —генэралiсiмусам. Шэсьцьдзесят палкоўнiкаў i прыдворныя дамы.

Чаго яны хочуць? Каб Мацi Вады нiкога не забiрала. Каб па Капакабане было шпацыраваць ня сумна. Каб на стале былi i хлеб, i каруру, i хiн-хiн, i эфу, i паэлья. Ня толькi ж крэвэтак з авакадо трушчыць. Каб не забылiся ўнукi нi на самбу матута нi на самбу батата, бо iнакш не здагадаюцца, ад чаго смуткуюць багi. Каб радзiла Мацi Зямлi... Гэтага трэба хацець, бадай, болей чым жыць...

... Тр-р-рам-та-там! Спытае люты, цi добра абуты. Ну, дзякуй Богу, гэтыя ў ботах. Як той казаў, наш салдат заўсёды быў у ботах. Раптам прачнесься i, крый Божа, салдаты ў чымсьцi iншым. Салдат абуў, абуе i астатнiх. Хто як ня ён? Кубэ, вядома, Вiльгельм. Гяўляйтар дасьцiпны быў. «Дзень абаронцаў Айчыны» прызначыў на 23 лютага. Дзвынкнуць юбiлейныя значкi-бляшкi, блiсьне сьлязiна ўдзячнасьцi. Пырсьне ў стомлены кобальт нябёсаў сноп зыркiх калючых зорак-лямпачак, растане ў смузе, зьмяшаецца з шызым салярным смуродам бранятэхнiкi на шэрым гарадзкiм асфальце, зь сiвушным подыхам сiвых герояў... Чаго яны хочуць? Можа, хоць якога-небудзь сьвята...

А ў Рыо, у горадзе Студзеньскае Ракi, у краi вечнага лета — не да сьвятаў. Там дзеiцца Карнавал. У Рыо ўсё ўсур’ёз: i акiян, i горы, i хлеб, i вiно, i сьлёзы самотнага Хрыста.

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0