Сачыненьне пра Лабановiча

Рэжыму ўсё мала перамогаў. Як бачна з апошнiх падзеяў, галоўнай стратэгiчнай задачай ён лiчыць барацьбу зь беларускай моладзьдзю. Беларускай — а ня той, што «народжаная ў капусьце» i за квiток на дыскатэку здольная запiсацца ў лукамол.

«Жыве Беларусь!» — напiсала некалi адна дзяўчынка дзятсадаўскага веку чырвонай мамiнай памадай на заднiм баку белых дзьвярэй у калiдоры кватэры. «Без памылак!» — моўчкi зьдзiвiлася я. Услых параiла не чапаць маю касмэтыку...

Сёньня рэжым судзiць нашых малодшых братоў. Цi маглi быць на iхным месцы мы гадоў зь дзясятак таму? На наш век прыйшлося менш бядотаў: прынамсi, мае мазгi на журфаку не кампаставалi нi гiсторыяй КПСС, нi «навуковымi» атэiзмам з камунiзмамi. Што будзе празь дзесяць гадоў з нашымi дзецьмi, калi яны стануць аднагодкамi Вадзiма Лабковiча?

— Мяне ледзь не разарвалi на часткi, — сказала перад пачаткам працэсу знаёмая жанчына, што векам старэйшая за маю мацi. Пад час прыезду ў Менск выпадак зьвёў яе зь нейкiмi сваякамi нашых палiтвязьняў. «Хай сядзiць! Хай разумнее!» — так сказала сваячка цi то Вадзiма, цi то Аляксея. «Як? Гэта ж героi Беларусi... вашыя героi!» — мая знаёмая — не беларуска анi з паходжаньня, анi з грамадзянства. Яна жыве ў самай пашчы iмпэрыi. Яе, расейскую жанчыну па iменi Любоў, аблаялi-абгаўнялi выпадковыя сьведкi тае размовы. Мае выпадковыя суайчыньнiкi. У нас, здаецца, не адна Айчына ў рамках адной тэрыторыi...

Судзьдзя Лаўроў Уладзiмер на другi дзень працэсу доўга высьвятляў, хто такiя маскалi. Судзьдзя сам i адказваў на гэтае пытаньне зь першых хвiлiнаў юрыдычнае дзеi. Прыкладам, падмацоўваючы свой тэзiс пра каштоўнасьць для нашай гiсторыi i культуры помнiкаў Ленiну i Дзяржынскаму, у якасьцi аналяга спаслаўся на Пятра I ў Пiцеры. Са словамi: «И он же построил на костях...» Маўляў, «на касьцях» — рэч натуральная. I тое, што Пётар на касьцях — у сябе на Радзiме, а правадыр з чэкiстам — на акупаванай тэрыторыi ў iншага народу, не мiльганула ў Лаўрова i ў думках. Дык хто судзiць нашых малодшых братоў, калi доказы iхнага «хулiганства» будуюцца «на касьцях» нашай агульнай сьвядомасьцi?

Калi перад працэсам было ня ўбiцца ў маленькую залю, мне паведамiлi ў канцылярыi суда наступную рэч: у якiм памяшканьнi праводзiць працэс — справа судзьдзi. Але ў вялiкую залю паседжаньнi не пераносяць, бо там няма клеткi. Сытуацыя створаная наўмысна. Першае сваё абвiнавачаньне пракурор Цiмафееў Дзьмiтры вынес яшчэ па шляху ў залю суда. Мы зь iм побач прабiралiся праз грамадзкасьць i амон. Цiмафееў гучна крычаў пра «беспорядки» i што «Сейчас будем сдавать в милицию! Составлять протоколы!»

Я ня ведаю, цi вывучалi гэтыя людзi ў школе Якуба Коласа i што пiсалi ў сачыненьнях пра Лабановiча. Магчыма, яны былi вызваленыя ад урокаў айчыннай мовы зь лiтаратураю. Магчыма, жылi ўвогуле там, дзе любяць ставiць сабе i iншым помнiкi на касьцях. Ня ў гэтым рэч — мая знаёмая з Расеi, напэўна, таксама ня ведае, хто такi Лабановiч. Але ёй дастаткова, што Вадзiм Лабковiч напiсаў у сачыненьнi пра сваю з Лабановiчам агульную найвышэйшую каштоўнасьць: духоўную свабоду. А судзьдзi шчэ трэба даводзiць тым, хто трапiў на працэс: «Я русский человек!» Ня ганьбiў бы маю «расейскую мацi». Вось дзе — чалавек! А не маскаль.

Пад час спазьненьня й чаканьня пад дзьвярыма я гаварыла зь мiлiцыяй i iхным сабакам, якi таксама спужаўся воклiчаў «Жыве Беларусь!» Тэмы гутарак (вельмi «цёплых» напачатку): 1. Мы не «дубы зь дзярэўнi»; 2. Журналiстка адна спытала нас пра сумленьне, якое глупства!; 3. Журналiст «палучае» больш за амонаўца (!); 4. Мы сьцеражэм твой сон i «пакой»; 5. «Чтобы харашо жыць, выхадзi замуж за бандзiта»; 6. «Што б дзелал БНФ бяз нас? Кругом бандзiты!» (Мы б зь iмi перажанiлiся — г.зн. «Жыве Беларусь!» для хлопцаў у форме раўняецца вядомаму слову з трох лiтар. Назаўтра яны будуць цiха разьюшаныя тэлекадрамi i павыкiдаюць ня толькi фатакораў з апэратарамi, але й кожнага, хто бяз пашпарту цi з фотаапаратам. Беларускiя хлопцы... зь любым чалавекам гавораць, як зь вязьнем. Бо «работа такая». Бо «прыказ такой».)

У «органаў» яўна «прыказ» лоб пабiць, але выкрыць хоць якога тэрарыста. Iнакш бы ў справе нашых хлопцаў не фiгуравалi «самодельные взрывные устройства», як сьпяцы сьледзтва вызначаюць «консервные банки, покрашенные салатовой краской». Узгадваецца 1995 год i ўжо мне самой абрыдлыя, але актуальныя паралелi. На прэс-канфэрэнцыi ў перадвыбарным Грозным адзiн з прадстаўнiкоў РФ у Чачэнii скардзiўся, што баявiкi ўчынiлi супраць яго «тэракт» — падклалi ў машыну «муляж мiны». Справа маладафронтаўцаў — такi самы «муляж» для прадстаўнiкоў адпаведнай краiны ў Беларусi. Абаронцы «жалезнага Фэлiкса» пакуль ня ведаюць, што прысудзiць хлопцам, i, па ўсiм, адклалi суд да канца ваяжу Лукашэнкi ў Нагана i Ўладзiвасток.

... Тэлефаную дахаты даведацца, як здароўе мацi. «Што гэта там за суд у вас?» — цiкавiцца яна. Тлумачу, як чалавеку, недасьведчанаму ў палiтыцы, у трох сказах: каго, за што... «Малада... хто? — уражаная яна. — Маладгвардзейцы? Божа, што ў вайну!»

Тацяна Сьнiтко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0