Расея — Чачэнiя: нi шлюбу, нi разводу

Цяперашняя тупiковая сытуацыя на расейска-чачэнскiх перамовах шмат у чым вызначаецца гiсторыяй складаных узаемадачыненьняў Расеi i Чачэнii на працягу апошнiх ужо амаль што трох стагодзьдзяў.

Чачэнiя ўвайшла ў склад Расейскай iмпэрыi не дабраахвотна, а ў вынiку доўгага працэсу скарэньня чачэнцаў, якiя адчайна супрацiўлялiся. У савецкi час, пачынаючы з канца 20-х, калi Сталiн распачаў гвалтоўную калектывiзацыю i забаранiў шарыяцкiя суды на Паўночным Каўказе, якiя дзейнiчалi ў рамках мясцовага самакiраваньня, на гiстарычнай тэрыторыi Чачэнii пасьлядоўна ўзгараецца шэраг узброеных паўстаньняў, апошняе зь якiх было задушанае толькi пад час Другой сусьветнай вайны.

Сталiн не давяраў чачэнцам. Здаецца, толькi савецкiя немцы, чачэнцы i iхнiя родныя браты iнгушы былi вызваленыя ад абавязковага прызыву ва ўзброеныя сiлы ў гады вайны. Многiя чачэнцы ваявалi на фронце i змагалiся з уласьцiвым iм гераiзмам, але гэта былi дабраахвотнiкi.

У канцы лютага 1944 Сталiн зрабiў спробу сьцерцi Чачэнiю з мапы гiсторыi i выслаў чачэнцаў i iнгушоў у Казахстан i Кiргiзiю. Ссылка працягвалася 13 гадоў, але, як гэта часта бывае, цяжкi досьвед выжываньня толькi загартаваў нацыю i зрабiў яе больш трывалай.

У 1957 годзе Хрушчоў дазволiў чачэнцам i iнгушам вярнуцца на радзiму, была адроджаная Чачэна-Iнгуская Аўтаномная Рэспублiка. Аднак у прыхаваных формах дыскрымiнацыя чачэнцаў i iнгушоў працягвалася аж да самага пачатку перабудовы. Пры Гарбачове распачаўся iмклiвы пад’ём нацыянальнай чачэнскай самасьвядомасьцi. У чэрвенi 1989 году (упершыню пасьля 1957-га) чачэнец (Доку Заўгаеў) быў абраны першым сакратаром Чачэна-Iнгускага абкаму КПСС. У канцы лiстапада 1990 чачэнскi нацыянальны рух аформiўся ў Чачэнскi Нацыянальны Кангрэс. На сваiм першым зьезьдзе (23-25 лiстапада 1990) Кангрэс прыняў дэклярацыю пра сувэрэнiтэт Чачэнскай Рэспублiкi Нохчы-Чо. У чэрвенi 1991 ЧНК ператварыўся ў Агульнанацыянальны Кангрэс Чачэнскага Народу (АКЧН).

Пад час жнiвеньскага путчу 1991 АКЧН на чале зь ягоным лiдэрам Джахарам Дудаевым рашуча падтрымаў прэзыдэнта Ельцына. 6 верасьня 1991 году прыхiльнiкi чачэнскай незалежнасьцi разагналi Вярхоўны Савет Чачэна-Iнгускай Рэспублiкi. Пазьней гэты дзень будзе абвешчаны Днём Незалежнасьцi Чачэнii.

27 кастрычнiка 1991 АКЧН правёў на тэрыторыi Чачэнii першыя выбары чачэнскага парлямэнту i прэзыдэнта, а 1 лiстапада 1991 усенародна абраны прэзыдэнт Джахар Дудаеў у аднабаковым парадку абвясьцiў незалежнасьць Чачэнii ад Расеi.

Распад Савецкага Саюзу адбываўся паралельна са зьменамi ў Чачэнii. Цяперашняя Расея, у адрозьненьне ад СССР, уяўляе зь сябе ў значнай ступенi монаэтнiчную дзяржаву, дзе этнiчныя расейцы, а ня проста расейскамоўнае насельнiцтва, складаюць пераважную большасьць насельнiцтва — больш за 80%.

Пачатак 90-х гадоў — важнае перакрыжаваньне гiсторыi. На працягу трох гадоў да пачатку расейска-чачэнскай вайны вялiкая Расея i маленькая Чачэнiя фактычна разьвiвалiся ў незалежных палiтычных прасторах. У Расеi iшло паступовае фармаваньне Расейскай нацыянальнай дзяржавы, у Чачэнii ўпершыню за ўсю ейную гiсторыю ўзьнiкла чачэнская нацыянальная дзяржава. Многiя чачэнцы сталi вяртацца на сваю гiстарычную радзiму.

Да моманту пачатку вайны (11 сьнежня 1994) склалiся дзьве розныя нацыянальныя самасьвядомасьцi — расейская i чачэнская. Хоць дэ-юрэ Чачэнiя працягвала лiчыцца часткай Расеi, фактычна чачэнцы ўважалi сябе асобнай нацыяй са сваёй уласнай дзяржавай. Уварваньне расейскiх войскаў у сьнежнi 1994 яны ўспрынялi як агрэсiю i новую спробу (як i ў 1944) «канчатковага рашэньня» чачэнскай праблемы.

Нягледзячы на пераважную вайсковую моц, вайна сталася нечакана цяжкай для расейскiх войскаў. Дастаткова прыгадаць, што бiтва за Грозны працягвалася амаль тры месяцы. Расейскi вайсковы прыгнёт зьмяняўся спробамi весьцi мiрныя перамовы, але паступова сам канфлiкт становiцца ўсё больш заблытаным i цяжкiм для разьвязаньня. Вiдавочна, што ў сучасным сьвеце дзейнiчае непiсанае правiла: этнiчныя канфлiкты нельга разьвязаць сiлай.

Падпiсаньне ў жнiўнi 1996 г. Хасаўюртаўскiх пагадненьняў адкрыла шлях да нармалiзацыi расейска-чачэнскiх дачыненьняў.

У канцы студзеня 1997 году ў Чачэнii быў абраны новы прэзыдэнт — Аслан Масхадаў. Ён быў фактычным кiраўнiком чачэнскага супрацiву ў гады вайны i ў той жа час мае рэпутацыю памяркоўнага i разумнага чалавека.

Пасьля абраньня прэзыдэнтам Масхадава вясной мiнулага году перамоўны працэс разьвiваўся даволi iнтэнсіўна. Былi падпiсаныя ў траўнi «Дамова пра мiр i прынцыпы дачыненьняў памiж Расейскай Фэдэрацыяй i Чачэнскай Рэспублiкай Iчкерыя» i мiжбанкаўскае пагадненьне. У адпаведнасьцi з дамоваю абодва бакi вырашылi «назаўжды адмовiцца ад ужываньня сiлы пры разьвязваньнi якiх заўгодна спрэчных пытаньняў». Мiжбанкаўскае пагадненьне фактычна разглядае Чачэнiю ў якасьцi незалежнай дзяржавы. Яно вельмi падобнае да пагадненьня памiж ЗША i Панамай, у адпаведнасьцi зь якiм апошняя атрымлiвае ад ЗША пэўную колькасьць даляраў для абарачэньня ў межах краiны.

Нягледзячы на ўсё гэта, поўнамаштабная дамова, якая рэгулюе палiтычныя ўзаемадачыненьнi Расеi i Чачэнii, так дагэтуль i не падпiсаная. Улетку i асаблiва ўвосенi мiнулага году перамоўны працэс зайшоў у тупiк. Адстаўка намесьнiка сакратара Рады Бясьпекi Расеi Барыса Беразоўскага стала самым вiдавочным сьведчаньнем таго, што пэўныя сiлы жадаюць затрымаць мiрны працэс.

Бачна, што ўзаемныя дачыненьнi Расеi i Чачэнii, расейцаў i чачэнцаў сёньня разбураныя, i нiчым, акрамя разводу, iх ня выправiць. Разьлюбленыя супругi разводзяцца, але й нацыi, якiя не паразумелiся, пэўна, таксама мусяць дзейнiчаць такiм самым чынам. Працэс скасаваньня шлюбу i ў прыватным жыцьцi няпростая справа, што ж казаць пра ўсталяваньне новых дачыненьняў памiж нацыямi.

На мой погляд, разумны кампрамiс усё яшчэ магчымы. Многае залежыць ад сур’ёзнага i шчырага iмкненьня Расеi адрадзiць разбураную эканомiку Чачэнii. На жаль, пакуль гэтага ня бачна. Бясконцыя заклiнаньнi расейскiх кiраўнiкоў пра тое, што Чачэнiя — суб’ект фэдэрацыi, не адпавядаюць рэчаiснасьцi. Акрамя таго, гэта не садзейнiчае выхаду з сытуацыi ўсё большага палiтычнага й эканамiчнага крызысу на Паўночным Каўказе. Наадварот, сытуацыя становiцца больш заблытанай i непрадказальнай. Аднак час ужо зразумець, што ваеннае разьвязваньне чачэнскай праблемы папросту немагчымае. Мiрныя ж мэтады на прыкладзе чэхаў i славакаў альбо рэфэрэндуму ў Квэбэку хутчэй прыносяць станоўчыя вынiкi.

Мiхаiл Рошчын, Масква

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0