ПАНАРАМА


Пераскочце праз плот

13 студзеня ў Беларускiм таварыстве дружбы i культурных сувязяў з замежнымi краiнамi адбылося ўрачыстае адкрыцьцё выставы «Адвечная крынiца» сусьветнавядомага лiтоўскага фотамастака Рымантаса Дзiхавiчуса (Rimantas Dichavicius). Выстава падрыхтаваная пасольствам Лiтоўскае Рэспублiкi ў Беларусi да нацыянальнага сьвята Лiтвы — Дня Незалежнасьцi.

Гэта ўжо другая сустрэча беларусаў з творчасьцю Дзiхавiчуса i вельмi сымбалiчна, што яна адбылася напярэдаднi сьвята закаханых — Дня Сьвятога Валянцiна. Каханьне наскрозь працiнае творы гэтага лiтоўскага фотамастака. Каханьне, якое сыходзiць ад здымкаў жанчын у iх прыроднай прыгажосьцi i ўсеабдымнае прыроды-мацi, у iх тоеснасьцi, непадзельнасьцi. Жаночая натуральнасьць пераўтвараецца ў Музу. Музу, якая ў часы, калi камунiсты не разводзiлi эротыку з парнаграфiяй, не дапускалася да гледача. Першая ж пэрсанальная выстава была зьнятая на другi дзень пасьля адкрыцьця. Па нейкiм мiстычным зьбегу абставiнаў пад час дэмантажу адзiн з твораў сарваўся... i расьсек крывяную артэрыю аднаго з выканаўцаў загаду — сьцены залi згубiлi манахромнасьць чорна-белай фатаграфii, бо краiна згубiла цнатлiвасьць — першая савецкая эротыка пабачыла сьвет.

Але тут цiкава паслухаць меркаваньне самога аўтара: «Я не адношу свае фотаздымкi да эротыкi. Для мяне эротыка — толькi нагуляная дэманстрацыя бiялягiчнага пачатку. Там няма лунаньня над зямлёй. Жаночае цела — гэта пацiр. Яго можна напоўнiць напоямi, а можна — горнай крыштальнай вадой. Акрамя аголенага жаночага цела павiнна быць яшчэ «нештачка», пэўнае глыбiннае сьвятло...».

Фатограф правёў колькi вельмi актыўных дзён у Менску, наведваючы майстэрнi сваiх калег-мастакоў (з адукацыi Дзiхавiчус мастак-графiк). У гутарках ён падзялiўся зь беларусамi сваiмi меркаваньнямi, якiя я дазволю сабе працытаваць, бо яны наблiзяць нас да творцы: «Самае каштоўнае — гэта дачыненьнi людзей, i я, як мастак, калi бачу нешта прыгожае — гэта як допiнг, яно ўзвышае чалавека. Селяшчук быў для мяне такой знаходкай, i я не магу паверыць, што яго ўжо няма... Я ад ягоных рэчаў проста шалеў, i ён падараваў мне некалькi малюнкаў, яны ў мяне ў тэчцы ляжаць, i я падумаў, што гэта злачынства — такiя карцiны хаваць... Iх трэба размножыць па сьвеце, таму што дабро павiнна распаўсюджвацца, павiнна замацоўвацца ў сьвядомасьцi, у падсьвядомасьцi, i ў геаграфiчным разуменьнi, i ў часовым разуменьнi. Гэта павiнна быць, iнакш мы ўсе азьвярэем, зьдзiчэем...»

I на разьвiтаньне:«...Раскажу сваiм (лiтоўцам) — вандруйце, не сьпяшайцеся ляцець праз акiян — пералезьце праз плот». Тое самае, бадай, варта сказаць i беларусам: бывайце часьцей у Вiльнi, ня ўсё золата духу ляжыць толькi на Захадзе, альбо на Ўсходзе, зiрнiце на Поўнач, цераз плот. Цi, прынамсi, скарыстайце магчымасьць, зайдзiце на выставу, бо дзьверы яе расчыненыя.

Дзянiс Раманюк


Новы кантынэнт

14 лютага ў памяшканьнях беларускага прадстаўнiцтва амэрыканскай фундацыi «IREX/Pro Media» адкрылася фотавыстава Мiхала Баразны «Мая Амэрыка». Выстава распачала сумесны праект «Нашай Нiвы» й «IREX’а»: сэрыю закрытых камэрных вэрнiсажаў. Бо ж беларускае мастацтва застаецца «мастацтвам не для ўсiх». Мастацтвам не ў «нары», «запеччы» цi «за нябёсамi» — у Каралеўстве Беларусь...

Мастак зачараваны ТЭКСТАМ. Лiтары, словы, сказы... Паўстаюць у кадры фотаапарату, каб iмкнуцца далей за межы бачнага, i вярнуцца новымi выявамi — «Мая Амэрыка».

«Твая Амэрыка. Выбраная табою. Зыходны пункт, сьвядома выбраная радзiма». Летась Баразна ладзiў «Закрыцьцё Амэрыкi», цi-то Калюмбавай, цi-то вядомай адно мастаку. «Закрыў» дзеля чарговага адкрыцьця новай зямлi.

«Твая Амэрыка — твая свабода»... Штораз страчаная й адноўленая невядомая чыстая зямля, якая чакае тваiх сьлядоў, як ты чакаеш ейных сьлядоў у сабе. Але слова «Амэрыка» i вобразы, якiя яно спараджае — агульныя для ўсiх народаў Старога Сьвету — простыя й выразныя, праз шмальцаваньне ператварылiся ў кiчовыя. Як ні дзiўна, сем лiтараў слова зрабiлiся шчэ больш прывабнымi й спакушальнымi. Хаця б дзеля таго, што «Амэрыка — краiна, якой няма»...

Што да «Маёй Амэрыкi», мяркую, Мiхал Баразна адно на калiва паддаўся магii слова, калi з фотаапаратам у руках рушыў на Ўсход нашага Каралеўства.

... «Амерыка» — скасавураны дарожны ўказальнiк у цэнтры кадра. Невялiчкая вёска ў Круглянскiм раёне Беларусi. «Пункт», зь якога ўжо колькi гадоў, як зьнiклi апошнiя жыхары. Разбураныя сьцены хатаў, расьцярушаныя дахi, пабiтыя шыбы, скрозь якiя «звыклы сьветла-шэры беларускi туман» глядзiцца найбольш выразна... Сьцяг ЗША пад страхой i скамечаная бляшанка з-пад «Кока-Колы» ля забiтых дзьвярэй (iнсталяцыя цi каляж?) — данiна магii слова. Кiч навыварат, што выглядае беспрытульна й бездапаможна. Магчыма, патрэбны адно дзеля «закрыцьця»...

«Амэрыка» — «шэрая стужка разьбiтага асфальту... закатнае сонца адлюстроўваецца ў лужынках... драбнюсенькiх азярках... Зблытаная вяровачка дарог-сьцяжынак. Ня кожнаму — гэтая дарога. Ня кожны — для гэтае Амэрыкi. I свабода — ня кожнаму».

Мастак стварае ТЭКСТ. Мастак патанае ў iм, у карунках ягоных словаў i сказаў: «Чалавек, якi патрапiў у Амэрыку — вернецца... каб убачыць Амэрыку сваю: неба, поле, лес, дом...»

Але я гляджу на здымкi — звычайныя беларускiя краявiды, кожны зь якiх кажа пра перажываньнi мастака. Часам мне здаецца, што ўбачанае я адчуў даўным-даўна, часам — што фiксую момант шчыраваньня. Урэшце адчуваньнi сыходзiцца ў адно...

... Амэрыка мяне больш не цiкавiць. Я думаю пра новы кантынэнт Каралеўства.

С.К.


Зiмовыя лiбэртанii

Воля — хоць i ўяўная, хоць i на вечар, але воля! — ня можа проста дацца ў рукi, яе трэба адстойваць, за яе трэба змагацца, яе трэба выпакутаваць. Цi не ўпершыню такiя думкi прыйшлi да ўдзельнiкаў канцэрту-акцыi «Вольныя танцы», што праходзiў у менскiм клюбе «Акварыюм» 11 лютага. I яны змагалiся: калi прастаiш у фае ў паўпрыдушаным стане, дзе дзьве-тры сотнi чалавек цiснуць на цябе ў гэткiм жа чаканьнi падзеi, то наўрад цябе спынiць разьбiтае шкло (свабода любiць кроў) i ты сыйдзеш, ня стаўшы адным з удзельнiкаў такой акцыi, ня вырваўшы з грудзей клiч перамогi, калi ўсе перашкоды апынуцца ззаду, а наперадзе цябе будзе чакаць свабода на тры гадзiны.

«Вольныя танцы» — гэта акцыя з сэрыi грандыёзных канцэртаў, удзел у якiх бяруць выключна беларускамоўныя гурты i выканаўцы. Прыгадайцце канцэрт на Купальле ў парку Горкага, калi над Менскам пранесься ўраган. Гэтым разам самi арганiзатары стварылi невялiкi катаклiзм дзеля таго, каб разбудзiць сонны горад i ўсю заснулую публiку. Як нi дзiўна, гэта спрацавала — адчуўшы дух волi, на канцэрт сабралася незвычайная нават для менскiх клюбаў колькасьць народу.

Адзiн з самых вялiкiх плюсаў гэтай акцыi — удзел маладых, малавядомых гуртоў. Гэтым разам сярод iх былi «Exist» i «Склеп». Першая каманда, акрамя сваёй моўнай прыналежнасьцi, адметная яшчэ й музыкай, якую выконвае, — гэта Indie Noise, адна з плыняў т.зв. «незалежнай музыкi», дзе вялiкая ўвага надаецца пошуку новых гукаў праз экспэрымэнты з гiтарамi, з трубой i г.д. У гэтым стылi вельмi важна не ператварыць noise у гукавы раздрай. Як бачым, у «Exist» ёсьць вялiкiя пэрспэктывы i надзеi на далейшую папулярнасьць. «Склеп», якi выконвае даволi прыстойны альтэрнатыў, завёў публiку зь першых песьняў, i ў залю ўвайшла тая, каго чакалi, — Свабода. Ды й «Склеп» садзейнiчаў гэтаму: экзатычным, але прыемным для вуха здаўся У.Караткевiч, пакладзены на музыку рэгей. (Уявiце сабе: Боб Марлi пяе: «Бог жыве на Беларусi»!)

Другую частку акцыi складалi «Камэлот» i «Znic». «Камэлот», якi, лiчы, нiколi не выступаў перад такой колькасьцю публiкi, упершыню пабачыў сваю, так бы мовiць, матэрыялiзаваную папулярнасьць. «Znic», якi, згодна з апытаньнямi часопiса «Legion», стаў у 1997 годзе самым заўважным адкрыцьцём году, адыграў самую брутальную частку канцэрта, паралельна правёўшы на сцэне паганскiя маленьнi.

Нарэшце, заключную частку пачалi хлопцы з Ulis’а. Гэта быў цi ня самы лепшы выступ Славы Кораня за апошнiя паўгады; кардынальна ўзяўшыся за паляпшэньне свайго вакалу, Корань не iмкнецца зрабiць зь цяперашняй каманды той «Ulis», калi тэксты пiсаў Аксёнцаў, песьнi выконваў Патрэй, а самога Кораня «сьвядомая» частка публiкi называла Вячкам. Але цi вернуцца часы «танцаў на даху», калi нават музыка была лягчэйшай, ды цi варта вяртаць iх наогул. Наўрад, бо з тых часоў шмат што i шмат хто зьмянiлiся, i ў першую чаргу — самi слухачы, якiя, на жаль цi на шчасьце, ужо нiколi не назавуць Кораня Вячкам. Яны ведаюць i любяць цяперашнi «Ulis» i яго цяперашняга салiста.

Як нi дзiўна, галоўныя ўдзельнiкi «Вольных танцаў» адыгралi менш за ўсiх. Фатум над «NRM»: пад час амаль кожнага выступу альбо вырубаецца энэргiя, альбо ляцiць «комбiк», альбо яшчэ якая халера, што псуе ўсiм настрой. Гэтым разам здарылася першае, пасьля чаго па залi папаўзьлi чуткi пра помсьлiвых нядобразычлiўцаў, а сам гурт пачалi параўноўваць з каралём (?) Вiтаўтам, хоць самi хлопцы ўпарта даводзяць пра ўстойлiвую нязьменнасьць дзяржаўнага ладу «NRM».

Акцыя закончылася, а пытаньне засталося: цi выйдуць «Вольныя танцы» за межы «Акварыюму»? Дачакаемся вясны.

Сяргей Сахараў


Сьцяг можа ператварыцца ў дзiду

20 лютага ў штаб-кватэры БНФ адбылося шоў «Мiс Маладога Фронту» — «кульмiнацыйны момант» маладафронтаўскае «Зiмовае Алiмпiяды».

Галоўная задача журы, якое складалася з Паўла Знаўца, Лявона Баршчэўскага, Валерыя Шчукiна, Юрыя Беленькага, Валерыя Буйвала, а таксама жаночага лiдэра Тацяны Ванiнай, была вельмi простая: зiрнуць на тузiн паненак i выбраць пяць найпрыгажэйшых. Астатнiм пакiдалася суцяшальная магчымасьць выявiць сябе ў гаворкасьцi, кемлiвасьцi й хуткасьцi рэакцыi. Прэтэндэнткi былi падзеленыя на дзьве часткi: «цёртыя» журналiсткi незалежных СМI, i «дзевачкi-званочкi» з Маладога Фронту.

Бадай, першым у найноўшы час выказаўся аб нацыянальнай эротыцы Зянон Пазьняк. Яшчэ ў 1994 годзе ён зрабiў для «НН» заяву, растыражаваную ў хуткiм часе першым каналам нацыянальнага радыё — у беларусаў эротыкi няма i быць не магло, бо праца забiрала ў людзей увесь час. Iнфармацыя прайшла памiж навiнамi аб пагрозе кiтайскае ядзернае зброi i колькасьцi сабранага на айчынных палёх збожжа. Тады большасьць маладафронтавак толькi пачынала задумвацца аб няiснай для iхнага сёньняшняга лiдэра «праблематыцы»...

Чаго можна чакаць ад дзяржавы, якая ў сваёй кiшэннай газэце сярод пяцiдзесяцi сэкс-сымбаляў краiны не ў апошнiм шэрагу прапануе Вячаслава Францавiча Кебiча? Таго самага, што ад апазыцыi, якая вуснамi «самага маладога дэпутата ВС транаццатага склiканьня» праз увесь конкурс прыгажосьцi задае дзяўчатам-удзельнiцам пытаньнi аднаго кшталту: «што больш падабаецца — «бабсьлей» цi «хуткасны спуск?»

Мяркую, праз сваю «цёртасьць» журналiсткi ўяўлялi патэнцыял складу журы, перад якiм яны мелiся дэманстраваць (насамрэч хаваць i хiхiкаць) свае панады. Пытаньнi-летуценьнi «судзьдзяў» скiравалiся на бяспройгрышны ва ўсiх адносiнах аб’ект — ППРБ. «А што б вы рабiлi, калi б Ён..., калi б зь Iм..., калi б Ягоны сын вам...?»

Што да «званочкаў», дык здавалася, што ля дошкi с крэйдай у руках яны пачувалiся б больш утульна. Бо, хоць у любой старэйшай клясе йснуе свой балбес-аксэлерат, якi «ловiць кайф» ад жартаў пра «Сiсi-пiсi» («вялiкая амэрыканская рака»), у яго заўжды можна запусьцiць крэйдай цi чым больш важкiм. А як такое зрабiць з «флагманамi» незалежнай палiтыкi? Яны ж ня ворагi — свае.

«Сiла жанчыны — любоў, зброя жанчыны — сьмех». Наважуся выказаць здагадку, што наша «аб’яднаная апазыцыя» трымаецца ня толькi дзякуючы таму, што нашыя жанчыны шчырыя ў сваёй любовi да незалежнасьцi, але й таму, што не iмкнуцца «сьмяяцца апошнiмi». Калi Фонд «Наша Нiва» выпусьцiў паштоўкi сэрыi «Менскай Вясны’96», адну зь iх БНФ адмовiўся браць на распаўсюджваньне. Гэта быў фотаздымак, якi адным зь першых абыйшоў увесь сьвет — перад зрыхтаваным да разгону шэрагам мiлiцыянтаў стаiць адна-адзiная дзяўчына, i ўказвае на тых, хто наставiў на яе гумовыя палкi. Мы знайшлi гераiню здымка, i даведалiся дакладныя словы, якiмi яна змагалася з ворагамi незалежнасьцi: «Мужыкi... Ды тут няма каму аддацца!»...

Хто i на што прыйшоў паглядзець 20 лютага ў офiс БНФ? Публiка з аднолькавым iмпэтам рэагавала на чытаньне вершаў Славамiрам Адамовiчам, i на жарты пра «бабсьлей»... Перамагла дзяўчына з Маладога Фронту Натальля Маковiк.

Калi рэвалюцыi пачатку стагодзьдзя пачыналiся з кiданьня бомбаў, дык рэвалюцыi сучаснай Эўропы пачыналiся з скiдваньня вопраткi. Пераможца конкурсу стала ня толькi адзiнай, хто не засаромелася свайго прыгожага цела. Яна зжалiлася, i не пасьмяялася з «жартаўлiвага журы», але нагадала, што бел-чырвона-белы сьцяг у ейных руках, можа ператварыцца ў дзiду.

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0