Пакiдайце ж акцэнт ваш

Адзiн мой знаёмы паэт вельмi радуецца нязводнаму беларускаму акцэнту. Нават прыдумаў гэтаму «ўбоству» навуковую назву — «фанэтычная трываласьць». На ягоную думку беларускае «дзеканьне» ды «шчэканьне» сьведчаць пра жывучасьць нашае генэтычнае прыроды.

Едучы аднаго разу цягнiком у Гомель, я зь нязьведаным датуль нецярпеньнем чакаў канца падарожжа. Маiмi суседзямi ў вагоне былi нiжэйшыя чыны амону. Усяго чалавек 10, але ўражаньне ўзьнiкала, быццам акупавалi яны ўвесь вагон. Менавiта акупавалi, бо адрозьнiвалi iх ад астатнiх пасажыраў ня толькi блакiтны камуфляж, неардынарны рост, павышаныя дэцыбэлы i празьмерная насычанасьць гаворкi расейскiм матам, але, перш за ўсё, выразны беларускi акцэнт. Якi выдаваў у мушкецёрах прэзыдэнта гадаванцаў правiнцыi. Такая нязвыклая канцэнтрацыя «блакiтных мундзiраў» на абмежаванай прасторы яўна прыгнечвала «преданный им народ». Размовы сьцiшылiся, позiркi схавалiся за газэтнымi бачынамi, а па вагоне разносiлiся немiлагучныя рэплiкi амонаўскай разборкi на тэму «хто ў нашым узводзе стукач», што ўрэшце скончылася невялiчкай бойкай у тамбуры. Сярод цывiльнай публiкi ахвочых выйсьцi на перакур рэзка паменела.

Усё гэта нагадвала кепскае савецкае кiно пра фашыстаў, дзе немцы маглi несьцi любую лухту, але з абавязковым акцэнтам. «Матка, яйка, партызанэн». Я таксама прыкусiў свой беларускi язык, закрыўшыся выйгрышным вобразам «белага разьведчыка». Нарэшце ў Бабруйску ў вагон падсеў яшчэ адзiн пасажыр, саракагадовы прыгожы абхазец, якi, мне здаецца, успрыняў беларускiх гасконцаў за традыцыйных нашых «бедных салдацiкаў». Ад радасьцi вяртаньня на радзiму, цi, можа, ад шчырасьцi каўкаскае душы, абхазец вырашыў напаiць «лiц славянскай нацыянальнасьцi». На фоне ягоных расповедаў пра вайну, пра горскiя звычаi й нават пра абхаскую лiтаратуру мае плямiстыя землякi са сваiмi пытаньнямi пра каўкаскiх «жэншчын» выглядалi поўнымi дзiкунамi. Нiводнага мату не сарвалася зь языка сапраўднага ваякi, а ў некаторых момантах вылаяцца яму ўсё ж хацелася. Але ён мог дазволiць сабе глядзець на сабраную за сваiм шчодрым сталом зграю трохi звысоку, нягледзячы на свой невялiчкi расток. Беларускi ж акцэнт стаў яшчэ больш невыносны ў спалучэньнi з акцэнтам каўкаскiм. «Чаму так?» — думаў я. Ня ў словах жа справа. Але як важка гучаць вымаўленыя каўказцам словы — вайна, брат, кров, пасьля «стукача», «жэншчын», «трахнуць». Нарэшце байцы нябачнае вайны вывалiлiся ў Жлобiне, чым вельмi ўсьцешылi ўсiх, асаблiва праваднiцу, якая ўвесь час была заклапочаная — якую яшчэ мiлiцыю клiкаць, калi б тая разборка ў тамбуры прыняла больш сур’ёзныя памеры. «Адкуль яны набiраюць такiх кiбаргаў?» — асьцярожна запытаўся ў мяне мой маўклiвы сусед.

Я зразумеў сваю рэакцыю на родны акцэнт. У адрозьненьне ад каўкаскага, цi якога iншага, наш акцэнт больш гаворыць пра моўную мёртвасьць чым пра жыцьцё. У iм няма абаяльнасьцi iншаземства. Нiхто б не зьдзiвiўся, перайдзi абхазец на мову продкаў. Гэтым ён i адрозьнiваецца ад сваiх спадарожнiкаў. Беларускую мову зь iхных вуснаў пры ўсёй маёй фантазii ўявiць не магу. Але затое мой слых цешыць любы чужынскi акцэнт у беларускай мове, як факт мiжнароднага прызнаньня. Вымаўленае расейцам «чяму» цi палякам «калi ўаска» адразу мяняюць адносiны да суразмоўцы ў цяплейшы бок. Вось толькi не магу ўзгадаць, як гучыць мая мова з вуснаў немца або француза. Як не магу зразумець таксама дыпляматаў з братняга Захаду — чаму яны не адкрылi гэткi маленькi дыпляматычны трук. Адное толькi «спадар прэзыдэнт» гучала б не слабей за любую ноту. Але гэта iх праблемы.

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0