23.02.1998 / 13:00

СТО ТВОРАЎ МАСТАЦТВА ХХ СТАГОДЗЬДЗЯ: Iосiф Лянгбард. Менская Опэра

№ 4 (101) 23 лютага 1998 г.

СТО ТВОРАЎ МАСТАЦТВА ХХ СТАГОДЗЬДЗЯ

Iосiф Лянгбард. Менская Опэра

 

«... мы павiнны ўсьведамляць сваю дзейнасьць як усталяваньне новых стандартаў архiтэктуры, якая арганiзуе будучае жыцьцё гарадоў».

Мiхаiл Гiнзбург

 

Высокiя стылi, праходзячы поўнае кола разьвiцьця сваiх iдэяў i формаў, увасабляюцца ўрэшце ў дойлiдзтве. Архiтэктура, як сынкрэтычнае i найбольш сацыяльна значнае мастацтва, кладзецца вянком на ўсю пiрамiду мастацтваў. Помнiкi архiтэктуры, нiбы фiшкi на гулецкiм стале, пазначаюць ня толькi каардынаты розных стыляў, але i iх кошт...

Напрыканцы 20-х гадоў, у часы ўсеагульнага захапленьня функцыяналiзмам, Менск iмклiва пачаў зьмяняць сваё аблiчча. Новая эпоха прагнула сьцьвердзiцца ў новым стылi. Зьявiлiся новыя, нязнаныя дагэтуль тыпы будынкаў: дамы-камуны, рабочыя клюбы, дамы афiцэраў, дамы спэцыялiстаў, савецкiя й бальшавiцкiя ўстановы. Напачатку 30-х, як новая «пралетарская» культура ўжо скокала канкан на спадчыне мiнулага, разгарнулася й будаўнiцтва ўстановаў культуры: бiблiятэкi, кiнатэатры, народныя тэатры. Дайшла чарга i да опэры з балетам...

... На мяжы другога i трэцяга дзесяцiгодзьдзяў у дойлiдзтве БССР выявiлiся дзьве найбольш выразныя тэндэнцыi ў рэчышчы так званага новага рацыянальнага руху. Першая зь iх зьвязаная з прынцыпамi функцыяналiзму, дакладней, гэткiмi, якiмi iх прадставiлi маладыя савецкiя архiтэктары. Канцэпцыi функцыяналiстаў вынiкалi выключна з меркаваньняў функцыянальнае мэтазгоднасьцi. Выключна ўтылiтарная плянiроўка, кампазыцыя, фунцыянальныя дэталi акрэсьлiвалiся жыцьцядзейнымi працэсамi, дзеля якiх прызначаўся будынак. Радыкальны iдэалiзм нарматыўнага ўспрыманьня iснасьцi быў сфармуляваны клясыкам функцыяналiзму Лё Карбюзье: «Дом — машына для жыцьця». Менавiта функцыяналiсты выступiлi з разгорнутай праграмай, што сацыялягiзавала ўсе сфэры жыцьця. Iм i належыць распрацоўка тых самых новых тыпаў сацыялiстычных будынкаў...

... Другая тэндэнцыя — канструктывiзм, якi таксама абсалютызаваў тэхнiчныя сродкi, але ўсё ж абапiраўся на эстэтыку прыродных якасьцяў матэрыялаў i на гармонiю канструкцыяў (гэткае разуменьне роднаснае готыцы). Дзейнасьць савецкiх канструктывiстаў, са словаў iх найбуйнейшага тэарэтыка, пiсьменьнiка Трацьцякова, мусiла «распусьцiць у справе эстэтычную эмацыйную сутнасьць мастацтва». Тое, што было дасканала i вiдовiшчна сканструяваным, тое i было эстэтычным...

... У 1928 годзе ў Менску зьявiўся малады малавядомы архiтэктар з Масквы Георгi Лаўроў. Лаўроў паходзiў родам са Смаленшчыны. Вучоба ў маскоўскiх Вышэйшых мастацка-тэхнiчных майстэрнях сфармавала яго сымпатызантам юнага функцыяналiзму. Маштаб ягонае дзейнасьцi ў Беларусi цяжка ўявiць. За пяць гадоў ён пабудаваў ансамблi БДУ, Полiтэхнiчнага iнстытуту, бiблiятэкi iмя Ленiна, лябараторыi i друкарнi АН БССР, клiнiчны гарадок, iнтэрнаты й карпусы Горацкае акадэмii, кiнатэатар у Воршы i г.д... Нiчога дзiўнага, што менавiта яму даручылi праект першага ў ХХ ст. беларускага тэатру опэры...

У чарговыя ўгодкi «перамогi» бальшавiкоў над войскамi II Рэчы Паспалiтае, 11 лiпеня 1933 году было распачатае будаўнiцтва Опэры. Месца было абранае незвычайнае — рынкавы пляц на былой Траецкай гары. Гэтая гара i да сёньня пануе над навакольлем, а ў 30-я яна дамiнавала абсалютна над усiм Менскам.

... Паселiшчы на тэрыторыi Траецкай гары iснавалi яшчэ ў ХII ст. Тутака побач пралягаў Стара-Барысаўскi тракт, пры якiм быў насыпаны невялiкi вал — рэдут Сьвятой Тройцы, пры якiм iснавала каплiчка з той самай назвай. Мяркуюць, што менавiта тут стаяў першы мураваны менскi касьцёл — фара, фундаваная Ягайлам у 1390 годзе. З ХVI ст. у панараме Траецкае гары дамiнавалi манастыры Ўшэсьця й Сьв. Тройцы з цэрквамi. Яшчэ праз два стагодзьдзi тутака паўсталi каталiцкiя кляштары базыльянак, банiфратаў, марыявiтак, кармэлiтаў, бэнэдыктынаў. Намоленае месца...

Але павевы зьмянiлiся. Разам са згортваньнем беларусiзацыi, зьмянiлiся й маштабы сацыяльных пераўтварэньняў. Толькi ўстаўшая на ногi бальшавiцкая iмпэрыя прагнула сымбаляў свае нязломнасьцi i ўсеабдымнасьцi, якая б сягала да зораў, а не аскетычнага адлюстраваньня рэальных патрэбаў. Сьцiплы праект Лаўрова не надаваўся...

У 1933-м у Менску зьявiўся немалады вядомы архiтэктар зь Ленiнграду Iосiф Лянгбард. Лянгбард паходзiў родам зь Беласточчыны. Ён атрымаў грунтоўную адукацыю яшчэ ў тым, у старым Пецярбургу. Праўда, зь Менскам лёс зьвязаў яго крыху раней. У 1929 годзе Лянгбард выйграў Усесаюзны конкурс на праект Дому ўраду. Лаўроў i тады прайграў. Будоўля перадвызначыла лёс Менску... Старому гораду ня быць! Гэтая акалiчнасьць стала шчасьлiвым бiлетам для Лянгбарда. З 30-га году працы ўжо йшлi поўнай хадою, але Лянгбард не сьпяшаўся з поўным пераездам... I толькi пасьля таго, як лёгiка абсурду тых гадоў падштурхнула да будаўнiцтва... другой сталiцы БССР, Лянгбард вярнуўся на радзiму. Апроч завяршэньня калясальнага па тых часах ансамблю Дому ўраду, у Лянгбарда зьявiлася новая замова — перарабiць праект ужо запачаткаванага тэатру опэры. Лаўроў пакiнуў Беларусь назаўсёды.

Прапанова Лянгбарда была ўжо бясконца далёкаю ад ясных i рацыянальных формаў 20-х гадоў. Наогул, пра ўласна Опэру тады яшчэ не казалi. Новы праект уяўляў сабою палац для «масавага музычнага дзеяньня» зь безьлiччу скульптураў i рэльефаў. Нават гледзячы на дэтальны, карпатлiва прамаляваны красьлюнак (ледзьве паварочваецца язык называць гэты мастацкi твор менавiта так проста) галоўнага фасаду, цяжка сабе ўявiць, што ў гэтай фантастычнай спарудзе мусiла б зьмяшчацца... 5.000 чалавек! Цяжка паверыць, што кiраўнiцтва БССР усур’ёз успрымала гэтую фантасмагарычную задуму. У 1934 годзе ўсё было ўсур’ёз — архiтэктар атымаў званьне Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

У аснову пляну быў пакладзены калясальны, не раўнуючы рымскi, цырк з амфiтэатрам. На ягонай сцэне мусiлi адбывацца калясальныя мiстэрыi з удзелам любое вядомае на тыя часы тэхнiкi.

Пакрысе, пакуль справа дайшла да рэалiзацыi (i ўлiчваючы трывожнае мiжнароднае становiшча), глядзельная заля была зьменшаная да 3 тысячаў месцаў, а ў 1937 годзе ўжо i да паўтарох тысячаў. Адпаведна мянялiся й прапорцыi: Опэра зьмяншалася, як сьнежная гурба, таяла, таяла пакрысе. Прапалi з рэчаiснасьцi скульптуры й барэльефы, падземныя абходы, велiзарныя прапiлеi перад лесьвiчным маршам. Але галоўнае кампазыцыйнае рашэньне засталося — тры вялiзныя барабаны, пастаўленыя адзiн на адзiн, якiя ззаду пераўтвараюцца ў прастакутныя крылы сцэнiчнага аб’ёму i датасоўных памешканьняў, утвараючы падковападобны плян. Роўны рытм пiлястраў стварае ўражаньне недавершанасьцi руху, якi iмкнецца некуды да неба.

Будынак Опэры адкрылi ў 1939 годзе. Ужо праз год яе трупа атрымала ордэн Ленiна i тэатар быў названы Вялiкiм. Што ж, у дачыненьнi да самога будынку тут не было нiякае мэтафары — ён сапраўды стаў найбуйнейшым у новым сьвеце сацыялiзму.

Па вайне моцна пашкоджаная шматпакутная Опэра паўстала наноў. Праўда, на гэты раз была амаль цалкам зьмененая плянiроўка — стварылi традыцыйную для тэатраў ярусную сыстэму —партэр i тры неглыбокiя ложы. Колькасьць месцаў iзноў зьменшылася, да 1200. Работы вялiся пад кiраўнiцтвам усё таго ж Лянгбарда. Паваенная эйфарыя запатрабавала i простых чалавечых радасьцяў — багатых дэкарацыяў i ляпное аздобы. Вэстыбюлi, фае i глядзельная заля былi ўпрыгожаныя багатай плястыкай пад кiраўнiцтвам Бембеля. У 1948 годзе Опэра iзноў прыняла ўдзячных слухачоў.

З таго часу мiнула шмат гадоў. У 1967 Опэра была наноў рэканструяваная, зьмененыя канструкцыi дахаў. Шматсхiльныя дахi моцна зьмянiлi вобраз будынка, спрасьцiўшы яго. Зрэшты, пакрысе спрашчалiся i iнтэр’еры. Асаблiва гэта стала заўважным пасьля чарговае рэканструкцыi ў 1978 годзе.

Сёлета Опэра йзноў сьцiхне, як папярэдне паведамляецца, на два гады... Бадай, i гэта не апошняя перабудова адзiнага дому (№1) на плошчы Парыскае Камуны. Хочам мы таго цi не, гэтая скарбонка памяцi з работамi Бембеля i Кiшчанкi, з потам балерынаў i цяжкiм дыханьнем сьпевакоў застанецца сымбалем Менску. Сымбалем фантастычных намераў i бясконцае недавершанасьцi патаемных жаданьняў...

Сяргей Харэўскi


Лянгбард Iосiф (1892, Бельск-Падляскi — 1951, Ленiнград) архiтэктар, пэдагог. Скончыў Пецярбурскую Акадэмiю Мастацтваў у 1914 годзе. Заслужаны дзяяч мастацтваў БССР. Паводле ягоных праектаў былi пабудаваныя: Дом ураду, Дом афiцэраў, Акадэмiя Навук Беларусi ў Менску (1930-39), Дом Саветаў у Магiлёве (1939). Адзiн з аўтараў генэральных плянаў Менску i Гомеля (1944).


У папярэднiх нумарах прадстаўленыя творы:

 

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск, лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах

17. Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

18. Ян Булгак. Выгляд з Зарэчча

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру