Мiкола Сьцепаненка

Праўдзiвая гiсторыя аб пахаваньнi бабы Манi

 

Гэта здарылася вясною ў вёсцы Копцеўка, што на Магiлёўшчыне.

Зранку трыццацiвасьмiгадовая дачка ўбачыла нерухомае цела мацi. Схапiла халодную далонь i пачала кленчыць, але безвынiкова.

Не губляючы часу, дачка пабегла да доктара. Ад убогай хаткi, што стаяла наводшыбе ля ракi, да бальнiцы было недалёка. Не прайшло i дваццацi хвiлiнаў, як каля ложка старой стаяў мясцовы фэльчар. Нетаропка агледзеўшы цела, ён паспачуваў дачцы i маленькай байстручцы, якая цiхенька назiрала за тым, што адбывалася ў хаце, i выпiсаў пасьведчаньне аб сьмерцi. З афiцыйнай паперай дачка накiравалася ў сельсавет. Старшыня з разуменьнем паставiўся да ейнага гора — выпiсаў грашовую дапамогу ў памеры 1 млн. 200 тыс. беларускiх рублёў i даў загад на саўгасную пiлараму.

У той самы дзень са сьвежых, набрынялых вiльгацьцю дошак рабочыя насьпех зьбiлi вялiзную, не па памерах дамавiну, ведаючы наперад, што слова падзякi за сваю працу не атрымаюць, ня кажучы ўжо пра пляшку.

Баба Маня з дачкой была не зь мясцовых — прыехалi аднекуль з Расеi. Гаспадаркi сваёй нiколi ня мелi, жылi адасоблена ў маленькай, абабiтай рубэроiдам хаце. Раней да iх па вечарах наведвалiся маладыя хлопцы, цягнучы з сабой бульбу, сала, малако. У вынiку зьявiлася на сьвет унучка, i гэта таксама выклiкала абурэньне вяскоўцаў.

На наступны дзень, калi дачка пачала рыхтаваць мацi ў апошнi шлях, старая нечакана расплюшчыла вочы i раскрыла рот.

Пяць дзён баба Маня праляжала на бальнiчным ложку, а фэльчар на выдзеленыя дзеля жалобы грошы калоў уколы i ставiў кропельнiцы. На шосты дзень, калi скончылiся грошы, ён агледзеў пацыентку i прыйшоў да высновы, што на гэты раз баба Маня па-сапраўднаму адышла ў нябыт.

У бальнiчным двары труну ўсклалi на калёсы, i перад тым, як адвезьцi нябожчыцу дамоў, дачка правяла каня пад вокнамi сельсавету.

Дапамагчы хаваць старую з аднавяскоўцаў нiхто не захацеў. Дачцэ не заставалася нiчога iншага, як прыйсьцi да барака, дзе жылi асуджаныя калёнii-пасяленьня УЖ 15/18. Звыклы да хабару кантралёр калёнii прапаршчык Александровiч выдзялiў чатырох хлопцаў з умовай, што за працу жанчына разьлiчыцца наяўнымi. Асуджаным, натхнёным выпадковым заробкам, а галоўнае — адсутнасьцю побач мянта, праца падалася зусiм простай. Празь дзьве гадзiны ва ўказаным месцы, на самым ускрайку могiлак была вырыта i акуратна зачышчана яма.

Не дачакаўшыся палудня, што паводле мясцовых звычаяў забаронена, труну зь нябожчыцай усклалi на калёсы i маленькая працэсiя рушыла да могiлак. У труне баба Маня выглядала амаль як жывая: тонкiя чорныя бровы, румянец на шчаках... З-пад капы высоўвалiся худзенькiя ножкi ў белых шкарпэтках — баба Маня была неабутая.

Доўга разьвiтвацца зь нябожчыцай нi ў кога жаданьня не было, i ўжо празь дзесяць хвiлiн двухмэтровы зэк Шура па мянушцы Малыш паказваў на грудок, аздоблены адзiным маленькiм вяночкам.

Атрымаўшы на брата па 50 тыс. рублёў плюс палцiньнiк прапаршчыка Александровiча, хлопцы вярнулiся ў барак.

На гэтым гiсторыя з бабай Маняй магла б i скончыцца, калi б яе не пабачылi зноў. Апоўначы, недалёка ад могiлак вартаўнiк Антон нечакана для сябе напаткаў жанчыну. У белых шкарпэтках яна павольна рушыла ўздоўж ракi.

П’янiцу Антону нiхто б не паверыў, калi б праз тыдзень ягоны аповед не пацьвердзiў браканьер Саха. Сярод ночы, закiдаючы сеткi, ён пабачыў жанчыну ў белых шкарпэтках, якая прайшла праз грэблю i пацiху скiравалася ў бок могiлак. Вiдавочнае супадзеньне прывяло да таго, што па вёсцы папаўзьлi розныя чуткi. Людзi сталага веку казалi, што баба Маня была вядзьмаркай, i цяпер чакайце лiха. Моладзь схiлялася да думкi, што зэкi за грошы пахавалi пустую труну, а старая жывая.

Больш за ўсiх прывiд бабы Манi непакоiў вартаўнiка Антона, якому час ад часу даводзiлася хадзiць у крадла i сустракаць на сваiм шляху загадкавую постаць. Каб пераканацца на ўласныя вочы, цi сапраўды старую пахавалi, Антон зьвярнуўся ў барак да пасяленцаў i прапанаваў за адпаведны кошт разрыць магiлу. З тых хлопцаў, якiя хавалi бабу Маню, на пасяленьнi заставаўся адзiны Васiль па мянушцы Вiнiпух. Двое адбылi тэрмiн i зьехалi, яшчэ адзiн «раскруцiўся» i адбываў пакараньне ў калёнii стогага рэжыму. Васiль выслухаў Антона i катэгарычна адмовiўся праводзiць эксгумацыю, паслаўшы яго...

Да гэтага часу прывiд бабы Манi блукае па Копцеўскiм навакольлi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0