Сум за «Сцяной»

 

Я веру свайму прыяцелю-лiтаратару Мiцю, калi ён кажа, што мала чытае. Гэтаксама, як веру Сакрату Яновiчу, калi ён кажа, што яго не цiкавiць, цi хто чытае ягоныя творы. Але памiж двума беларускiмi лiтаратарамi iснуе яшчэ адна паралель. Калi ўжо Мiця зьбярэцца што-небудзь прачытаць, ён на тэкст не забудзецца нiколi. Гэтаксама, як Яновiч не забываецца на водгукi пра сваю творчасьць. А яшчэ i Мiця i Яновiч любяць сум. Зьбег гэтых акалiчнасьцяў адбыўся на сустрэчы-прэзэнтацыi зборнiка твораў Сакрата Яновiча «Сцяна».

Вобраз якой-кольвек перагароджы найбольш моцна папулярызаваў Ж.-П.Сартр: зборнiкам апавяданьняў «Мур». Мур ёсьць чымсьцi вялiкiм, грунтоўным. Мур (кшталту славутага Кiтайскага) адгароджвае вялiкiя прасторы. А вось, напрыклад, паркан «Краiны хлудаў» Алега Мiнкiна зьмяншае ўсё да драбностак. Што да сьцяны, яна не адгароджвае, а разьдзяляе.

Сакрат Яновiч валодае адмысловай здатнасьцю «праходзiць скрозь сьцены». Якiм чынам? Тытульны лiст зборнiка беластоцкага пiсьменьнiка ўтрымлiвае надпiс «Сьцяна», вокладка — «Сцяна». Памiж дзьвюма гэтымi словамi — бездань, якую зьнiшчыш хiба што разам з мовай.

Магчыма, гэтую тэзу можна «закiнуць» усiм беластоцкiм лiтаратарам. Прынамсi, тым, хто апрацоўвае глебу «Нiвы». Я маю на ўвазе ня толькi трываласьць беластоцкай газэты перад наступам хады часу. Газэта за апошнiя дваццаць гадоў не зьмянiлася нi на калiва, анi знутры, анi звонку. Я магу ўявiць, што прымушала «загранiчную» неэсэсэраўскую «Нiву» выходзiць наркамаўкай у першыя гады заснаваньня. Хутчэй за ўсё, гэта былi «даўгiя лапы КГБ». Але ж сёньня...

Сакрат Яновiч прызнаўся, што толькi за паўгадзiны да прэзэнтацыi «ўбачыў мяккiя знакi» за наркамаўскай вокладкай. Выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» прыпаднесла свайго кшталту сюрпрыз аўтару. Магчыма, «закiд» наконт «здатнасьцi праходзiць скрозь сьцены» губляе сваю актуальнасьць? I ўсе пытаньнi трэба скiраваць да выдавецтва, якое ня так даўна «згубiла» рукапiс кнiгi Васiля Быкава «Сьцяна», апошнiя з шэрагу «згубаў» —кнiгi Генiюш, Арлова, кнiга перакладаў «Песьнi пра зубра»...

Большасьць твораў новай «Сцяны» выйшла ў зборнiку «Доўгая сьмерць Крынак» на пачатку 90-х у Польшчы. Але аўтар задоўга да таго перадаў рукапiс у выдавецтва «Мастацкая лiтаратура». I вось, неспадзявана, рукапiс спатрэбiўся, каб «запоўнiць брэш» у плянах славутага выдавецтва.

Мой прыяцель Мiця любiць творчасьць Сакрата Яновiча. Я разумею Мiцю: «нардычны» адшлiфаваны стыль, эстэтыка, кампазыцыйная будова, мудрасьць. Зноў жа — сум. Па чым сумуе Мiця? Пра гэта ведае ён сам. Яшчэ адна паралель з творчасьцю беластоцкага пiсьменьнiка. Творы Сакрата Яновiча вызначаюцца невытлумачальным сумам аб цалкам зразумелай зьяве — жыцьцё зьмяняецца.

З рознага кшталту казак i фантастычных гiсторыяў мы ведаем спосаб праходжаньня скрозь сьцены. Галоўны прынцып — не заўважаць перашкоду. Але рэч у тым, што ў сёньняшняй Беларусi незаўважаць перашкоды можна толькi лежачы дома на канапе, цi жывучы ў якой-небудзь замёрлай вёсцы.

Беларускi Мур, якi з аднога боку мае «сьценку», а зь iншага «сценку», ня рухнуў як «жалезная занавеса», ён узмацняецца. Прайсьцi скрозь яго можна толькi адным шляхам — «бэрлiнскiм». Зь якога боку — кожны вырашае сам.

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0