Каляндар

Расколаты камень

Iнфармацыя аб праекце накiдваньня «залатой пятлi» на нашыя старажытныя помнiкi («НН», №3 1998) выклiкае з памяцi невялiкi лiст, надрукаваны на пачатку 90-х у адной з тагачасных газэтаў. Лiст быў падпiсаны «групай беларускiх афiцэраў». Яны «папярэджвалi», што калi раптам беларусы далучаць краiну да Расеi, яны — «афiцэры» — «падымуць у неба свае самалёты», каб зьнiшчыць усе помнiкi гiсторыi, усё, што сьведчыць аб iснаваньнi Беларусi як суб’екта. Бо ж, маўляў, народ, якi выракаецца ўласнага iмя i ўласнае мiнуўшчыны, ня мае права спрычыняцца да сьвятыняў...

Сёлета сьвет адзначае ўгодкi Залатога Храму. Галоўная сьвятыня старажытнай японскай сталiцы Кiота, гэтая будыйская бажнiца была збудаваная на пачатку 1398 году. Цягам свае гiсторыi Залаты Храм ператрываў усе магчымыя навалы. Але быў спалены у 1950 годзе чалавекам, якi, магчыма, любiў Храм так, як нiхто iншы — хлопцам-манахам Мiдзагуцi.

Мiдзагуцi ня быў Герастратам цi «дывэрсантам». Яго назвалi «вар’ятам», i аднавiлi Залаты Храм рыхтык такiм, якiм ён быў збудаваны. Полымя, у якiм зьнiклi сьцены сьвятынi, сталася для японцаў адно iмгненнай iскрынкай. Сёлета яны ўшануюць ня копiю, а менавiта Храм — увасабленьне найвялiкшага ў сьвеце Хараства.

Цi быў Мiдзагуцi няшчасным, цi быў шчасьлiвым, калi пераканаўся ў сваiх адчуваньнях: Хараство, што ад пачатку жыве ў душы, ня можа зьнiкнуць у языках вогнiшча? Незалежна ад таго, забранае яно ў формы сіндэн-дзукуры, готыкi, бiзантыкi цi вiленскага барока. Мiдзагуцi абраў знакам Хараства героглiф Залатога Храму...

Сярод беларускiх сымбаляў, бадай, амаль невядомы — Расколаты камень. Ён стаiць на глухiм раздарожжы, што ў лесе пад Слонiмам. Абрыс — цi-то казачны замак, цi-то ўцёс, цi-то старажытнае капiшча... Сьвятое месца. Кажуць, што камень раскалола маланка. Калi, чаму?.. Да 1939 году на камянi стаяў усталяваны шчэ за вялiкакняскiмi часамi крыж. Па прыходзе саветаў крыж зьнiк, але зьявiўся шырокi й глыбокi скол. Сёньня на iм фарбай выведзеныя словы «вася, маня, коля...» Што сталася з тымi «художнiкамi» — невядома. Але людзi памятаюць, што дзеля брукаваньня дарогi «на Захад!» саветы паспрабавалi ўзарваць камень. Усе жаўнеры, якiя гэтым займалiся, загiнулi на месцы.

Таму, калi я слухаю аб тым, што на краiну накiдваецца чарговая «пятля», я спакойны — апошняя зь петляў захлясьнецца на Расколатым каменi.

I тады сьлед ад маланкi зьнiкне.

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0