Вiртуальная рэальнасьць

 

Размова не пра хлапчукоў i дзяўчынак, якiя кiдаюцца пад мiлiцэйскiя дубiнкi, нiбы пад танк — хто, акрамя якога-небудзь зiмоўскага, кiне ў iх камень? У нашых дзяцей, прынамсi, думкi i перакананьнi не разыходзяцца зь дзеяньнем. У старэйшага ж пакаленьня — уключна да трыццацiгадовых, выхаванага савецкiмi рэалiямi, падвойныя альбо патройныя стандарты паводзiнаў уелiся ў плоць i кроў. Адсюль i «палiтыка»:

Ня важна, калi нехта Х верай i праўдай, за добрую пасаду й булку з маслам, служыў Z, фактычна прывёўшы таго да ўлады. Калi Z даў высьпятка Х, усе палiчылi яго ахвярай рэжыму i дэмакратам. Цi зрабiлi выгляд, што так лiчаць, i цяпер мусяць трываць ягоную прысутнасьць на ўсiх, цi амаль усiх партыйных форумах, грамадзкiх канфэрэнцыях, круглых сталах i гэтак далей. Ня важна, калi У трапiў за краты, а ягоны блiжэйшы паплечнiк i сябра ХХ заяўляе, што У гэта наўмысна зрабiў, каб сябе выставiць ахвяраю, а ўвесь вызвольна-дэмакратычны рух дыскрэдытаваць. Гэта сапраўды няважна, бо прыклады можна памнажаць, а справа ня ў прыкладах, але ў мадэлi паводзiнаў. Дапусьцiм, зайздрасьць, амбiтнасьць, хцiвасьць — катэгорыi агульначалавечыя, i ад палiтычнай сытуацыi ў той або iншай краiне не залежаць. Але ж ёсьць i свае, тутэйшыя адметнасьцi. Комплекс мiзэрнасьцi, цi што.

Адзiн дэмакратычны лiдэр перажывае з тае прычыны, што Крэмль недаацэньвае пагрозу, якую нясе Лукашэнка. Другi — што гэтую пагрозу недаацэньвае Захад. Прычым, слова «недаацэньваюць» трэба разумець проста — мала даюць грошай апазыцыi на барацьбу з таталiтарным рэжымам. Я наўмысна утрырую, бо, калi казаць шчыра, небясьпеку таталiтарнага рэжыму сапраўды на Захадзе ўсьведамляюць кепска, бо пасьля Гiтлера нi з чым таталiтарным там ужо паўвека не сутыкалiся i дрэнна памятаюць, што гэта такое. А паколькi ў Беларусi няма канцэнтрацыйных абозаў, газавых камэраў i СС, значыць, i трывожыцца асаблiва няма чаго. У Маскве, наадварот, таталiтарныя часы добра памятаюць, i ня толькi памятаюць, але шмат у чым сьледуюць запаветам, выпрацаваным «ад Iльлiча да Iльлiча». Там Лукашэнка ўспрымаецца як малады, неабстраляны, але надта пэрспэктыўны губэрнатар Северо-Западного края.

Добра цi блага, Крэмль вядзе сваю палiтыку. А тутэйшыя аракулы спрабуюць разгадаць загадку: каго цар-бацюхна зробiць сваiм наступным фаварытам, i што ад гэтага будзе царэвiчу-самазванцу? Ды нiчога ня будзе, пакуль той не замiнае транспартаваць газ на той самы Захад. Гэткая канструкцыя, паўтаруся, выглядае спрошчанай. Але ж беларускiя дэмакраты ўспрымаюць яе як дадзенасьць. I гэта зручна, бо не вымагае нiякiх асаблiвых высiлкаў — акрамя аднаго, выпрошваньня грошай у самых розных мiжнародных дабрачынных i не зусiм дабрачынных арганiзацыяў: «Падайце на змаганьне з дыктатурай!»

Да прыкладу, зрабiлася ледзьве ня добрым тонам нагадваць пры выпадку палякам пра iхны маральны абавязак: маўляў, Захад iм некалi дапамагаў утварыць «Салiдарнасьць» i зьвяргаць камунiстычны рэжым, цяпер яны, у сваю чаргу, павiнны дапамагчы браткам-беларусам. Але ж, па-першае, у Беларусi няма пакуль сваiх прафсаюзаў, хоць чымсьцi падобных да Салiдарнасьцi. А па-другое — палякi, якiм неабыякавы лёс Беларусi, самi гавораць пра с в о й маральны абавязак. Ня нам iм пра яго нагадваць.

Тут мушу зрабiць досыць доўгае адступленьне ад тэмы ў сувязi з Польшчай. Для афiцыйнай прапаганды Польшча, з савецкiх часоў яшчэ, а можа нават i царскiх — жупел, сымбаль каталiцкага цемрашальства, панскага прыгнёту й вераломства (гэта пасьля трох падзелаў, пакту Молатава-Рыбэнтропа й савецкай акупацыi). А тут яшчэ, у недалёкай будучынi, за Бугам узьнiкне фарпост самай варожай савецкаму чалавеку арганiзацыi — NATO. З другога боку, да самага апошняга часу Польшча й замежжам сапраўдным не была — купляй ваўчар за нейкую капейку, ды яжджай, гандлюй. Таму новыя правiлы ўезду — як плявок, агiда на ўсё жыцьцё. Яны — Эўропа, а мы хто?! I разам з тым — вось ён, капiталiстычны рай, зусiм пад бокам, прадмет зайздрасьцi, прыклад да перайманьня. Яшчэ ў сярэдзiне 70-х тут былi голыя палiцы, як i ва ўсiх краiнах «разьвiтога сацыялiзму». А цяпер аспрэчваць дасягненьнi палякаў на шляху рэформаў, аспрэчваць той факт, што злоты паступова набiрае вагу няма падставаў. Пасьля нядаўняга фiнансавага крызiсу, якi скалануў усе эўрапейскiя бiржы, у тым лiку Варшаўскую, злоты зноў упэўнена пнецца ўгару, а ад замежных iнвэстараў, што жадаюць выгадна разьмясьцiць свой капiтал, адбою няма. Усё гэта, як кажуць, з хрэстаматыi сучаснасьцi. Але ж якi там рай? Няма раю на зямлi. I не пра клясавую няроўнасьць гаворка. Не пра сацыяльнае расслаеньне.

Вось некалi ў беларускай прэсе прамiльгнула нататка — у горадзе Н. школьнiк-старшаклясьнiк бяз дай прычыны выкiнуўся зь дзявятага паверху. Пасьмяротнай запiскi не пакiнуў. Але нiякiх наркотыкаў, алькаголю ў крывi ягонай не знайшлi. Быў, як кажуць, нармальны хлопец. Прычыны самагубства невядомыя. А тут нядаўна ў невялiчкiм горадзе ў Польшчы адразу тры дзяўчынкi, па адзiнаццаць гадкоў кожнай, скончылi жыцьцё калектыўным самагубствам (адну зь iх дактары ўсё ж уратавалi) — усе трое былi з добрых сем’яў, бяз кепскай спадчыннасьцi. Дарослыя ня могуць даўмецца прычынаў.

Вучань сталiчнага лiцэю, узброены загадзя сякерай i нажом, урываецца сярод заняткаў у клясу i нападае на настаўнiцу, тое ж паўтараецца ў суседняй клясе, i ў яшчэ адной — усё на вачах iншых вучняў, амаль нiхто зь iх нават не спрабаваў заступiцца за ахвяраў. Настаўнiцы выжылi, але ж псыхалягiчны шок аказаўся страшнейшы за фiзычныя траўмы.

А то вось двое студэнтаў разам зь яшчэ адной студэнткай забiлi чацьвертую — забiлi зь нематываванай жорсткасьцю, бэйсбольнай бiтай i нажом, з-за нейкай драбязы. Усе трое атрымалi тры пажыцьцёвых пакараньнi — у Польшчы, якая iдзе ў Эўразьвяз, пакараньня сьмерцю няма. Што тут, у мэнтальнасьцi хiба справа, у сацыяльным асяродзьдзi, у нейкiх заганах цывiлiзацыi? Ды не — пры чым тут цывiлiзацыя. Жыцьцё чалавечае цяжкае. I будзе такiм заўсёды, пры любым -iзьме. Нашыя палiтыкi ня хочуць гэтага ведаць. Лукашэнка гэта ведае — ведае, што людзям, асаблiва на вёсцы цяжка — так цяжка, што аж няма як уздыхнуць. Ну, дык трэба iм зманiць, паабяцаць, што будзе добра, галоўнае, што ня будзе горш, што вайны, напрыклад, ня будзе, што карупцыянэраў усiх хутка зьвядуць — i будзе так як раней.

А з другога боку, рэфарматар, надзвычай рацыянальны чалавек Лешак Бальцэровiч казаў: людзi паўсюль аднолькавыя, што ў Амэрыцы, што ў Нямеччыне, што ў Паўднёвай Карэi, усе ад прыроды лянiвыя, усе хочуць менш працаваць i больш зарабляць i не плацiць пры гэтым падаткi. Але ж у кожным ёсьць i яшчэ нешта, дадзенае Богам. I ад кожнага залежыць, як ён гэтым пакарыстаецца. Калi, зразумела, дзяржава ня будзе бiць яго па галаве бiтай. Улады ў гэтым сэнсе таксама мала адрозьнiваюцца памiж сабой — цi то ў Карэi, цi ў Самалi, цi ў Беларусi. I толькi людзкая салiдарнасьць — ня зграйнасьць! — здольная процiстаяць татальнаму гвалту над асобай.

Сучасная беларуская апазыцыя не прайшла й сотай долi тых выпрабаваньняў, празь якiя прайшлi i лiдэры КОС-КОР, i шараговыя сябры «Салiдарнасьцi». Таму ў цяперашняй апазыцыi, за рэдкiм выключэньнем, няма маральнага права наогул нечага ад некага патрабаваць.

I справа ня толькi ў гэтым. Такая арганiзацыя, як IРА, напрыклад, мае сваiх пакутнiкаў, палiтвязьняў, ахвяраў рэпрэсiяў. Але ж нiводнай праваабарончай арганiзацыi на Захадзе, ня кажучы ўжо аб урадавых, ня прыйдзе да галавы дапамагаць IРА ў ейнай тэрарыстычнай дзейнасьцi. Здавалася б, прыклад IРА зусiм далёкi ад рэалiяў Беларусi. Але гэта сёньня. Размова аб альтэрнатывах, якiя абiраюць палiтычныя лiдэры ды шляхах дасягненьня мэты. У 20-я гады нашага стагодзьдзя iмёны Колiнза i ягоных паплечнiкаў па нацыянальна-вызвольным руху вымаўлялiся iрляндзкiмi каталiкамi як сьвятыя. Зь цягам часу вайна з брытанскiм уладарствам i пратэстантамi вылiлася ў звычайнае паляваньне на людзей. I што гэта дало? Легальнае крыло IРА — партыя Шын-Фэйн усё адно пайшла на мiрныя перамовы з брытанскiм урадам. У амэрыканскiм фiльме рэжысэра Джыма Шэрыдана «Баксёр» выдатна паказана, як людзi, што кiруюцца вышэйшымi прынцыпамi, бездакорнай, быццам бы, маральлю, надзеленыя ўладай над iншымi людзьмi, сучаснай зброяй ды адчуваньнем уласнай бязгрэшнасьцi, паступова ператвараюцца ў звычайных забойцаў. Хоць i забiваюць яны ў iмя iдэалаў свабоды. Няма патрэбы шукаць тут нейкiх паралеляў зь мiтычным Беларускiм вызвольным войскам. Цалкам можа стацца, што гэты мiт выпушчаны зь нетраў спэцслужбаў дзеля запалохваньня абываталя. Але ж i тыя, каму здаецца, што бутэлька з кактэйлем Молатава, альбо самаробная бомба — выйсьце з сытуацыi безнадзейнасьцi, якая апанавала Беларусь, гэтыя таксама ёсьць абываталямi, але толькi звар’яцелымi. У слова абываталь ня ўкладваю адмоўнага сэнсу, проста канстатую, што абываталь яшчэ ня ёсьць грамадзянiнам у сэнсе самастойнае адзiнкi цывiльнай супольнасцi.

Ды адкуль жа ёй узяцца ў, здаецца, Богам забытай Беларусi?

Некалькi гадоў таму адзiн паважаны прафэсар сказаў: грамадзкая супольнасьць — гэта мы. Г. зн. — ад нашых iнiцыятываў, колькасьцi створаных грамадзкiх iнстытутаў, гуманiтарных праектаў залежыць, у якiм грамадзтве мы будзем жыць. Дзеля пабудовы адкрытага грамадзтва быў утвораны фiлянтрапiчны фонд, намаганьнямi якога, сапраўды, удалося зрабiць шмат на карысьць нацыянальнае навукi, культуры й адукацыi. Тое, што ўладам гэта не спадабалася — тое заканамерна. Цiкава iншае — шмат хто з грантаатрымальнiкаў успрыняў iснаваньне фонду, якi асабiста фiнансаваў вядомы ў сьвеце мiльянэр, як належнае. Як быццам фонд — гэта нешта накшталт сабесу, альбо ў скрайнiм выпадку — закрыты спэцразьмеркавальнiк. Трэба зазначыць, што падставы дзеля такога ўспрыняцьця грамадзкай дабрачыннай установы давалi й некаторыя яе супрацоўнiкi, паводзячы сябе чыста як партапаратчыкi старой закваскi. Зразумела, пачалiся iнтрыгi, змовы, падседжваньнi — усё як мае быць. Можна было б нават падумаць, што той замежны дзядзька-мiльянэр паставiў экспэрымэнт — у якой прапорцыi залежаць чалавечыя хцiвасьць ды зайздрасьць ад колькасьцi дармовых грошай. Спроба знайсьцi сумленных i непадкупных аўтарытэтных людзей сярод iнтэлiгенцыi (а яны пакуль яшчэ, дзякаваць Богу, не перавялiся ў Беларусi), каб зрабiць працэс разьмеркаваньня грошай празрыстым ды зразумелым, скончылася вядома чым. «Апаратчыкi», апэлюючы да iнстынктаў масы (як казаў булгакаўскi Воланд: людзi як людзi, толькi кватэрнае пытаньне iх сапсавала), шляхам дэмакратычнай працэдуры ўнесьлi раскол у арганiзацыю, самi пажынаючы вынiкi перамогi. Атрымалася свайго роду мiнi-мадэль выбараў усенароднага кiраўнiка дзяржавы. Праўда, у адрозьненьне ад выбараў прэзыдэнта, перамога апаратчыкаў ад фiлянтропii аказалася пiравай — фонд зачынiўся.

Аднак жа, прафэсар, якi шчыраваў на нiве грамадзянскае супольнасьцi, нiколькi не разгубiўся — ён працягвае сваю дабрачынна-дасьледчыцкую дзейнасьць, якая, па ўсiм вiдаць, аднолькава цiкавiць як заходнiя дэмакратычныя iнстытуты, так i айчынныя спэцслужбы.

Цi вось яшчэ. Зь нядаўнiх часоў сярод «нячэсных» (паводле вядомага вызначэньня) журналiстаў пачалося свайго роду спаборнiцтва — хто зь iх больш «нячэсны». Можна падумаць, што журналiстам няма больш чым заняцца, як высьвятляць, хто больш зрабiў дзеля справы вызваленьня Шарамета з-пад варты, альбо ў часе закрыцьця «Свабоды». Нехта пасьпеў адседзець у турме i вярнуцца пасля гэтага, так бы мовiць, да журналiсцкага станка, а нехта ўсё яшчэ падлiчвае колькасьць драпiнаў — фiзычных i маральных — на любiмым целе, атрыманых ад праклятага рэжыму, а таксама уласных мужных выступаў супраць уладаў, каб кожны такi факт занесьцi ў скрыжалi гiсторыi. Ну, i на здароўе, як кажуць — хай бы займалiся гэтым цiха, самi з сабою. Дык не —трэба было ўсчынiць абструкцыю сябрам-журналiстам на iхным зьезьдзе, абвiнавацiць кiраўнiцтва журналiсцкай арганiзацыi ва ўзурпацыi ўлады, дыктатарскiх замашках — куды там Лукашэнку! — а таксама бязьдзейнасьцi, безыдэйнасьцi i ледзьве не карумпаванасьцi. Размова насамрэч iшла — правiльна, зноў пра грошы. Пра тое, хто будзе iх атрымлiваць i разьмяркоўваць.

Вось яшчэ прыклад — зусiм сьвежы. Кiраўнiк мiнiстэрства праўды тэлефануе галоўным рэдактарам недзяржаўных выданьняў i абмяркоўвае зь iмi магчымасьць утварэньня нейкага камiтэту ў процiвагу абранай на зьезьдзе радзе журналiсцкай арганiзацыi. Дзяржаўнага чыноўнiка зразумець можна — яму не спадабалася рашэньне рады i ён дзейнiчае даступнымi яму мэтадамi, вядомымi з часоў партыйнага кiраўнiцтва друкам. Але ж цiкава ня гэта, а тое, што рэдактары прагрэсiўных выданьняў — усе, акрамя аднаго — ня толькi жыва абмяркоўваюць з чыноўнiкам раскольнiцкiя прапановы, але ня бачаць у гэтым нiчога заганнага.

Што ж, такая ў нас гнюсная рэчаiснасьць. Калi няма як такога газэтна-часопiснага рынку, калi недзяржаўныя СМI душаць падаткамi, арэнднай платай, штрафамi, судовымi выдаткамi, тады «раскручваць» выданьне за кошт аднае рэклямы немагчыма. Таварам на рынку ў цяперашняй Беларусi становiцца ня тое што апазыцыйнасьць (хто зараз не апазыцыянэр? Здаецца, хутка найлагоднейшы Лiнг будзе лiчыцца апазыцыянэрам) — але пацярпеласьць. Хто больш пацярпеў ад рэжыму — той можа разьлiчваць на большую дапамогу. Адначасова, на ўсялякi выпадак, трэба падтрымлiваць джэнтльмэнскiя дачыненьнi з начальствам. У цяперашняй, цалкам ненармальнай, алягiчнай сытуацыi ўсеагульнага сьвiнства гэта нармальна.

Байкi аб тым, што ўсе мы знаходзiмся ў адной лодцы, нiхто ўжо не ўспрымае. Лодка даўно перавярнулася, i цяпер кожны, як кажуць, выжывае па-асобку. Аднак, пры гэтым ня блага было б захоўваць нейкую прыстойнасьць. Ня трэба бiць вяслом па галаве сябра, якi топiцца побач з табой, наступным будзеш ты. Каб пераканацца ў гэтым, неабавязкова глядзець «Тытанiк» Джорджа Камэрона. Тым ня менш, пра некаторыя аксiёмы гэты галiвудзкi блёкбастэр нагадвае. Нават у часе катастрофы, калi карабель iдзе на дно, каманда звар’яцела, а пасажыры азьвярэлi ад жаху, калi пацукi ды розная набрыдзь павылазiла на самы верх, можна ўсё ж-такi заставацца чалавекам.

Гэта слабое суцяшэньне, зразумела. Як правiла, уратавацца ўдаецца ў першую чаргу набрыдзi. Але што нам да яе, калi мы лiчым сябе людзьмi. Ну, можа некалi адчынiм архiвы (абавязкова трэба адчынiць), картатэкi, дасье — хай корпаюцца тады ў гразi, мажуць адзiн аднаго брудам. Не аб гэтым жа марым.

Мара — БНР? БНР як мара? Яны называюць гэта вiртуальнай рэальнасьцю. Наiўныя матэрыялiсты, яны лiчаць гэта абразай. Яны нават не здагадваюцца, якi робяць камплiмэнт. У век кампутарных сетак няма iншай раэльнасьцi як рэальнасьць чалавечай думкi, творчасьцi. У такiм сьвеце дыктатура ператвараецца ў анахранiзм, нешта накшталт гульнi ў Дум. Улады пакуль яшчэ могуць прыйсьцi i забраць кампутар, пасадзiць гаспадара ў турму — на большае ў iх ня хопiць фантазii. Будучыня — за вiртуальнай рэальнасьцю, г. зн. Мысьленьнем. Як думаем, так i iснуем.

Вiталь Тарас,

Менск - Варшава - Менск

 

P.S. Цалкам падтрымлiваю iдэю грамадзянства БНР. Але ж, на маю думку, спробу перавесьцi гэтую iдэю з плоскасьцi маральнага й грамадзянскага выбару ў плоскасьць чыста палiтычную можа сёньня прынесьцi болей шкоды, чымся карысьцi. Пагоня за колькасьцю заяваў аб грамадзянстве, як, напрыклад за колькасьцю подпiсаў пад Хартыяй-97 тут зусiм не патрэбная i здольная толькi дыскрэдытаваць iдэю — таксама як i празьмерныя фармальнасцi. Прашу ўсё сказанае вышэй лiчыць маёй просьбай аб уступленьнi ў грамадзянства БНР.

В.Т.


Ад рэдакцыi

«Наша Нiва» пачала атрымлiваць заявы чытачоў на iмя Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi аб уступленьнi ў грамадзянства БНР. Усе гэтыя заявы мы перасылаем на адрас Рады, якая разглядае такiя заявы i прымае рашэньне ў гэтай справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0