Рыгор Барадулiн

Перачытваючы «Карнiкаў»

 

Кожнае слова з дня сваiх народзiнаў i да сталага веку самаўзбагачаецца, пераймае нешта ў суседзяў, абрастае побытавымi паняцьцямi, шматзначнее.

Невыпадкова нарадзiлася слова правадыр. У iм была патрэба здаўна.

Правадыр — гэта той, хто вядзе, праводзiць праз самае небясьпечнае. У коранi слова маецца яшчэ й значэньне — той, хто праводзiць, ашуквае, абводзiць, што называецца, вакол пальца.

У нашай мове блiзкае правадыру слова павадыр. Гэта той, хто вядзе сьляпога. Пакуль давядзе, можа такi добра павадзiць. Павадыр — тут гучыць i павадок. Цi доўгi, цi кароткi — ад варункаў залежыць.

У расейскай мове вождь перагукваецца з вожжами, зь лейцамi, па-беларуску кажучы.

У паняцьцi правадыр, як i ў кожным зьявiшчы, два бакi — дадатны й адмоўны. Усё залежыць, хто вядзе й куды. Немалаважна й каго вядзе.

Натоўп цi статак прыручаны й прывучаны, каб яго вялi, безумоўна, на райскiя выпасы. I зь сiвое даўнiны йдзе барацьба, змаганьне любымi спосабамi за правадырства цi за павадырства. Самае жаданае для кандыдатаў у правадыры гэта павадырства. Сьляпога весьцi хоць i цяжкавата, затое сам ён не адхiлiцца ад генэральнага курсу.

На памяцi не аднаго пакаленьня з абшараў савецкай iмпэрыi яскрава цi, дакладней, крывава праявiлася правадырства, якое стала павадырствам. Правадырамi гэтымi былi, як сьпявалася ў псэўданароднай песьнi, «два сокалы ясных» Ленiн i Сталiн. Усе наступнiкi, што йшлi па iхных сьлядох, да правадыроў не дацягвалi.

Правадырам савецкай iмпэрыi было турботна й высiльна весьцi за сабой працоўныя масы да зiхоткiх вяршыняў, да райскiх выпасаў. Маса гэтая была неаднародная, неаднанародная. Нiяк не ўдавалася зрабiць зь яе жывую плястмасу. Упiралiся, бiлi ў хамут розныя инородцы, нацдэмы. Рознамоўныя, рознаканфэсiйныя калёнii спадцiшка, але няспынна расхiствалi калёны ўсiх iмпэрыяў. Савецкая iмпэрыя ня стала выключэньнем.

Затое ў Нямеччыне iдэя «адзiн народ — адзiн фюрэр» дзейсьнiлася лягчэй. I слова фюрэр (Fuhrer), корань якога зьвязаны з тым, хто зноў жа вядзе, цi нават вязе (уплыў прагрэсу), стаў сынонiмам iдэальнага падпарадкаваньня, жалезнай дысцыплiны ды неабвержнай улады. Фюрэраўская Нямеччына для пэўных сёньняшнiх младафюрэраў зрабiлася зямлёй абяцанай, блакiтнай альбо чырвона-карычневай мрояй.

Алесь Адамовiч у сваёй кнiзе «Карнiкi: радасьць нажа, альбо Жыцьцяпiс гiпэрбарэяў» глыбокаасэнсавана дасьледаваў вытокi фюрэрства й жахлiвыя вынiкi ўлады фюрэра.

Алесь Адамовiч, як сапраўдны празорца, зрабiў мастацкае дасьледаваньне на будучыню. Гэта й папярэджаньне й перасьцярога, бо адчуваў, што, як i заўсягды ў гiсторыi людзтва бывала, усё можа паўтарыцца i ў пачварных, i нават у трагiкамiчых варыянтах.

I на нашых вачох там i тут змушае сябе прыкмецiць цяга паасобных постсавецкiх лiдэраў, харызматыкаў да фюрэрства. Хай сабе мiнi, але ўсё роўна, каб фюрэры.

Надзённа гучаць разважаньнi фюрэра ў Адамовiчавых «Карнiках»: «... не для таго прыйшоў Адольф Гiтлер, каб гуляць у парлямэнцкую балбатню, а каб усiх вас вышпурнуць... я вазьмуся за... гiсторыю па-сапраўднаму... ня ўдасца вам прастадушна адрачыся ад свайго фюрэра. Вымыць рукi, якiмi цягнулiся да Яго, старалiся дакрануцца хоць бы да адзежы цi крыла машыны... Мы павязаныя... Месца фюрэра — адно-адзiнае...»

Алесь Адамовiч, раскрываючы апраметную нутра фюрэра, ускосна, бо кнiга пiсалася за савецкiм часам, паказваў i «генiяльнага правадыра ўсiх часiн i народаў». Бо яны фактычна былi духоўнымi блiзьнюкамi. Калi наогул льга да iх дапасаваць паняцьце духоўнасьцi. Хаця i ў д’ябла свой дух, свой маральны кодэкс.

Усе тыя чысткi ў партыi, усе паказальныя працэсы былi й там, i тут. Яны й сёньняшнiя мэтады даўнiя: «Меў рацыю, меў фларэнтыец: калi ты ня ў спадчыну атрымаў, а заваяваў «прастол», пасьпяшайся ўсiх i ўсё замянiць, зьмянiць, зламаць. I ў першую чаргу так званых «паплечнiкаў», хто ведаў цябе «да» дый наогул занадта многае памятае, чаго ня трэба. Каб ня ты быў чужаком, а ўсялякi табой адкiнуты, адрынуты... Тут важна, каб... безь цябе, без тваёй прысутнасьцi, тваёй волi ўжо не ўяўлялася само iснаваньне народу. Для гэтага кожнае пакаленьне мусiць адчуць цяжар, жорсткасьць тваёй рукi — на сабе адчуць. Асаблiва ў мiрны час. Яго наогул не павiнна быць, мiрнага, нават калi няма вайны... Трэба толькi ўмець акружыць сябе прыроджанымi другiмi нумарамi, якiя на першыя ролi проста няздатныя...»

Недавер, падазронасьць, страх перад нейкiмi змовамi — гэта хвароба ўсiх грос i мiнi-фюрэраў. Адсюль непамерная колькасьць палiцыянцкiх войскаў, розных ланцуговых спэцыяльнага прызначэньня. Стукачоў альбо на-вуха-даносараў i палiчыць немагчыма. Чытаючы ў кнiзе фразу «тут i моль падслухоўвае», пераносiсься ў недалёкае савецкае мiнулае дый не забываесься, у якой краiне жывеш.

Як учора, так i сёньня гэта знаёма: «Меў рацыю, меў фларэнтыец: недалужны розум у валадара, якi трымае каля сябе, доўга церпiць тых, з кiм прыйшоў да ўлады... Яны, мае верныя паплечнiкi думаюць, што фюрэру пра iх нiчога невядома. Якi i ў якiм банку ў каго рахуначак прыхаваны...»

I фюрэра, й правадыроў, i фюрэрчыкаў раднiць то ўсохласьць рук, то шалёнасьць вачэй, то нават вусiкi. «У Поля вочы папулярныя — фюрэрскiя, а ў прыдачу й вусiкi завёў сабе фюрэрскiя».

Папулiзм — гэта той канёк, на якiм льга заехаць на трон. Асаблiва, калi нейкi фюрэрчык брэша i ў гэты момант шчыра верыць у сваю ж брахню. Галоўнае, каб убiць у дрымотную сьвядомасьць натоўпу: «Фюрэр добры не таму, што добры, а таму, што ёсьць, i ён незаменны». Дарэчы, сталiнскае: «незаменимых нет» тычылася ўсiх, акрамя яго самога.

Хiба гэта аджыло, хiба гэта ня дзейнiчае на электарат, хiба гэта не замбiруе плакальшчыкаў па таннай кiлбасе: «... рабi зь людзьмi што хочаш, але час ад часу пагавары зь iмi грунтоўна, нават у чымсьцi павiнiся — i можаш ехаць далей! Няма чагосьцi, ну й прызнай, у зручны момант, што былi такiя вось упушчэньнi. Людзi ўзрадуюцца праўдзе, а пра сутнасьць i забудуцца...»

Побытавая послаўка: людзi ня сьвiньнi — усё зьядуць, як гэта нi абразьлiва гучыць, тычыцца й палiтыкi, цi, лепей сказаць, фюрэрства. Так было з савецкiмi правадырамi, так было i зь фюрэрам: «Фюрэр, як толькi аб’явiўся, стаў задаваць самыя простыя пытаньнi. I даваць самыя зразумелыя адказы».

Нездарма любiлi бальшавiкi так званую работу з масамi. Любяць яе й сёньняшнiя чырвона-карычневiкi.

У Алеся Адамовiча такое адкрыцьцё для сябе зрабiў фюрэр: «Калi я зь iмi гавару, зьвяртаючыся з трыбуны цi па радыё, у голасе некалькi галасоў. Не адразу й сам гэта выявiў. Кожны слухае толкi той голас, якi зьвернуты да яго, толькi да яго... Кожнаму абяцай болей, чым усяму натоўпу».

I, вядома ж, нянавiсьць да iнтэлiгенцыi. Яна ў крывi ва ўсiх правадыроў i правадырчыкаў. Ва ўсiх, хто, як кажуць, прыйшоў з бору й гонiць з двору. Цi зь мясьнiкоў ён, цi з сэмiнарыстаў, цi з турэмшчыкаў. Гэта кажа фюрэр: «Я сатру вашыя ўхмылачкi, iнтэлiгенцкiя грымасы! Нiводзiн не схаваецца. Колькi панагаварылi, панапiсалi, i ўсё супроць, усё супроць!» А здаецца, чуеш голас з манапалiзаванага тэлерадыё. Аж зябка робiцца. Ад фразы фюрэра: «Усё роўна мне выдумаеце —нанова!»

На жаль, i выдумляць ня трэба. Правадырства й фюрэрства, як алькагалiзм, як наркаманiя, цяжка вылечваецца. А варта. I Алесь Адамовiч заклiкае да гэтага, дакладна паставiўшы дыягназ.

Калi статак вядуць на бойню, часьцяком правадыром служыць казёл-правакатар. Адну партыю пад нож цi пад ток завядзе, а сам па чарговую вяртаецца.

I ў нашыя днi iнтэлiгенцыя ня мусiць выконваць ролю казлоў-правакатараў. Гэтаму таксама вучыў апантаны змагар за праўду й дэмакратыю ў ранiшнiм значэньнi гэтага слова Алесь Адамовiч.

Адступнiкаў ад запаветаў Хрыстовых чакае кара. Цярплiва. Кары не мiнуюць нi фюрэры, нi выканаўцы iхных загадаў — карнiкi.

Кара вяртаецца да таго, хто карае...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0