Славамiр Адамовiч
ЗБРОЯ,
альбо Мiт талеранцыi i рэальнасьць агрэсii
У свае 35 я нарэшце трапiў за мяжу, не такую ўжо й далёкую, —у Варшаву. I самае вялiкае ўражаньне, якое я мусiў вывезьцi з польскай сталiцы, было выклiкана адчуваньнем, што ў цэнтры ўсходнеэўрапейскага мэгаполiсу мне не хапае прысутнасьцi побач палiцыянта. Я быў проста разгублены ад таго, што вярнуся ў Менск, так i не зразумеўшы, у якой жа форме ходзяць польскiя ахоўнiкi грамадзкага парадку. Сыйшоўшы з варшаўскага цягнiка на пэрон менскага тэрмiналу i адразу ж сутыкнуўшыся з трыма ў камуфляжы, я быў перакананы, што сапраўдная памяркоўнасьць пачынаецца на захад ад беларускага Берасьця.
Здаецца, апошнiм часам прэзыдэнцкiя СМI зьменшылi аб’ёмы вэрбальна-гукавой трансьляцыi міту пра так званую беларускую памяркоўнасьць. А вось зьвесткi пра крымiнальныя злачынствы беларусаў афiцыёзныя газэты й БТ падаюць штодня. Прыходзiцца канстатаваць, што крымiналiзацыя нашага грамадзтва расьце прапарцыйна росту колькасьцi мiлiцыянтаў на вулiцах беларускiх гарадоў i мястэчак.
каля 150 тысяч нашых землякоў служаць у мiлiцыi — больш, чым у войску.
«КРЫМIНАЛЬНАЯ ЗБРОЯ»
Сродкi iнфармацыi кожны дзень паведамляюць пра разбойныя напады, рабаўнiцвы, забойствы. I зьдзяйсьняюць гэтыя кымiнальныя акцыi пераважна не «гастралёры» цi грамадзяне iншых нацыянальнасьцяў, а самыя што нi ёсьць стопрацэнтовыя беларусы — «памяркоўныя», як стараецца давесьцi нам прапагандысцкi апарат акупацыйнага рэжыму.
Зразумела, што для рэалiзацыi злачынных намераў мала адных «голых рук». Патрэбная ЗБРОЯ. I яна актыўна здабываецца, вырабляецца, прадаецца. Некаторыя «мудрацы» «ствалы» здаюць «напракат» — настолькi яны не баяцца мiлiцыi.
Ёсьць мноства шляхоў набыцьця агнястрэльнай зброi. «Высокiя» крымiнальныя сфэры без асаблiвых праблемаў атрымлiваюць яе пераважна з Расеi («калашнiкаў», «узi», пiсталет «чэска-збраёўка» калiбра 7,62 мм, «макараў», «ТТ» ды iншыя). Але, як сьведчыць мiлiцэйская статыстыка, найбольшая колькасьць «крымiнальнай» зброi рэстаўруецца, вырабляецца i набываецца на ўласнай — беларускай — тэрыторыi.
«Народны ўмелец» Саша Пiскуноў, напрыклад, наладзiў вытворчасьць пiсталетаў-кулямётаў уласнай канструкцыi. Пры вобшуку ў яго знайшлi 23 аўтаматныя свалы, 39 затворных «пушак», 28 загатовак для вырабу глушыльнiкаў, 116 электрадэтанатараў маркi «ЭПД», аўтапэйджар, блёк сiлкаваньня i пэйджар. У пэйджэры было зроблена спэцыяльнае гняздо пад электрадэтанатар.
У 25-гадовага жыхара вёскi Казлоўка Сьветлагорскага раёну мiлiцыя знайшла: вiнтоўку Мосiна, два аўтаматы ППШ з самаробнымi прыкладамi, дыск i 31 патрон да яго, некалькi толавых шашак, самаробны пiсталет, гранаты Ф-1 з запалам i РГД, фаўстпатрон i дзьве мiнамётныя мiны. Гаспадар гэтых рэчаў патлумачыў, што зь дзяцiнства захапляўся зброяй, зьбiраючы яе на месцах баёў Другой сусьветнай вайны.
У Вiцебску мiлiцыяй i «чэкiстамi» затрыманы работнiк мясцовай кавярнi, у якога пры асабiстым аглядзе быў знойдзены нямецкi аўтамат часоў Другой сусьветнай, а ў кватэры — 128 патронаў да пiсталета Макарава, затвор кулямёта Дзегцярова i ствол вiнтоўкi.
Майстар вытворчага навучаньня аднаго зь менскiх ПТВ абрэз нямецкага карабiна сьпярша хацеў прадаць за скрыню гарэлкi, але потым пагадзiўся на 250 тысяч «зайчыкаў»...
Настаўнiца расейскай мовы прадае некалькi ўпаковак цэлявых патронаў калiбру 5,6 мм да дробнакалiбэрнай вiнтоўкi савецкага ўзору — за 400 тысячаў беларускiх рублёў...
У Бабруйску летась да крымiнальнай адказнасьцi паводле артыкула 213 прыцягнута 68 чалавек. 13 злачынстваў зроблена з прымяненьнем незарэгiстраванай агнястрэльнай зброi. Рэквiзавана ў гараджанаў 99 адзiнак зброi, у тым лiку 54 —гладкаствольнай, 30 — наразной кароткаствольнай i 15 —газавай. Добраахвотна здалi шэсьць адзiнак. Анулявана 25 дазволаў на захаваньне й нашэньне агнястрэльнай зброi...
Варта заўважыць, што насычана зброяй тэрыторыя Беларусi амаль раўнамерна. Выключэньне складае хiба што Гомельская вобласьць (але ня Гомель!), дзе традыцыйнае «хаджэньне» сярод насельнiцтва маюць паляўнiчыя «ствалы». Вiцебшчына традыцыйна адрозьнiваецца пастаўкамi на чорны рынак «антыкварнай» альбо «выкапнёвай» зброi i выбуховага матэрыялу. Адзiн малалетка, зь якiм я сядзеў у камэры 60 Вiцебскага цэнтралу, распавядаў, што сабе на пракорм ён зарабляў продажам патронаў, выкопваючы iх на тэрыторыi N-скай вайсковай часьцi, разьмешчанай у Вiцебску. Праўда, пасадзiлi яго за дробны крадзеж.
Берасьце i Горадня асаблiва насычаныя газавай зброяй нямецкай вытворчасьцi, якую «штурхаюць» на рынак у тым лiку i доблесныя беларускiя мытнiкi.
Патэнцыяльнымi пастаўшчыкамi дыхтоўнай армейскай зброi застаюцца вайсковыя часткi...
Такiм чынам, факты сьведчаць, што беларускае грамадзтва ўпарта ўзбройваецца, я сказаў бы нават, што адбываецца працэс мiлiтарызацыi насельнiцтва. I на гэтым фоне па меншай меры дзiўнымi выглядаюць намеры рэжыму адрадзiць у сярэдняй школе сыстэму ваеннай падрыхтоўкi. Сваiмi рукамi вучыць моладзь разьбiраць-зьбiраць аўтамат Калашнiкава, тую моладзь, якая не ўспрымае i нiколi ня ўспрыме сёньняшнi палiтычны рэжым? Па-мойму, тут улады кардынальна памыляюцца. Хiба што «ваенка» будзе вернута толькi на тэарэтычным узроўнi. А вярнуць у школы арсэналы вучэбнай зброi сёньня — гэта тое самае, што раздаць яе ў рукi мiнакоў: нiхто не адмовiцца яе ўзяць, каб зрабiць баявой.
ВЫБРАНЫЯ МЕСЦЫ
З КРЫМIНАЛЬНАГА КОДЭКСУ
Сёньня ў кожным райаддзеле мiлiцыi ёсьць супрацоўнiкi дазваляльнай сыстэмы, якiя на падставе дзейнага заканадаўства вядуць рэгiстрацыю, улiк i кантроль захаваньня зброi. Згодна з нарматыўнымi актамi, абавязковай умовай для рэгiстрацыi зброi зьяўляецца яе адпаведнасьць сэртыфiкату. Сэртыфiкацыю праводзiць Дзяржкамiтэт па стандартах, мэтралёгii i сэртыфiкацыi i ЭКЦ МУС. Крамы, якiя гандлююць зброяй, павiнны пры продажу выдаваць сэртыфiкаты ўстаноўленага ўзору.
Згодна артыкулу 213 КК РБ, нашэньне, захаваньне, набыцьцё, выраб альбо збыт агнястрэльнай зброi, боепрыпасаў альбо выбуховых рэчываў без адпаведнага дазволу караюцца пазбаўленьнем волi на тэрмiн да 7 гадоў.
Пад набыцьцём зброi трэба разумець ня толькi пакупку, але й абмен на iншую маёмасьць, а таксама атрыманьне ў якасьцi задатку цi падарунку.
Выраб зброi, якi падлягае крымiнальнай адказнасьцi, — гэта стварэньне зброi альбо аднаўленьне яе баявых якасьцяў, а таксама пераробка газавай зброi альбо iншых прадметаў, у вынiку чаго яны набылi ўласьцiвасьцi агнястрэльнай зброi.
Паводле артыкула 213 нашэньне, выраб альбо збыт кiнжалаў, фiнскiх нажоў альбо iншай халоднай зброi без адпаведнага дазволу таксама караецца пазбаўленьнем волi на тэрмiн да 2 гадоў.
А вось захоўваць халодную зброю у сваёй кватэры вы можаце без усялякiх дазволаў i ў любой колькасьцi. Спробы прыцягнуць вас да адказнасьцi толькi за тое, што ў вашым доме на цьвiчку ў прыбiральнi вiсiць кiсьцень, будуць адназначна незаконнымi.
ЗБРОЯ СУПРАЦIВУ
«— Гэта ня тое што купiць стрэльбу на дыван над ложкам, — сурова сказаў Алесь. — Нам усё ж трэба дзьве тысячы стрэльбаў, столькi ж халоднай зброi, ды жалеза для паробак, ды паперы, бо ў Кастуся зрываецца справа.»
Уладзiмер Караткевiч, аповесьць «Зброя»
Не, нездарма афiцыйныя прапагандысты «пяюць» нам пра памяркоўнасьць. Яны падкiдваюць нам мiт пра «цiхмянасьць», а я ўспамiнаю сьвяткаваньнi Дня Волi...
... у сакавiку 1996-га. 24-га, нядзеля. Мы стаiм шчыльна, плячо ў плячо, перад будынкам тэлецэнтру, што на вулiцы Камунiстычнай. Пазьняк i Навумчык патрабуюць ва ўладаў некалькi хвiлiнаў тэлеэфiру, але iм, вядома, нiхто iх не дае. Разгневаная грамада, не зважаючы на пагрозы Агальца i шырокiя рамёны амонаўцаў, гатовая ўзяць будынак штурмам, практычна голымi рукамi. Але тыя ж Пазьняк i Навумчык стрымлiваюць людзей. Афiцэр мiлiцыi з разьбiтай галавой i раструшчанай рацыяй ашалела крычыць курсантам: «Наза-а-ад!» Сярод дэманстрантаў таксама шмат параненых. У мужчыны з патылiцы за шыю сьцякае кроў. Жанчына газэтай «Свабода» закрывае яму рану. У вачох грамадзянiна — ваяўнiчы бляск, у куточках вуснаў —усьмешка байца. Наша зброя ў 96-м — грузалкi зьледзянелага сьнегу.
... у сакавiку 1997-га. 23-га, нядзеля. Мы iдзём паабапал праежджай часткi праспэкта Ф.Скарыны — па ходнiках. У тахт кроку мы скандуем слова «Гаў!» Гэта дэмаралiзуе амонаўцаў, якiя, разгарнуўшыся ў калёну па адным i на адлегласьцi ў два крокi адзiн ад аднаго, рухаюцца разам з намi. Перад Круглай плошчай iхныя калёны рассыпаюцца. На скрыжаваньнi праспэкту з вулiцамi Казлова й Варвашэнi адбываецца, бадай, самая жорсткая сутычка менчукоў зь мiлiцыяй. Б’ём жорстка, адкiнуўшы прэч фарсэйства сваiх публiчных статусаў паэта, мастака, банкiра, iнжынэра... Б’ём з тым большай нянавiсьцю, таму што бачым перад сабой свайго ж, тутэйшага беларуса, якi аднак пайшоў у паслугачы рэжыму, i, выконваючы загад акупанта, без разбору крывавiць нашых сяброў, каханых дзяўчат, жонак, дзяцей... Група мiлiцыянтаў ускоквае ў тралейбус — ратуецца. Некаму зь iх надзелi на галаву сьметнiцу, iншыя ратуюцца, падаючы на капоты машынаў i закрываючы галаву рукамi. Вось адзiн дасупрацiўляўся: магутным ударам у грудзi грамадзянiн зьбiвае яго з ног. Нехта яшэ цаляе мiліцыянту проста ў твар... На iмгненьне прарываецца думка, маўляў, што ж мы робiм, што ро... Але тут жа перад вачыма завiхурыла полымя крэматорыя КГБ, у якiм гарыць беларуская васьмiкутная зорка, любоўна вышытая i падараваная табе жанчынай зь легендарнага Семежава; тут жа акупанцкiя фiзii, што разрываюць бел-чырвона-белы сьцяг... Дык няўжо разьбiтая скiвiца мiлiцыянта балiць мацней за тваю апляваную беларускую душу?..
I гэтым разам наша зброя — кулакi ды кавалкi зьледзянелага сакавiцкага сьнегу, дрэўкi сьцягоў ды парасоны. Але ўжо другога красавiка мы атакуем шэрагi мiлiцыянтаў, сьцiскаючы ў рукох кавалкi цэглы, пакладзенай некалi на сваё месца палоннымi немцамi...
Мiтынгi, пiкеты i дэманстрацыi апошнiх пяцi гадоў, а таксама бясконцыя заявы палiтычнай апазыцыi пра негвалтоўнае змаганьне з акупацыйным рэжымам прыводзяць «памяркоўных» беларусаў да думкi: патрэбная зброя. Негаласлоўнасьць майго выказваньня пацьвярджае i факт затрыманьня ў Вiцебску грамадзянiна N, у кватэры якога знойдзены баявы рыштунак. На шчасьце, гэта толькi адзiны выпадак такога праколу...
Тым часам назапашваньне халоднай i «гарачай» зброi супрацiўленьня працягваецца. Пра гэта ведае рэжым. Пра гэта павiнны ведаць i мы — для адэкватнай ацэнкi сытуацыi.
Вось грамадзянiн А., чалавек пэнсiйнага ўзросту. Мае жонку, дзяцей, унукаў. Савекая ўлада папсавала яму крывi. Малым перажыў нямецкую акупацыю. Яго родная цётка, якая, дзякуй Богу, жыве й сёньня, у гады вайны ваявала ў партызанскiм атрадзе. Шчалбоўскiя лясы, якiя на дзясяткi кiлямэтраў раскiнулiся ўздоўж правага берагу Заходняй Дзьвiны, яна ведае лепш, чым вулiцы цяперашняга Вiцебску. Ведае лясы й пляменьнiк. Па маладым адросьце, якi падняўся на месцах жорсткiх баёў партызанаў з часьцямi вэрмахту, ён вядзе мяне да свайго складу-схову. Зямлянку можна адшукаць, хiба што прачасаўшы з мэталяшукальнiкам тысячы гектараў лесу. Карцiна, дальбог, сюррэалiстычная: Беларусь канца ХХ-га стагодзьдзя, «Наша Нiва» закiдвае свае старонкi ў Iнтэрнэт, i новая зямлянка ў вiцебскiх лясах, наладаваная спэцыфiчным начыньнем: тузiн рыдлёвак, мэталёвыя i плястыкавыя ёмiстасьцi, скруткi дроту, некалькi скрыняў зь цьвiкамi розных памераў у прамасьленай паперы, асобна — мiнамётныя мiны i артылерыйскiя снарады, толавыя шашкi i яшчэ нейкiя выбуховыя рэчывы. Замест вугольля ў старым прасе — дэтанатары. Некалькi ракетнiц, пераробленых пад набоi цi то 16-га, цi то 20-га калiбру. Дзьве зараджаныя бескуркоўкi. Адну зь iх гаспадар выносiць на паверхню, ускiдвае i — нiякай асечкi! — страляе. Па маладым лесе коцiцца рэха...
Гаспадар ганарыцца дочкамi, сынамi, унукамi. За чаркай сьлiвовiцы ён даводзiць мне, што трэба рыхтаваць такiя партызанскiя базы па ўсёй Беларусi, як гэта яшчэ ў 20-я гады на нашай тэрыторыi рабiлi маскоўскiя бальшавiкi. Я згаджаюся, але выказваю думку, што збройны грамадзянскi супрацiў будзе мець вынiк адно тады, калi супраць акупацыйнага рэжыму скiруе зброю беларуская армiя, альбо па крайняй меры ня стане ўмешвацца ў канфлiкт, альбо адкрые для нас свае арсэналы... Гаспадар выпiвае, нюхае скарынку жытняга i шкадуе, што ня можа нарыхтаваць яшчэ й хлеба, бо гэта ж не цьвiкi — адсырэе, пакуль дойдзе да справы.
Вяртаюся дамоў, нiбы Гагарын з космасу. Мяккае крэсла транспартнага сродку кiдае ў сон, якi блытаецца зь вiртуальнай беларускай рэальнасьцю.
Што назапашваньне зброi — тэндэнцыя, я ўпэўнiваюся канчаткова, сустрэўшы яшчэ некалькi падобных «партызанаў». Адзiн зь iх займаецца ценявым бiзнэсам (нармальны бiзнэс прыводзiць у камэру, як Кудзiнава або Клiмава), частку грошай зь якога ахвяруе на набыцьцё мужчынскiх «цацак»: абрэзы паляўнiчых стрэльбаў, некалькi дробнакалiбэрак, гара аўтаматных патронаў, прыцэлы, прыборы начнаго бачаньня, рацыi, плястыт, мех салетры, алюмiневая пудра...
Калi б я пра ўбачанае i пачутае напiсаў апавяданьне, удзячны чытач мог бы ўсклiкнуць: ну й фантазiя ў аўтара! На жаль, зьместам майго журналiсцкага дасьледаваньня зьяўляецца рэальны беларускi кантэкст, хоць на першы погляд ён можа падацца непраўдападобна фантастычным.
Гэта рэальнасьць, што беларусы ўзбройваюцца ня толькi каб забiваць з-за вялiкiх «бабак» цi квалка хлеба. Факт, што яны ўзбройваюцца i дзеля таго, каб у час «Ч» змагчы адстаяць незалежнасьць Краiны i абаранiць свой нацыянальны гонар.
***
«Калi васьмю месяцамi пазьней людзi ў ярасьцi крычалi: «Зброi!», крычалi, сьцiскаючы пустыя кулакi, адзiн зь нямногiх, хто здолеў адказаць на гэты крык, быў князь Аляксандар Загорскi.
Зямля атрымала зброю».
(Уладзiмер Караткевiч, аповесьць «Зброя»)