Сяржук Сокалаў-Воюш

 

 

 

ПАЛIТЫЧНЫ ЭМIГРАНТ

 

— А за Гомляй людзi ё?

— Ё. Толькi — дробненькiё.

(З фальклёру)

За акiянам людзi ё,

I досыць нелюдзяў удома,

Хаця паўсюдна ёсьць, вядома,

Народ прыстойны i зьвяр’ё.

 

Чаму ж тады за горы й моры

У сьвет iду з Радзiмы я —

Таму, што не бывае горай

Свайго уласнага зьвяр’я?

 

Але чаму тады з чужыны

Да нас ня пхнуцца пад крысо?

Бо лепей iхнае ласо,

Чым посьвiст нашай батажыны?

Бо наш прыўладны шапiто

Iснуе славаю Пiшчалы?

Бо каля нашага вяшчалы

Прарокi iхныя нiшто?

 

Ды што мне да чужога краю,

Хiба што стоячы ўбаку

Засьведчыць: кожны ў сьвеце мае

Сваiх Сапегу i Луку.

 

А кожны з нас — сваё аблiчча,

Свае i дзiч, i ВIЧ, i лыч...

I нас усiх Радзiма клiча,

Ды той iдзе, хто чуе клiч...

 

1 лютага 1998 г. Прага

***

Менск цi польскi, цi лiтоўскi,

Цi расейскi, цi нямецкi,

То — з улады — фашыстоўскi,

То — iмпэрскi, то — савецкi,

Ды заўсёды ёлкi, друзкi

I няўтульна-непрывабны

Для захопнiкаў нахабных,

Бо заўсёды — Беларускi...

Клiчнiк, — думкi вымагалi,

Ды шматкроп’е пальцы бiлi...

I адно другому йлгалi,

I адно з другога кпiлi,

I прыгадвалi дэталi,

I дамешвалi дамешкi,

I пра Мiнск мяне пыталi,

З хiтраватаю ўсьмешкай...

 

Мiнск i польскi, i лiтоўскi,

I расейскi, i нямецкi,

I з улады — фашыстоўскi,

I iмпэрскi, i савецкi,

I нiколi — ёлкi, друзкi,

Цi няўтульна-непрывабны

Для захопнiкаў нахабных,

Бо нiколi — Беларускi!

 

Так i цягнецца вякамi —

Дзякуй Богу — не спрадвеку...

Ды мiнчане зь менчукамi

Абмiнаюць пустасеку,

Не тубыльцы з чужакамi

Каб дабiцца да нагробку,

А й ня так, каб сваякамi

Пачуваюцца мiжсобку.

 

Во й жывуць па-палавiнску,

Мысьляць: хто каго рабуе?

А тым часам Менск па Мiнску

Неадроджаны шыбуе.

На Траецкiм i па Менцы,

Мiж будынкаў, з вулак шэрых...

I трымцяць перараджэнцы

За фiранкамi ў кватэрах.

 

9 сакавiка 1998 г. Прага

***

Там смала i вагонь, i смурод.

Мы ўдвох — кожны з нас зарабiў.

Ты — таму, што забiў свой народ,

Я — таму, што цябе не забiў.

 

9 сакавiка 1998 г. Прага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0