Настаўнiкi ў амонаўскай форме

 

21 красавiка ў Менскiм Цэнтральным райсудзе пад дзьвярыма кабiнэта судзьдзi Тамары Злобiч стаяў «кардон» з салiдных, i, здаецца, iнтэлiгентных кабетаў. Яны «трымалi абарону» ад нас, журналiстаў. Каб не прарэзьлiвыя крыкi: «Я 20 год працую ў школе!», то дзьвюх-трох кабетаў лёгка можна было б уявiць у амонаўскай форме.

Так пачынаўся разгляд справы аб абароне гонару i годнасьцi настаўнiцы Леанарды Мухiнай. Ейныя прысутныя калегi, а болей — прадстаўнiкi рана i школьная адмiнiстрацыя запэўнiвалi журналiстаў: справа, маўляў, самая звычайная, ня вартая нашай увагi. Але пакуль нiхто ў 37-й менскай школе не спрабаваў абараняць свой гонар праз суд. Леанарда Станiславаўна выкладае ў беларускамоўным 3-м «Г». Спаслаўшыся на нiбыта iснуючыя скаргi бацькоў, настаўнiцу абвiнавацiлi ў правядзеньнi ў школе палiтыкi БНФ i падрыхтоўцы кадраў для апазыцыi...

У першы дзень прадстаўнiкам СМI месцаў у кабiнэце судзьдзi «не знайшлося». Са словаў удзельнiкаў працэсу вядома, што ў гэты дзень суд высьвятляў адзiнае пытаньне: хто якiя палiтычныя партыi падтрымлiвае. Наступным ранкам, выконваючы просьбу судзьдзi Т.Злобiч, загадчык Цэнтральнага рана Юры Канзас (вядомы больш як нядаўнi дырэктар школы Вадзiма Лабковiча) прыцягнуў у кабiнэт дадатковую лаўку — для грамадзкасьцi. На ёй змаглi зьмясьцiцца ажно тры чалавекi! Я, сп. Канзас i спадарыня, якая абуралася: «Не хачу сядзець побач з прэсай!» Высьветлiлася: гэта нiхто iншы, як дырэктарака школы —Галкiна Валянцiна Максiмаўна.

Вось пералiк абвiнавачваньняў на адрас настаўнiцы Л.Мухiнай, якiя прагучалi на згаданым паседжаньнi суда. Па-першае, правяла сход бацькоў, нягледзячы на забарону дырэктаркi. Чаму? Нават сьведкi ад адмiнiстрацыi казалi: Леанардзе Станiславаўне хацелася «проста паглядзець бацькам у вочы» пасьля таго, як ёй паведамiлi, што бацькi быццам прыслалi скаргу на яе. Нiводнага прозьвiшча незадаволеных не прагучала i падчас разгляду справы ў судзе. Сп. Канзас, дырэктарка школы i некаторыя iншыя ў адзiн голас даводзiлi, што незадаволеныя бацькi «баяцца, бо Мухiна iх зацкуе». Хто каго тут здольны зацкаваць, было, аднак, бачна вельмi выразна.

Сама настаўнiца стаяла моўчкi, спакойна, не адпраўдваючыся ў адказ. «Гляньце! — залямантавала выкладчыца матэматыкi. —Яна яшчэ i ўсьмiхаецца! Якое нахабства! Якая непавага да суда, дырэкцыi i рана!»

Што яшчэ кепскага зрабiла настаўнiца Леанарда Мухiна? На думку раённых чыноўнiкаў i iхных паплечнiкаў у школе — шмат. Арганiзавала падпiску на газэту «Наша слова». Праводзiла пазакляснае чытаньне па кнiзе «Якаб i Катарына», што ў перакладзе зь нямецкай мовы выдадзеная тарашкевiцай (i газэты, i кнiга — копii яе старонак старанна падшытыя дырэктаркай Галкiнай у пульхную тэчку «справы»). Далей. Настаўнiца 3-га «Г» нiбыта засоўвала дзецям у дзёньнiкi ўлёткi — адна з выхавальнiц «прадлёнкi» знайшла i прынесла дырэктару. I ўсе ўлёткi зьнiшчылi? Я спытала, што там быў за тэкст. «Заклiк iсьцi на мiтынг». Якi? Хто праводзiў? «У мяне i так галава затлумлена!» Адна настаўнiца, якая толькi-толькi сышла на пэнсiю, нiбыта сама перадавала дырэктарцы лiст ад бацькоў, бо тыя самi не маглi зайсьцi — «сьпяшалiся на працу». Са словаў той жа пэнсiянэркi Н.Раўнягiнай, выкладаньне Мухiнай у яе беларускай клясе — «гэта бомба запаволенага дзеяньня, якая павiнна была рвануць гады тры таму». Цi не 15 траўня 95-га, адразу пасьля рэфэрэндуму з «моўным» пытаньнем?

Мiж iншым, абвiнавачаная ў прышчапленьнi нацыяналiзму, правядзеньнi палiтычнай дзейнасьцi ў школе, занядбаньнi вучэбнага працэсу ў клясе i нават у невыцiраньнi пылу замест прыбiральшчыцы(!), Леанарда Мухiна ўяўляе для школы i рана «небясьпеку» толькi ў адным. Яна — актывiстка ТБМ i можа распавесьцi праўду пра становiшча беларускай школы. I, нягледзячы на вiдавочны цiск «зьверху», у школе частка калегаў — на яе баку. Так, мая аднагодка Тацяна Журавель, што вучыць дзетак роднай мове i лiтаратуры, не збаялася i распавяла на судзе праўду. Як Мухiну «выкрывалi» на экстраным сходзе ў сакавiку, як спасылалiся на лiст невядомых бацькоў, як казалi, што «такiм няма месца нi ў нашай школе, нi ў якой iншай». Як, урэшце, настаўнiк працы параўнаў тады мэтады расправы з Л.Мухiнай з падзеямi году, якi супадае з нумарам СШ №37.

Суд адмовiў Леанардзе Мухiнай у яе зыску. Судзьдзя Злобiч прачытала ёй мараль: працуйце спакойна, слухайце калегаў... Калегi разышлiся далей дарабляць тое, што, як казаў Мураўёў-вешальнiк, некалi не дарабiла расейская дзiда. Наўрад цi ў iх атрымаецца «сеяць разумнае i добрае». Як i вечнае. Подласьць i хлусьня ня могуць панаваць вечна.

Тацяна Сьнiтко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0