Старонкi Супрацiву

Экспэдыцыя Архiву Найноўшае Гiсторыi
й «Нашай Нiвы» на Слонiмшчыну*

 

Слонiмшчына яшчэ прыхоўвае ў насьцярожаных сэрцах i самых глыбокiх успамiнах сваiх людзей такую iнфармацыю й такiя ўражаньнi з найноўшае гiсторыi, якiя могуць зьдзiвiць дапытлiвага дасьледчыка, а часам падацца яму сэнсацыйнымi. З памяцi сьведкаў могуць выплыць ня проста факты ды пэрсанажы, а гiстарычныя сюжэты, якiя ў вынiку складаюць цэлыя гiстарычныя этапы. Такiя тэмы як савецкi бандытызм пад час Другой сусьветнай вайны, антысавецкi паваенны супрацiў зусiм цi амаль зусiм не прысутнiчаюць у беларускiх школьных i ўнiвэрсытэцкiх падручнiах. Са Слонiмшчыны мы прывозiм тыя сьведчаньнi, якiя сваёй фактаграфiчнай выверанасьцю могуць перамагчы любога савецкага «пракурора».

Калi першая справаздача са Слонiмшчыны была пераважна прысьвечаная тэме ахвяраў тэрору з боку савецкiх фармацыяў пад час Другой сусьветнай вайны, то цяпер мы публiкуем тэкст кiраўнiка маладзёжнага падпольля ў 1946-1947 гадах Васiля Супруна пра гiсторыю ўзьнiкненьня ягонай арганiзацыi —слонiмскай «Чайкi».

Мы ўдзячныя спадару Супруну за пратакалiзм аповеду — празь яго мы адчуваем атмасфэру прынiжэньня й прагi свабоды, у якой узьнiкала маладзёжнае падпольле ў паваеннай Беларусi. Гэтыя ўспамiны iлюструюць, апроч iншага, i пэўныя сацыякультурныя стэрэатыпы даволi кансэрватыўнага грамадзтва Заходняй Беларусi — iндывiдуалiзм i скептыцызм, праявы мужчынскага шавiнiзму. Таму прапанаваныя ўспамiны набываюць асобую якасьць сьведчаньня пра грамадзкую атмасфэру цэлага пэрыяду беларускае гiсторыi.

Той пэрыяд цалкам ня скончыўся зь лiквiдацыяй iмпэрыi ГУЛАГу i дэмантажом СССР. Пад час нашай сустрэчы са спадаром Супруном адчувалася пэўная недагаворанасьць, якая сыходзiць яшчэ з традыцыяў кансьпiрацыi. Застаецца ўражаньне, што пра лягеры ён гатовы распавядаць больш, чым пра сваю антырэжымную дзейнасьць. Ня ўсё друкуецца цяпер, але й мы не пачулi адказы на ўсе нашыя пытаньнi. У гiсторыi самой «Чайкi» i Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху застаюцца цьмяныя сюжэты. Да канца не прамоўленыя iмёны правакатараў. Не зусiм зразумелаю выглядае роля наваградца Казака. Васiль Супрун пэўна выказаўся толькi наконт адной асобы й яе ролi ў правале падпольля —таксама наваградца Алеся Бажко. Не адразу, але я ўзгадаў гэтае iмя — у мае студэнцкiя гады яшчэ ў другой палове 80-ых на сэмiнарах па гiсторыi БССР нам раiлi прачытаць кнiжку памфлетаў Алеся Бажко «Татальнае банкруцтва» — «пра варожую дзейнасьць былых фашысцкiх наймiтаў на тэрыторыi БССР i за яе межамi». Як напiсана ў бiябiблiяграфiчным слоўнiку «Беларускiя пiсьменьнiкi», важнешыя тэмы творчасьцi Бажко — выкрыцьцё iмпэрыялiзму i клерыкалiзму (маюцца на ўвазе закiды ў бок Ватыкану). А апалягетыцы калектывiзацыi на Гарадзеншчыне прысьвечаная ягоная аповесьць «Позьняе ворыва».

Таксама прыхаваныя яшчэ сёньня сюжэты — скiраваньне падпольлем свайго чалавека ў МГБ-КГБ. Апроч таго, у 1947 былi арыштаваныя ня ўсе ўдзельнiкi суполак, якiя ўваходзiлi ў Цэнтар Беларускага Вызваленчага Руху. Але актыўна дзейнiчаць без кiраўнiцтва яны ўжо не маглi. На прасьвятленьнi гэтай iнфармацыi пад час размовы з Васiлём Супруном мы не настойлiвалi. Тым больш, што выкананьне прынцыпаў кансьпiрацыi не дазваляла яму ўсё i ведаць.

Усё гэта наводзiць на думкi пра характарыстыкi тагачаснага падпольля й ягоныя дэфiнiцыi. Маладзёжнае падпольле ў паваеннай Заходняй Беларусi было досыць распаўсюджанаю зьявай — такiя суполкi, апроч Слонiма, узьнiклi ў Паставах-Глыбокiм (Саюз Беларускiх Патрыётаў, якому прысьвечана выдадзеная летась у «Нашай Нiве» кнiга «Гарт»), Смаргонi-Мядзеле, Гораднi-Нясьвiжы-Клецку-Стоўбцах (Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусi), Наваградку (Саюз Вызваленьня Беларусi)... Зазначым, што гэты сьпiс зусiм ня поўны. Маюцца ўскосныя зьвесткi пра iснаваньне падобных арганiзацыяў i на ўсходзе Беларусi — у Мазыры i Гомелi.

Пашыранасьць, спробы цэнтралiзацыi i вызначэньня арганiзацыйнай будовы дазваляюць сьцвярджаць, што гэтыя маладзёжныя iнiцыятывы афармлялiся ў цэлы грамадзкi рух. З самага пачатку мэтады дзейнасьцi дэкляравалiся мiрныя. Але трэба прыгадаць, што ў другой палове 40-х у беларускiх лясах яшчэ хавалiся партызанскiя аддзелы рознай арыентацыi, у тым лiку й беларуская незалежнiцкая партызанка. Верагоднай была вайна Захаду з СССР. Паступова мiрны рух мог трансфармавацца ва ўзброены супрацiў. Тут варта прыгадаць яшчэ Загад №1 Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху, дзе вялося пра неабходнасьць кансьпiрацыi, прапаноўвалася зьвяртаць увагу на канцэнтрацыю савецкiх узброеных адзiнак, а пры магчымасьцi зьбiраць i захоўваць вайсковы рыштунак. Менавiта сыходзячы з факту гэтага Загаду Судовая калегiя па крымiнальных справах Вярхоўнага Суда Беларусi ўжо ў студзенi 1992 году адмовiла ў рэабiлiтацыi аўтару гэтага дакумэнту — Васiлю Супруну. Да iлюстрацыi формаў дзейнасьцi антырэжымнага падпольля ўзгадаем яшчэ малавядомыя сюжэт з улёткамi, якiя распаўсюжвала берасьцейская падпольная група, а таксама факт засылкi слонiмцамi ў органы ГБ свайго чалавека.

Вiдавочна, што ў выпадку паваеннага маладзёжнага падпольля мы маем справу ня зь мiрным дысыдэнцкiм рухам, якi ўзьнiк у СССР ужо ў 60-я гады, а з тым грамадзкiм кiрункам, якi перарастаў у рух Супрацiву. Рэпрэсii з боку сыстэмы, а таксама зьмена зьнешнепалiтычнай сытуацыi спынiлi гэты працэс.

Цяпер мы дапiсваем кнiгу беларускай традыцыi новымi старонкамi супрацiву. З постмадэрнiсцкага гледзiшча сытуацыя супрацiву — тупiковая. Мы ж бачым, як усё больш трывалым робiцца падмурак беларускага грамадзтва, як напаўняюцца жыцьцём старонкi беларускай гiсторыi i ў вынiку можа ўзьнiкнуць так чаканая разнастайнасьць традыцыi. Адсюль — прага сабраць раскiданыя старонкi.

Алег Дзярновiч

 

*Заканчэньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0