Ралян Жакар

50 прычынаў, каб любiць Вiтгенштайна

 

1. Бо з усiх роляў ён найбольш падабаў ролю арыстакрата-няўдахi.

2. Бо, у адрозьненьне ад Гайдэгера, ён нiколi не пiсаў «Хайль Гiтлер» i, у адрозьненьне ад Сартра нiколi ня кiдаўся ў камунiсты.

3. Бо ён верыў у сяброўства. Сябар — гэта чалавек, зь якiм можна нагаварыць кiлямэтры бяссэнсiцы, — казаў ён.

4. Бо прывiд Ота Вайнiнгера, нэрвовага самагубцы, прарока самазьнянавiднасьцi, не адставаў ад яго аж да магiлы.

5. Бо ён зрокся бацькавай спадчыны, што была б зрабiла яго адным з найпышнейшых багатыроў Эўропы.

6. Бо сярод нячастых маральных парадаў, якiя ён даваў сваiм вучням пры рэшце, было: «Не абцяжарвайце сябе ў жыцьцi бяз толку».

7. Бо трэ’ было ж камусь вычысьцiць Аўгiевы стайнi iнтэлектуальнага сьвету.

8. Бо як Бэртран Расэл паведамiў яму, што мае стварыць Сусьветную арганiзацыю за Мiр i Свабоду, Вiтгенштайн рагатнуў. «А вы, мабыць, хутчэй заснавалi б Сусьветную арганiзацыю за Вайну i Рабства», — пад’ялдыкнуў Расэл, якому абышло. Вiтгенштайну прапанова прыйшлася даспадобы: «Бадай, бадай!»

9. Бо ён сьцьвярджаў, што фiлёзаф не зьяўляецца грамадзянiнам нiякай супольнасьцi iдэяў, i менавiта такая крайняя адчужанасьць робiць зь яго фiлёзафа.

10. Бо выдаўцу свайго «Лёгіка-філязафічнага трактату» ён парадзiў прыкласьцi да кожнай кнiжкi па дзясятку чыстых аркушаў, каб чытачам было куды плюнуць са злосьцi, што яны нiчога не зразумелi. Ён парэкамэндаваў таксама, каб на вокладцы выдрукавалi дату i дакладны час ягонага нараджэньня, каб хто верыць у астралёгiю мог скласьцi гараскоп аўтара.

11. Бо ён iмкнуўся да канцэнтрацыi цэлай хмары фiлязофii ў кроплi граматыкi.

12. Бо ён увесь час думаў сам сабе: што рабiць, калi маеш толькi вельмi адносны талент i гэты талент пачынае зьнiкаць. Можа, лепш зьнiкнуць на пару зь iм?

13. Бо калi яму стала вядома, што ў яго рак прастаты, яго засмуцiў не дыягназ, а сьцьверджаньне доктара, што iснуе эфэктыўнае лячэньне. «Ня маю нiякага жаданьня жыць далей», —як па галаве даў лекару ён.

14. Бо ён казаў: «Мае развагi, быццам надпiсы на аўтаматах, што прадаюць квiткi на ангельскiх вакзалах: «Is your journey really necessary?». Яны хiба прадугледжваюць, што чалавек, скажа, прачытаўшы: «On second thougts, no».

15. Бо ён нiколi не насiў гальштука.

16. Бо ён лiчыў атамную бомбу горкай, але збавеннай пiлюляй.

17. Бо ён уважаў за злачынства рабiць дзяцей, будучы ў гэтым верным пасьлядоўнiкам Шапэнгаўэра, i тлумачыў якось адной захопленай iм дзяўчыне: нарадзiць малое, значыць выпхнуць у гэты ўбогi сьвет яшчэ адно стварэньне. Ён уважаў таксама, што людзi па-любому жывуць задоўга.

18. Бо ў яго было ўсьведамленьне сваiх грахоў i не было нiякай надзеi на iх адпушчэньне. Ён ня ўмеў уявiць сабе Бога iнакш, як бязьлiтасным судзьдзём.

19. Бо ўсе формы фiлязафiчнай аргумэнтацыi падавалiся яму вульгарнымi. Я не хачу пэцкаць кветку сваiмi бруднымi рукамi, — прызнаўся ён нейк Расэлу.

20. Бо ён задаваўся пытаньнем: «Куды пераходзiць сучаснасьць, стаючыся мiнулым, i дзе ёсьць мiнулае?» Вось адна з найбольшых крынiцаў фiлязафiчнага затрудненьня.

21. Бо iснуе няўлоўнае падабенства мiж Вiтгенштайнам i Тэлонiюсам Манкам. Абодвух немагчыма пераняць — занадта яны складаныя, занадта асабiстыя. Абодва яны — музыкi цiшынi.

22. Бо Iнгеборг Бахман прысьвяцiў яму дысэртацыю.

23. Бо Iзабэль Юпэр чытае лекцыю пра Вiтгенштайна ў фiльме Вэрнэра Шротэра «Малiна».

24. Бо фiльм Мiхаэля Ганэке «71 фрагмэнт храналёгii выпадковасьцi» натхнёны сама фiлязофiяй Вiтгенштайна, а фiльм «Вiтгенштайн» Дэрэка Джармэна — ягонай бiяграфiяй.

25. Бо ён бачыў у Фройдзе аднога зь вялiкiх эстэтычных дэмiургаў сучаснасьцi, чалавека, якi ня толькi зьмянiў наша бачаньне, але й дадаў нам новае вока.

26. Бо, паводле яго, у фiлязофii першым аказваецца той, хто здольны рухацца з найменшай хуткасьцю. Або iнакш: той, хто дасягае мэты апошнiм. «Фiлёзафы мусяць вiтацца мiж сабой: «Не сьпяшайся!» — сьцьвярджаў ён.

27. Бо на запытаньнi, чаму ён займаецца фiлязофiяй, ён адказваў, што больш нi на што ня здатны i, апроч таго, фiлязофствуючы, ён робiць злое толькi самому сабе.

28. Бо ў душы ён пачуваўся лiшнiм на гэтым сьвеце i яму было сорамна, што ён не наважваецца зрабiць сабе сьмерць.

29. Бо ён быў з тых жа, што й Люiза Брукс, iншая прыхiльнiца Шапэнгаўэра з школы адмаўленьня. Тая прасiла людзей на дарозе паказаць ёй, як прайсьцi ў пекла, i палiла свае споведзi, баючыся, каб яны не ўвялi ў зман яе самую.

30. Бо ён лепш любiў кепскiя навiны, а ня добрыя — такiм чынам спраўджвалiся ягоныя змрочныя перадчуцьцi. Сярод ягоных улюбёных цытатаў была фраза з Готфрыда Келера: «Калi ўсё добра, не забывайся нi на хвiлiну, што няма нiякiх падставаў, каб яно было добра».

31. Бо пад час адной памятнай канфэрэнцыi ён пагразiў на Карла Попэра кацюбой.

32. Бо калi б не Вiтгенштайн, не было б i шэдэўру Томаса Бэрнгарда «Пляменьнiк Вiтгенштайна».

33. Бо, — лiчыў ён, — абсурдна чытаць фiлязофскiя артыкулы ў славутым часопiсе «Mind», калi ёсьць нашмат больш зьмястоўныя дэтэктывы ў мяккiх вокладках.

34. Бо адным зь ягоных улюбёных выразаў было «Leave the bloody thing alone!» («Дай ты гэтаму спакой!», «Няхай яно гарыць!»); ён вымаўляў гэтыя словы падкрэсьлена ўрачыста, i гэта мела азначаць прыкладна наступнае: усё добра так, як ёсьць, i галоўнае, ня трэба спрабаваць нешта зьмянiць.

35. Бо адразу пасьля лекцыяў ён кiраваўся ў найблiжшы кiнатэатар, дзе паказвалi вэстэрн цi музычную камэдыю, i заўсёды сядаў на першы рад.

36. Бо ён усьведамляў, што праца ў фiлязофii — гэта найперш праца над самiм сабою. Пiсаць можна толькi на тым узроўнi, на якiм ты сам ёсьць.

37. Бо ён вось што радзiў: «Не гуляйся з глыбiнямi iншага!»

38. Бо ён казаў: «Галоўнае, не саромейся прамаўляць абсурдныя рэчы! Будзь уважлiвы толькi да ўласнай абсурднасьцi».

39. Бо ён пагарджаў выкладаньнем фiлязофii ва ўнiвэрсытэце, кажучы: «Толькi сапраўдны цуд можа зрабіць гэтую працу сумленнай».

40. Бо ён па-майстэрску ўмеў не паддавацца падманнай гульнi прамоўленага. Дыяген адпрэчыў мову фiлёзафаў моваю клёўнаў, а Вiтгенштайн падпалiў вогнiшча нашае фiлязафiчнае фанабэрыi.

41. Бо ён ня зносiў папулярную фiлязофiю, празь якую людзям здаецца, быццам яны разумеюць тое, што разумець няздольныя.

42. Бо калi яму было ўжо за пяцьдзясят, зь iм усё шчэ здаралiся надта ж закручаныя гiсторыi каханьня з маладымi людзьмi.

43. Бо ён лiчыў, што абдумваньне або спробы абдумваньня ўласнага жыцьця i цяжэйшыя, i сумленьнейшыя, чым разьвязваньне задачаў зь лёгiкi. Навошта быць лёгiкам, калi ня быць чалавекам? — думаў ён сам сабе.

44. Бо ён быў патэнцыйным манахам, што не засталося без увагi ягонага найлепшага бiёграфа, якому наканавана было звацца Monk-ам.

45. Бо ён разгнявiў Жака Дэлёза, i той, ператварыўшыся ў пракурора, зьвiнавацiў яго ў iмкненьнi забiць фiлязофiю.

46. Бо ў Першую сусьветную ён падраджаўся добраахвотнiкам на самыя небясьпечныя заданьнi. Як па-ягонаму, страх нараджаецца з памылковых поглядаў на iснаваньне. У акопах ён чытаў Талстоя, Шапэнгаўэра i Нiцшэ.

47. Бо, паводле ягоных словаў, вырашыць праблемы фiлёзафаў можна толькi мысьлячы пра яшчэ больш шалёнае, чым ёсьць яны.

48. Бо калi яго запрасiлi чытаць лекцыi ў логаве самога радыкальнага пазытывiзму, у Венскiм коле, ён выбраў для чытаньня мiстычныя паэмы Рабiндраната Тагора.

49. Бо, па ягоных словах, прага хвалы — гэта сьмерць думкi.

50. Бо калi Расэл пераконваў яго, каб ён раздумаў ехаць жыць два гады на самоце ў Нарвэгii, ён адказаў, што ў гаворках з разумнымi людзьмi ён прастытуюе свой розум. «Там будзе змрочна, сказаў я яму, — распавядае Расэл, — а ён запярэчыў, што ненавiдзiць сьвятло. Тады я сказаў, што ён вар’ят, а ён мне: «Крый мяне Божа ад разумовага здароўя!» У гэтым увесь Вiтгенштайн.

Пераклад Андрэя Дынька


Людвiг Вiтгенштайн (1889, Вена — 1951, Кембрыдж) — фiлёзаф, лёгiк, аўтар «Лёгіка-філязафічнага трактату» (1916-22), а таксама мноства працаў, апублiкаваных пасьмяротна (Вiтгенштайн пакiнуў па сабе каля 30 000 старонак ненадрукаваных тэкстаў), i сярод iх «Фiлязофскiя досьледы», у якiх позьнi Вiтгенштайн абвяргае раньняга Вiтгенштайна. Так выйшла, што Вiтгенштайн больш вядомы сваiм арыгiнальным ладам жыцьця i генiяльна-нэўратычнымi «Ўсялякiмi заўвагамi», выпадковымi меркаваньнямi пра псыхааналiз, лiтаратуру, музыку й кiно, чым сваiмi галоўнымi працамi зь лёгiкi i фiлязофii, працамi самавука i аднога з найбольшых фiлёзафаў стагодзьдзя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0