1. Бяздонны калодзеж Турава

«Цiкава паездзiць у чоўне па лесе...»

Янка Маўр, «Палескiя рабiнзоны».

Пра Палессе можна шмат чуць, чытаць, яго можна сабе ўяўляць, але не пабываўшы там i не ўбачыўшы на свае вочы, нiколi не будзеш ведаць i сотай долi таго, што гэта такое. А трапiўшы аднойчы, рызыкуеш назаўсёды атрымаць стрэмку ў сэрца — яно будзе клiкаць туды зноў i зноў. У чым сакрэт гэтага феномена, не ведаю: можа ў тым, што, як i ўсе самыя прыгожыя мясцiны на зямлi, край гэты найбольш нагадвае рай, па якiм нудзiцца душа чалавека ўсё яго зямное жыццё? Цяпер двум дзесяткам журналiстаў, сярод якiх i ваша пакорная слуга, давядзецца разгадваць гэтую загадку, бо на мiнулым тыднi, дзякуючы наладжанаму Кiраўнiцтвам справамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь прэс‑туру, яны правялi ў Нацыянальным парку «Прыпяцкi» два днi. Мэта тура была праз журналiстаў расказаць пра турыстычную дзейнасць парку, пра тое, што сабой парк уяўляе i чаму там трэба пабываць кожнаму грамадзянiну Беларусi, асаблiва маленькаму.

На дне мора

Шлях ад Мiнска да Турава, з якога пачынаецца знаёмства з «Прыпяцкiм», — гэта 260 кiламетраў па добрай дарозе мiма старажытнага Слуцка — радзiмы святой Сафii Слуцкай, маладога Салiгорска з бела‑ружовымi салянымi капальнямi, праз чысценькiя i ўтульныя Жыткавiчы, з павароту на якiя мяняецца пейзаж — пачынаецца Палеская нiзiна з купкамi вербаў i раскiдзiстымi дубамi сярод залiўных лугоў, i, нарэшце, праз саму яе Вялiкасць Прыпяць, якая заварожвае сваёй прыгажосцю з першага погляду.

У Тураве знаходзiцца адмiнiстрацыйны цэнтр парку i музей прыроды, не наведаўшы якi, не атрымаеш уяўлення пра каштоўнасць для Беларусi, Еўропы i свету гэтых запаведных мясцiн. Экскурсiя па музею — неабходная тэорыя перад практыкай знаёмства з Палессем. Але тэорыя не сухая: дзякуючы цiкавым экспанатам, жывому расказу i абаяльнаму ўсмешлiваму экскурсаводу Алене Жураўскай многае з яе ўразаецца ў памяць назаўсёды. Напрыклад, тое, што знойдзеныя ў далiне Прыпяцi марскiя ракушкi даказваюць iснаванне тут мора на пачатку часоў. Альбо тое, што сам дырэктар парку Сцяпан Бамбiза злавiў сома вагой 90 кiлаграмаў, турысты ловяць тут 70‑кiлаграмовых рыб, а той, пудзiла якога знаходзiцца ў музеi, «усяго толькi» — 35! Сярод iншых рэдкiх i цiкавых птушак‑насельнiкаў парку Алена Валянцiнаўна паказала рэлiктавага зубастага вялiкага крохаля (надзвычай рэдкi вiд, якi захаваўся з часоў дыназаўраў) i «палескага страуса» — драча, якi з выраю (ажно з Афрыкi!) не прылятае на прыпяцкiя балоты, а прыбягае на сваiх спрытных ножках (пералятае ён толькi вадаёмы, i тое не ўсе, напрыклад, зарослыя гарлачыкамi таксама перабягае па лiстах).

— Толькi ў пойме Прыпяцi захавалiся непаўторныя лясы Дняпроўскага басейна i толькi тут застаўся яшчэ ўнiкальны масiў верхавых i пераходных балот, — пералiчваў журналiстам складовыя парку намеснiк галоўнага дырэктара па навуцы Анатоль Углянец. — Таму тут можна сустрэць раслiны, птушак i жывёл, якiя знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знiкнення, i якiх ужо няма нiдзе ў Еўропе.

Ёсць у музеi i адзiная ў Беларусi экспазiцыя, прысвечаная бортнiцтву — старажытнаму пчалярнаму промыслу, якi на Палессi захаваўся дагэтуль. Побач з калодамi, карабамi i iншымi прыладамi гэтага небяспечнага i таямнiчага майстэрства (сакрэты яго бацька перадаваў сыну толькi перад сваёй смерцю) стаiць i пудзiла апошняга прыпяцкага мядзведзя, якi гадоў дзесяць таму прыйшоў з Украiны i некаторы час пужаў мясцовых бруснiчнiкаў. Любоў да салодкага прывяла мiшку да гiбелi: у калодзе з мёдам завязла яго лапа, а калi ён спрабаваў вызвалiцца, калода адарвалася i прыцiснула ляснога ласуна.

У тым жа будынку, што i музей, знаходзiца кафэ з цудоўнай беларускай кухняй: багатае на смак залiўное, дамашняя каўбаса, духмяныя блiны... А гэта ўжо значыць, што турызм тут пастаўлены на шырокую нагу, бо пасля доўгай дарогi першае, што патрэбна — гэта перакусiць.

Ля крыжоў

Тураў — не толькi пачатак турыстычнага маршруту ў «Прыпяцкi». Гэта старажытны культурны i духоўны цэнтр, сталiца княства, якая дала свету трох святых — свяцiцеляў Кiрыла i Лаўрэнцiя i затворніка Марцiна Тураўскiх. У XII ст. тут было каля 80 цэркваў i пяць манастыроў! Нездарма i сёння сюды едуць паломнiкi з розных куткоў Беларусi — памалiцца ля крыжоў, якiя, згодна з паданнем, прыплылi па Дняпры i Прыпяцi супраць цячэння з Кiева i сёння знаходзяцца ў Царкве Усiх Святых. Яшчэ адна тураўская святыня — Цуда‑крыж на Барыса‑Глебскiх могiлках. Згодна з паданнем, тут былi забiты Святаполкам сыны кiеўскага князя Уладзiмiра — Барыс Растоўскi i Глеб Мурамскi. Крыж быў знойдзены 12 гадоў таму ў старой частцы могiлак, таму тураўцы адразу паставiлiся да яго з вялiкай пашанай — магчыма, гэта магiла альбо святога Марцiна, альбо самога Кiрылы Тураўскага. Хутка тураўцы заўважылi, што камень... расце. Штогод ён робiцца большым на адзiн сантыметр у вышыню. Навукоўцы тлумачаць гэта тым, што зямля, магчыма, выштурхоўвае крыж вонкi. Але нядаўна было заўважана, што крыж расце таксама i ўшыркi.

— Калi б я збiраў усе выпадкi вылечвання праз гэты камень‑крыж, — расказаў стараста царквы Усiх Святых Валерый Катлярчук, — то хапiла б на кнiгу. Але сведкам некаторых з’яўляюся сам. Паралiзаванай жанчыне з Мiнска прыснiўся сон, што яна атрымае палёгку, прыехаўшы ў Тураў да гэтага крыжа. Сын прывёз яе, але несцi ад увахода да крыжыка было далекавата, таму ў другi раз ён з унутранага боку могiлак адкрыў браму i заехаў туды на машыне. Жанчыны‑тураўчанкi, якiя там былi, пачалi яго папракаць, i пакуль ён апраўдаваўся, дзверцы машыны адчынiлiся i... выйшла мацi. Цi не цуд гэта?

З 2001 па 2007 год каменны крыж, сцвярджае царкоўны стараста, выйшаў з зямлi на 5 сантыметраў. У 2004 годзе зрабiлi замер яго крылаў, яны былi 28 сантыметраў. Зараз — 31.

Увогуле, падчас паездкi, усе, у каго б мы нi пыталiся пра Цуда‑крыж, экскурсавода альбо егера (чалавека, якi, здавалася, найменш зацiкаўлены ў падтрыманнi мясцовых легендаў), рабiлiся больш сур’ёзнымi, нешматслоўнымi i пацвярджалi, што сапраўды ўсё так i ёсць — крыж расце, вылучае цеплыню, нават снег зiмой на iм растае, i многiя людзi, якiя прыязджаюць альбо прыходзяць да яго памалiцца, вылечваюцца. Мы, журналiсты, зрабiлi ўсё, як параiла нам Алена Жураўская: знялi нацельныя крыжыкi, паклалi на крыж, потым па чарзе нахiлiлiся над iм, апусцiўшы рукi, i паспрабавалi нi пра што не думаць... Некаторыя сапраўды адчулi цеплыню, якая зыходзiла ад каменя. Былi i такiя, што нiчога не адчулi, i не паверылi, i сумнявалiся. Спадзяюся, што нябесныя апекуны зямлi Беларускай даруюць турыстам iх немалiтоўны настрой. Ва ўсякiм разе асабiста я пакiдала могiлкi з дзiўным светлым пачуццём у душы. Алена Жураўская сказала, што тое самае яна адчувае кожны раз.

Тут жа, побач з могiлкамi, знаходзiцца i падмурак першага каменнага сабора ў Тураве. 3 мая 1230 года храм сышоў пад зямлю, як мяркуюць, ад хваляў балканскага землятрусу. У 2005 годзе былi закончаны раскопкi сабора пад кiраўнiцтвам Пятра Лысенкi. За час раскопак былi знойдзены сем каменных саркафагаў. Два з iх знаходзяцца ў храме дагэтуль. Зараз на месцы раскопак створаны помнiк «Скрыпта». Але гэта не проста рэшткi царквы, i не проста помнiк. Перш за ўсё — гэта жывы храм, бо ў дзень памяцi Кiрылы Тураўскага i iншыя святы тут служыць Лiтургiю Мiтрапалiт Фiларэт у саслужэннi епiскапаў.

Такiм чынам, Тураў — асаблiвае месца, не толькi надзвычай прыгожае, але поўнае сапраўдных цудаў i тайнаў. Тураў глыбокi, як бяздонны калодзеж. Самi тураўцы жывуць там i ўвесь час даведваюцца новае пра свой горад.

У краiне пойменных дубраў

Дарога з Турава вядзе ў Нацыянальны парк «Прыпяцкi»: палi, дзе збожжавыя даюць да 120 цэнтнераў з гектара, рака Сцвiга, некалькi вёсачак, жыхары якiх прызвычаiлiся жыць сярод вады, хаты, якiя ўпускаюць у сябе раку раз у пяць гадоў, лодкi i чаўны, не толькi ля хат, але i ля дарог, сцежак, градак, лесу, па некалькi на кожным узвышшы, — чакаюць свайго часу.

Вёскi, якiя знаходзяцца на тэрыторыi «Прыпяцкага» — таксама паркавая гаспадарка. Кiраўнiцтва нясе адказнасць i за занятасць iх жыхароў, i за сацыяльную абарону апошнiх.

— Людзi тут навучылiся жыць у гармонii з прыродай, — кажа генеральны дырэктар нацыянальнага парку Сцяпан Бамбiза, сам ураджэнец гэтых мясцiн. — I мы вучымся спалучаць гаспадарчую дзейнасць парку з прыродаахоўнай: выводзiм пасяўныя плошчы з ахоўных тэрыторый, забараняем выпас свойскай жывёлы. Разам з тым ствараем новыя працоўныя месцы — цяпер iх больш за 2000 i кожны год прыбаўляецца каля ста. Але на першым плане — прырода. Па бiяразнастайнасцi нашым мясцiнам няма роўных у Еўропе. За апошнiя 5 гадоў тут разам з навукоўцамi Акадэмii навук было адкрыта больш за 100 вiдаў раслiн, пра iснаванне якiх на Палессi не было вядома. I работа гэта працягваецца, мяжы яе не бачна.

Парк цiкавы для вучоных з усяго свету. Пяць гадоў сюды прыязджаюць галандскiя эколагi, заклапочаныя аднаўленнем Рэйна — далiна Прыпяцi з’яўляецца эталонам некранутай экасiстэмы. Нядаўна адсюль з’ехала мiжнародная група вучоных, якая рыхтуе даклад пра Нацыянальны парк для Савета Еўропы. Паглядзець на пойменныя дубы, якiя мiльёнамi гадоў прыстасоўвалiся да затаплення i якiя могуць трываць у вадзе каля паўгода, пачынаючы з жолуда i кволага праростка, прыязджаюць не толькi з Еўропы, але i з‑за акiяна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?