«Партызанскiя» фантазii

 

У мастацтве вобраз Беларусi, як партызанскага краю, быў створаны яшчэ перад вайною, у 20-я гады. Змаганьне беларусаў з расейскiмi белагвардзейцамi, немцамi й палякамi стала для мастакоў арганiчнай тэмаю, якая ўважалася цi не за самую нацыянальную. Згадаем, што гэта былi часы беларусiзацыi. На 3-яй Усебеларускай выставе 1929 году мастакi выставiлi больш за 20 твораў, у назвах якiх было слова «Партызаны»...

Ужо тады, сярод гэтых твораў, зьявiлiся i свае шэдэўры, якiя сфармавалi амаль кананiчную iканаграфiю беларускай партызанкi — людзi ў сялянскiх уборах, падперазаныя кулямётнымi стужкамi, зброя ў руках, за поясам — сякера. Нават краявiд падкрэсьлiваў нацыянальную спэцыфiку — лес узiмку, радзей ўвосень, але нi промня летняга сонца. I вось што цiкава — вобразы партызанаў мусiлi быць не канкрэтныя, а як бы зьлепленыя ў суцэльны вобраз беларуса наогул. Клясыкай сацрэалiзму сталi «Партызаны» Гаўрылы Вiера, «Партызаны» Мiхаiла Эндэ, «Партызаны» Валянцiна Волкава. Акрамя ўсяго iншага, вобраз беларуса-партызана, якi супрацьстаiць чужынцам, быў спробаю засьведчыць суб’ектнасьць Беларусi ў падзеях ХХ стагодзьдзя.

Шмат паспрыяла фармаваньню партызанаманii коласаўская аповесьць «Дрыгва», а вобраз яе героя дзеда Талаша ўспрымаўся як узор нацыянальнага мэнталiтэту. Над iлюстрацыямi да «Дрыгвы» перад вайною працавалi беларускiя мастакi — Мiнiн, Волкаў, Цiхановiч... Цi не найлепшымi з гэтых iлюстрацыяў сталi чатыры дрэварыты Iбрагiма Гембiцкага: «Засада», «Партызаны», «Гарыць маёнтак» i «Нашэсьце»... У 38-м годзе сэрыя Гембiцкага была набытая Музэем iмя Пушкiна ў Маскве. Акрылены посьпехам мастак працягнуў «партызанскую» лiнiю ў 39-м годзе, прысьвяцiўшы яе змаганьню беларусаў з Польскай дзяржавай. Адзiн з дрэварытаў тых гадоў — «Партызаны рэжуць правады» — успрымаецца сёньня як сапраўдны сымбаль беларускае рэзыстэнцыi па-за часам i па-за палiтычнай канкрэтыкай... Аднак на гэтым слава Iбрагiма Гембiцкага перарвалася. Яго абвiнавацiлi ў нацдэмаўшчыне. Як i Мiнiна, i Цiхановiча...

Мiж тым, папулярнасьць тэмы партызанкi нарастала перад вайною з году ў год. На Ўсебеларускай выставе 1940 году партызаншчына ўжо трыюмфавала — як-нiяк, а польскую кампанiю выйгралi. Тут табе i Гэнрых Бржазоўскi («Раззбраеньне насельнiцтвам белапольскага атрада») i Монас Маназсон са сваiм «Зьнянацку». «Партызанскiя» фантазii заходзiлi часам вельмi далёка. Прыклад гэтаму — скульптура «Арджанiкiдзэ ў разьведцы ў лесе пад Барысавам» Аляксея Глебава. Праўда, да Беларусi гэты шал ужо меў мала дачыненьня... Хоць... Выхаваўчая работа з гледачом, а менавiта гэтак i варта разглядаць мастацтва канца трыццатых, у даступных i наглядных формах была праведзеная.

Па вайне сьвятасьць партызаншчыны i яе спрадвечна беларускi характар былi ўжо па-за дыскусiяй. Праўда, у канцы саракавых — пачатку пяцiдзясятых канон пачаў быў распадацца, эразiравацца натуралiстычным бытавiзмам. Той жа Цiхановiч, той жа Бржазоўскi, той жа Маназсон i дзясятак маладзейшых мастакоў выяўлялi постацi, сьпiсаныя з канкрэтных асобаў партызанаў. Тут пачалося ерархаваньне: гэты вядомы, гэты зараз пры пасадзе, у гэтага адабралi мэдаль, гэты... Абстрактныя масоўкi людзей са зброяю ў лесе ўсё болей i болей нагадвалi пастановачныя здымкi манэкенаў, расстаўленых адпаведна ў тым парадку, якi гэтыя манэкены занялi ў паваенным жыцьцi...

Напрыканцы 60-х адбыўся апошнi ўсплеск партызанскае тэмы. Яго падрыхтавалi тыя, хто стаў мастаком ужо без вайны. Iдэалягiчна гэтыя часы былi бязьмерна далёкiмi i ад 30-х, i ад 50-х гадоў. Сама тэма вайны ўжо займала непараўнальна меншае месца. Мастакi змаглi дазволiць сабе абагульненьнi. Iзноў перадусiм яны паспрабавалi намацаць прыроду нацыянальных рысаў, прынамсi, да тае ступенi, да якой яны самi адчувалi сябе нацыянальнымi мастакамi...

«Партызанская мадона» Савiцкага, купленая маскоўскай Трацьцякоўкаю i «Беларусь — мацi партызанская» Данцыга, (абедзьве напiсаныя ў 1967 годзе), фактычна паставiлi кропку на ўсёй тэме. У гэтых двух палотнах няма нi штучнага патасу штучна насупленых людзей, нi самога дзеяньня вайны. Ёсьць адчуваньне драмы, а не гульня ў яе. Калi я параўнаў гэтыя два палатны з тым, што стваралася ў Беларусi перад вайною, я быў моцна зьдзiўлены, наколькi яны перагукаюцца нават у дэталях. Але зьмест ужо цалкам iншы. Нi азарту бунту, нi помсьлiвае нянавiсьцi... Адно толькi горыч стратаў i любоў. З вышынi свайго пакаленьня абодва мастакi сьцьвярджаюць ужо тое, што адбылося: загояцца раны... Тым самым запярэчыўшы ўсёй сыстэме папярэднiх савецкiх стэрэатыпаў: беларус у любым узросьце i ўва ўсе часы — лясны мсьцiвец, гатовы на любыя ахвяры.

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0