СВОЙ ПОЛЮС


«Бела-русi-фiкацыя»

(НН № 8) Працяг тэмы.

 

Адзiн мой маскоўскi прыяцель свой «старэйшы школьны ўзрост» (канец 80-х) правёў у Беларусi. Тут ён па сваёй волi з Сашы ператварыўся ў Алеся. Ужо праз год «эмiграцыi» Алесь шакаваў сваiх новых знаёмцаў «незвычайнай» беларускай мовай — вывучанай па творах Караткевiча i падручнiках першай паловы стагодзьдзя.

Мой маскоўскi прыяцель быў сярод зачынальнiкаў новае хвалi анархiзму ў Беларусi. З уласьцiвай прыхiльнiкам гэтае плынi непасрэднасьцю ён «бамбiў» у сябе дома «маскалёў», i з тым жа iмпэтам «сьцябаў» у Беларусi «нацыяналiстаў». Урэшце, Алесь вярнуўся на радзiму, i калi гадоў празь пяць я сустрэўся зь iм у Маскве, ён ужо амаль ня мог казаць па-беларуску — забыўся. Але нават па-расейску мы ня здолелi паразумецца. Для сябе я разьвязаў гардзееў вузел думкай «маскаль ёсьць маскаль». Сёньня я мяркую, што дарма ўкладаў у гэтыя словы пагардлiва-крыўдлiвыя iнтанацыi...

У Борхеса вельмi часта пыталiся чаму ён, чалавек, якi дасканала валодае некалькiмi мовамi, найперш ангельскай, працягвае пiсаць па-гiшпанску. Маўляў, ангельская адразу б парушыла шмат перапонаў, зьвязаных з працэсам перакладаў. Але ж Борхес пiсаў мовай, у якой ён спазнаў ключавыя «дасканалыя моманты рэчаiснасьцi».

«Што значыць быць калюмбiйцам? — запыталася галоўная гераiня апавяданьня Борхеса «Ульрыка». — Ня ведаю, — адказаў суразмоўца, — гэта пытаньне веры.» Цi задаюцца падобным пытаньнем людзi, якiя ў Беларусi ствараюць культуру, якую мы называем «беларускай у расейскай мове». Гэтаксама, як у сучаснай Iрляндыi — у ангельскай, цi колiшняй Чэхii — у нямецкай. Кiно, тэатар, лiтаратура, сьпеў... У той цi iншай ступенi якасьцi, пашыранасьцi... I запатрабаванасьцi, мiзэрны ўзровень якой сёньня мы азначаем як паказчык «неўрадлiвасьцi Беларусi» для «расейскiх зерняў»...

Калi адзiн з герояў Марка Твэна — беглы нэгар Джым слухаў, як Гек Фiн распавядаў пра Францыю, i даведаўся, што француская мова абсалютна не падобная да ангельскай, Джым шчыра зьдзiвiўся, маўляў, чаму французы ня могуць размаўляць, так бы мовiць, «на чалавечаскiм языку». Джым быў афраамэрыканцам. Прыстаўка «афра-» мае дапаможнае значэньне, якое тлумачыць усе нюансы аб’ектыўнага й сьветапогляднага iснаваньня Джыма ў сусьвеце, і ў межах ЗША у прыватнасьцi. Але найперш Джым быў амэрыканцам. Пытаньне, якое ён задаў Геку, i да сёньня хвалюе сярэднестатыстычнага амэрыканца незалежна ад пола, расы i веравызнаньня. Узгадайце дыялёг з таранцiнаўскага «Pulp Fiction» пра «Big Mack» i «Le bigmack» — нераўнуй «нашая» спрэчка пра «пыво» i «пiва».

Застаючыся тыповымi амэрыканцамi, мурыны ЗША стварылi свой аўтэнтычны культурны сьвет, вядома, ангельскай мовай. Чаму сёньня мы адмаўляем расейцам у магчымасьцi ствараць сваю культуру па-беларуску? Мы кажам аб моманце «веры» цi «выбары», калi кажам пра iнтэграванасьць беларускiх грамадзянаў у беларускую культуру, незалежна ад этнiчнага паходжаньня. Зь iншага боку, мы кажам пра «няздатнасьць» расейцаў, робячы акцэнт менавiта на паходжаньнi...

...Iншы мой расейскi прыяцель прыехаў у Беларусь у «сярэднiм школьным узросьце». У адрозьненьне ад Алеся-Сашы ён застаўся ў краiне назаўжды.

Той, хто нiколi ня быў на канцэрце Зьмiцера Бартосiка, можа набыць касэту «Да пабачэньня», якая ўжо больш за год як выйшла ў сьвет. «Высоцкаўская» манера выкананья, прага «цыганскага разгулу», рускi (?) надрыў, кiданьне «ў запой» ад немагчымасьцi «зьехаць у Парыж»: адчай i адначасова велiчны спакой «у Чорнага мора»... Прага зьехаць, каб сумаваць аб вяртаньнi. Бартосiк мае выключныя ўмовы для кшталтаваньня й рэалiзацыi гэтага пачуцьця. Ён сьпявае ў мове, у якой ён адкрыў свае «дасканалыя моманты рэчаiснасьцi». Гэта не замiнае яму жывіцца «ўсмоктанай з малаком мацi» чароўнасьцю «Волскiх прастораў» i нябачаных нiколi «дзiкiх стэпаў Забайкальля». Гэтак, як стопрацэнтныя амэрыканцы з прыстаўкай «афра-» з пакаленьня ў пакаленьне жывяцца нiколi ня бачанымi «прасторамi Закангалезьзя».

У адрозьненьне ад афраамэрыканцаў, Бартосiк не абмяжоўваецца глебай «малака мацi». Папулярная ў 60-х iдэя «вяртаньня на гiстарычную радзiму, дзеля адраджэньня й разьвiцьця чорнае цывiлiзацыi» пацярпела паразу сярод чорных дыяспараў разьвiтых краiнаў. Гэтаксама, як сёньня толькi бязьлiтасныя войны могуць прымусiць расейцаў зьняцца з «наседжаных зарубежжаў», i вярнуцца на «гiстарычную радзiму». У адрозьненьне ад мурынаў, расейцам ня трэба адраджаць сваю цывiлiзацыю: яны зь яе жывяцца. Але, магчыма, як i ў мурынаў, большасьць значнага ў расейскай культуры за апошняе стагодзьдзе, было створанае менавiта за мяжою Расеi.

Слухаць музыку (расейскую, нэгрыцянскую, цi якую iншую) можна дзе заўгодна. Але ствараць музыку лацьвей там, дзе адчуваеш, што «ствараеш сваё». Менавiта таму ў нашай краiне БЕЛАРУСКI бард Зьмiцер Бартосiк стварае РАСЕЙСКУЮ сьпеўную культуру.

...Часам я спрабую ўявiць свайго маскоўскага прыяцеля Алеся ва ўмовах, напрыклад, Кiтаю. Ягоная бялявая зьнешнасьць у маiм уяўленьнi абсалютова гарманiчна ўпiсваецца ў шэрагi жоўтаску-рых студэнтаў на пляцы Цяньаньмынь. Гэтаксама, як не выклiкае зьдзiўленьне чорнаскуры падлетак — не раўнуй караткевiцкi мурын Янка — зь бел-чырвона-белым значкам пад час выступаў апошнiх Менскiх вёснаў. У першым выпадку вядзецца пра творчасьць, стымуляваную «зьнешнiм фактарам», у другiм — пра повязь зь зямлёю.

«Захад ёсьць Захад, Усход ёсьць Усход, i iм нiколi не сыйсьцiся разам», — прамовiў у свой час Кiплiнг. Асабiста мне больш падабаецца рэгей, чым раманс. Тым ня менш, я шкадую, што Кiплiнг ня можа паслухаць сьпевы Зьмiцера Бартосiка. Магчыма, клясык зразумеў бы, што нават больш моцныя полюсы здатныя сыйсьцiся ў адным — усё залежыць ад творцы.

Севярын Квяткоўскi