ДЗЕ КРЫЖУЮЦЦА ШЛЯХI

Сёлета — 80 гадоў адкрыцьця Будслаўскай Беларускай Гiмназii

 

«Лепш адзiн раз запалiць маленькую сьвечку, чым усё жыцьцё праклiнаць цемру»

Канфуцы

 

З успамiнаў

Вiнцэнт Жук-Грышкевiч: «У 1912 годзе ўжо некалькi сьвятлейшых сялянаў з Будслава выпiсвалi «Нашу Нiву». Некаторыя пасылалi навет карэспандэнцыi. Iншым выпiсала «Нашу Нiву» радня, што была ў Вiльнi або ў iншых гарадох. Гарадзкiя, асаблiва ж у Вiльнi, Пецярбурзе й Рызе, былi зьвязаныя са сьвядомымi нацыянальна асяродкамi й чыталi «Нашу Нiву»...»

Пра пашырэньне «Нашай Нiвы» старалiся Эдвард Будзька й сям’я Мядзёлкаў. Як у кожным маленькiм мястэчку, дзе кожны звычайна ведае адзiн аднаго, Паўлiна Мядзёлка, напэўна, была знаёмая з бацькамi Вiнцэнта — Антосем i Марысяй. Але анiякiх дакумэнтальных зьвестак пра гэта няма, ускосным пацьверджаньнем могуць зьяўляцца яе словы: «Неяк вясной 1907 году цётка Анэля выправiлася ў Будслаў адведаць радню. Туды ж прыехаў з Рыгi на адпачынак наш былы сусед i бацькаў таварыш Будзька» — А.Х.

Вiнцэнт Жук-Грышкевiч: «Я ўжо ў 1912 годзе навучыўся чытаць па-беларуску на беларускiм каляндары i нумарах «Нашай Нiвы», якiя трапiлi ў... рукi дзякуючы Эдварду Будзьку. Эдвард Будзька — вядомы беларускi дзеяч, належаў да пiянэраў беларускага руху. Быў равесьнiкам Янкi Купалы й Якуба Коласа, зь якiмi супрацоўнiчаў у «Нашай Нiве», але быў старэйшым нашанiўцам i належыў да старэйшых беларускiх дзеячоў. Менавiта Эдвард Будзька выступiў у 1917 годзе адным з арганiзатараў Будслаўскай Беларускай Гiмназii (1917-1919) — першай на Беларусi! Першая беларуская гiмназiя — паўстала стараньнем будслаўскай iнтэлiгенцыi й сялянства... Ужо ў кастрычнiку 1917-га году быў склiканы валасны сход, на якiм пастаноўлена было адчынiць беларускую гiмназiю ў Будславе... Пастанова гэта была ўжыцьцяўленая. Праз два месяцы гiмназiя пачала заняткi ў чатырох клясах нармальных i двох падрыхтаваўчых, спачатку зь лiкам больш за 300 вучняў... Галоўным арганiзатарам гiмназii быў вышэйуспомнены Эдвард Будзька — ведамы каапэратар i грамадзкi дзеяч, якi жыў тады зь сям’ёй сваiх бацькоў у Будславе. Дырэктарам гiмназii быў археоляг i гiсторык Васiлевiч зь недалёкай вёскi Пузыры, якога голад прымусiў вярнуцца з Масквы ў сваю вёску. Вучыцелямi былi — ягоны сын матэматык i дачка гуманiстка, а апрача iх Поля Будзька, Л.Iгнатава, Мiкола Шыла i Лышчук (абодва зь Менску) ды Панковiч з Крывiч».

 

Раiса Жук-Грышкевiч: «...iнжынэр Дубейкаўскi (так-так, знакамiты Лявон Вiтан-Дубейкаўскi! — А.Х.) — архiтэкт — пазьнейшы муж панiчкi Юльяны Мэнкэ, некалi нарэчанай Iвана Луцкевiча, будаваў Будслаўскую Беларускую гiмназiю».

 

Вiнцэнт Жук-Грышкевiч: «Ён прыехаў у Будслаў i адпрацаваў плян двухпавярховага драўлянага будынку для гiмназii... Польскiя ўлады сканфiскавалi гатовы першы паверх будынку Гiмназii, пакрылi яго й зьмясьцiлi ў iм канцылярыю Будслаўскай воласьцi (гмiны)... Дзесь у канцы сакавiка (1918 году — А.Х.) дайшла вестка зь Менску аб абвяшчэньнi незалежнасцi Беларусi й да Будслава. Аднаго дня, памятаю, наш дырэктар Васiлевiч узварушаны й вясёлы хадзiў па ўсiх клясах i дзялiўся з вучнямi гэтай радаснай навiнай: «Рада Беларускай Народнай Рэспублiкi абвесьцiла незалежнасьць Беларусi, наш край будзе вольным i незалежным, як калiсь даўней. Будзе мець свой урад, сваё войска, сваiх ураднiкаў, свой скарб i свае школы. Цяпер беларусы будуць самi гаспадарамi на сваёй зямлi, i ня будзе нас ужо трывожыць i страшыць чужое войска й палiцыя». Праз цэлы тыдзень гiмназiя была ўва ўзбуджаным сьвяточным настроi. Пасьля лекцыяў адбывалiся сьпеўкi i рэпэтыцыi дэклямацыяў... На лекцыях рысункаў рысавалi Пагоню й бел-чырвона-белы сьцяг. Настаўнiк рысаваньня сьв. пам. Мiкола Шыла сказаў, што найлепшыя рысункi будуць павешаны ў залi ў дзень сьвяткаваньня. Гэта дадавала iмпэту й стараньня ў працы. Сьцяжкi выходзiлi няблага, але з Пагоняй было горш. Мой сусед Кiслы так праняўся нацыянальнымi колерамi, што ягоны конь у Пагонi выйшаў бел-чырвона-белым... Нарэшце прыйшоў доўгачаканы дзень сьвяткаваньня. Людзей сабралася столькi многа, што яны запоўнiлi залю, сумежныя клясы й нават сенцы... Урачыстасьць адчынiў дырэктар палкай, хоць i доўгай прамовай... Далей прамаўлялi прадстаўнiкi ад Гiмназiяльнага Камiтэту бацькоў i ад воласьцi, а таксама сьв. пам. iнжынэр архiтэкт Дубейкаўскi зь Вiльнi, якi кiраваў будаваньнем дому для гiмназii. Якiсь дзядзька з Камарова цi Алешак пачаў прамаўляць, але ня мог скончыць, узварушаньне душыла яму словы ў горле. Ён патрапiў толькi сказаць: «Хай жыве Незалежная Беларусь!»

 

Вiнцэнт Жук-Грышкевiч: «Гiмназiя праiснавала пад нямецкай акупацыяй у 1918 годзе i пад бальшавiцкай частку 1919 г. Восеньню 1919 г. Будслаў акупавалi палякi й зачынiлi гiмназiю. Яны ж здушылi ўсе праявы культурнага й грамадзкага жыцьця, якое ў Будславе нiколi пасьля не вярнулася да такога высокага ўзроўню».

 

 

Шляхi

Вiнцэнт Жук-Грышкевiч

Пасьля закрыцьця Будслаўскай Беларускай Гiмназii Вiнцэнт Жук-Грышкевiч пераехаў у Вiльню, дзе праз два гады скончыў Вiленскую Беларускую Гiмназiю. Вучыўся ў ёй разам з Натальляй Арсеньневай. Яны засталiся сябрамi на ўсё жыцьцё. Лiставалiся, сустракалiся.

Зь лiста Вiнцэнта Жук-Грышкевiча да Натальлi Арсеньневай: «Дарагая Наталка! Сяброўка мая з тых школьных дзён, з той маладосьцi, з той школьнай навукi Вiленскай Беларускай Гiмназii, з тых Базыльянскiх Муроў зь Беларускiм Музэем Iвана Луцкевiча, сяньня раскiнутым i адданым чужынцам...»

 

 

Натальля Арсеньнева — Вiнцэнту Жук-Грышкевiчу (1973 г.):

«Даражэнькi Вiнцук,

Мой сябра зь дзён, калi вясёлкай Прад намi клалiся шляхi, Калi жыцьцё было на золку, Калi яшчэ й ня сьнiўся схiл...

— I вось ён тут, iз намi сяньня, Скрозь павальней жыцьця разгон, Днi не ў красе. У адцьвiтаньнi...

А хочацца яшчэ змагацца За ўчора, заўтра, усiх i ўсё! Дык будзем жыць! Мо ў дзесяць столкаў Гады йшчэ скруцяць нас, сябры. Дасьць Бог, шматколернай вясёлкай i рэшта нашых дзён згарыць!»

 

У 1922-26 гадох Вiнцэнт вучыўся ў Празе Чэскай, у 1926 скончыў факультэт славянскай фiлялёгii й гiсторыi Ўнвэрсытэту Карла IV у Празе. Трэба заўважыць, што ў гэты ж самы час у Празе на гэтым самым факультэце вучыўся й Уладзiмер Жылка. Вiнцэнт Жук-Грышкевiч: «Жылка паступае на фiлялягiчны факультэт унiвэрсытэту Карла i студыюе славянскую лiтаратуру й гiсторыю... Жылка ведамы ня толькi як паэта, але i як грамадзкi дзеяч. Ён уважаў, што грамадзкая праца ёсьць першым i галоўным абавязкам кажнага беларуса, незалежна ад яго iндывiдуальных замiлаваньняў i прафэсii. «Беларусь трэба падымаць!» — казаў ён, паўтараючы словы Кастуся Каганца. Таму, паводле яго, сваiм улюблёным напрамкам дзеяньня можна займацца толькi ў вольным часе ад грамадзкай працы. Так ён i рабiў. Пiсаў свае вершы пераважна начамi. Нiколi не адмаўляўся ад грамадзкай працы. Нiколi не прыкрываўся тым, што ён беларускi паэт i гэтага зь яго хопiць. Ува ўсялякай грамадзкай справе ён быў адным зь першых. Ён браў беларускае жыцьцё ўва ўсiм разрэзе i ў кожнай галiне, дзе трэба было падтрыманьне, быў чынным...»

Пасьля заканчэньня Ўнiвэрсытэту Вiнцэнт працаваў вучыцелем у Вiльнi. Колькi дзён пасьля акупацыi Чырвонай Армiяй Вiльнi Вiнцэнт быў арыштаваны НКВД, перавезены ў Беласток, а потым у турму ў Вялейку. Знаходзiўся ў ёй з красавiка да 27.12.1939. Гэтым жа часам у Вялейцы ў рэдакцыi газэты «Вялейская праўда» працавалi Натальля Арсеньнева, Мiкола Шыла й Максiм Танк. Вось такi супадак — сюжэт для апавяданьня. Цi ведалi Натальля й Мiкола пра гэта тады? Хутчэй за ўсё — не. 13.03.1940 была арыштавана й Натальля Арсеньнева.

27.12.1939 Вiнцэнт быў перавезены ў Менск, а вясною 1940 г. — яго павязьлi ў Полацак (Вiнцэнт Жук-Грышкевiч: «Цягнiк затрымаўся на станцыi майго роднага Будслава, я бачыў здалёк, як праходзiлi знаёмыя мне будслаўскiя жанчыны й дзяўчаты»).

Затым Вiнцэнт пакутаваў у савецкiх лягерох. Пасьля амнiстыi ваяваў у Армii Андэрса ў Эгiпце й Iталii. У 1946 годзе арганiзаваў першую пасьля вайны на эмiграцыi беларускую арганiзацыю — Згуртаваньне Беларусаў у Вялiкай Брытанii... Зьяўляецца адным з арганiзатараў i першым дырэктарам Беларускай сэкцыi радыё Вызваленьне ў Мюнхене (20.05.1954 выйшла яе першая перадача на Беларусь). Вiнцэнт Жук-Грышкевiч: «Вызваленьне! — гэта наш клiч i мэта, гэта назоў, пад якiм мы прамаўляем да Вас сёньня i прамаўляць будзем кажны дзень...»

Потым Вiнцэнт пераехаў у Таронта, у Атаўскiм унiвэрсытэце абаранiў дысэртацыю («Лiрыка Янкi Купалы»), стаў доктарам фiлязофii ў галiне лiтаратуры.

У 1971-1982 Вiнцэнт выконваў абавязкi старшынi Рады БНР. Вiнцэнт Жук-Грышкевiч: «Палiтыка дзьвюхмоўя з падспудным канцэптам расейскае мовы, як другое «роднае мовы» беларуса —нiчога iншага, як фiгавы лiсток вялiкадзяржаўнага шавiнiзму, за якiм хаваецца тэндэнцыя перацягваньня беларусаў да расейскага аднамоўя... Паратунак... ёсьць толькi адзiн —бескампрамiсная барацьба. Мы можам лiчыць на дапамогу вольнага сьвету, калi самi будзем дружна змагацца. У змаганьнi за вызваленьне нашай Бацькаўшчыны з маскоўскага ярма мы павiнны браць удзел дружна й вытрывала ЎСЕ ЯК АДЗIН, УСЕ БЕЛАРУСЫ БЯЗ РОЗЬНIЦЫ ВЕРЫ, ПОГЛЯДАЎ I ПЕРАКАНАНЬНЯЎ».

Памёр Вiнцэнт 14.02.1989, пахаваны ў Нью-Браўнсвiку, ЗША.

Малачай

 

(На сьмерць сябры юнацтва)

Памёр... няма... i анiдзе ў сьвеце

не пакрыжуюцца ўжо нашыя шляхi,

хай восень зноў спляце нам залатыя сецi,

хай зазяленяцца ўзноў вясновыя лагi.

Якое слова дзiўнае, няўцямнае — «нiколi»,

якое жудаснае слова — «анiдзе»,

як замiрыцца з тым, што ня сустрэцца болей

нам у жыцьцi з Табой нi ў шчасьцi, нi ў бядзе?

 

 

Любiў i Ты, — як я, — блукаць па пералесках,

спынiцца ў гушчары, скамечыць мох мяккi,

яшчэ й яшчэ чытаць ад крэскi й да крэскi

баляды, што дубы зьбiралi празь вякi,

а там ужо зьмярканьнем, выйсьцi ў поле

i жыць, як казалi нам, малым: «як набяжыць»,

не крыўдаваць, калi нас часта хтось i ўколе,

нi, — абы што, — хапацца за нажы.

 

Мой сябра дарагi! Нялёгкiмi гадамi

нам давялося жыць, вiдаць, наш Кон такi.

Ды мы брылi. Ступой iшоў i Кон iз намi,

аж запынiў Цябе кiўком рукi.

Стаю... ужо адна... Скрозь — тае сьнег счарнелы.

Журчыць ў раўчаку ручай... Ну, што-ж, бывай!

Ужо мо’й там, дзе Ты, тчэ парасткi нясьмела

прадвесьнiк весьнiх дзён — зялёны малачай!

Наталльля Арсеньнева 1989 г.

Паўлiна Мядзёлка

Адна з самых прыгожых i таямнiчых постацяў Адраджэньня. Гэта ёй гаварыў Купала: «Паўлiнка, давай мы з табой пажэнiмся. Разьдзялi ты са мной долю i нядолю». А ў 1930 годзе пераслаў у Казань:

 

 

Сьнiлася дзяўчыне квецiстае поле,

а наяве выйшла — палыны, гугольле.

Сьнiлася дзяўчыне воля i багацтва,

а наяве выйшла — няволя, жабрацтва.

Сьнiлася дзяўчыне дома жыць да сьмерцi,

а наяве выйшла — ў чужыне памерцi.

 

Акторка, дзяячка беларускага нацыянальнага руху, адна зь першых выканаўцаў ролi Паўлiнкi (9 лютага 1913 г., Пецярбург). Стваральніца харавых гурткоў у Гораднi (1919), Дзьвiнскай Беларускай Гiмназii (1922-25), Горацкай Сельскагаспадарчай Акадэмii (1927-30), Будславе (1947-58). Працавала ў Iнбелкульце, Горацкай сельгасакадэмii (разам з Гарэцкiм). Арыштаваная ў 1930 годзе па справе СВБ. Высланая ў Казань. Восеньню 1933 пераехала ў Маскву, у 1947 пераехала ў Будслаў да мацi, дзе да 1958 году працавала настаўнiцай, памёрла 13.02.1974 г.у Будславе, дзе i пахаваная.

Паўлiна Мядзёлка: «Вясной 1947 г. памёр мой бацька ў Будславе. Мама засталася адна. Забраць яе к сабе ў Маскву я не магла — ня мела сваёй жылплошчы, проста занядбала паклапацiцца аб гэтым... Трэ было мне пераяжджаць у родны кут, каб даглядзець матку на старасьцi год. Аднак i боязна было, каб горшай бяды не нарабiць ёй сваiм пераездам. Адведваючы год таму назад бацькоў, бачыла, што там ня вельмi спрыяльная атмасфэра для мяне. Культаўскiя парадкi ў Будславе моцна адчувалiся. Сёй-той ведаў там, што я ў 1930 годзе была арыштаваная й высланая ў Казань. Яшчэ не забылiся пра так званую «нацдэмаўшчыну». I калi што-небудзь зноў там са мной здарыцца, матка не перажыве гэтага або з торбай за плячыма пойдзе па вёсках жабраваць...

Я ўсё ж рашыла вярнуцца на бацькаўшчыну, да маткi... Летам 1947 году ў часе канiкул я пераехала ў Будслаў. Праз Маладзечанскае аблано атрымала назначэньне ў Будслаўскую сярэднюю школу як выкладчыца мовы i лiтаратуры.

Што сабой уяўляла насельнiцтва Будслава i навакольных вёсак? Трэба ведаць, што Будслаў знаходзiўся ў Заходняй Беларусi, 20 гадоў пад панска-польскiм прыгнётам. У самым мястэчку стаяў вайсковы гарнiзон. Шмат хто з афiцэраў i падафiцэраў пажанiлiся зь мясцовымi дзяўчатамi i пасьля дэмабiлiзацыi асядалi тут. Праўда, была ў гэты час i тут група беларускiх патрыётаў. Не зважаючы на вялiкiя перашкоды з боку польскай улады, усё ж быў арганiзаваны хор i драмгурток, ставiлiлся беларускiя песьнi (Адкуль? У канцы 1917 году пры Будслаўскай беларускай гiмназii быў заснаваны культурна-асьветнiцкi гурток «Вяночак». Драматычная сэкцыя гэтага гуртка ладзiла ў мястэчку спэктаклi «Паўлiнка», «На рэвiзii»,»Як яны жанiлiся» й iншыя). У часе нямецкай акупацыi ў Будславе зьмяшчаўся нямецкi гарнiзон, якi, як i палякi, старанна праводзiў антысавецкую агiтацыю, дэмаралiзаваў, дэнацыяналiзаваў насельнiцтва. У часе Вялiкай Айчыннай вайны тут апрача праўдзiвых савецкiх партызанаў гойсалi шматлiкiя банды, якiя пад выглядам партызанаў рабавалi, зьдзеквалiся з народа. Самi немцы стваралi такiя банды, каб выклiкаць у насельнiцтва нянавiсьць да партызанаў. I ня дзiва, што ў першыя гады пасьля вайны мне часта даводзiлася чуць слова «партызан» як самую ганебную лаянку. А ў 1946 годзе пачалася вярбоўка мясцовых жыхароў у заходнiя землi Польшчы, зь якiх павыганялi немцаў. Самi палякi не хацелi, мо баялiся займаць пакiнутыя немцамi землi, а нашы, адны ўцякаючы ад «Саветаў», другiя — спакусiўшыся на дармавую зямлю, на дабротныя збудаваньнi з усiм сельскагаспадарчым абсталяваньнем, мэблямi i нават посудам, выяжджалi цэлымi эшалёнамi. Павыяжджалi i тыя беларускiя «патрыёты», якiя яшчэ пры польскай акупацыi тут былi. Вакуум пачалi запаўняць людзi з усходу, якiх тыя, што засталiся тут, называлi зь непрыязьню «васточнiкамi».»

 

Эдвард Будзька

Разам зь Цiшкам Гартным выдаваў «Дзяньнiцу», у якой зьмяшчаў свае творы пад псэўданiмам «Акцюг». Потым самастойна ў 1916 годзе выпускаў «Сьветач», дзе зьмясьцiў мноства публiцыстычных артыкулаў. У 1922 годзе друкаваўся ў «Нашай будучынi», у 1921-22 гг. кiраваў беларускiмi настаўнiцкiмi курсамi ў Дзьвiнску (у той жа час тамсама працавала i Паўлiна Мядзёлка). Жыў у Рызе i Коўне. У Другую сусьветную вайну працаваў настаўнiкам у Менску i Баранавiчах. Пасьля вайны жыў у Нямеччыне i ЗША. Памёр 14.8.1958 у Чыкага.

 

Мiкола Шыла

Працаваў рэдактарам вiленскiх газэтаў: «Змаганьне» (28.10.1923 — 31.1.1924), «Голас Беларуса»(14.2 — 19.4.1924), пасьля закрыцьця апошняй быў зьняволены ў турму. Пасьля савецкай акупацыi Заходняй Беларусi працаваў у рэдакцыi (разам з Максiмам Танкам i Натальляй Арсеньневай) вялейскай абласной газэты «Вялейская праўда» (паводле iншых зьвестак — «Сялянская газэта») у 1939 г. Далейшы лёс невядомы.

 

Язэп Васiлевiч

Скончыў настаўнiцкую сэмiнарыю, Маскоўскi археалягiчны iнстытут. У 1917 — адзiн зь лiдэраў Беларускай Народнай Грамады. 1917-1920 — дырэктар Будслаўскай Беларускай Гiмназii. Пасьля яе закрыцьця — з 1921 г. — дырэктар Белпэдтэхнiкума ў Менску, выкладчык археалёгii ў БДУ. З 1924 г. — дырэктар музэю ў Вiцебску. У 1930 г. арыштаваны па справе «Саюзу Вызваленьня Беларусi», у 1931 г. высланы. Памёр у Башкiрыi.

Вось такое жыцьцё, вось такiя крыжаваньнi шляхоў.

Дарэчы — ужо ў iншы час, у iншай краiне ў Будслаўскай школе вучыўся Славамiр Адамовiч. Але гэта ўжо новая гiсторыя...

 

Крынiцы:

1. Раiса Жук-Грышкевiч. Жыцьцё Вiнцэнта Жук-Грышкевiча. — Таронта: Выдавецкi Фонд Успамiнаў зь Беларускага жыцьця, 1993.

2. Вiнцэнт Жук-Грышкевiч. 25-га сакавiка. Успамiны зь Менску, Будслава, Вiльнi, Прагi, савецкай турмы. — Таронта: Выдавецкi фонд Успамiнаў зь Беларускага жыцьця, 1978.

3. Паўлiна Мядзёлка. Сьцежкамi жыцьця // Полымя. № 2-5, 1996.

Алесь Хацяновiч