Адам Глёбус

ЛЁНДАНСКI АНДЭГРАЎНД

ПАДАРОЖНЫЯ НАТАТКI

 

Англiя — вялiкая краiна. Лёндан — цэнтар сусьвету, ангельцы — выбiтная нацыя... На гэтым можна было б i скончыць, але люблю я дробязi розныя заўважаць i зьбiраць. Так, без асаблiвых мэтаў. I калi ўжо давялося трапiць у камандзіроўку на Брытанскiя астравы, дык чаму ж не паназiраць за ангелькамi i ангельцамi, каб было пра што распавесьцi табе за шклянкаю гарбаты цi вiскi. Лепей за прывезеным з Англii вiскi.

Ангельцы — нацыя шпiёнаў, масонаў, разьведчыкаў. А выснову такую я зрабiў яшчэ ў караван-сараi (iнакш стары IЛ-89 i не ахрысьцiш), дзе спрабаваў незаўважна пасачыць за студэнтамi, якiя вярталiся з Iндыi на радзiму ў Вялiкабрытанiю. Маладыя ангельцы, апранутыя ў iндыйскiя страката-брудныя анучы, выглядалi менш экзатычна за сапраўдных барадатых цыганiстатварых iндусаў у чалмах. Але Iндыя, як i Эгiпэт, з пэўнага часу мяне мала абыходзiць. У мяне душа школьнiка, якi не расчараваўся ў навуках i жадае навучыцца добраму, шчыраму, вечнаму, а такога нi ў iндусах, нi ў насельнiцтве сучаснага Эгiпту я не заўважыў. А вось у ангельцах станоўчага шмат. Ты за iмi спрабуеш падглядаць, i кожнага разу позiрк упiнаецца ў iх вочы. Атрымлiваецца, ня ты сочыш за iмi, а яны за табою. I хай бы толькi дзяўчаты на мяне заглядалiся, а то й хлопцы не пакiнулi маю пэрсону па-за ўвагаю. Пэўна, гэтае ўменьне сачыць, назiраць, кантраляваць засталося ў кожным ангельцы з часоў велiзарнай Брытанскай iмпэрыi, калi досыць невялiкая (не Кiтай, не Расея) нацыя кантралявала ледзь не палову чалавецтва.

Каб пераканаць цябе канчаткова, скажу, што i ў лёнданскай падземцы спакойна паразглядаць ангельскiх грамадзян досыць праблематычна. Ты толькi пачынаеш ласкавым позiркам аглядаць павабную постаць, як чатыры чорныя дзiрачкi накiроўваюцца проста на цябе. Чаму чатыры? А таму што ў ангельцаў курносыя насы, i яны пазiраюць на любы аб’ект, крышку задраўшы падбародзьдзе, крышку зьверху. Ангельцы глядзяць зрэнкамi й храпкамi. Яны ня толькi ўглядаюцца, яны яшчэ й прынюхваюцца: свой, ня свой. Я, здаецца, ня выклiкаў у iх адмаўленьня, цi, скажам дакладней, яўнага адмаўленьня. Так, проста чужы, ня свой, i ня больш за тое. Але сьвядомасьць падказвае, што ангельцы як заснавальнiкi расiзму, мала таго, што навучылiся хаваць свае эмоцыi, яны навучылiся тыя эмоцыi пераносiць у iншыя нацыi. Ну хто найвялiкшы расiст? Спытай. Пачуеш адказ: немец — Адольф Гiтлер. Ну ня Рэд'ярд жа Кiплiнг, аўтар бесьсьмяротнага «Маўглi». I ня Чарльз Дарвiн, вынаходнiк эвалюцыйнай тэорыi. Зрэшты i Кiплiнг, i Дарвiн вельмi сымпатычныя творцы. Iх тэксты прываблiваюць сваiм шматразовым бесьперапынным выкарыстаньнем. Пра героя Маўглi ты чытаеш сам, чытаеш дзецям, чытаеш унукам, якiя будуць чытаць пра жыцьцё хлопчыка ў джунглях сваiм унукам. Ангельцы навучылiся й робяць рэчы шматразовага карыстаньня. У iх надзейны абутак. I хай ангельскiя жаночыя чаравiчкi ня будуць элегантнымi, а чорныя панчохi састараць жаночыя ногi, гэта не перашкодзiць ангелькам быць сэксуальнымi й зваблiвымi. I ня трэба мне нiчога казаць. Якiя ангелькi ў сэксе, я ведаю. Ведаю дакладна. Стрыманыя, дасьцiпныя, ахайныя, ну i крыху мэркантыльныя. Ангелькі ў сэксе крыху падобныя да хлопчыкаў, пэўна таму заканадаўства ў модзе геяў застаецца за ангельцамi. Хай ня крыўдзяцца на мяне iдэолягi мужчынскага каханьня, але найлепшае ў гомасэксуальнай культуры вельмi нагадвае мне пра ангелек. У Англii добра вiдаць, што ўсе мужчыны крышку жанчыны, а ўсе жанчыны — мужчыны. Ну, клясычны прыклад: у Шэрлака Холмса была жонка — доктар Ватсан, а ў Дон Кiхота за жонку быў Санча, а Дульсiнэя была толькi ўяўным каханьнем, уяўным здраджваньнем таму ж вернаму Санча Пансу. Згадаўшы гэтых мужалюбаў, нельга забыць i Швэйка, якi быў неназванай жонкаю афiцэра аўстрыйскай iмпэрыi. Я знарок намаляваў геаграфiчны трохкутнiк: Лёндан, Мадрыд, Прага, каб акрэсьлiць Аб’яднаную Эўропу, бо розьнiца памiж Лёнданам i Прагаю ў сто разоў меншая, чым памiж Прагаю i Масквою, Мадрыдам i Бангкокам, Лёнданам i Нью-Ёркам. Эўропа таму i аб’ядналася, што розьнiца зьнiкла. Вялiкiя супярэчнасьцi зьнiклi, дробязi засталiся. Ангелькi любяць цёмныя панчохi, а чэшкi сьветлыя, але i ў тых i ў другiх вельмi практычны абутак. Толькi ў чэшак, на мой асабiсты густ, крышку болей славянскай самаахвярнасьцi. Ну ня будзе апранутая ў цёмна-сiнi пiнжак шасьцiдзесяцiгадовая чэшка надзяваць выдзярывока-зялёны роварны шалом, каб пракацiцца на ровары па цэнтральнай гарадзкой вулiцы, а вось ангелька будзе. Ангелька надзене шалом, надасьць твару ўсепераможны выраз i пагонiць свой тонкаколы ровар паўз Бiг Бэн i Вэстмiнстэрскае абацтва. Ангельскiм мужчынам будзе досыць цяжка супернiчаць з выразнасьцю падобных паводзiнаў, але знойдзецца iндывiд, якi пашые сабе каралеўскую мантыю з цукерачных абгортак, надзене на голаў плястмасавую карону, возьме ў рукi плякат зь лёзунгам у абарону апетых Кiплiнгам дзiкiх жывёл i пачне праходжвацца па вулiцы каралевы Вiкторыi. Такiм чынам, гонар мужчыны будзе захаваны. I я спакойна пайду далей па Лёндане назiраць за ангелькамi i ангельцамi. Пайду вышукваць дробныя рысачкi адметнасьцi iх ад мяне й майго невялiкага амаль эўрапейскага народу. Дзеля чаго? Каб «амаль» зьнiкла. Каб на партрэце беларуса зазiхацела эмаль эўрапейскай выхаванасьцi й цывiлiзаванасьцi. Каб з твараў маiх суайчыньнiкаў змыўся брудны куродым зацятасьцi й ваяўнiчасьцi. Ён змыецца, упэўнены. Хай ня заўтра, а праз стагодзьдзе. Мы напрацуем культурны пласт, створым годную культуру, разаўем мову да лацiнскага напiсаньня, зжывем барбарства й вернемся ў эўрапейскую цывiлiзацыю. Зразумела, i ў ёй ня ўсё проста, як ня проста разабрацца ў руху лёнданскага мэтро, якое завецца — андэграўнд. О гэты левабаковы чыста ангельскi рух. Складаецца ўражаньне, што ўвесь час едзеш ня ў той бок. I так заблытваесься, што й сапраўды сядаеш i ймчысься ў супроцьлеглы накiрунак. Але гэта здараецца толькi раз, каб стаць больш асьцярожным i больш уважлiвым, як нашы ветлiвыя сябры ангельцы. I вось накiрунак спраўджаны. Можна спадцiшка назiраць за ангельцамi ў падземцы. Жанчыны чытаюць газэты. Большасьць ангельцаў у мэтро чытае, i калi ты не купiў сам якi часопiс цi бульварны лiсток, не сумуй. У ангельскiх часопiсах i газэтах такiя вялiкiя й кiдкiя загалоўкi, што лёгка прачытваюцца ў выданьнi суседа. Але што мне тыя газэтныя шапкi, мне цiкавыя ангелькi... Яны любяць паесьцi апэльсiны ў мэтро. Яны ядуць апэльсiны й выцiраюць пальцы (доўгiя, дагледжаныя, зь лякiраванымi пазногцiкамi-кiпцiкамi, выпешчаныя добрым мылам i аблашчаныя крэмамi пальцы) аб сядзеньнi. Вось так проста лiпкiя ад соку пальцы выцiраюцца аб выгонныя крэслы. А костачкi сыплюцца на падлогу. А пустыя бляшанкi з-пад напояў стаўляюцца на падваконьнi. А папяровыя пакеты з-пад смажанай бульбы камечацца i шпурляюцца пад ногi. Андэграўнд. Падземнае жыцьцё. Празь якое сунуцца мурыны ў памаранчакавых марынарках зь вялiзнымi чорнымi мяхамi, куды зьбiраюць параскiданае ангелькамi сьмецьце. Ангелькi любяць раскiдваць вакол сябе сьмецьце. Яны раскiдаюць яго паўсюль у мэтро, у самалётах, у рэстарацыях, на вулiцах i ў гасьцях. Але сярод iх трапляюцца й вельмi прыгожыя асобы з русымi валасамi, блакiтнымi вачыма й ружовымi носiкамi. Ёсьць вельмi прывабныя ангелькi, зразумела, калi табе наогул падабаецца Вялiкая Брытанiя, Лёндан i ангельская мова. А калi не. Прабач. Мне яны ўсе даспадобы: i Англiя з гiстарычнымi кронiкамi, i Лёндан зь перакрыжаваньнем паралеляў мэрыдыянаў, i рокэнрольная мова, i ангелькi ў чорных, чырвоных i сiнiх панчохах. Ангельскiя мужчыны, яно й зразумела, мне падабаюцца менш. Яны, стоячы ў мэтро, разгадваюць крыжаванкi, яны, седзячы ў вагоне, чытаюць або сьпяць. Калi я гляджу на ангельцаў, дык разумею чаму ў Лёндане так мала цяжарных жанчын. А нашто iм нараджаць? Усе разумныя й прыгожыя людзi з розных куткоў сьвету самi iмкнуцца ў вялiкi Лёндан. I шмат хто застаецца, але застаецца ён сам-насам зь Лёнданам, дзе так мала купак i параў. У Англii ангельцы iснуюць асобна, ангелькi асобна. Ангелец — рэч у сабе, асоба ў сабе. I калi ёсьць на сьвеце эталённае урбанiстычнае асяродзьдзе, дык гэта — Лёндан. Ангельцы сярод звышнадзейных сьценаў, сярод гладкiх дарог, масыўных дзьвярэй i заштораных вокнаў выглядаюць дробнымi драўлянымi лялькамi з тонкiмi ножкамi й акуратнымi цьвёрдымi галоўкамi. Калi яны крочаць па вылiзаных ходнiках, можна пачуць, як цiхенька парыпваюць iх добра адрэгуляваныя суставы. Чаму iтальянцы вынайшлi бурацiнi (драўляную цацку) Пiнокiо? Таямнiца. Пiнокiо — тыповы ангельскi школьнiк, з вузкiмi драўлянымi грудзямi, у якiх няма месца для душы... Ну як я закруцiў? Падабаецца? Не? I мне зусiм не падабаецца. Перабраў. Бывае. Цi ёсьць у мяне самога душа, пытаеш? Вядома, ёсьць. Не закладзеная, не прададзеная, не запазычаная, маленькая душа беларуса. А што я раблю ў Лёндане? Цiкава табе? Працую. Ты ня верыш. А я прыехаў у Лёндан павучыцца ў ангельскiх кнiгавыдаўцоў i папрацаваць на адным з найбуйнейшых у сьвеце кнiжным кiрмашы. Толькi гэта неiстотна. Iстотна? Добра, пагаджаюся, пяцьсот гадоў беларусы ўшчыльную займаюцца кнiгадрукаваньнем ад Скарыны й да маёй ня вельмi сьцiплай асобы. Паўтысячагодзьдзя беларусы езьдзяць у Эўропу вучыцца рабiць кнiгi. Паехаў i я: спачатку ў Прагу, потым у Барсэлёну i Варшаву, цяпер вось у Лёндан. I калi я кажу, што ангельскiм журналiстам, пiсьменьнiкам i кнiгавыдаўцам добра жывецца, бо ўвесь андэграўнд чытае друкаванае слова, дык мая гiронiя паходзiць ад зайздрасьцi. Ад самай чорнай, якой можа быць друкарская фарба толькi ў Польшчы (сакрэту я так i не дазнаўся, беларускi шпiён горшы за ангельскага), найчарнейшай зайздрасьцi. У хрысьцiянаў зайздрасьць — грэх сьмяротны. А мне яна дапамагае вучыцца. У навуцы неабходна быць злым, гэта ў рэлiгii й каханьнi варта паводзiць сябе талерантна й ласкава, а ў мастацтве й навуцы рухавiком прагрэсу (слова недакладнае, але агульнапрынятае) зьяўляецца злосьць i зайздрасьць таксама. Ты пытаесься, цi злыя ангельцы? Так, злыя. Але па iх выгляду гэтага ня скажаш. Навучылiся хаваць эмоцыi. Толькi ня ўсе й не заўсёды. Ангелец можа валяцца п’яны пасярод станцыi мэтро. I выраз спакою й задавальненьня будзе зьзяць на рудабародым твары. Ён можа сядзець, загарнуўшся ў жоўтую коўдру на ганку зачыненай крамы й нахабна пазiраць табе ў вочы. Нiбыта ня ён, а ты жабрак. Ангелькi гэтаксама залазяць у кардонныя скрынi на люднай Оксфард-стрыт i накрываюцца сiнiмi коўдрамi з галавою. Чаму iх не забiрае палiцыя? Мусiць, ня хоча кармiць i даглядаць у турме. Але большасьць ангелек усё ж ня любiць валяцца ў сiнiх коўдрах на лёнданскiх вулiцах. Большасьць шануе чорны колер i цокае на шырокiх абцасах. Усiм цакатлiвым выглядам ангелькi дэманструюць поўную перакананасьць у сваёй прыгажосьцi, а калi не прыгажосьцi, дык годнасьцi, а калi ня годнасьцi, дык розуме, а калi ня розуме, дык хiтрасьцi. Ня верыш? Пачытай старую Агату Крысьцi. Яна можа падмануць. Праўда. Абвесьцi вакол пальца каго заўгодна й навет сябе. I падманвае сябе, калi думае, што разумная, што годная пiсьменьнiца, што прыгожая... Крысьцi — тыповая ангелька, хворая на шпiёнаманiю й крымiналiзм. Ангельцы таксама моцна хварэюць на крымiналiзм. У Лёндане паўсюль ходзiць ахова, паўсюль замкi, паўсюль краты й ёсьць некалькi дэбiльных помнiкаў палiцыянтам. Толькi ўявi, каб у нас паставiлi помнiк мянту. Хаця, што хлусiць. Стаiць i ў цэнтры Менску, бюсьцiк чырвонага ката, чэкiста, садыста — Фэлi Дзяржынскага. I ня сьмешна на яго глядзець. А ў Лёндане сьмешна. Зiрнеш на бронзавага чалавека з дубiнкаю й мiжволi ўсьмiхнесься. Бронзавы чалавек з дубiнкай выклiкае сьмех, а зь мячом на канi — не. I жывы палiцыянт на канi ў Гайд-парку ня сьмешны, навет крышку ўрачысты, наколькi можа быць урачысты жывы коньнiк у гарадзкiм парку напрыканцы другога тысячагодзьдзя ад Божага нараджэньня. Ды Бог зь iмi, з гэтымi скотлэнд’ярдыстамi. Чым iх менш вакол мяне, тым лепш. Ты ж ведаеш: не люблю. Генэтычна, па-беларуску, традыцыйна не шаную людзей у форме. Навет прадаўцы ў форменных строях выклiкаюць насьцярожанасьць. А вось масажысты з адной з найбуйнейшых крамаў у сьвеце Сэлфрыджыз выклiкалi жывую цiкавасьць. Уздымаюся сабе на эскалятары ўсё вышэй i вышэй i бачу, як адна жанчына расшпiлiла кашулю другой жанчыне й пачала масiраваць капюшонную цяглiцу, што пачынаецца ад патылiцы й ляжыць на лапатках. Побач стаялi два сталы, на якiх ляжалi дзьве ангелькi i два мурыны ў форменных кашулях разьмiналi iм рукi й ногi. Ангелькi могуць легчы ў краме на стол i, не саромеючыся тысячы цiкаўных пакупнiкоў i разявак, турыстаў i гандляроў, атрымлiваць асалоду ад масажу. А тое, што масаж — адна з латэнтных формаў сэксу, iх вiдавочна не расстройвае, калi не наадварот. У Англii ўсё наадварот. Машыны езьдзяць не па тым баку вулiцы й арыентацыя, як у кожнай культуры на высьпе, iдзе ня права—лева, уверх—унiз, а ад цэнтру выспы да мора, i ад шэрага мора да цэнтру, а цэнтар, як вядома ўсiм школьнiкам сьвету, знаходзiцца ў Лёндане, куды мяне занесла па кнiжных справах. Кiрмаш крышку расчараваў. Дзевяноста адсоткаў усiх экспанатаў належала выключна ангельцам. Нi амэрыканцаў, нi немцаў, нi гiшпанцаў амаль зусiм не было. Французы былi, але паразмаўляць з прадстаўнiком выдавецтва Галiмар на прадмет набыцьця правоў на выданьне Батая, Дэрыды, Камю ў маiм статомнiку фiлязофскай думкi так i не давялося, то яго не было на месцы, то ён вось-вось павiнен быў зьявiцца, а ўсё нiяк не зьяўляўся, а калi нарэшце прыйшоў, дык быў ня ён, а яна, якая ня мела права вырашыць, што можна прадаваць у Беларусь, а што нельга. Зь першага погляду каханьня з Галiмарам, галiмарыхаю й сучаснай францускай фiлязофiяй не атрымалася. Ну i чорт зь ёй. Буду выдаваць Дзiдро, Лямэтры i пацiху палемiзаваць з Вавэнаргам. Ды й не люблю пасярод дня пiць чырвонае вiно, як прадстаўнiкi францускае палiграфii. Лепш увечары зайсьцi ў iрляндзкi паб, замовiць эскалёп i пiнту пiва Гiнэс. Пасядзець, паслухаць размовы й сьмех маладых ангельцаў. Падумаць, што Англiя вялiкая краiна, а Лёндан — цэнтар сусьвету.

Лёндан. Сакавiк. 1998 год

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0